крыжам, махаў нейкай малой мяцёлкай i пырскаў вадой навокал, ды нейкай незразумелай мовай да 'Божанькi', што на покуцi, гудзеў.
Ледзь памятаў Янук, як першы раз убачыў Абухава. Сядзеў ён у хаце, рабiў на замарожаных шыбах кругленькiя 'вочкi' й цiкава-прагавiта на двор выглядаў. Калi Абухаў увайшоў у хату, за сабой шмат холада ўпусьцiўшы, малы Янучок не на жарты зьдзiвiўся й насьцярожыўся ды назiраў, што далей будзе. Апрача таго, што сьвятар рабiў, найбольш цiкавым аб'ектам Януковай увагi была даўгая й шырокая чорная барада. Нiдзе й нiколi ня бачыў ён такой барады, такiх даўгiх пэйсаў.
Калi ўжо ўсё скончылася - значыцца, калi гэты дзiўны барадаты дзядзька накруцiў нешта перад сабой залатым i прыгожым крыжам, усё паўтараючы 'мiца й сына', падыйшоў ён тады да Янука, што воддаль ад столу трымаўся. Парнуўшы вялiкiм указальным пальцам у чэрава так, што аж да сьлёз забалела, iз брыдкай грымасай на сытым чырвоным твары сказаў:
- Ну что, мужык, нажрался бульбы, а?
Не разумеў Янучок, чаго гэты дзiўны дзядзька так брыдка зарагатаў, што аж ходырам задрыгала барада. Агiдным i нялюбым выдаўся хлапчуку гэны твар i тыя дрыжачыя пэйсы ў барадзе, што нагадвала густую мяцёлку. Так балюча ў чэрава парнуў, што аж у вочках пякучыя сьлёзы накацiлiся.
Ды цi толькi Янука так вiтаў 'слуга божы' Абухаў. Гэтак зьвяртаўся да дзетак амаль у кожнай хаце. I ўжо нашто цярплiвыя былi сяляне й непашанай да духоўнiка не грашылi, адылi некаторыя, пачуўшы такi 'жарт' раз цi два, ня вытрымалi. Проста ў сьвятарскiя вочы гледзячы, сказалi, што ад каго як каго, але ад духоўнiка брыдка такое чуць. Абухаў - пык-мык! - усё пастараўся 'замяць для яснасьцi', на жарт зьвесьцi. Неяк наагул ня мог ён старэйшым проста ў вочы глядзець, а ў гэны момант i пагатоў.
Усё гэта пасьля Абухаў на свой лад перакруцiў. Мясцовыя 'цёмныя мужыкi' не дарасьлi, каб ягоны субтэльны й дасьцiпны жарт зразумець. Сьвятар, вiдаць, забыўся, што малыя дзеткi наагул, а на такiх кручкаватых жартах i пагатоў не разумелiся. Ён i не падазраваў, што гэнае грубое 'мужык нажрался бульбы', тарнаванае iм iз смакам на вачох старэйшых людзей, зусiм коратка, вымоўна й калярова характарызавала ня толькi яго, як беднага на разумовую вынаходлiвасьць чалавека, але й шмат чаго iншага.
Абухаў меў добры нюх. Борзда разгадваў людзей, iхную вартасьць, удзельную вагу ў грамадзтве й пры ўладзе. Ужо калi яму што рупiла, то ведаў, да каго пасьпяшыць iз прозьбай, пранюхаўшы заднiя хады; да каго паставiцца з ласкай, каму льга, а каму не выпадае пад бок таўхануць, каго абыйсьцi й не чапаць. Адным словам, Абухаў рана пазнаў у гэтых мяйсцох i пры гэтай уладзе карысныя для яго простыя сьцежкi й крывулi, найважнейшыя слупы-апоры пры iх. Дзiва, што ў даволi кароткiм часе разжыўся й разбагацеў Абухаў так, як некалi й сьнiць пра гэта не даводзiлася.
Ды яму ўсё было мала, усё расла яшчэ прагавiтасьць. Вакольныя бедныя людзi паглядалi на 'папоўшчыну', кiвалi галовамi й пыталiся самi сябе: цi-ж запраўды аднаму чалавеку, хаця-б iзь вялiкай сям'ёй, так многа самай лепшай зямлi й усяго iншага трэба, калi пасуседзтву такая галеча й нiшчымнасьць сьвецiцца?
Многiя так i называлi сьвятара скуралупам, несумленным абдзiральнiкам, ненажэрам ды iншымi зьмяншальнымi мянушкамi. Iншыя-ж, пабожнейшыя казалi, што iм судзiць 'бацюшку' нельга, бо яму, мусiць, Бог усё тое багацьце дае; а калi гэтак, дык ужо каму як каму, а ня iм-жа божыя шляхi й учынкi разгадваць.
Першыя, вядома, праўду казалi. Перад тым, пакуль каму цану за вянец, хрысьцiны, паховiны цi што iншае засьпяваць, Абухаў намагаўся разьведаць пра матар'яльны стан чалавека, а тады ўжо сваё вымагаў. Браў, такiм чынам, не за паслугу, а паводля прынцыпу - колькi ўдасца зьдзерцi. Безумоўна, у яго быў свой мiнiмум, што мусiў узяць незалежна ад таго, цi чалавек меў чым плацiць, цi ў яго дзеткi ў хаце ўпрогаладзь сядзелi.
Калi йшло пра вянцы, дык поўбяды тут было. Людзi маладыя, жэняцца, весяляцца, новае жыцьцё пачынаюць будаваць. Калi й лiшняе ад iх возьмеш, дык яны-ж маладыя, заробяць, нiдзе ня дзенуцца. Найбольш балюча давалiся ўзнакi людзям сьвятаровыя ўзяткi за хрышчэньнi й паховiны. Нараджэньне й сьмерць два асноўныя й непазьбежныя працэсы йснаваньня. Людзi родзяцца i ўмiраюць, наперад не разьведаўшы, цi будзе чым за сьвятарову паслугу заплацiць.
Гэткая жыцьцёвая сьвятарская этыка Абухава выцякала зь ягоных маральна-духовых нормаў. Чалавек лiчыў, што яму, як адданаму 'слугу божаму', больш чым каму iншаму розных матар'яльных дабротаў належылася, што ён за свае паслугi й так бярэ надта сьцiпла, што калi ў 'мужыка' будзе замнога, дык i так прап'е цi пусьцiць куды ня трэба. Наапошку-ж, ужо хто як хто, а ён - 'духоўны пастыр', спажыве рознае дабро якраз шмат разумней за iншых i якраз так, як трэба Богу.
Надта-ж вымоўным быў выпадак, калi Абухаў аддаў сваю старэйшую дачку замуж. Ужо на другую нядзелю пасьля вясельля, калi скончыў Сьвятую Лiтургiю ў царкве, iз крыжам у руках хвалiўся сваiм парахвiянам, што дачцэ ў пасаг дзесяць тысячаў злотых даў. Калi-б сьвятару давялося спажыць адно палову таго, што яму ў гэны час, чуючы пра пасаг, сулiлi ў сваiх думках парахвiяне, пэўна, на вякi вечныя зь пеклам не разьвiтаўся-б.
XIII
Вялiкая лямпа гарэла над шырозным столам, застаўленым рознай емiнай. На самым пачэсным мейсцы стаяла больш чым напалову выпiтая лiтровая пляшка гарэлкi, папулярна званая манаполькай. Праз адчыненыя дзьверы з кухнi чуваць было шыпеньне самавару.
Сядзелi за сталом даўно. Было iх чацьвёра: Абухаў i Пцiчкiн iз сваймi сьвятаршамi. Абухава была таўсьцейшая за госьцю, азызлая ў твары, павольная ў рухах, голасная ў гамонцы. Пцiчкiна была старэйшая за яе, больш гаваркая, часьцей сьмяялася. Лысы, як калена, дробны ў твары, з малой сiвой бародкай, Пцiчкiн часта папраўляў i стрымлiваў у гаворцы жонку.
Дзесьцi з-за сьцяны з другога боку калiдору далятала графонная мэлёдыя й гучныя вясёлыя галасы. Там сьвятаранка забаўляла сваiх наведвальнiкаў.
- Маша! - гукнула Абухава ў кухнi служанку.
- Што, матушка? - пачуўся адтуль нiзкi жаночы голас.
- Ты доўга будзеш там з эцiм самаварам важдацца?
- Сiчас гатоў, матушка!
У гэны час нехта пастукаў у пярэднiя дзьверы.
- Маша, не слышыш? Хто-та ў дзьверы стучыць. Iдзi-ка пасматры, - зноў усхадзiлася Абухава.
Праз пару хвiлiн у дзьвярох сталовага пакою зьявiлася худаватая, старэйшая векам, служанка.
- То да вас, бацюшка, чалавек.
- Скажы яму, штоб абаждаў у этай комнаце, знаеш дзе, - загадаў лянiвым голасам Абухаў, зусiм не таропячыся зь мейсца. - Верна, эты с Лiтоўцаў.
- На пахарон? - спытаў, каб упэўнiцца, Пцiчкiн.
- Так чаму-ж ты ня йдзеш пагаварыць зь нiм? - спанукала Абухава.
- Пусьць мiнут с дзесяток падаждзёт. Ты iм наўстрэчу тарапiсь, так анi падумают, што табой уладзеюць, - адказаў, пазяхаючы, сьвятар.
Ужо колькi хвiлiн сядзеў Пракоп у пакоiку. Здавалася яму, што жыцьцё цяперака спынiлася, усё нутро ягонае ахутала нейкая цямнота. Па тым мосьце, на якiм стаяла ўсё тое, што дагэтуль прыдбаў у жыцьцi, раптам трэснуў пярун. Вада падхапiла й панесла ашчэпкi мосту, а сам ён апынуўся па шыю ў разбушаваных хвалях. Тымчасам нясьведама, адно iнстынктоўна рухаў рукамi й нагамi, каб утрымацца на паверхнi, зусiм не патануць. Хвалi мiналi Пракопа, а ён зусiм не намагаўся, каб выкарыстаць тую плынь. Гэны пярун, што разбурыў Пракопаў мост, быў Бжончыкаў стрэл у лесе. Нешта тады абарвалася ў глыбi Пракопавай iстоты. Згубiўся жыцьцёвы балянс. Хвалi намагалiся праглынуць яго.
Ужо раз даў належны iм адпор. Гэта-ж прыйшлi былi ў ягоную хату й хацелi ад яго Бог ведае чаго. Перш замардавалi жонку, а тады, мусiць, цi не прабавалi тлумачыць яму й iншым сялянам, што гэта ён, Пракоп, напаў на Бжончка й што гэны бедны лясьнiк, калi баранiўся, дык забiў Бахмачыху.
Пракоп гэных людзей не спалохаўся й даў iм адбой. У вачох мiгацеў пазалочаны арол - сымбаль чужога ладу. Да таго-ж было ўзбушавала ў грудзёх, што нозьбiтаў нялюбае птушкi вытурыў за дзьверы.
А пасьля... Што-ж пасьля? Усё яно йшло-паўзло, як быццам увосьнi, у густой iмгле. Ледзь-ледзь распазнаваў Пракоп зарысы навакольнае мiтусьнi, што называлася йснаваньнем, ды так брыў некуды наўгад. У гэных зарысах найбольшае й цантральнае мейсца займала мёртвая постаць найбольш любай i дарагой сяброўкi.
I цяпер ён вось тут, у сьвятаровым пакоi. Ведаў, чаго прыйшоў. Сядзеў як зьдзервянелы, чакаў. Там дзесьцi за сьцяной чуваць былi звонкiя галасы й рогат моладзi. Хрыпеў-задыхаўся нейкi голас у сiпатай