Вядома-ж, ня мог Якуб раўнацца з дубам-волатам гадамi. Але дзед быў для Лiтоўцаў такiм самым завяршэньнем i прыкметай, як Архiп для Гараваткi.

Надта-ж каляровы й цяглавiты гэта быў чалавек. Колькi ён меў гадоў, нiхто напэўна ня ведаў. Хвалiўся, што прыгон добра памятаў, а падчас паўстаньня Калiноўскага паўстанцам памагаў. Пасьля-ж, калi зусiм у пер'е аброс, доўгiя гады ў 'маскалёх' каратаў. 'Вялiкi самадзержац' гэнымi часамi сваю ўжо растаўсьцелую матухну-iмпэрыю пашыраў i многiя якiя непакорныя народы ў тым працэсе пашырэньня праглынуць намагаўся. Косткай у горле яны 'самадзержцы' заселi, дык, каб далей у iмпэратарскi страўнiк гэную костку папхнуць, i Якуба ў збройную талаку паклiкаў. Якуб, вядома-ж, ня вельмi-та наперад у гэным папiханьнi пяўся, але нейдзе ў гвалтоўнай мiтусьнi неасьцярожна сваю левую нагу куды ня трэба выткнуў, дык i адкусiлi яе аж па калена. Вярнуўся ў родную вёску ўжо старым i падношаным калекам. Пазнавата было жыцьцё будаваць, дык прылiп да аднэй зусiм яшчэ не ў гадох удавы, дый сына Васiля нажыў. Жонку гадоў дзесяць таму пахаваў.

- Сколька табе, дзядуля, гадоў будзiць? - пыталiся цi раз дзеткi.

Якуб дзеткамi ўсiх у вёсцы клiкаў, а з малечай надзвычайна гаманiць i забаўляцца любiў. Гаварылi некаторыя, што сам другое дзяцiнства перажываў.

На такое пытаньне дзед Якуб, бывала, памарудзiць з адказам, скубане сваю кароткую сiвенькую бародку, па-бацькоўску пагладзiць па галоўцы аднаго цi другога нямыцьку, зазiрне ў зацiкаўленыя вочы, дый кажа:

- А мне, дзетачкi мае, мусiць, ужо капы са дзьве, калi ня болей мiнула.

Калi хто старэйшы, вуха наставiўшы, збоку стаiць, Якуб падмiргне яму з хiтрай усьмешкай, быццам тлумачыць: 'Ты-ж, братка, знай, што для дзетак хто старэйшы, таго болi шануюць'.

Дзецi пачнуць лiчыць, тады колькi гэта будзе дзьве капы. Нярэдка Якуба на помач паклiчуць, самi такой праблемы не асiлiўшы, дык пачынаецца тады доўгая й пацешная гутарка.

Яшчэ ня так даўно - усяго цi пару год таму - як на тое лiха, раматус за дзедаву правую руку ўчапiўся. Мяркавалi, цi гэтым разам дзеду капцы будуць. Дзе там! Доўга-ткi крактаў i кешкаўся стары, нават нейкую поскудзь, што шаптуны яму нараiлi, ужываў, руку ёй аблеплiваў. Па нейкiм часе глядзяць людзi й веры сваiм вачам не даюць: раматус Якубаў як рукою зьняло. I ня дзiва, што казалi лiтоўскiя:

- Надта-ж жывучы наш кульгавы дзед Якуб, iкраз як той дуб Архiп. Нiякая трасца яго нi бярэць.

У тоне гаворкi вычувалася дзiцячае зьдзiўленьне й зусiм несхаваная пашана.

Хоць гэны раматус дзед Якуб здужаў, апошнiмi гадамi менш рухлiвым i актыўным стаўся. Радзей ад свайго падворку й малога кавалку зямлi, што яму па жонцы прыйшоўся, адлучаўся. Калi-нi-калi нямогласьць замiнала яму ўпарацца з такiмi простымi гаспадарскiмi работамi, як адрэзаць цi пашчапаць калоду дрэва, цi вядро вады ў хату з калодзезя прынесьцi. Шванкаваў i зрок. Як нi кажы, гады сваё робяць. Цяперака гэта ня тое, што раней бывала, калi руплiвага й павярткога аднаногага дзеда можна было й блiзка й далёка сустрэць: ён i на поле прыклыпае, i да суседа, i на гэты канец вёскi й на другi.

- Немач нейкая на мяне, дзеткi, каб яе макарэц спапялiў, напала, - крактаў цi раз дзед.

А надта-ж хацелася яму мiж людзёў быць. Любiлi яго ўсе, за залаты язык хвалiлi. Адно, спачувальна галовамi кiваючы, незнарок прыгадвалi, што часта дзед дзiваком прыкiдываўся. Калi пачне ён аб чым разказваць - паслухаць мiла. А колькi-ж за свой век зьведаў, пабачыў, перанёс! Колькi зь сiвой, для iншых недасяжнай, глыбiнi часу мудрасьцi чэрпаў. Меў аб чым апавядаць.

Асаблiва гарнулiся да яго дзеткi. Казкамi дзедавымi заслухаўшыся, яны аб сьвеце божым забывалiся, у Якубавым казачным жылi. Дый сам дзед, быццам тая жывая, усiм наяве хадзячая казка, быў. Абступяць яго, слухаюць, раты паразяўляўшы, яшчэ й яшчэ просяць. Меў Якубаў язык дар апавяданьня.

- За гэты мой язык-даўгун, каб яго макарэц, дык i ў маскалёх мне лiшкi пiрападалi. Яфрэйтара нi даслужыўся. А такоя-ж багацьцейка маладых гадоў чорту нямытаму аддаў, - усьмiхаючыся, жартаваў Якуб.

Першая й можа найважнейшая калiзiя мiж дзедам i польскай уладай адбылася падчас грамадаўскага руху. Быў ён тады надта рухавы й актыўны, ня з тых, што на цёплай печы бакi адлежвалi й плечы грэлi. Ня толькi што сам адзiн зь першых у Грамаду запiсаўся, але панамаўляў-пацягваў туды бальшыню мужчынаў зь вёскi. Iз жанчынамi куды цяжэй было.

'Вы, мужчыны, ужо там палiтыку рабiце, а наша дзела ля катлоў, гаршкоў ды сьвiней', - казалi жанкi. Давялося на iх рукой махануць.

Быў вялiкi народны ўздым, былi цiмалыя пляны. Ня толькi родную школу арганiзавалi й талакой будаваць ля бальшака блiзу чыгункi ўзялiся, але й iншым беларускае школьнiцтва на ногi ставiць памагалi. Плянаваўся гурток мастацкае самадзейнасьцi, раiлiся, як пачаць каапэратыўную краму.

Не пасьпелi як сьлед працу разгарнуць, як тутака iм камунiзм улады прышпiлiлi, ды коршыкамi на iх кiнулiся. За Якуба, як ваўкi за авечку, цi ня самага першага ўчапiлiся. Ня даў дзед спуску й добра-ткi тых чорных груганоў-палiцыянтаў, што завецца, да нiтачкi прабраў. Разам зь iншымi дзеда дзьве пары на 'пастарунку палiцыi панствовай' трымалi - зьмянiць погляды языкамi й фiзычнай сiлай пераконвалi.

- Дзетачкi мае, - крактаў, вярнуўшыся, Якуб, - гэта-ж паганцы, каб iх макарэц спапялiў, пячонкi мне чаго нi адбiлi!

Разагналi паны Грамаду, зачынiлi лiтоўскую беларускую школу ў прыватнай хаце, пачаты сялянамi зруб пры дарозе 'владза гмiнная' ўзялася дакончваць, дый у тых сьценах школьнага будынку цяпер сялянскiх дзеткаў 'пальшчызнай' пачалi калечыць. Асеў дзед Якуб. Але ненадоўга. Пачалося тое, што лiтоўскiя назвалi 'Якубавай самасеячнай вайной'.

З гэнага шырокага сьвету, дзе Якуб ладны кусок сваёй маладосьцi стравiў, прынёс ён дзьве асноўныя здабычы: цёмнарудую люльку з доўгiм крывым цыбуком i навык дымiць зь яе ледзь не бесьперапынна. На тытунь, вядома-ж, не ставала ў дзеда грошаў. Узяўся ён гадаваць тытунь-самасейку. Тутака ўпоперак дарогi стануў дзяржаўны закон аб забароне прыватнае гадоўлi тытуню. Уся тытунёвая справа знаходзiлася ў руках 'панствовай' манаполькi. Калi Якубу прыгадалi аб гэтым добразычлiвыя людзi, дзед станоўка матнуў галавою й адгукнуўся гэтак:

- Ды пашла яна к чорту, каб яе макарэц, тая засмарканая Польшч! Загадаiць яна мне што можна, а чаго не. Як я гэттака малым басанож бегаў, дык яе яшчэ й смуроду нi было.

Лiтоўскiх курцоў па пальцах рук аднаго чалавека можна было палiчыць. Мясцовая ўлада, гэта значыць пан солтыс Паўлоўскi ведаў, хто самасейку мог гадаваць i борзда шапнуў аб тым на чуткае вуха 'адпаведных чыньнiкаў жандовых'. Неўзабаве да дзеда Якуба завiтаў манапольны акцызьнiк i зусiм не пасяброўску пацiкавiўся, адкуль бярэ ён тытунь iз такiм самародным водарам.

- Самасейка, паночак, - прызнаўся зусiм сур'ёзна, ня мiргнуўшы павекам, Якуб.

- Сам гадуеш?

- Ды якоя там, паночку, гадуеш, - разьвёў рукамi дзед. - Таму-ж iна, каб яе макарэц, завецца самасейка, бо само сеiцца; я от два калiва знайшоў, дык адно канчаю курыць, а другоя вуньдзiка яшчэ расьцець. От паглядзi, паночак, сам, калi нi лянiсься.

Выцягнуў дзед зь кiшэнi свой тытунёвы капшук, разьвязаў раменны матузок, ды паднёс пад самы панскi нос.

- Фэ! - зморшчыўся нос, - якi смруд!

- Ну от-жа, паночак - сам, мусiць, ня курыш гэткага сьмярдзючага зельля, закончыў зусiм нахабна Якуб.

- А мне гэта другое калiва пакажаш? - пытаўся акцызьнiк.

- Чаму-ж не. Яй-Богу пакажу. Хадзi.

Завёў Якуб пана ў самы кут агароду, дзе мiж рэдкiх сланечнiкаў росла вышэй за пас пышнае калiва тытуню. Акцызьнiк агледзеў яго, пацiкавiўся, цi няма дзе тытуню навокал, напiсаў пратакол. Сказаў Якубу, што за тое, што сам прызнаўся, гэтым разам яму даруюць правiну. Папярэдзiў, што калi дзе знойдзе тытунь, якi 'сам пасеiўся', дык мае яе вырваць i выкiнуць, або яму, акцызьнiку, перадаць. Выцягнуў з каранём тое калiва й забраў iз сабой, як 'рэчавы довад'.

Задаволены вяртаўся ў мястэчка ўраднiк, а ўсьлед яму рагатаў дзед Якуб. Ён асьцярожна расьхiнуў густыя калапнi й пралез у сярэдзiну, дзе любаваўся сваёй тытунёвай плянтацыяй. Смактаў дзед крывую люльку й пакеплiваў з Паляка.

- Каб мяне, каб яго макарэц, ды каторы такi паўшабэлак абхiтрыў, дык ня мне тады люлькай гэты божы сьвет капцiць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату