Янук паставiў пытаньне накш: калi той, што мае сiлу, стараецца яе ўжываць, дык цi-ж ня кiруе ён ею? Ён-жа ня зьнiшчае ўсё i ўсiх безаглядна; ужыцьцё сiлы мае сваю мэту й накiраванасьць. Згода. Дык калi ўзяць,што Немцы лiчаць Беларусаў нейкiмi сваймi хаўрусьнiкамi, даюць iм мясцовую ўладу й свае школы, дык навошта яны спалiлi Залатуху? У вёсцы-ж жылi iхныя хаўрусьнiкi, што прыязна да iх адносiлiся, плацiлi падаткi, старалiся памагчы як мага. Дык пытаньне практычна зводзiлася да наступнага: чаму Немцы, хоць у даным выпадку й рукамi ўкраiнскiх наймiтаў, паляць сваiх хаўрусьнiкаў, мардуюць прыяцеляў?

I вось перад такiм, здавалася зусiм ясным, пытаньнем Янук стануў у тупiку. Пакуль дайсцi да найважнейшага, мусiў узважыць, абмяркаваць i адкiнуць шмат другараднага й наiўнага. Дый запраўды ў ягоных гадох навет дабрацца да такога галоўнага пытаньня ўжо было немалым асягненьнем. Ягоныя равесьнiкi, хаця-б гэны Стась цi навет старэйшы Ўладзiк, нiколi-б такiмi катэгорыямi не патрапiлi думаць. Iм навет у галаве не мясьцiлася думка пра нейкiя глыбейшыя разважаньнi. Працэс сялянскае думкi быў просты: калi аднекуль зьяўлялася вестка, перш за ўсё чалавек хацеў дакладна ведаць 'што', а ўжо радзей каторы селянiн запраўды намагаўся адказаць на пытаньне, як сьлед грунтоўна, 'чаму' нешта збылося цi здарылася. А гэтта Янук разважаў пра адну з найцяжэйшых праблемаў жыцьця: суадносiны сiлы з мараляй, дабра iз злом i з гэтага выводныя. Дык канкрэтна: чаму Немцы мардуюць i паляць сваiх прыяцеляў i хаўрусьнiкаў?

Калi гэта запраўды так, дык выходзiць, што Немцы або павар'яцелi, або зусiм ня ведаюць, што яны робяць. I адно й другое выключалася. Калектыўна Немцы ня былi вар'ятамi дый ведалi яны, вiдаць, што рабiць. На пытаньне анiяк нельга было адказаць. А можа пытаньне дрэннае? Давай, разваж па слоўцу: Немцы мардуюць сваiх прыяцеляў... Два ключовыя словы: Немцы й прыяцелi...

Янук пачаў з заклапочаньня церабiць свае вясной ужо пабялеўшыя валосы, прадчуваючы, што блiжэй да карэньня дабiраецца. Немцы й прыяцелi, Немцы й прыяцелi... Немцы i... Нешта тут не ў прадку. Немцы абапiраюцца на безагляднай сiле. А цi чалавеку, цi народу, якi базуе ўсё на сiле, надта на прыяцелях залежыць? Скарэй слабому сябра патрэбны, а моцны, значыцца дужы, ён сам чуецца як Бог. Згода. Дык цi адпавядае гэтта слова прыяцель цi навет хаўрусьнiк? I хто яму сказаў, што Немцы прыяцелi цi хаўрусьнiкi Беларусаў?

Раптам нарадзiлася думка. Падсьведама адчуваў Бахмач, што гэта й быў той асноўны, галоўны адказ, да якога вобманцкам, саматугам дабiраўся. Запраўды, калi прыняць мяркаваньне, што Немцы, як Палякi цi Маскалi, прыйшлi на гэтую пакрыўджаную зямлю як рабаўнiкi, новыя паны, махляры, прыгнятальнiкi, дык усё, што навокал адбывалася становiцца ясным, як сьветлы сонечны дзень. Немцы ў лiку ворагаў! Жахлiвая, але праўдападобна добра абаснованая, думка. Адно якая-ж будучыня? Цяпер во спалiлi, разам з жывымi людзьмi, Залатуху. А можа гэткiх злачынаў будуць яшчэ сотнi цi тысячы?

Жах, жах!

У ваблiччы такога нячуванага варварства якое значэньне мае тое, што народ атрымаў права навучаць дзетак у школах у сваей мове, цi тое, што ёсьць пару газэтаў цi часопiсаў беларускiх? Якую вагу мае беларуская нiжэйшая адмiнiстрацыя? Цi калi якi шваб зьбярэ сваюэ здысцыплiнаваную банду, возьме на прыпрэжку якiх Украiнцаў, як у Будславе, ды задумае паехаць i спалiць цэлую вёску разам з жыхарамi, у тым лiку дзеткамi, жанчынамi й старымi, усiмi зусiм безбароннымi й нявiннымi людзьмi, - дык цi яго спынiць якi старшыня вёскi цi старшыня воласьцi зь беларускай адмiнiстрацыi? Няхай адно пiкне, сам першы кулю ў лоб дастане. Гэта хто калi чуў цi бачыў, каб Немец слухаў якога чужога задрыпанага старшыню воласьцi?

А калi так, дык значыцца гэта мясцовая, свая адмiнiстрацыя ня мела ў вачох акупанта зусiм нiякая вагi. Ды не, пачакай-жа. Нейкую вагу мела бо для нечага-ж яму была патрэбная. А для чаго? Зусiм ясна: яна памагала акупанту зьбiраць харчы, падаткi, гнаць людзей на працу, iншымi словамi - ссаць жывыя сокi з паняволенага народу. Няйнакш, так яно й было.

I на пацьверджаньне гэткiх сваiх выснаваў Янук пачаў згадваць нямецкiя зьдзекi над сваймi людзьмi, якiя ён сам бачыў. Амаль ня было чаго згадваць, адно хiба той вуж хурманак, што на гару глыбоцкага пяшчанага гасьцiнцу ня мог з наладаванымi вазамi ўзабрацца, а ён iз Дуняй задалёку прыглядалiся як Немцы сялянаў лупцавалi. Мо й шчасьлiвы, што большага ня бачыў. Ня дай, Божа, бачыць якую Залатуху, цi трапiць у рукi польскай, пад нямецкай камандай, палiцыi, ды стануць перад руляй стрэльбы на расстрэл. Або цярпець цi гiнуць разам з Жыдамi. Жыды, якiя-б яны ня былi, усё-ж гэта людзi. I калi гэта праўда, што Немцы пагалоўна iх вынiшчаюць, дык ганьба Немцам! Што гэта за народ такi? Немец - вораг! Немец - кат беларускага й iншых народаў. Значыцца, як выглядала, найбольш зьдзеклiвая сiла на сьвеце ўзьлезла нам на плечы. Вось адкрыцьцё!

Янук i задаволены быў з таго, што ён сам, бязь нiчыя помачы, дайшоў да разгадкi такое тайны. Не сказаў яму пра гэта простымi словамi анi Антось Дзяркач, анi Кастусь Падгайскi, анi хто iншы. Пэўне-ж, яны пра гэта ведалi, але чамусьцi яму, проста ў рот, пажваўшы, улажыць не хацелi. Хто-ж iх ведае... Цяжка было сумлявацца, што такiя разумныя й пранырлiвыя дзядзькi ня бачылi таго, што яму, як-нiяк, наiўнаму юнаку, раптам стала зусiм зразумелым. Трэба будзе калi, як кажуць, проста з мосту спытацца iх пра гэта.

Тымчасам, думкi вялi далей. Калi Немцы ёсьць нашымi ворагамi, дык на iх палягаць нельга. Наадварот, каб свайго дамагчыся, дык мо калi змагацца зь iмi прыйдзецца. Але як i чым? I каго на помач клiкаць? I як змагацца з такой магутнай, няпераможнай сiлай?

Рад i ня рад быў Янук з прычыны такога жахлiвага адкрыцьця. I ў гэныя юначыя гады падсьведама адчуваў, што яму наканавана было не стаяць бязьдзейна з боку. Ясна, можна было рабiць i так, як захоўвалася вунь бальшыня людзей: пасыўна прыглядалася ўсей гэтай разьнi, забойствам, вынiшчэньню свайго насельнiцтва. Абы iх не краналi. Ого! Што не, дык не! Янук да такiх авечак сябе не залiчаў. Ужо калi прыйдзе момант, што да сьцяны прыпруць, дык ён бяз супрацiву ня дасца. Але, цьфу! Усё-ж, якая дурнiца зь яго: перш, - i самае галоўнае, - трэба ня дацца, каб якi чужы цi свой нячысьцiк да сьцяны цябе прыпёр. Гэта самае галоўнае!

Што, прыкладам, сталася-б, калi-б вораг наважыў зрабiць зь Лiтоўцамi тое, што зрабiў з Залатухай? I гэтта-ж недалёка чыгунка, i тут можа бальшавiцкая галота вылезьцi з Гаравацкае пушчы й падлажыць мiну на чыгунку, раськiдаць у вёсцы якiя афiшкi цi каго сiлай забраць у свае банды. Могуць справакаваць Немцаў, каб i ў вадносiнах да Лiтоўцаў ужылi меры ваеннае адказнасьцi. А калi спосаб пакараньня нявiннае Залатухi быў ня прыпадковым, а нейкай нормай ваеннага часу, дык колькi беларускiх вёсак i колькi людзей можа пайсьцi яшчэ з дымам?

Янук пазiраў на сваю мiрную, залiтую летнiм сонцам, вёску. Танула яна ў садох i прысадах. Нiвы палавелi жытам, зелянелi ярыной, а дзьве сосны шапталi сабе сакрэты на могiльнiку. I тады спрабаваў Янук уявiць, што аднаго дня ягоную родную мясьцiну, як нядаўна Залатуху, возьмуцца языкi агня папялiць... Ды не! Адганяў думкi, як статак назойлiвых аваднёў.

Гэтак, заглыбiўшыся ў бязвыхаднае, Янук зыйшоў з Гараваткi й адно ля гумна пачуў бацькаў голас: - А ты дзе гэта бадзяешся? Бяры во граблi, пойдзем у Пральлю пракосы варочаць.

22

У Гаравацкай пушчы часта пераклiкалiся совы, а ў вёсцы не гарлапанiлi яшчэ першыя пеўнi. На чыстым зорным небе рагацiнай вырысоўваўся гiгант Архiп. Лагодны заходнi ветрык ледзь варушыў лiсьцямi дрэваў. Паважна й таямнiча пахiлiўся паточаны шашалем крыж. Дзесьцi на гасьцiнцы ў лесе затарарахалi па карэньнi калёсы, а ў Лiтоўцах спрасоньня лена загаўкаў сабака. Хто там на гасьцiнцы ў гэту пору ехаў? Палiцыя, цi хто? На станцыi ў Гацях, як заўсёды, кiпеў нiколi няспынны рух. Калi мясцовае насельнiцтва спала за пазачынянымi загадам дзьвярмi, на вулiцах, чыгунках i дарогах гаспадарылi людзi ў мундзiрах.

Апрануты ў летнюю сьвiтку, Антось абмацаў нож за пазухай, выцягнуў зь кiшэнi й пачаў смактаць сакавiтую, што проста таяла роце, ранэтку ды цэлы час пiльна ўзiраўся ў адзiн пункт. Калi гэты недабiтак задумае наведаць бацькоў, дый калi мае прыйсьцi па яго, каб яму 'лясьнiчоўка бокам вылезла', дык гэта, здавалася, адзiная дарога, на якой яго неспадзеўкi можна злавiць. Знаў Антось гэту Гаравацкую сьцежку, што вяла ў пушчу, як сваю даланю. Ведаў на ёй кажны гарбок, ламень, ямiнку, кажную пахiльнасьць цi зьмяiную крутасьць. А месца сабе выбраў такое, што падарожнiк нiяк не спасьцеражэ. Прылёгшы-ж збоку, яго можна вельмi лёгка асачыць. Iншая рэч, калi-б чалавек з сабакам зьявiўся. Тады небясьпечна. Але ў запасе меў наган. А тымчасам сядзеў на камянi, кусаў ранэтку й думаў.

Насамперш - Нiна. Калi-б зацяжарыла, цi ня прызналася-б яму? Дый вiдаць было-б, як папаўнела-б. А жанчына дамагалася, каб шлюб узяць ды ўжо не намякала, а проста патрабавала, каб дзiця мець.

- Я з гэным старым лунем колька пражыла... Ён, аказваецца, толька сiлу цяглавую хацеў мець, а не сям'ю. А ты што? Дзяцей баiшся?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату