рымскi, i лепшымi Палякамi, чымся паны й асаднiкi, якiх панавозiла-панасаджвала на гэтую зямлю панская ўлада. У запраўднасьцi-ж былi няўдалымi iмiтатарамi.

Другая, лiкам пераважаючая, праваслаўная часьць Беларусаў была для гэтых iмiтатараў-Палякаў 'рускiмi'. I сьвяткi, гэткiм чынам, не называлi каталiцкiмi цi праваслаўнымi, але 'рускiмi' й 'польскiмi'. Такое разьмежаваньне Беларусаў, якому спатурала нацыянальная маласьведамасьць, прыяла ў руку польскiм ураднiкам, калi пры пярэпiсу насельнiцтва шляхам хвальшаваньня трэба было давесьцi, што тут бальшыня 'палякаў', а крыху 'рускiх', маса 'тутэйшых', а Беларусаў дык адно на развод цi звод асталося.

Сяньня Паўлоўскi трапiў у тупiк. Адчуваў, амаль ведаў, што поўная праўда была на баку гэтых людзей. З боку Бжончка не магло быць апраўданьня за забойства Бахмачыхi. Палiцыя гаварыла йнакш. Як Пракоп прагнаў iх з хаты, забеглiся да Паўлоўскага. Пераказалi солтысу лясьнiкову вэрсiю. Адно па выглядзе iхным здагадаўся Паўлоўскi, што незадаволеныя былi цэлай гэтай справай. Хацелi-б, вiдаць, як той Пiлат, абмыць рукi, калi-б з абавязку не былi паклiканымi. Нацякнулi солтысу, каб сачыў, што тут будзе рабiцца, i 'ў выпадку чаго, ты ведаеш дзе нас знайсьцi'. Казалi таксама, каб пасьля паховiнаў прыгадаў Пракопу зьявiцца на пастарунак для высьвятленьня справы.

Ужо хто як хто, а Паўлоўскi ведаў Пракопа зь першай рукi, як роднага брата. Бахмач, бывала, каб каму калi вока запарошыў, а ня тое, што на нейкага ўзброенага галаруч кiнуўся. Вось чаму солтыс быў пэўны, што тутака хiба была на лясьнiковым баку. Калi-ж людзi абурылiся нялюдзкiм Бжончыкавым учынкам, дык мелi добрыя падставы на гэта. Ды Паўлоўскага тое зусiм ня грэла. Наадварот хто-ж, калi ня ён, мусiў у сабакi вачэй пазычаць, крывiць душой, падтрымлiваць хвальшывую ўрадаваю вэрсыю? Як-жа йнакш?

Ты-ж адно паспрабуй, публiчна прызнай гэтым людзям слушнасьць, дык толькi глядзi, што будзе! Ведаў солтыс вяскоўцаў, як сваю пецярню. Не сябры яны яму. Цi адзiн укусiў-бы яго, каб зубам волю. Ого! Тут, брат, пальца катораму ў рот нi ткай, бо цэлага ня выймеш! Ты закiнь за каторага слова, прызнай слушнасьць, дык спачатку панiбратамi стануць, а пасьля - чаго добрага - нараўне цябе iз сабой паставяць. А якi-ж ён iм роўня? Ён-жа начальнiк iхны. Таму мусiць воддаль трымацца й вэрсыю Бжончка падтрымлiваць. Паўлоўскi-ж ня з тых, што ўчора нарадзiўся, ён ведаў чыю руку грэць.

Мужчыны слухалi солтысавай гутаркi неахвоча й, мусiць, толькi для прылiку не пярэчылi. Калi адгукалiся, дык няшчыра й асьцярожна. Нядоля навучыла iх цанiць-узважваць кожнае слова, каб лiшняга ня ляпнуць. Халадзечу з боку аднавяскоўцаў Паўлоўскi адчуў вельмi выразна. Калi пераказваў, што яму казала палiцыя, заступаўся за Бжонка, або ганiў Бахмача, некаторыя маўклiва кiвалi галавой, у найлепшым-жа выпадку адно патаквалi. Солтыс спасьцярог, што дзе-б ён нi павярнуўся, зацiхалi галасы, людзi насьцярожвалiся, адыходзiлi на бакi. Не хацелi адчыняць перад iм сваiх сэрцаў, ня лiчылi яго сем'янiнам.

Солтыс падыйшоў да Лявона Шпунта. Прабаваў пацягнуць дзяцюка за язык. Той збываў яго паўсловам, а нават маўчаньнем. Хто-як-хто, а Лявон-жа заўдзячваў Паўлоўскаму сваю працу 'драгомiшча'. I гэты гаварыць, адкрыцца не хацеў. Наапошку Паўлоўскi адчуў сябе зусiм чужым у гэтай грамадзе.

Каб гэта хто з гэтых мужыкоў ды кiнуў яму, як Паляку, абвiнавачаньне ў вочы, узяў яго за чуб! От схапiўся-б тады iзь iм уджкi. Што-б там нi было, але душэўную злыбяду прагнаў-бы. Дык-жа не. Проста, мусiць, залiчылi яго, пана солтыса, у лiк вiнаватых дый кропку над тым паставiлi. Нават толкам паслухаць яго ня хочуць. Проста абмiнаюць. Гэта ўжо празь меру! - 'Я-ж вам за гэта пакажу, пазнаiця вы!' - у думках пагражаў Паўлоўскi.

Пракоп, як той прывiд, шмыгнуў ля плоту, некаторымi нават незаўважаны, дый пайшоў на двор да Алеся.

- Наказаў? - спытаў швагра, адклаўшы малаток.

- Наказаў, толька...

- Толька што?

- Нi прыедзiць.

- Нi прыедзiць? Як-та так?

- Два пуды жыта захацеў.

- Аж два пуды?

- Так...

Ценi ад лiхтара замерлi на панадворку.

- Каб яму сваё бокам вылiзла, як ягонай прагавiтай кiшцэ мала! - плюнуў злосна Алесь. Пракоп стаяў моўчкi, трымаючы на дамавiне вочы.

- Сказаў-бы-ж ты, што аддасi, як сажнеш ды змалоцiш.

- Казаў.

- А ён?

- Хоча, каб адразу. Прасiўся я, казаў, што нi магу, дык ён каб табе на макулiнку пасобiў. Гаварыць, кажа, ня буду.

- Ну, гэта-ж ня поп, каб яго зiмля нi насiла!

Алесява правая рука да болю цiснула тапарышча. Страшна ў млявым асьвятленьнi лiхтара выглядаў гэты здаровы чарнявы мужчына. У галаве ўжо мяркаваў, цi мог-бы дзе пазычыць, каб швагру выручыць. У самога зубы на палiцы, добра што бульба ды капуста шчэ не зьвялiся. А ў каго-ж пазычыш? Тыя, што далi-б, дык ня маюць, а тыя, што маюць, дык не пасобяць. Злосьць на сьвятара адсунула ў бок усе iншыя думкi. Каб дубовiцкая чорная барада пад рукой была, дык, здаецца, бяз одуму рашчапiў-бы войстрай сякерай галаву.

- Дык як-жа гэта будзiць? - прашыпеў Алесь.

Замiж адказу Пракоп сеў на шырокую калоду, што раней прыцягнулi з дрывотнi, далонямi падпёр твар.

- Можа, якога другога папа папрасiць? - сказаў Васiль.

- Пазнавата. Дзе ты гэта каго... Заўтра-ж пахаваць трэба. Лiха яго матары, - цьвёрда наважыўся й глянуў на Пракопа Алесь, - Нi прыедзiць, дык i нi нада. Бiзь яго абойдзiцца!

- Бiз папа? - падняў галаву Бахмач.

- Бiз папа. Памолiмся й вечную памяць сьпяём самi. Панас зацягнiць, а мы падхопiм. Ня можа быць, каб Бог нас нi паслухаў.

Пракоп адказаў не адразу. Ён мяркаваў, цi гэта грэх будзе цi не, калi жонку безь сьвятара пахаваць.

- А можа, ты праўду кажыш?

- Пэўня-ж, праўду. Нiхай яму грэх будзiць, а нi нам. От як...

На двор выйшла Кацярына. Вестка, прынесеная Пракопам, маланкай перадалася прысутным ля Бахмачовай хаты. Як лес, ускалыханы ветрам перад навальнiцай, гэтак ажывiлiся цяпер лiтоўскiя сяляне. У хаце стары Панас кiнуў чытаць псалтыр, колькi разоў перахрысьцiўся на абразы й сеў на лаву, а пасьля выйшаў на двор зачарпнуць сьвежага паветра. У галаве ягонай памясьцiцца не магло, каб сьвятар зрабiць паховiны нябожчыцы адмовiўся.

Тлеючая ў сялянскiх сэрцах нянавiсьць да Палякоў скiравалася цяпер у iншы бок. Поўную волю свайму языку даў солтыс Паўлоўскi. Усе, як-бы забыўшыся, што было колькi хвiлiн таму назад, патаквалi яму, памагалi словамi, лаянкай. Шматлiкiя пайшлi ў панадворак, абступiлi Пракопа й мужчын ля дамавiны ды распытвалiся пра дробязi. Вылез цяпер на паверхню Лявон Шпунт. 'Драгомiшч' i солтыс раптам знайшлi супольную мову, кожны iз сваёй мэтай. Шпунту, як на замову, зьявiлася добрая нагода ня толькi ўдарыць па сваiх архiворагах сьвятарох, але й распалiць народны гнеў, накiраваць яго, можа, нават у пажаданае рэчышча. Паўлоўскаму-ж таксама цяпер была магчымасьць рэабiлiтаваць свой гонар, накiраваць увагу людзей у iншы бок ад Палякоў, нацкаваць на Абухава.

- Пайдзем, наб'ём папа! - кiнуў Лявон Шпунт.

- Пайдзем! Давайце ўсе, дадзём гаду!

- Папа наб'ём!

Мiкола, што прыслухоўваўся, кульгiкаючы, пабег у панадворак.

- Тата, людзi папа iдуць бiць! - кiнуў, бегма.

- Якога папа? Што яны, падурэлi? - схамянуўся Бахмач.

- Абухава, каго-ж...

Пракоп ускочыў i разам зь iншымi пасьпяшыў на вулiцу. Запраўды, натоўп рушыў зь мейсца. Бахмач голасна зьвярнуўся да ўсiх:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату