бархатная занавеса. На задняй сьцяне, пад крыжам i дзярлiвай птушкай, абрамаваны чорным крэпам, вiсеў партрэт праслаўленага 'маршалка'. На сцэну выйшла нафуфыраная цацанька, вучанiца шостае клясы Гэлька Сьвёндруўна i заiнтанавала нейкi, прыдворным паэтам згарушчаны верш:

Marszalku!

То nieprawda zе Ciеbiе juz niеmа,

То nieprawda zе juz jеstеs w grоbiе.

Chоciаz cаlа Pоlskа jеst w zаlоbiе...

Калi зьмянiлася ўлада, на задняй сьцяне сцэны павесiлi лысуна з жулiкаватым выглядам, а ля яго 'важдзя' зь ледзянымi вачмi й васпаватым тварам. А на сьценах залi, на чырвоных палотнiшчах, белымi лiтарамi, паразьвешвалi цi ня вытрымкi iз самае 'сьветлае сталiнскае канстытуцыi', тае, што сонцам звалi:

В СССР женщины, наравне с мужчинами, имеют права...

Граждане СССР имеют право на отдых...

Калi прапала занавеса? Пры бальшавiкох яшчэ была. Пасьля 'будаўнiкi новай Эўропы' на некаторы час тут войска разьмясьцiлi. Добра, што крэслы й лавы не папалiлi.

Сяньня сьпераду, на машце перад галоўнымi дзьвярмi лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а вышыты белым колерам на чырвоным палатне рыцар пагонi аздабляў цэнтральнае месца сьцяны за сцэнаю. Гэта-ж цi не настаўнiца ручных работ паклапацiлася. Трэба й пэўне нялёгка было знайсьцi палатно, чырвоныя й белыя нiткi. А пад пагоняй, чырвоным на белым напiс:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

1918 - 1942

Адно кантрастам, з малымi чорнымi вусiкамi, насупленым тварам вiсеў над пагоняй партрэт новага гаспадара. Як-жа безь яго? Паспрабуй. I цi гэты чым розьнiўся ад ад тых з пэйсамi карлаў, жулiкаў-iльiчоў цi iншых ёсiпаў?

Пагоня й 'жыве Беларусь' на месцы. Яна тут жыла, цяпер жыве й усiх перажыве. Але што пра гэтых, найнавейшых? Калi адкоцяцца iхныя колы? Сьпераду сцэны, над рампай Янук прачытаў:

Rader mussеn rollen fur dеn Siеg!

Будынкам гэтым i цяпер загадвалi чыгуначнiкi, але гэтыя крыху ад папярэднiх розьнiлiся. Iхныя 'колы да перамогi мусяць кацiцца'. Значыцца, ня толькi тавары й людзей, цi зброю перавозiць. Здорава!

Заля крыху ацiхла. Увайшлi два Немцы ў суправодзе войта. Адзiн сяржант жандармэрыi СС, а другi - 'зондэрфюрэр'. Што за назоў i функцыя? У гэных 'зондарах', i хто якiм быў 'фюрэрам', апроч галоўнага, з чорымi вусiкамi й калючымi вачмi, Бахмач не разьбiраўся. Адно чуў, што 'зондар' займаўся гаспадаркай, значыцца пэўне-ж зьдзiраў падаткi, цi глядзеў за прадпрыемствамi працы. А жандарм быў галоўным шпянём мясцовае, абсаджанае пакуль што Палякамi, палiцыi. Казалi, што й гэты быў фальксдойчам, значыцца Левандоўскаму добры кумпан.

Немцаў i войта пасадзiлi на пярэднiм радзе, мiж настаўнiкаў. Шмат хто пакланiўся войту, чалавеку свайму, якi заняў урад пасьля Бабра. Гэты больш высьцерагаўся, бо ведаў адкуль iдзе небясьпека.

З двух бакоў вучнi пачалi выходзiць на сцэну, станавiлiся ў тры шэрагi. За iмi нехлямяжым крокам з правага боку выйшаў высокi, цыбаты, худы, сьветлавалосы, зь вялiкiмi залысiнамi на шылаватай галаве стары дзяцюк Iван Скараход. Сын мясцовага, абруселага псаломшчыка, да 'помашчы меснаму патрыяцiзму', як ён казаў, энтузiязмам не гарэў. У школе вучыў сьпеву, а на гэту нагоду загадалi яму падабраць адпаведны сьпеўны рэпэртуар. Сам валодаў добрым тэнарам. Ласкавыя й мiлагучныя мэлёдыi надта спадабалiся харыстам i Склараход, нашто ўжо пагардлiва адклiкаўся пра 'местны патрыяцiзм', ня мог астацца абыякавым да прыгожай беларускай песьнi. Заля зусiм ацiхла, а высокi цыбаты настаўнiк, апрануты ў добра апрасаваны чорны касьцюм, пад гальштукам на штыўным каўнерыку, колькi часiн прыглядаўся залi, пакланiўся, адвярнуўся да хору й падняў абедзьве рукi.

Люблю наш край, старонку гэту,

дзе я радзiлася, расла...

Мэлёдыя, на два галасы, палiлася цiха й некаторыя ледзь спасьцераглi, як вучнi сьпяваць пачалi. Галасы-ж пачалi буйнець i адразу быццам шырокай ракой лiнулi ў перапоўненую залю. Скараход, iз сваей доўгай шыяй, у гэнай пазыцыi нагадваў чорнага бусла, лёгка й плаўна, быццам крыльлямi, узмахваў рукамi. Мэлёдыя заваражыла людзей. Зiрнi на зморшчаныя, сiверам абсьцябаныя твары, якiя рэдка калi ў непраглядным жыцьцi распрамяняла ўсьмешка. Бачыш як загарэлiся вочы? Сэрцы ўскалыхнула блiзкая душы мэлёдыя, цi не радня тэй, што плыла зь бяроставай трубы пастуха Хвядоса зь Лiпавiч i тэй, што цягнулi згорбленыя, на захадзе сонца сьпiны выпрастаўшыя жнейкi на хутары Лазоўскага, радня сьпевам жаўранка й кукаваньню зязюлi ў Гараватцы, рэха неўгамоннага шорхату лiсьцяў гiганта Архiпа й журботнага суму сястрыц хвояў на лiтоўскiм могiльнiку. Гiмн любовi да роднае зямлi, яе незаменнай прыроды, споведзь вечнае прывязанасьцi чалавека да свайго роднага гнязда...

Калi пасьля канца песьнi цыбаты Скараход адвярнуўся да залi й паволi пакланiўся, громам палiлiся воплескi. Вучнi, так як увайшлi раней на сцэну, цяпер павярнуўшыся шнурамi, пайшлi ў бакi. Апошнi выйшаў дырыгент, але воплескi ня сьцiхалi й пачулiся крыкi: - Яшчэ! Тады зноў зьявiўся Скараход, паволi, паважна выйшаў аж на сярэдзiну сцэны, усьмiхнуўся, пакланiўся ды завярнуў назад.

Дырэктар Сабалеўскi, узыйшоў на сцэну бадзёрым жаўнерскiм крокам. I дзiвы дзiўныя, апрануты быў у прыгожы цёмна-шэры касьцюм, з гальштукам, а ня так, як у школе - боцiкi з халяўкамi ды нейкi цёмны пiнжак. I ведамы позiрк з-над верхняй рамы акуляраў. Цяпер чалавек гэты стаяў пасярод сцэны. Перад iм ня было столiка нiякага, а ў руках - нiякае паперыны, значыцца, як выглядала, меўся гаварыць з памяцi.

- Вяртайцеся цяпер у вашы вёскi, сёлы й гарады, у далёкiя й блiзкiя куткi бацькаўшчыны сваей роднай i скажыце народу нашаму, што надыйшоў дзень ягоны абяцаны, бо скончылiся цярпеньнi й мукi ягоныя. Абвясьцiце яму, што адвалены й далёка адкiнуты цяжкi камень зь яго магiлы й што да новага вольнага жыцьця ўваскрэсла Беларусь! Абавязкова дапiльнуйце, каб усе пачулi й зразумелi радасную вестку пра тое, што нарэшце ўзыйшло доўгачаканае яркае й сьветлае сонца над прыгнечанай i зморанай краiнай i што ад дня ейнага ўваскрошаньня пачынаецца жыцьцё новае: сам народ наш, бяз чужых махляроў, гаспадаром будзе ў хацей на нiве сцаей i што ўжо ня будзе валадарыць iм i загадываць яму чужнiк. I скажыце ўсiм, каб мацавалiся духам у гэты вялiкi дзень радасьцi i славiлi Бога Ўсемагутнага за збаўленьне ды няхай памоляцца за тых, што змагалiся й аддалi жыцьцё свае за тое, каб уваскрэсла й жыла Бацькаўшчына!

- Гэткiмi словамi гаварыў у менскiм гарадзкiм тэатры да дэлегатаў Усебеларускага Кангрэсу адзiн з удзельнiкаў таго ўрачыстага паседжаньня, што 25-га сакавiка 1918-га года абвесьцiла незалежнасьць Беларусi ў хворме Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Сабалеўскi гаварыў узьнёслым, чыстым, цьвёрдым голасам i ўмiг уся заля ператварылася ў слух. У тую абсалютную, напружаную цiшу ўрываўся лязгат-бразгат няспыннага руху са станцыi. Чыгуначным шляхам, быццам пупавiнай, лучыўся аграмадны ваенны апарат з фронту на ўсходзе iз сваей маткай-Райхам, што корм i прылады сьмерцi яму дастаўляла. З-за сьценаў клюбу, такiм чынам, даляталi адгалоскi руху, народжанага вялiкiм змаганьнем тых самых дзьвюх сiлаў, што ходалiся й тады, калi сакавiк нарадзiў Беларускую Нардоную Рэспублiку. Праўда, сiлы гэныя зьмянiлi свае маскi, але ня сутнасьць тытанiчнага змаганьня. Павялiчылася варварства. А ў гэтай залi красамоўны дырэктар простымi i ўсiм зразумелымi колерамi маляваў карцiну змагарнае гiсторыi народу для людзей, што рэдка ў кнiжку заглядалi, адно прымiтыўна-цяжкiя прылады працы ведалi, людзей, якiм чужынцы ўжо на працягу стагодзьдзяў намагалiся забраць душу, апляваць iх, зьнявечыць, каб пасьля нявольнiкамi ў ярмо сваё запрэгчы. Як пакажаш скамплiкаваную гiсторыю людзям, што так даўно сьвятла ня бачылi, якiм бiлi-таўклi ў галовы, што яны - найнiжэйшыя iстоты, паўзуны, нявольнiкi, пагарды нявартыя? А апошнi, найбольш крывадушны акупант i варвар узяў чыстае, як крынiчная вада, слова й перанiцаваў ягонае значэньне... Ведаў усё гэта дырэктар i таму гаварыў як мага проста.

- Кастусь Калiноўскi, - прадаўжаў Сабалеўскi, - зьвярнуўся да народу сваей роднай беларускай мовай, выдаваў газэту 'Мужыцкая Праўда', у якой паясьняў сялянам хто iхныя прыяцелi й ворагi ды што трэба рабiць, каб нянавiсны прыгон ськiнуць i вольнасьць здабыць. Разам iз Палякамi ён падняў паўстаньне супраць Маскалёў. А ў сваiм ведамым звароце да народу, напiсаным у турме, ён так i казаў: 'Як дзень ня ходзiць побач з ночай, як сьвятло ня мiрыцца зь цемрай, так ня йдзе праўдзiвая навука побач зь няволяй маскоўскай. Бо дзе маскаль пануе там няма нiякай навукi, толькi глум i зьдзiрства'.

- I вы нядаўна пераканалiся, што маскаль зусiм не зьмянiўся. Дзетак вашых бальшавiкi кармiлi сваей атрутай, а ад вас забiралi зямлю й гналi ў калгасы, глумiлi ды абдзiралi вас. Таму й казаў далей наш вялiкi й слаўны Кастусь Калiноўскi: 'ваюй, народзе, за свае правы, за волю, за веру...'

- Так, ваюй, змагайся, бо як сам не пастаiш, то ад маскаля нiчога добрага спадзявацца ня трэба. Кастусь Калiноўскi падняў наш сялянскi народ супраць Расеi, супраць прыгону, зьдзеку й гвалту, чужой школы й чужой веры. Народ пайшоў на змаганьне iз стрэльбамi ў руках, а калi iх ня было, дык iз косамi, сякерамi й вiламi. Ды народ наш быў нядужы, каб перамагчы маскоўскую армiю, што затапiла ўвесь наш паняволены

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату