I так гаравацкi князь, што перш уцёк з поля бою, а пасьля - калi ворагi на яго напалi - загiнуў у вабароне роднае зямлi, дый гэтае апошняе вялiкае народнае паўстаньне, удзельнiкам якога быў некалi дзед Якуб, заваявалi ягоную багатую ўявай i думкамi йстоту. Пхалi некуды да таемнага й нязьведанага. Тымчасам прабаваў вобмацкам. Дзедава гутарка ня толькi адкрыла перад iм новы, дагэтуль нязьведаны сьвет, але нарадзiла больш загадкаў, чым высьвятлiла.

Пра паўстаньне супраць царскае Расеi вучыўся некалi ў школе. Там нацiск клаўся на польскi характар, кiраўнiцтва, iдэйную лiнiю гэтага паўстаньня. Праўда, 'чырвоны дыктатар Лiтвы' - Кастусь Калiноўскi, займаў пачэснае мейсца ў лiку гэрояў, але ў параўнаньнi зь iншымi яму давалi скупа ўвагi. Дый самое слова 'Лiтва' было нейкай загадкай. Як гэта так, што гэная Лiтва, што цяпер вось тут побач iзь Вiльняй, сталася такой маленькай, а некалi пашыралася й на нашую зямлю? Вось i iхная вёска завецца Лiтоўцы. Цi ў гэтым ёсьць нешта супольнага? Каб гэта тады ўзяў ды спытаўся настаўнiка пра гэта, як аб паўстаньнi й гiсторыi Лiтвы вучылiся? Лiцьвiны-ж - ён гэта чуў - i сваю мову мелi, мусiць, зусiм ад тутэйшай адменную.

Янук зусiм у разважаньнях заблытаўся. Блукаў вобмацкам, упоцемку. Многа было, мусiць, недаказанага. Дый разважаць лягiчна ня ўмеў яшчэ. А чалавек, што адчынiў тыя першыя дзьверы, грэўся нейдзе на прызьбе, з крывой сваёй люлькай, смактаў самасейку. Цi мог-бы ён, падпiраючыся сваiм кастылём i абношанай кульбай, павесьцi ў гэны новы сьвет крыху далей - паказаць i вытлумачыць што й да чаго?

Цi раз пазiраў Янук у глыбокай задуме на волата Архiпа. Колькi бачыў i ведаў гэты магутны дуб! Колькi-ж мог-бы ён распавесьцi, калi-б Бог даў яму мову! А дуб, як валадарны гаспадар, пануры й грозны ў хмарны дзень, малады й задзiрлiвы ў пагоду, маўклiва пазiраў на навакольныя гонi, на запрацаваных людзей. Раньняй вясной слухаў ён крык аратага й сачыў аднастайны крок сейбiта, у касавiцу насалоджваўся водарам сенажацяў i гоманам касцоў, у жнiво млосна-абамлелы - прачынаўся надвечар iзь сьпякотнае дрымоты, каб сквапна лавiць журботныя мэлёдыi жнейкаў. Пад восень, калi ўся прырода навокал прыносiла плёны працавiтаму чалавеку, стары Архiп сеяў на Гараватцы жолуды. I ягоны плён быў ня лiшнiм. Зьбiралi сялянкi тыя жалуды, сушылi, малолi, кармiлi iмi сьвiняў.

Найцяжэй даводзiлася Архiпу ўвосень i зiмою. Дажджавыя й сьнежныя шквалы, вятры блiзкiя й далёкiя - усе па дарозе напатыкалi стагодзьдзямi загартаваныя, войнамi калечаныя Архiпавы грудзi. I кожная бура цi мяцель бралася з гiгантам удужкi, трасла ягоным чубам, прабавала сваю моц. Аблядзянелы й абсыпаны шэраняй, яшчэ больш цудоўна красаваўся гаравацкi волат у сонячны зiмовы дзень. Здавалася, што наўмысьля абрастаў сьнежнай, зiхатлiва-iскрыстай барадой, каб пафарсiць у маестаце поўнае даўжынi свайго веку. Гляньце, маўляў, нiхто тут мне навокал ня роўня!

Кожны лiтоўскi чалавек, калi хацеў гадаць пра пагоду, насамперш цiкавiўся, чым быў заняты Архiп: цi ягоны чуб спакойна абселi цi, каркаючы, кружылiся над iм вароны, цi пазалотай прыаздобiўся ён на захадзе сонца, цi касурыўся на захмаранае неба ўраньнi.

Ува ўсiх яго выглядах i прыздобах, у кожную пару дня й году бачыў Архiпа Янук Бахмач. Цяперака-ж, калi перад хлапцом адчынiлiся рыпучым старэчым Якубовым голасам дзьверы ў таямнiчае й нязьведанае, паглядаў пастух на волата iз дозай дзiцячае зайздрасьцi й дакору. Ведаў, што ўтоеным багатым гiстарычным багажом нiколi зь iм, юнаком, стары волат не падзелiцца. Цi-ж ягоная ў тым вiна, што наканавана яму адно прыглядацца, прыслухоўвацца й вечна нямым быць? Казаў Якуб, што дрэвы - значыцца ў iх лiку насамперш дуб Архiп - таксама жывуць ды пасвойму гаварыць умеюць. Але як знайсцi ключ да iхнай гамонкi? Мусiць, чараўнiком трэба быць.

Пазаўчора наважыўся Янук пайсьцi ў лес i адшукаць магiлу тых паўстанскiх гэрояў, аб якiх прыгадваў дзед. Ведаў, што Лазоўскi не дазволiць яму адлучыцца ад статку, дык пастанавiў скрывiць душой. Сказаў, што абавязкова мусiць бацьку праведаць i папрасiў дазволу прыгнаць статак у загарадзь ля хлявоў якую гадзiну перад захадам сонца. Лазоўскi ведаў хлапчукову настойлiвасьць. Ня пусьцiць, дык - чаго добрага - возьме ды ўцячэ, а пасьля шукай дзе другога пастуха.

Сонца нiзiлася ўжо цалкам на захад, калi Янук прыгнаў у загарадзь добра напасеных кароваў i памкнуўся з Тапсiкам у кiрунку Гараваткi. Зашыўшыся ў зарасьнiк, ён пераскочыў па жардзiнох цяпер ужо добра зьмялеўшую канаву ды з другога боку яе, як быццам некiм падганяны, рушыў борзда ў кiрунку бору. Выгар той, на ўзьмежжы якога, як казаў дзед, быў паўстанскi курган, знаходзiўся якi кiлямэтар у глыбi лесу. Казалi, што на Выгары, што нагадваў лысiну мiж скарбовага лесу, таксама была некалi гушча дрэваў. Быў пажар, дрэвы пагарэлi, дык вось i застаўся такi лысы горб. Янук раней i цяпер мала думаў пра праўдападобнасьць такога здарэньня.

Мала калi ўлетку блудзiў Янук па лесе, хоць на сумежжы яго праводзiў многа часу. Ад кароваў не было як адлучыцца. Цяпер-жа, увайшоўшы ў самы ягоны глыб, ён звольнiў кроку, разглядаўся, колькi разоў пiснуў ды прыслухоўваўся да рэха. А рэха паўтаралася, ляцела нейдзе воддаль i там яшчэ адклiкалася, быццам дражнячы яго. Тапсiк абнюхваў усё падарозе. Зазiрнуў у нару пад корч сьпiлаванае хвоi, залiвiстым брэхам даў ведаць пра сябе нявядомаму жыхару тэй нары. Янук адклiкаў Тапсiка, якi неахвотна, быццам iз дакорам глядзеў гаспадару ў вочы за тое (той не разумее й не дазваляе заняцца сабачай уцехай) ды паволi йшоў ззаду.

Да захаду сонца часу заставалася няшмат. Нельга марудзiць. З наблiжэньнем да Выгару Янук поўнiўся нейкай таемнай баязьлiвасьцяй, непакоем. Тая сьведамасьць, што вось ён iдзе на магiлу гэрояў, што, мабыць, неўзабаве адкрые яшчэ нейкую загадкавую бачыну кнiгi ў новым сьвеце, трывожыла ягоную кволую юнацкую душу. У насычаным змалку казкамi пра ведзьмаў, ваўкалакаў i зданяў уяўленьнi - нейкiя, неразгаданыя блiжэй, ценi захiнулi дарогу, i Янук звольнiў хаду. Паволi азiраўся навокал. Нiдзе не было жывое йстоты. Толькi птушкi, вавёркi й усе iншыя лясныя жыхары працягвалi свае перадвячорныя заняткi. З пазалочанымi ўверсе чубамi ленна стаяў лес. Тапсiк спынiўся перад пастухом i ўпорыста глядзеў яму ў вочы, быццам угадваючы, што Янук будзе рабiць далей. А Бахмач у думках ганiў сябе за недахоп адвагi й дзякаваў Богу за тое, што яго вартуе неразлучны й верны спадарожнiк. Iз гэткiм сябрам дык ня толькi ўдзень, але ўночы можна на якi хочаш курган пайсьцi.

Ладна папахадзiў хлапец навокал таго Выгару, а кургана нiяк знайсьцi ня мог. Да вушэй даляталi зводдаль i гукi дудкаў пастуховых, i песьнi жнейкаў, i гуканьне цягнiка, i карканьне варонаў нейдзе ўверсе над лясной шапкай. Скора пачне шарэць, i як тады знойдзеш тое мейсца?

Гэтак рашчараваны йшоў уперад сябе абы йсьцi, не пастанавiўшы яшчэ, цi працягваць пошукi, цi не. На вока трапiла рослая хвоя, якой споднiя галiны зьвiсалi аж на зямлю. Янук спынiўся й пачаў прыглядацца. Пад абвiслымi галiнамi хвоi спасьцярог пастух нешта паводле гарба, пакрытага йглiцай. Тапсiк падняў уверх галаву й пабачыў на хвоi вавёрку. Скочыўшы наперад, ён пачаў брахаць i шоргаць лапамi. Янук хацеў сьцiшыць сабаку, але зыркае вока ягонае пабачыла, што пад Тапсiкавымi лапамi было ня што iншае, як пляскаты, прадаўгаваты, адным канцом урослы ў зямлю, надмагiльны камень.

Не марудзячы нi хвiлiны, узяўся хлапец за работу. Адламаў канец галiны з хвоi ды зьмятаў iглiцу. Зь верхняга канца камяня распазнаў Бахмач знак крыжа. Нiжэй значылiся нейкiя напiсы. Забыўшыся пра ўвесь сьвет, Янук пачаў зграбаць з камяня зямлю й сцызорыкам, што, на вялiкае шчасьце, знайшоў у кiшэнi, сашкрабаў старую нарасьць. Сабака, зьдзiўлены гэткiм гаспадаровым захаваньнем, забыўся на пра вавёрку ды глядзеў, што робiць Янук.

Гэта карпатлiвая праца трывала хвiлiн мо дзесяць. Калi Янук скончыў, выпрастаўся на ўвесь рост ды прыглядаўся свайму цiкаваму адкрыцьцю. Якiм-жа ўдзячным тады быў ён свайму бацьку, што параiў некалi навучыцца 'рускiя буквы' й паказаў кожную зь iх. Цяперака хоць марудна, iзь цяжкасьцю, але ўсё-ж прачытаў Янук пад крыжом наступнае:

Боже упакой i прыймi

у царствii вечная

рабов твоiх повстанцев

Iван Карпук

Петр Белы

Якав Малыш

1864 год

Глухiм малатком бiлася сэрца ў грудзёх басаногага, худога юнака, што паволi ўсьведамляў значэньне выдзяўбанага на камянi долатам нейкага вясковага патрыёта напiсу. Гэта наваадкрытая бачына ўзрушыла яго сваёй прастатой i ляканiчнасьцю. Тут, пад ягонымi нагамi, парахнелi косткi ахвярных народных гэрояў, а ён, бедны, але прагавiты юнацкай цiкавасьцю, ня ведаў яшчэ, нашто яму гэта новазнойдзенае прыдасца. I ня мог нават варажыць тады, паднечаны такой знаходкай, што пацьвердзiла апавяданьне дзеда Якуба, што гэта - як i шмат iншага, знойдзенага пазьней у падарожжы па другiм баку адчыненых дзедам дзьвяроў, - распалiць-разьдзьмухае некалi ў будучынi ў ягоным сэрцы такое

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату