Жаўнер уважна агледзiў боты, задаволена ўсьмiхнуўся.
- Вiфiль? - спытаў.
- Айн гальб марк, - бойка адказаў хлапец.
Немец выцягнуў зь кiшэнi жмут акупацыйных марак, дбайлiва адзьдзялiў адну паперку й даў замурзанаму хлапчуку. Той схаваў грошы ў кiшэню патрапаных портак i ўсьмiхнуўся да жаўнера. А Немец выцягнуў руку й варушыў указальным пальцам, проста хлапчуку ў вочы пазiраючы.
- Айн гальб марк! - дамагаўся шорсткi, як жвiр, голас.
- Iх габэ кайн гальб марк, - апраўдваўся хлопец.
Немцаў твар ператварыўся ў чорную хмару, а рудыя вочы - у калючыя цьвiкi. Жаўнер спрытна прысеў i схапiў хлопчыка за правае плячо. У гэны самы час ягоная рука пачала абкладаць дзiцячы твар аплявухамi. Гэтаму спадарожнiчала сакавiтая крыклiвая лаянка.
Хлапчуковы прылады для чышчэньня ботаў, - скрынка, шчоткi, паста й шматы, - паляцелi ўбок, калi ён, баронячыся левай рукой ад удараў па твары, пачаў босымi нагамi малацiць Немцаў жывот. Магчыма, што трапiў жаўнеру ў чульлiвае месца, бо ў таго твар скрывiўся ад болю й хлапец вызвалiўся зь ягоных рук.
- Фарфлюктэ фашыст швайн! - крыкнуў хлопец.
Сабраная грамада такiх-жа чысьцiботаў прыйшла хлопцу на помач.
- Швайн, швайн, фашыст!
Узлаваны Немец схапiўся за штык, што вiсеў ззаду на шырокiм пасе ў похве, але рука спынiлася. Ён плюнуў, сакавiта вылаяўся й пайшоў у бок вялiкiх шэрых будынкаў i кучаў цэглы.
Быццам заварожаны, прыглядаючыся гэнаму выпадку, стаяў Янук. I што было-б, калi-б ня вырваўся зь Немцавых рук той падлётак? Цяпер Бахмач,ня ведаючы куды, iшоў. Скруцiў налева й неўзабаве стаяў перад аграмаднымi шэрымi, зусiм уцалелымi ад бомбаў, высокiмi на паверхаў сем будынкамi. Перад iмi - вялiкая плошча. Пачаў прыгадваць. Некалi ў савецкiм падручнуiку геаграфii бачыў здымку. Але-ж. Дом Ураду. Вось ён.
Нечага бракавала. Дом домам, але было ў гэнай здымцы, супольна з гэтым домам нешта няменш манумэнтальнае. Але што? Янук змалку меў дасканалую зрокавую памяць i яна нарысавала ў iншай, мазгавой памяцi гiпсавую фiгуру.
- Так, гэтта быў помнiк... а цяпер яго нiма, - сказаў сам сабе хлопец. - Узарвалi, мусiць.
Там, у гэным савецкiм падручнiку цьмяная здымка на дрэннай паперы не магла даць ўяўленьня пра вялiчыню гэтай грамады будынкаў. Трэба было нешта да параўнаньня. А з чым меў Янук параўновываць? З Габiшынай гарбатай, нiзкой, апоўзлай крамай цi, можа, з Макатунiшынай хатай?
У вачох яшчэ стаяў зьвярыны, бяздушны твар Немца й вялiзны перапалох на замурзаным, у рабацiньнi, твары хлапца, што ня меў паўмаркi рэшты... Янук зьбянтэжыўся. Куды йсьцi? Дзе тая Камароўка, дзе рэдакцыя газэты? Каго спытацца? А якраз во такi малы хлопец чысьцiбот, ён-жа зусiм мясцовы, ён i ведаць будзе. Ды дзе яго знайсьцi? Тыя ля вакзалу разьбеглiся. Але-ж iх, пэўне, больш на вулiцах. I не памылiўся. Адно нягледзеўся 'дому ўраду', павярнуў на першую сустрэчную вулiцу направа, як пабачыў двух чысьцiботаў.
Было ў гэтых хлопчыкаў нешта, чаго Бахмач, сын палёў жытнiх i лёну са званочкамi блакiтнымi, не спасьцерагаў у вясковых падлёткаў такога ўзросту. Ня вопратка, якую льга было-б назваць калекцыяй ваеннага часу: завялiкая шапка на нястрыжанай галаве, кашулёнка, што даўно за мылам зажурылася, сьвiтка не ў разьмер, шэрыя працёртыя порткi, шчарбатыя чаравiкi, або босыя й карэлыя ногi. Не, ня вопратка. Ваеннае лiха загнязьдзiлася ў зараньня пастарэлы дзiцячым тварыку, асаблiва-ж у вачанятах. Iм яшчэ трэба было-б сьмяяцца з розных дзiцячых блазнотаў, а ў iх ужо цьвёрдасьць, рашчараваньне, боль. Яны во гэтта, як спрактыкаваныя, гора бачыўшыя, спад насунутых, нахмураных броваў падпiльноўвалi й ацэньвалi цябе, недаверлiва насьцярожвалiся, намагалiся прадбачыць. I ў полi тых вачэй была ўся тэрыторыя заработку.
Прылады заработку, - драўляная скрынка, шчоткi, паста й шматы, стаялi на парэпаным, ад гарачынi ваенных пажараў патрэсканым ходнiку. Тэрыторыяй быў засяг зроку, а галоўным апэрацыйным пунктам - рог вулiцы. Клiентаў, выключна вайсковых, было даволi. Калi на тэрыторыi паказваўся чалавек у ботах, звычайна нямецкi радавы цi афiцэр, хлопцы сустракалi яго сьцiплым запасам чужой мовы. Для параўнаньня вазьмi кагось з Бахмачовай вёскi, зь лiтоўскае малечы, пасадзi яго на гэта самае месца, дай такiя-ж прылады працы. Цi зарабiў-бы ён i цi пражыў-бы з такога заробку? I цi змог-бы памагчы сваяком, як гэтыя во памагаюць?
Янук спынiўся ля хлапчукоў. Воддаль на ходнiку вiдаць былi жаўнерскiя мундзiры, вулiцай праяжджалi й пылiлi грузавiкi. А недалёка, на ўцалелай часьцi будынку, над дзьвярмi, - вось увайшоў туды чалавек, - вiсеў напiс: Гарбата. I нешта меншымi лiтарамi, чаго Янук ня мог адсюль прачытаць.
Што кажух, то ня вата,
а што капуста, то не гарбата...
- прыгадалася Януку зь нейкага апавяданьня. Але чаму 'гарбата'? Цi-ж гэта беларускае слова? Яму заўсёды здавалася, што пабеларуску 'чай'...
- Бацiнкi пачысьцiць...?
Дзiцячы голас вярнуў яго ад 'гарбаты' да запраўднасьцi. Чысьцiбот ня ведаў, вiдаць, як зьвярнуцца да яго.
- ...дзядзька, - дадаў хлопец, не зьбянтэжыўшыся.
- Якi я табе дзядзька? - усьмiхнуўся Бахмач.
Хлапчукi пазiралi на яго ўважлiва, ацэньвалi. 'Не, не ўгадаюць', думаў юнак. Але ня было часу. Дзесь на Камароўцы жыла жанчына, адрас якое трымаў у кiшэнi, а дзесь ля Пляцу Волi гнязьдзiўся новы беларускi Парнас, на якi Янук можа дабярэцца яшчэ сяньня. Няма часу на падшыванцаў.
- Скажыце, хлопцы, дзе тут Камароўка й як да яе дабрацца?
- Камароўка? - адказаў старэйшы выглядам. - Дык яна от там, - паказаў дзесьцi ў кiрунку на ўсход. - Iдзi во гэтай вулiцай проста туды й як дойдзеш да радыёзаводу, там яна й ёсьць.
- Далёка?
- Ды не, кiламетры два...
Падыйшлi жаўнеры й зноў пачулася 'шус пуцэн'. Янук рушыў паволi, разглядаўся. Бакi вулiцы, як вокам сягнуць, абступiлi руiны. Адно зь левага боку ўзвышаўся зусiм цэлы, з чырвонай цэглы будынак нейкай сьвятынi. Паводля Януковай ацэны гэта мог быць касьцёл, а каб хто яго папрасiў апiсаць стыль будовы, ня змог-бы.
Мiнуўшы некалькi скрыжаваньняў вулiц, вачом юнака паказалася вялiзная, адкрытая панарама зруйнаванага гораду. Хлапец спынiўся, зыйшоў на бок ад вулiцы, прысеў на кучы цэглы, выняў з торбы чэрствы хлеб i сала, паволi жваў i разглядаўся. Воддаль, наўскасяк налева, як быццам нейкi вялiзны, круглы, шэры маўзалей на суцэльным могiльнiку, шарэў у раньнiм сонцы тэатр опэры й балету. Магчыма, што ў нязьнiшчаным, забудаваным горадзе будынак гэты, навет з маста на Сьвiслачы можна было заўважыць яго вялiкi разьмер, - ня быў нiякiм кантрастам. Пэўне-ж, калi ўжываць тэрмiну будаўнiкоў, мог быць ён некалi арганiчна ўпiсаныў ансамбль вакольных будынкаў. Хто яго ведае... Чаму ўцалеў? Навокал, вiдаць, мора агню шалела. А гэты во, - зiрнiце на яго! быццам, каб пратэставаць супраць зьдзекаў зямных i нябесных, стаiць бадзёра, усiм i ўсякаму на выклiк. Помнiк на могiльнiку.
Янук зiрнуў вышэй налева, туды на Верхнi горад. Перад прыездам сюды прыглядаўся старой мапе Менску й агульна ар'ентаваўся. Там воддаль шарэлi вежы барокавае сьвятынi. Сьвiслач плыла быццам у парэпаных па берагох начоўках, зямля апускалася да ракi з абодвух бакоў лагодным нахiлам. Вада абмывала розны хлам, а пры беразе босыя дзеткi вазiлiся iз чэрапам старога чаўна.
За тэатрам уцалеў вялiкi, чатырох- цi пяцiпаверхавы зялёны будынак. У ягоных зашклёных вокнах адбiвалася сонца. Там, мабыць, жылi людзi. А з правага боку галоўнай вулiцы, у тым баку, дзе чысьцiбот казаў была Камароўка, але далекавата ад яе, залацiлiся купалы сьвятынi, налева-ж чарнелi стрэхi хатаў. А што, калi тая часьць Камароўкi, куды ён iдзе, ды хата тае жанчыны не ўцалелi?
Хлапец доўга стаяў i пазiраў на вулiцу, быццам у памяцi зрокавай i ў галаве на векi вякоў хацеў утрывалiць вобраз дашчэнту зруйнаванага гораду. Як гэта там пра яго ў 'Слове аб палку Iгаравым'?
Ня Нямiзе снапы сьцелюць галовамi,
А малоцяць-жа стальнымi iх цапамi,
На таку жыцьцё кладзецца неспадзеўна,
I душу ад цела веюць безнадзейна.