бачыць, не ўсьведамiў-бы вялiкае апокалiптычнае трагэдыi народнай, не балела-бы яму сэрца. Сума сумарум Стасевых цярпеньняў будзе куды меншая, чымся Януковых. Калi пры тым 'даёш Берлiн' Стась не дабярэцца да райхстагу й загiне, дык што-ж? Чалавеку адно жыцьцё дадзена й можа лепш пражыць яго з найменшым цярпеньням. А яму, Януку, апроч фiзычнага трэба будзе пераносiць яшчэ й духовыя мукi, бо ён, як некалi той Мiцкевiч казаў, цярпеў за мiлiёны. Пэўне-ж, у вялiкай роспачы сваей спадзяваўся Янук, што такое цярпеньне прыблiзiць яго да Бога.
Пад грукат цягнiка, упоцемку цяклi па Януковым твары сьлёзы. I прыгадалася яму слабодзкая царкава, побач з Дуняй вялiкодная служба. З прычыны ваеннага становiшча, пачалася яна на золаку. Ля яго стаяла прыгожа апранутая, мiлая дзяўчына. Сярод пярэстых хустак, сьвяточных сьвiтак, пры цудоўным сьпеве аж двух, на зьмену, хораў, як нiколi раней адчуваў блiзкасьць Дунi. Вязьнiца зрабiла сваё. Дуня не адказала яшчэ на тое важнае пытаньне.
У царкву, здавалася, сабралася ўся вялiкая ваколiца. Грамада запоўнiла ўсе куты прасторнай сьвятынi й вылiлася пераз галоўныя дзьверы на двор. Над адтаенымi нiвамi, у акампаньямэнт малiтвам i сьпевам, гiмнам вясьне ўзьнялi сьпеў жаўранкi. Яшчэ пакуль сонца на ўсходзе чырвоным клубком выкацiлася з-за грабяня Гаравацкае пушчы, народ у царкве намагаўся даць праход царкоўнай працэсii, што павольна, iз iконамi й харугвамi, i хвалой Новаўскросламу iшла да дзьвярэй. Пад сьпевы хору, за крыжам, харугвамi iконамi й сьвятарамi вылiлася з царквы на двор рака людзей. Урачыста весьцiў пра вялiкае здарэньне гучны звон з шэрай, ужо пешчанай праменьнямi ўзыходзячага сонца, вежы. Некалi руплiвыя вернiкi схавалаi яго ад бальшавiцкiх бязбожнiкаў. I ўжо ня першы раз ад часу аднаўленьня абвяшчаў ён людзям вялiкую радасьць:
Хрыстос iзь мёртвых уваскрос,
бiм-бам-бом,
сьмерцяю сьмерць паканаў,
бiм-бам-бом,
i тым, што ў магiлах,
жыцьцё дараваў.
Вялiкодны трапар паўтараўся часта падчас сьвятое лiтургii. Перад шчодрым золатам полымя нязьлiчоных сьвечак маестатычна выглядалi райскiя вароты.
Сьмярцяю сьмерць паканаў...
Раптоўна нахлынулi гарачыя сьлёзы, нехта кляшчамi сьцiснуў сэрца. Полымя сьвечак то зьлiвалася ў суцэльный пажар, то дробнымi iскрамi рассыпалася ў тысячу кiрункаў. У гэны момант якраз надта ўзьнёсла й цудоўна сьпяваў хор, асаблiва тэнары i, як саказаў-бы нейкi цынiк, яшчэ больш раськiс Янук. Левай рукой ён намагаўся выцерцi гарачыя сьлёзы. Няёмка перад Дуняй. А зь iншага боку, - калi нельга памалiцца й паплакаць у Доме Божым, дык дзе тады? Дунiна спацеўшая далонь сьцiснула Янукову й тады хлопцу здалося, што дзяўчына дрыжэла.
- Янучок, мiленькi, пiрастань.
Яна сказала выразна, нахiлiўшыся да вуха. Павярнуўшы галаву направа, празь сьлёзы Янук спасьцярог журботна-спачувальныя васiлькi.
- Сягоньнiка вялiкая радасьць. Хрыстос уваскрос i трэба цешыцца.
Згода.
Служба зацягнулася масай прычасьнiкаў. Калi Янук i Дуня, узяўшы пасьвечаную сьвянцонку, пацалавалi крыж i выйшлi са сьвятынi, ужо даволi паднялося й весела ўсьмiхалася вернiкам маладое сонца. Па дарозе ехалi каляскi, групамi йшлi людзi. У левай руцэ Янук трымаў вузялок з чыстага, вышыванага яшчэ гаротнiцай маткай, ручнiка. Сьвянцонка складалася iз жменькi надта цэннай цяпер вайной солi й паўтузiна чырвоных, шалупiньнем цыбулi маляваных яек. Дзесьцi ўдома бацька й Мiкола ўжо даглядалi гаспадарку й будуць чакаць на яго й сьвянцонку. У мiску iзь сьцюдзёнай вадой уложыцца адно пасьвечанае яйка, а пасьля ўсе яны памыюцца 'у чырвоным яйку', каб румянымi й здаровымi быць. Пахрыстосуюцца, адзiн аднаго значыцца ў вабдымкi возьмуць, пацалуюцца. За рознымi прысмакамi застаўлены стол сядуць. Разгаўляцца.
Побач задуманага Янука, пад сымфонiю жаўранкаў, шпакоў, адгалоскi сабачага гаўканьня зь вёсак, спакойна тэпала Дуня.
- Янучок.
Сказала цiха, ледзь пачуў. Вочы iх сустрэлiся. У Януковай галаве ўсё яшчэ пералiвалiся, славiлi Хрыста бесканечна мiлагучныя царкоўныя мэлёдыi.
- Янучок, - паўтарыла дзяўчына.
- Ага. Што?
- Я думала пра тое.
У голасе ейным адчувалася нешта важнае.
- Пра што? - не адразу дадумаўся Янук.
- Што ты мне ў школе прапанаваў.
Цяпер хлапец усьведамiў вялiкую вагу таго, што зараз мела стацца. Ён запаволiў крок, уважна зiрнуў на Дунiн рапраменены тварык, затрымаўся на памастацку аформленых пунсовых шчоках i поўных вуснах. Вось неўзабаве, - ужо паскорыла ход сэрца, - адчыняцца гэтыя мiлыя вусенкi, каб язык мог зрабiць гукi, ад якiх будзе залежыць Янукова будучыня.
- I? - здолеў Янук вымавiць, iз стрыманым дыханьнем, адну адзiнокую лiтару.
- Пайду за цябе, Янучок мiленькi.
У вачох-васiлькох жыўчыкi бегалi.
Сытуацыя, у якой апынуўся Бахмач, была ўнiкальная. Доўга чакаў адказу. А адказ так, - хто там мог ведаць? - рэдка пачуеш, можа раз у жыцьцi. Як-жа на яго рэагаваць?
- Дунечка, мая дарагая!
Янук схапiў яе ў абдымкi. Зiрнуў у вочы, дзе знайшоў пацьверджаньне. У сымфонii раньняй вясны, на вялiкоднае раньне, на абочыне гасьцiнцу й на вачох вернiкаў, што вярталiся з царквы, нараджалася новае жыцьцё. Янук прылiп да поўных пунсовых вуснаў.
- Дарагая мая Дунечка, - шаптаў.
Некаторыя, што ехалi цi йшлi гасьцiнцам, пазiралi, як на абочыне, не зважаючы на нiкога, зьлiлася ў доўгiм цалунку маладая пара.
- А гэтым во як прыпёрла. Iш вы, нястыднiкi.
Голас з дарогi. Янук ня чуў як упаў зь ягонай рукi вузялок iзь сьвянцонкай. I Дунiн кошычак iзь сьвянцоным спакойна чакаў у траве. Хрыстос уваскрос! Нараджаецца жыцьцё, пераможана сьмерць. Два юныя сэрцы, знайшоўшы супольнае шчасьце ў каханьнi, перакрочыўшы можа апошнi парог да суцэльнага зьлiцьця, паскораным тэмпам iмкнулiся паяднацца ля слабодзкага гасьцiнцу.
Вярнуўшыся дахаты, iзь зьзяючым тварам, Янук ня мог вытлумачыць бацьку галоўнай прычыны, чаму забрудзiў вышываны ручнiк i пабiў некаторыя сьвянцоныя яйкi. Калi на другi дзень Вялiкадня Янук сказаў бацьку пра намер жанiцца з Дуняй, Пракоп Бахмач задумаўся.
- Сынок, калi ты ўжо на свой хлеб пойдзiш, дык рабi як хочаш.
У цудоўны травеньскi дзень вясельле адбылося ў прасторнай хаце Нiны й Антося Дзеркачоў. Сьцiплае, але шумнае. Галоўна дзякуючы Антосю Дзеркачу й аграному Падгайскаму, хапiла для сваiх i гасьцей, пераважна Макатунiшынай i Бахмачовай раднi, прысмакаў i напiткаў за вясельнымi сталамi. Прыехаў зь Вiльнi, за дружку, i Лявон Загорны. Вянчалiся ў Слабадзе. Янук наняў музыкаў i хату ў Тодара Кмiты, каб патанцавала моладзь.
I адбылося ўсё як найлепш, iз традыцыйнымi вясельнымi цырымонiямi, караваем i прынагоднымi песьнямi народнымi. Адно разгуляўшыся, разыходзiцца не хацелася на зьмярканьнi.
Ваеннае права.
Пачалося для Янука новае жыцьцё. Цяпер у цягнiку, па дарозе ў Менск, на вялiкае ўсенароднае веча, Янук думкамi вяртаўся да сьцежак i дарожак, што прывялi яго да супольнага з Дуняй шчасьця й турбаваўся пра будучыню. Неўзабаве прыйдзе вялiкая перамена, што дасьць яму й Дунi iснаваньне на ўзьмежжы жыцьця й сьмерцi.
38
У гэную ранiцу, калi пасьля доўгiх пастояў у Маладэчане й Красным, цягнiк нарэшце дапоўз да разбуранай сталiцы, горад паказаўся яму зусiм iншым чым калiсьцi, пасьля выхаду зь зялёнае вязьнiцы зiмой. Напiнаючы свае сiлы на руiнах, шчодрая вясна прыбрала горад зеленьню й кветкамi. Ужо на станцыi Янук i Антось, дэлегаты ад Гацкае воласьцi на кнагрэс, адразу трапiлi ў апякунчыя рукi людзей, перважна моладзi, што займалiся доглядам дэлегатаў. Iх накiравалi ў сталоўку Беларускае Самапомачы, дзе за невялiкую цану маглi купiць скромнае сьнеданьне, а хто ня меў грошы дык мог