- Гэта куды вы?

- Iдзём папа адлупцуем, так яго маць!

- Два пуды жыта яму бокам вылiзуць!

- Стойце, людзi добрыя! - прасiў Пракоп. - Чаго вы ўсхадзiлiся? Няможна-ж так. Калi гэта вы за мяне, дык астаўце, Бог зь iм...

- Чорт iзь iм, а ня Бог! А мы яго правучым! Iдзём, дзяцюкi, дадзём чорнай барадзе!

Алесь бачыў, што цяжка людзей стрымаць, дык пасьпяшыў на помач швагру:

- Людзi добрыя, на прамiлы Бог, цi то вы падзiчэлi? Што вы з таго папа выб'еце? Цi вы яго зьвяжыце й прывядзiцё? Гэта-ж нашто разбой па начы? Астаўце, нам такая помач ня трэба!

Тыя, што йшлi, завагалiся, спынiлiся. Пачалi мiж сабой спрэчку. Лявонава падбухторваньне страцiла першы ймпэт. Асядаў злосны ўздым. Вiдаць было, што пагавораць, палаюць уволю Абухава, дый толькi таго.

Ужо было за поўнач, калi разыходзiлiся па хатах.

XV

На вялiкiм лiтоўскiм могiльнiку, мiж бярозаў, асiнаў, бэзу й меншага кустаўя, горда й велiчна, быццам манарх i каралева ў зграмаджэньнi сваiх вернападданых, узвышалiся дзьве вялiкiя сосны. Большая зь iх - у камлi тоўстая, як пяцём мужчынам ледзь абняць - нахiлiлася сваiм чубам да меншай, простай i ў шапцы зусiм сымэтрычнай, якраз так, як гэта робяць вясковыя цёткi, калi адна другой на вуха вялiкi сакрэт манiцца пераказаць. Тысячамi вялiкiх каранёў i мiльёнамi маленькiх карэнчыкаў, заглушаючы суседнiя дрэвы, прагна смакталi гэныя дрэвы пажыву з могiлак, так добра ўзбуйнеўшых на попелах мiнулых лiтоўскiх пакаленьняў. Ды ня толькi лiтоўскiх хавалi тут на вечны супачын: былi тут i дзялкi малых падсуседзяў з ваколiцы.

Гаварылi цi раз, гледзячы на гэныя сосны-прыгажунi, людзi:

- Глянь, якiя пекныя! Дзiва што! Столька народу там ляжыць. Як iм гэттака нi расьцi...

Здаралася й так, што казаў адзiн другому жартам:

- Цi ты калi думаў, што гэта, можа, нашы дзяды цi бабулi шышкамi парабiлiся?

- Як гэта?

- Ну от, скажам, гэна вялiкая сасна на могiльнiку карэньнямi залезла ў дамавiны, на попеле нашых людзей жывець, дык шышкi павырасталi. Як ты думаеш?

- А ты знаiш, што iкраз так быць можыць...

I тады рагочуць жартаўнiкi.

Многа людзей ляжала на лiтоўскiм могiльнiку. Самому Богу ведаць колькi зь iх нармальнага, сьпелага веку дажыло, а колькi перадчасна чужнiкамi-прыблудамi ў непасiльным ярме замораных - на той сьвет адыйшло.

Найбольш векам заавансаваныя вясковыя старажылы не маглi прыгадаць маладосьць гэтых соснаў. Давалi iм сотнi гадоў. Узбуйнелi дзьве прыгажунi на попелах сваiх, i пераклiкалiся-пераглядалiся яны празь лiтоўскую далiну-начоўкi зь гiгантам Архiпам у Гараватцы, што вырас на попелах прыблудаў. Амаль заўсёднымi лучнiкамi мiж гэтымi дрэвамi былi самыя гордыя й высакалётныя птушкi, - тыя, што рэдка зьнiжалiся да лёту вераб'я цi iншае крылатае дробязi. Сядуць яны на шырокую разложыстую карону магутнага Архiпа, агледзяць наваколiцу, прыслухаюцца да гамонкi лiсьцяў, гадаюць, што сьнiцца сьведку даўно мiнулых стагодзьдзяў. Калi Архiпавы думкi спазнаюць, шыбуюць iз рэдкiмi ўзмахамi крыльляў на могiльнiк, аздобяць гольле вялiкiх соснаў, каб iхнай таямнiчай гамонкi паслухаць, ад Архiпа навiны перадаць.

Калi ўзыйдзеш на чыгуначны адхон ды зiрнеш на тыя сосны, дык здаецца табе, што яны, як дзьве гарэзьлiвыя цёткi, стулiўшы ў сакрэце галовы, пакеплiваюць са старога дуба на сугры Гараваткi. Людзi, часамi ў гурт сабраўшыся, падносяць iм новую пажыву то зь Лiтоўцаў, то ад падсуседзяў. А Архiпу ўжо цi ня два дзясяткi гадоў мiнула, як нiчога не прыбыло.

Хто-ж спазнае-разгадае, аб чым шумяць-гамоняць дзьве вялiкiя сосны на лiтоўскiм могiльнiку? Мо прыгадваюць iмглу часоў мiнулых, сьняць пра лепшую народную будучыню? А мо й запраўды ўсе тыя людзi, каторыя адыйшлi, увасобiлiся цяпер у гэтыя дзьве пышныя, у вярхох калматыя прыгажунi, каб хаця пасьля сьмерцi напiцца сонца й мокрадзi, нацешыцца вобразам любай роднай зямелькi, бо за час гаротнага жыцьця ня было калi? А мо адно, каб нема вартаваць, тужыць па страчаным i нязьдзейсьненым, ды прыглядацца, што на патоптанай i зганьбаванай радзiме вырабляе 'цывiлiзаваны' дзiкун-прыблуда?

I ня бачылi сосны з могiльнiку за свой век анiразу таго, што аглядалi перад полуднем у гэны панядзелак. З усiх хатаў у лiтоўскай далiне, а найбольш з тэй, што блiзка з краю вёскi сюды пад гацкi гасьцiнец стаяла, пачаў плысьцi народ. Як вясной сьцякае ў далiны сьнегавая вада, гэтак цяпер людзi, групамi й паадзiночку, рухалiся на могiльнiк. Сабраны ля Бахмачовай хаты гурт паволi сунуўся вулiцай, павярнуў на хутарную дарогу Якубава Васiля й паволi наблiжаўся да могiльнiку. Перад аднаконнай каляскай чалавек iшоў iзь вялiкiм драўляным крыжам, а на возе стаяла даўгая сасновая дамавiна.

Яшчэ зраньня ў верхнiм куце могiльнiку чатыры пары працавiтых рук на зьмену рыдлёўкамi выкапалi глыбокi дол. Сонца, прабiўшыся праз густое гольле дрэваў, пасьпела ўжо высушыць i зрабiць сыпкiмi дзьве горбы жоўтага пяску на яе ўзбочынах. Сонечныя праменьнi намагалiся нават ускосна зазiрнуць у дол. Птушкi, што гойдалiся на галiнах i займалiся сваймi шчабятлiвымi справамi ў шапках дрэваў, пабачыўшы цяперака, як расьце ўдоле надзiва малагаманлiвая людзкая грамада, шмыгнулi ў суседнiя лясы, або на стрэхi й клёны ў вёску. Пабудзённаму апранутая, босая, зь непакрытымi галовамi, хрысьцячыся на крыжы, асьцярожна ступаючы мiж густых, дзе-нi-дзе пазарастаўшых i зраўнаных зь зямлёю насыпаў могiлак, людзкая рака гусьцела й шчыльнай сьцяной тоўпiлiся ля сьвежае ямы.

Падцягнулася да варотаў могiлак ужо тая асноўная працэсiя. Затрымалi каня. Дамавiна лёкка й павольна гушкалася на мужчынскiх плячох, зблiжалася да новае ямы. Чалавек iз крыжам паволi ступаў наперадзе. Сьцяна людзей адчынiлася, каб даць мейсца, дамавiна гладкiм дном зраўнала гарбок пяску побач ямы, каб апошнi раз затрымацца на сонечнай паверхнi зямлi. Ёй да канца падарожжа засталося ня больш за тры метры адлегласьцi.

Зьнялi века труны, паклалi побач. Сонечныя праменьнi песьцяць цяплом чорнае адзеньне, пажаўцелыя рукi й твар нябожчыцы. Над тварам нахiляюцца родныя - дзеткi й старыя - блiзкiя й далейшыя, са стомленых грудзей вырываецца, перш прыдушаны, пасьля неўтаймаваны голасны плач i прамаўленьне. А супыненая рака народу, то пераступаючы з нагi на нагу, то выцягваючы шыi, каб лепш бачыць, найбольш вымоўная сваёй маўклiнёй. Апошнi раз малаток скончыў забiваць века дамавiны. На зручна падкладзеных вяроўках паволi апусьцiлася яна ўнiз, i на века паляцелi першыя жменi сыпкага жоўтага пяску.

Калi малы, лысы, старасьцю паморшчаны чалавек урачыстым i ўзьнёслым тонам голасна зацягнуў: 'Упакой, Госпадзi, на векi вечныя душу рабы тваей Алены', тады iз сотняў грудзей паплыло роўнай мэлёдыяй i ўзбуйнела:

Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,

Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,

Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць!

I не было мiж гэтага натоўпу анi прадстаўнiка цывiльнае ўлады, каб на вечны супачын правесьцi ахвяру свайго грэшнага бяспраўя, анi царкоўнае, што кагадзе прамяняць манiлася свае духоўныя абавязкi на два пуды жыта. I людзi гэтыя, голавалосыя, басаногiя, у палатканых саматканых сукенках i сьвiтках, у сваёй сьцiплай прастаце былi ў гэны час, як рэдка калi, блiзка Бога. Няшчасным у няшчасьцi спагадлiвыя, адклалi яны на сяньня прылады працы, пасьпяшылi сюды, каб выявiць усяму сьвету, што яны - адна душа, адзiн маральна й духова здаровы арганiзм, аб якi вось ужо стагодзьдзямi плешчуцца й разьбiваюцца, каб разкласьцi й зьнявечыць, чужыя варожыя хвалi.

Доўга жыць будзе тое сонечнае панядзелкавае раньне ў памяцi Лiтоўцаў. Можа, у сваёй глуха-нямой дрымоце прыгадаюць калi аб гэтым дзьве пышныя сосны-каралевы, мо, жмурачыся з Гараватчынай адлегласьцi, памяне калi гэнае людзкое мора сiвастагоднi асiлак Архiп. А старэйшыя лiтоўскiя жыхары, пазiраючы на тыя сосны на могiльнiку, будуць казаць сваiм дзеткам:

- Вiдзiця вунь гэныя вялiкiя сосны на могiльнiку?

- Ага. Ну дык што?

- Дзiва, што яны такiя пекныя вырасьлi. У iхных-жа драўляных жылах i наша бярэменная гаротнiца Алена недзiка ўвасобiлася.

- Якая гэта Алена?

- Ды тая, што яе чужы азьвярэлы лясьнiк за ягады маладую й цяжарную зараньня на другi сьветы адправiў... Памiлуй яе, Госпадзi...

ЧАСТКА ДРУГАЯ

I

Так, як Гараватка была-б некамплектнаю бяз волата Архiпа, гэтак вёска Лiтоўцы была-б няпоўнаю без Васiлёвага бацькi, дзеда Якуба.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату