Было iх, вiдаць, два зьвязы. Калi адна група абкружыла на вулiцы людзей, iншыя пабеглi па хатах. Дзьверы адчынялi ўдарамi ботаў i прыкладамi стрэльбаў. Дзесьцi трэснулi рамы ў вакне й пасыпалася шкло.

- Божачкi, чаго гэта яны? Мусiць канец...

- Якая iм трасца трэба, каб iх зiмля нi насiла!

Маткi ўспакайвалi перапалоханых дзетак. Чарга стрэлаў загрымела над галовамi.

- Швайгэн, унтэрмэншэн!

Войстры, як брытва, голас. Навокал дрыжачых ад нечаканага нападу сялянаў пагрозьлiва тарчэлi настаўленыя рулi стрэльбаў i аўтаматаў. Вочы карнiкаў не варажылi добрага.

- Тыхо! - крыкнуў побач Немца падафiцэр. - Зыбралы вас, шчоб поговорыты. Давайтэ спокiйно!

Крыху апанаваўшыся, людзi маўчалi, адно скуголiлi дзеткi. Сяржаньцiха Юргель не магла сваiм вачом паверыць. Так, сумлеву ня было. Тойсамы шрам наўскасяк левае шчакi, вочы, што ва ўпор глядзелi. Але тады яны, здаецца, больш лагодныя былi. I тады на iм быў польскi мундзiр з адзнакамi афiцэра, дый ласкавы, хоць стрыманы голас. Жанчыне ў вачох пацямнела.

Жаўнеры цягнулi з хаты лысага, сiвога мужчыну. У зрэбнай бялiзьне, ён стагнаў i баранаваў па вулiцы нагамi.

- А каб вас... Ён-жа хворы!

Старэйшая жанчына кiнулася да жаўнераў, што цягнулi хворага.

- Цiкай, курво!

З гэткiмi словамi адзiн зь iх з усяе моцы стукнуў сялянку прыкладам стрэльбы ў грудзi. Яна ўпала, кiнулася ў мольбы й праклёны. Вывалаклi з хатаў яшчэ пару чалавек. I тады рэзка сьвiснуў нямецкi падафiцэр.

- Марш!

Карнiкi пачалi насядаць на сялян. Маршы трываў нядоўга, Прыгналi на край вёскi ды напiраючы рулямi зброi, загналi ў гумно, тое, самае, на страсе якога стаяла бусьлянка. Закрылi скрыпучыя вароты й злажылi iх жардзiнай. Гэтта-ж з пад'ехаўшай хурманкi жаўнеры хапiлi канiстры й аблiлi сьцены бiнзiнай. Iншыя клалi побач снапы кулявой саломы.

Сьцямiўшы, як выгладала, найгоршае, рос у гумне трывожны гоман i лямант. Успыхнула салома й агонь вялiзнымi языкамi ахапiў сьцены. Зь сярэдзiны выбухнуў марозячы кроў у сэрцы крык i енк.

- Так вам, вражы ляхi! - адказаў з гэтага боку карнiк.

Магутным напорам людзi намагалiся выпхнуць з гумна вароты. Яны ўжо трашчэлi, вось-вось меклi рашчынiцца. I тады гаркнулi кулямёты. Пачулiся прыглушаныя стогны, кашаль. Пiсклiвыя дзiцячыя галасы мяшалiся з трэскам дрэва й праклёнамi старых. Над страхой распрасьцерлiся крыльлi, бусьлiха пакiнула гняздо. Полымя з дымам раптоўна паглынула гумно. Калi абвалiлася страха, дзьве фiгуры, з палаючай вопраткай, выкулiлiся пераз зруб у бульбоўнiк з другога боку. Карнiкi iх не заўважылi.

Пакiнуўшы колькi людзей пры дагараючым гумне, карнiкi цяпер рассыпалiся па вёсцы, зьбiралi ў месца хатнюю жывёлу й птушку ды неўзабаве пачалi падпальваць усе будынкi. У гэны час па чыгунцы iмчаўся наладаваны аграмаднымi танкамi цягнiк.

Пад вечар ля папялiшчаў Залатухi хадзiлi людзi з суседнiх вёсак. З усiх жыхароў невялiкай вёскi ўцалелi мужчына й жанчына, што пераз зруб гумна выскачылi ў бульбоўнiк, ды пасьля вылячылiся ў Даўгiнаўскiм шпiталi. I яшчэ ўцалелi дачушка й сынок Юргялiхi, якiх жанчына шмат раней чым патрэбна выслала ў школу ў Вярэнькi, загадаўшы, каб падарозе з патрэбай да сваякоў заглянулi.

Жудасны, навет для ўяўленьня цяжкi, злачын напоўнiў жахам ваколiцу. Доўга не змаўкала пад саламянымi стрэхамi гутарка. Злачын абмяркоўвалi на розныя лады. Шмат дакладалi самi апавядальнiкi. Янук пачуў пра Залатуху ад Антося Дзеркача, якi скупiўся на словы. Магчыма, што ня ладзiў зь Нiнай бо тая, як выявiлася, дамагалася шлюбу, а жанчыны казалi, што зацяжарыла.

Антось расказаў Януку самае галоўнае. I ў гэны дзень Янук, быццам адурманены, хадзiў-блудзiў па гародзе, садзе, нiдзе не знайходзiў супакою. Навокал у самую сiлу ўбралася лета. Буйнела, цьвiла ўся прырода. Як i кажны дзень, гулi ля вульлёў працавiтыя пчолкi. Усё, здавалася, як нармальна. Ды не... Дзесьцi ў вагнi спапялiлiся нявiнныя нi ў чым жыхары аднэй вёскi. Што яму да iх? Цi ён iх знаў, цi што?

Як мог, супакойваў сябе, выдумляў цi адно апраўданьне, але раўнавагi не знайходзiў. Чаму? Ужо iз школы ды зь беларускiх газэтаў неяк улажыўся погляд, проста прыняўся ды здабыў права грамадзянства факт, што Немцы ёсьць прыяцелямi Беларусаў. Папростаму гэта тлумачылася, што яны далi Беларусам правы, якiх апошнiя даўно ня мелi, гэта значыць далi школы ў роднай мове, мясцовую ўладу ды яшчэ сёе- тое.

Калiсьцi для Януковай наiўнай галавы падзел на сваiх i чужых, ворагаў i прыяцеляў быў куды прасьцейшы. Маскалi й Палякi былi ворагамi. Ад iх беларускi народ дазнаў найбольш крыўдаў i ганьбаваньня, зь iмi вельмi доўга змагаўся за волю. Ад няпамятных стагодзьдзяў, як нейкая ненажэрная й прагавiтая хэўра, лезьлi яны на зямлю, прасякнутую крывёй i потам беларускiм, умошчаную касьцямi нашых продкаў. Быццам свайго iм было мала, мусiць не маглi пражыць на сваiх Мазурах цi Памор'i, Тамбоўшчыне цi Разаншчыне. Вiдаць, што ў гэтых народаў пераважна рабаўнiчы нахiл хi яшчэ што ў нацыянальным характары. А такiя сумежныя народы, як Латышы, Летувiсы цi Ўкраiнцы былi прыяцелямi. Здавалася, што яны таксама жылi пад пагрозаю Масквы цi Варшавы. Праўда, Летувiсы заўсёды гарлапаняць, што беларуская Вiльня - гэта iхны горад. Дык тут, - цi яны нашы ворагi, цi прыяцелi, - на двое бабка варажыла.

Зусiм што iншае - Немцы. Яны й супраць Маскалёў i Палякаў. Адных на лапаткi палажылi, а зь iншымi цяпер змагаюцца. Значыцца, калi згадзiцца з аксiёмай, што вораг твайго ворага ёсьць тваiм прыяцелем, дык Немцы, бязумоўна, маюць быць хаўрусьнiкамi Беларусаў. I цi-ж ня доказам гэткае дружбы было тое, што яны далi Беларусам мясцовую адмiнiстрацыю, дазволiлi адкрыць беларускiя школы? Паадчынялiся вунь беларускiя бiблiятэкi, выходзяць амаль бяз цэнзуры беларускiя газэты й часопiсы.

Праўда навокал такое, здавалася-б, простае аксiёмы, грамадзiлiся некаторыя сумлевы. Як вытлумачыць тое, што Немцы, ворагi Палякаў, пусьцiлi столькi Палякаў у мясцовую, цi, як яе завуць, чорную палiцыю? Чаму гэта палiцыя, з помачай Немцаў, вымардавала так шмат найлепшых, навет выдатных Беларусаў? Чаму пры такiх начальнiках, як акруговы камiсар цi каманданты жандармэрыi загнязьдзiлiся польскiя прастытуткi наводля тае 'пiрды' Закшэўскай у Гацях, што супольна з палiцыяй намагаюцца вынiшчаць Беларусаў?

Цi-ж льга паверыць, што гэта ўсё сталася прыпадкам? Бяручы на ўвагу ведамую нямецкую плянавасьць, грунтоўнасьць i дысцыплiну, як гэта ўсё вытлумачыць? Цi-ж магчыма, што ўсё вышэйзгаданае было Немцамi плянаванае й прадугледжанае? А можа... Не, немагчыма... Жах падумаць! Але як вытлумачыць Залатуху? Чым завiнiлi тыя сяляне? Пры чым тут жанчыны, старыя й дзецi? Як гэта можна так усiх, цэлую вёску ў вагонь?

Няхай сабе, па праву прыроды, няма роду бяз выраду. Пэўне-ж, у лесе лындаюць бальшавiцкiя баньдзюгi, рабуюць вакольных сялян, сiлай забiраюць у банды людзей, начамi раськiдаюць афiшкi, у якiх страшэнна адважна 'змагаюцца з фашыстамi'. Калi ў вёсцы ёсьць iхныя памочнiкi дык трэба iх знайсьцi й пакараць. Але навошта тут масавая адказнасьць? Няхай сабе, як чуваць, бралi ўдзел у тым злачыне Ўкраiнцы... Але-ж яны дзеялi не на сваю руку, а пад загадам Немцаў. Дык чаму Немцы так робяць?

Янук забрыў аж на Гараватку, спынiўся пад дубам Архiпам. Магутны дуб самы надзейны сябра. Пад iм так добра думаецца. Зiрнi ты, Архiп, як сэрца юнака поўнiцца горычай, зрок ягоны блудзiць у цемры, а розум нiяк ня можа натрапiць на нiтачку, каб разматаць прыказачны клубок. Патрэбны новы падыход. Адносна аднаго ня было сумлеву: зьнiшчэньне Залатухi не прыпадковае. Злачынная рука дзеяла ў сiлу нейкага закону. Якога? Трэба, здаецца, пачаць разважаць ад элемэнтарнага. Значыцца, перш за ўсё трэба адказаць на пытаньне: на якiм практычным праве аснована жыцьцё? Гэта ведама ўжо кажнаму дзiцяцi, хаця й не асэнсавана яшчэ iм. Права сiлы бачыш на кажным кроку; яно тарнуецца ўсюды, ад найменшай да найбольшай iстоты, што ходзiць, лётае, поўзае цi плавае. Чалавек, спрабаваў замянiць гэтае прыроднае права сiлы правам маралi, значыцца душы й сумленьня. Вядома, на помач тут прыйшла рэлiгiя, няважна цi хрысьцiянства, мусульманства, буддызму цi гэбрайства. Усе яны блiзкiя ў сваiх прынцыпах. Але колькi людзей карыстаецца iмi?

А нагласьць сiлы вiдаць на кожным кроку, асаблiва-ж вайной, бо вайна ёсьць ня што iншае, як паядынак дзьвюх цi некалькiх фiзычных сiлаў. Гэтта выяўляецца максымальнае практычнае права жыцьця й суадносiнаў мiж людзьмi: хто дужэйшы, той возьме. Дарма, што церпяць нявiнныя. Як права, дзе два дужыя б'юцца, там абавязкова слабому пападзецца.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату