край. Вялiкi й слаўны сын ягоны, Кастусь Калiноўскi, павешаны быў у Вiльнi на шыбенiцы царскай. Кроў паўстанцаў i iхнага слаўнага правадыра не прапала, а на зьмену iм прыйшлi iншыя, што прадаўжалi змаганьне. Прыйшло адраджэньне.
Схарактыразаваўшы бацьку адраджэньня й нашанiўскi пэрыяд, дырэктар дабраўся нарэшце, гаворачы павольна й голасна, да пэрыяду, калi народ абвясьцiў Беларусклую Народную Рэспублiку.
- Актам 25-га Сакавiка, 1918-га году Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай у тых межах, дзе жыў тады наш народ. Акт гэты ёсьць надзвычайна важны. Прашу яго вельмi ўважна праслухаць. Прачытае яго вучанiца шостай клясы нашай школы Дуня Макатунiшка.
Дуня ўскочыла з лавы, шпарка рушыла да сходаў. Ужо на сцэне запаволiла крок, спынiлася. У белай блюзцы, з вышываным у кветкi каўнерыкам, у зялёнай спаднiчцы, ускоснай хваляй старанна прычэсаных валасоў, яна прадстаўляла абраз сьцiпласьцi, наводля нейкага польнага рамонка.
- Год таму назад народы Беларусi, разам з народамi Расеi ськiнулi ярмо расейскага царызму, якi найцяжэй прыцiснуў быў Беларусь..., - пачала дзяўчына.
Дзесьцi ў Менску Беларускiм, пасьля ўсяночнае тузанiны й спрэчак, калi нарэшце сакратар прэзыдыюму, пэўне-ж манатонным голасам, якiм звычайна характэрныя скаратары, чытаў тойсамы дзяржаўны акт, уражаньне было куды накшае. А гэтта пастанова веча народнага, за якую шмат людзей ахвяравала раней i пэўне-ж ахвяруе яшчэ сваё жыцьцё, гэтта таясамая пастанова гучэла вытрыманым, урачыстым, хоць i мяккiм дзявочым голасам. I цяпер Бахмач яшчэ адно зразумеў, чаму Дуня перасьцерагала яго, каб слабасьцi не паказваў. Звонку гарэзьлiвая i, здавалася, лёгкадумная дзяўчына запраўды паказалася яму стойкай, трывалай, адважнай. Але цi поўнасьцю ўсьведамiў тады гэта Янук? Мусiць не, бо думкамi забягаў наперад да таго, што вось зараз мае адбыцца, дзе ён цэнтрам агульнае ўвагi будзе...
Скончыўшы чытаць, Дуня прыгожа пакланiлася. Пасыпалiся гучныя воплескi. Ня толькi плёскалi вучнi, што папрыводзiлi сваiх бацькоў, сябровак i сяброў, але й узрослыя. Адно ў самым цэнтры вялымi рукамi варушыў войт, а побач нярухома сядзелi два прадстаўнiкi акупацыйнае ўлады.
- Куды вы, цёмныя, дурныя, адсталыя мужыкi, лезеце? Дзяржавы сваей вам захацелася? У вас няма нi нафты, нi солi, нi вугля, нi жалеза. Як жыць будзеце? - пачаў падсумоўваць дырэктар. - Гэткiмi вось нападамi ворагi народу нашага, апякуны няпрошаныя, накiнулiся адразу на нас, каб затукаць-загукаць i зруйнаваць новаствораную дзяржаву. А цяпер падумайце самi: калi-б наш край быў сапраўды такой праклятай Богам плямай на зямлi, калi-б у нас зусiм нiчога ня было, як яны цьвердзяць, дык чаго тады гэтыя людзi лезуць да нас цьма-цьмой, апякунамi нашымi хочуць быць, што як ад заядзi сьляпнёў ад iх абаранiцца цяжка?
Цiха прысела побач Дуня й зiрнула Януку ў вочы.
- Ну як я?
Задуманы, Янук не адказаў.
- Чаго маўчыш? Скажы, цi добра я прачытала.
Хлапец зiрнуў на мiлы тварык, на якiм вялiкiмi колерамi задавальненьне зьзяла. Усьмешка шмыгнула ля вуснаў.
- Выдатна. Давай, пацалую цябе за гэта.
Ня думаў так сказаць. Само вырвалася. Зачырванеўся. Макатунiшка ўсьмiхнулася.
- Пасьля. Добра?
Ня ведаў цi дзяўчына жартуе, цi што. Уважна зiрнуў у ейныя вочы. Зьбянтэжыўся. Тымчасам Сабалеўскi канчаў.
Янук узыйшоў на сцэну паважна, не сьпяшаючыяся i, як раней ужо меў намер зрабiць, паволi акiнуў зрокам залю, зiрнуў уздоўж i ўпоперак на падвязаныя пад жаночыя падбародкi хусткi, на школьных сяброў i прадстаўнiкоў ад уладаў у крэслах на самым перадзе. А ў вушах гучэў яшчэ голас Сабалеўскага:
- Малады паэт, вучань нашай школы Янук Бахмач цяпер прадэклямуе свой верш, прысьвежаны вялiкаму дню Сакавiка!
I ў гэны момант ведаў Янук, што страх прайшоў, што на залi зацiкаўленьне. Вярнулася пэўнасьць. I пачаў гучным голасам:
Сакавiк ладзiць слаўнае веча,
а ў тэатры гудзе, бы ў вульлi,
пазьяжджалiся зблiзку й з далечы
пасланцы беларускай зямлi.
Каб палепшыць свой лёс, сваю долю,
селi побач сяўбiт i жаўнер
Вон чужынцаў! Зямлю нашу й волю
аддаём мы народу цяпер!
Затаiў Менск сталiчны дыханьне,
сустракае народжаньня дзень.
I зазьзялi зарнiцы сьвiтаньня,
у нябыт адыйдзе ночны цень.
Прэч Расею, прыгон i няволю!
Беларус стане сам гаспадар,
прыйдзе шчасьце на месцы нядолi,
запануе свабодны ўладар.
Спасьцярог Бахмач, дэклямуючы, што навет смаркаты Стась рот разявiў, зацiкавiўся. Але думка сканцэнтравалася на наступных радках, а ў такой сытуацыi амаль нiчога, апроч агульнае масы людзей, ня бачыш. Верш канчаўся. Апошнюю зваротку Янук запаволiў, iз смакам, галасьней, падчыркнуў:
Сьцеражы, Беларус, сваю долю,
каб чужу не вярнуўся прымус,
няхай згiнуць кашмары няволi,
хай заўсёды жыве Беларусь!
Вялiзная бура воплескаў. Янук нязграбна пакланiўся й зь вялiкiм паднечаньнем зыйшоў са сцэны. I ў момант зыходжаньня зiрнуў на Стася. Той плёскаў у далонi, а ў вачох яго шэрых, такiх звычайна нянадта кемлiвых, здалося Януку, паказалася iскрынка зьдзiўленьня. Перад Януком стаяла Дуня й ейныя вочы сказалi ўсё.
- Маладзец. За гэта цябе варта пацалаваць.
Дзяўчынiна рука моцна сьцiснула ягоную далонь i дрыжыкi разьлiлiся па юнацкiм целе. Цяпер тое нецярпеньне й страх, што поўнiў яго перад дэклямацыяй, адыйшоў, адплыў... замянiўся першай гарачай усёпаглынаючай хваляй пахвалы. Яна была тымбольш значная, бо прыйшла ад самых блiзкiх людзей. I калi першая хваля адыйшла, Янук, задаволена сьцiскаючы Дунiну руку, разглянуўся навокал. Дырэктар яшчэ штосьцi гаварыў на сцэне. I потым зноў былi харавыя песьнi, i наапошку гiмн 'Мы выйдзем шчыльнымi радамi'.
Задаволеная грамада доўга яшчэ не разыходзiлася дамоў. Адно не хапала музыкi. Нехта раней прапанаваў, каб пасьля ўрачыстасьцi патанцаваць пад сваю школьную аркестру, але замiнаў гэтаму вялiкi пост i забарона хадзiць вечарамi. Хаця-нехаця людзi разыйшлiся. А Дунiн пацалунак падарозе дадому доўга помнiўся Януку.
21
Асьвеньцым, Гулаг, Бухэнвальд, Дрэздэн i Ковэнтры, Катынь, Хатынь i Лiдычэ... Гiрашыма... Нагасакi... Апэрацыя 'Кiлгол'...
Пералiк можна прадоўжыць...
Выдатныя помнiкi варварства цывiлiзаванага, 'прагрэсыўнага' чалавека 20-га Стагодзьдзя. Помнiкi, што так цi накш у нашу сьведамасьць уелiся. Вобразы пакут, суцэльнага зьнiшчэньня, нэгацыя Бога й Ягонае навукi. А дзе ў параўнаньнi з гэтымi гiстарычнымi гiгантамi дробненькая макулiнка попелу, што звалася Залатухай?
Гэта не праслаўленыя Лiдычэ й не разбарабаненая лiхой варожай прапагандай Хатынь. I ў тэй Хатынi, у сьпiску ймёнаў вёсак, спаленых на нашай бацькаўшчыне двума напасьнiкамi разам з жыхарамi iх, Залатусе памiну няма. Здавалася-б, гiсторыя з памяцi яе вымазала. Ня згадваецца яна i ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыi, што называе зьнiшчаныя вайной акупантамi мясцовасьцi, у якiх было больш чымся па пяцьдзесят жыхароў.
Пацiкаўцеся раёнам, дзе Залатуха была. Спытайцеся старых. I там Залатуху на першае месца не паставяць. Хутчэй пачуеце пра вялiкiя Азярцы, што па дарозе з Докшыц у Пархвенава былi. Удзень на гасьцiнцы ля вёскi пад нямецкай ваеннай аўтамашынай мiна ўзарвалася. Акупант пастанавiў, што ўдзень бальшавiцкая банда мiны не магла падлажыць. Сьцягнутыя карнiкi мэтадычна вымардавалi ўсiх жыхароў вёскi й спалiлi ўсе будынкi. Яшчэ пачуеце пра Шунеўку, а нехта iншы згадае як карнiкi Латышы палiлi Торгуны цi Ластавiчы.
Гэта ўсё было, але куды пазьней. Спачатку-ж у тым раёне спалiлi, разам з жыхарамi, Залатуху i ў той раньнi пэрыяд лiквiдацыя яе голасным рэхам расплылася па ваколiцы, урэзалася й назаўсёды асталася ў