ў пошуках Сабакевiча на купальскiм iгрышчы ў Лiтоўцах. Так закранулi яго, на публiчны сорам выставiўшы, што, здаецца, калi-б голы перад гэтымi 'хамамi' стаяў, то так не саромеўся-б. Зрэшты, разважаў палiцыянт, - хамы то быдла. А цi-ж голы чалавек можа быдла саромiцца.

Найбольш закранула яго, што такая простая вясковая цётка, - 'хамка цёмна', - ды яго, разумнага, на чыстую ваду вывела. Узяў яе на вока. 'Жыць ня буду, калi не адгаджуся ёй за гэта' - прыабяцаў тады сабе Вадзiмскi. Да гэтай цёткi далучыўся пасьля Пракоп Бахмач, калi, пасьля забойства ягонае жонкi, з хаты на вачох цэлай вёскi выгнаў. Гэта ня толькi зьнявага ўлады, а проста бунт! Ужо тады карцела Адасю блiжэй сваймi рукамi й ля тэй цёткi й Пракопа Бахмача паласавацца, але зраўнаважаны камандант Мэндлiк устрымаў яго. Фактычна-ж ня мелi да Пракопа прычэпкi. Сам Бжончэк, вядома, шанаваны iмi свой чалавек быў. Адылi, хоць афiцыйна прынялi ягоную вэрсыю, ведалi цi падазравалi, што яна хвальшывая. Якi гэта сялянiн з голымi рукамi на ўзброенага чалавека кiнецца? Бахмач да такiх не належаў.

Ведаў Адась, што ёсьць надта добры й выпрабаваны спосаб. Уведзена было ў палiцыi, што калi якога чалавека трэба было ў рукi ўзяць, дык падкiдалася яму камунiстычная лiтаратура. Спадзяваўся Вадзiмскi, што гэткiм чынам i Бахмачу сьвiньню падкладуць. Чакаў дарэмна. Ужо камбiнаваў як-бы гэта на сваю руку зрабiць. Можна было-б, але рызыкоўна. А што калi Мэндлiк здагадаецца, а пасьля абвiнавачваньне яму выставiць, што безь ягонага ведама таго рабiць ня мусiў? Як тады быць? Нельга-ж пэцкаць на той самы стол, якi кормiць яго.

Ажно тут падмога зь неспадзяванага зусiм боку прыйшла. Той дык ня толькi падклаў, але праз другую асобу палiцыi ў вушы ўвёў. Ужо нашто ён паршывы, гэты Сабакевiч (а дабяруся-ж я да ягонай скуры, жыць ня буду!) - думаў Адась, - але хвалю яго за залатыя рукi.

Дый ня выйшла-б мо ўсё так гладзенька, калi-б той самы Бахмач прыйшоў, прыкладна, да яго, Вадзiмскага (ну чаму-ж да Мэндлiка? Мог-бы-ж i да яго) ды сказаў, маўляў, так i так, знайшоў Сабакевiча ў гумне, з ножам на мяне кiнуўся. Але-ж гэты дурань маўчаў, чорт яго ведае чаму, а той яму за гэта маўчаньне яшчэ здохлага ката пад бок. От дык добра!

- Цяпер-жа ня знойдзе ён у маiх руках апраўданьня! Папалася птушачка. Я-ж цябе прывучу! - пацiраў Вадзiмскi рукi iз злосна-прагавiтым поглядам у выцьверозеўшых ад учарашняга ўжо вачох.

I як прывялi Бахмача на пастарунак у гэны дзень, паказаў Вадзiмскi сваю ўмеласьць. Мэндлiк сам пры допытах прысутнiчаў, але сродкi фiзычнага пераконваньня даручыў поўнасьцю Адасю. I любавалiся дзяцюковы рукi кожнай часткай Пракопавага цела. Парабiлi яму крывавыя пiсягi на сялянскай сьпiне, сiнцы на твары, пухлiны пад пятамi. Найбольш ёмка хадзiла ў Адасявых руках прадаўгаватая круглая гума iз гнуткай пружынай усярэдзiне. Як хлёстка прылягала яна да падэшваў Пракопавых ступнёў! А цяжкi стогн так шчодра саладзiў пустую Адасяву душу! Яшчэ й яшчэ! Ды дзе там 'двадзесьця пеньць'! Гэта каб лiчыў, дык- бы лiк страцiў. Дый лiчыць навошта? Тут, казаў той, даверылi, тутака ён, Адась Вадзiмскi, свой 'акзамiнт' здаваў. Гэта табе не абы-што! Дзiва, што стараўся. Тут табе й за зьнявагу, i за iншае; маеш уволю, ведай, як з намi задзiрацца. Колькi раз абамлелага вадой адлiвалi, у тую козу-прыбудоўку зацягнуўшы. Зь ейных тоўстых муроў нiякага гуку звонку не пачуеш.

Чалавек скуголiў ад болю, пляваў крывёю, ня мог нi сесьцi, нi на нагах стануць, нi легчы. Круцiўся на падлозе ў пякельных муках. А да афiшак бальшавiцкiх усяроўна не прызнаваўся.

Зьнямогся нарэшце й Адась. Пастанавiлi да заўтрашняга далейшае вандраваньне катавальных прыладаў па Пракопавым целе адкласьцi. Тады прыйшоў Пракопаў швагра й малiў-прасiў, каб Бахмача дамоў пусьцiлi. Мовы аб гэтым не магло быць. Швагру сказалi, што калi Пракоп такое золатца, згодна зь ягонымi словамi, то чаму ён адразу на Сабакевiча не заявiў? Тут Алесь прабаваў тлумачыць, што Пракоп камунiстым, як такiм, нiколi не спагадаў, але чалавек ён будучы надзвычайна натуры добрай, сумленны, пабожны, ня мог асьмелiцца, каб хоць на каго пайсьцi ў палiцыю даносiць. Ня з тых ён, што мог-бы каму нагу падставiць, хоць сам вечна крыўджаным быў.

Палiцыянты прыгадалi, як Пракоп iх iз хаты на вачох усяго вясковага народу выгнаў, i такое Алесява тлумачэньне аб Пракопавым добрым характары шкляна-лядзянымi позiркамi сустрэлi. Не знайшоў на тых сыценькiх тварах Алесь анi макулiнкi зразуменьня цi спагады. Тады папрасiў iз Пракопам пабачыцца.

Калi Вадзiмскi завёў яго ў 'козу', швагра, зiрнуўшы на Бахмача, жахнуўся. Пракоп, увесь скатаваны, круцiўся ў немачы й енках на цэмантовай падлозе, не пазнаючы сваяка. Прабаваў Алесь гаварыць. Дарэмна. Тады спытаўся Мэндлiка, калi-ж можна чалавека дома спадзявацца.

- За пару днёў, можа. Залежыць, калi прызнаецца, - адказаў суха Паляк. Можа, гадок цi больш яму ў вязьнiцы палячыцца прыдзецца...

Бяз слова выйшаў Алесь на зьмярканьнi з пастарунку. Ягонай злосьцi й болю не было межаў.

- Гэта-ж так чалавека зьнявечыць, каб ваўкi вашу панскую падлу цягалi, каб вас, каб вас...

Скрыгаталi зубы й да болю цiснулiся песьцi.

Аж на трэцi дзень адпусьцiлi Пракопа, не дастаўшы ад яго прызнаньня. Алесь прывёз яго, лежачага, стогнучага на высланай уздоўж сенам калясцы. Чалавек ледзь лiпеў. Iзноў гудзела Пракопава хата галасамi ўсiх лiтоўскiх. Аглядалi Бахмача, злавалiся, лаялi чужыя ўлады.

- Чалавека нявiннага чуць на сьмерць не забiлi й шукай ты рады, - казаў адзiн.

- Гэта каб на суд iх!

- Пакуль ты ў iх якой праўды дойдзеш, дык яны зь цябе астатнюю кашулю зьнiмуць, от як. Мала во судзiлiся?

- Iхная права. Што хочуць - тоя робюць.

- А няўжо-ж цябе пытацца будуць... Наш чалавек для ях як якоя палена ёсьцiка...

Бяспраўныя людзi адчувалi нялюдзкi цяжар дзярлiвае ўлады й не маглi баранiцца цi адбiвацца.

Ля Пракопа хадзiлi спрактыкаваныя рукi суседа Зянкевiча. Вясковы лекар залечваў раны, як мог. Ягонае добрае сяброўскае слова памагала Бахмачу ня менш, чымся лекi. Паволi, але паступова Бахмач пачаў крэпнуць i пад восень, як здавалася, зусiм ачуняў. Адылi адно звонку. Скардзiўся на розныя нутраныя болi, асунуўся, згорбiўся, пастарэў. Назаўсёды зьнiкла яго рухавасьць дый нават тая макулiнка жыцьцёвае радасьцi, што была ў iм раней, пакуль на сям'ю не напала пошасьць з двох бакоў.

Людзi, калi сустракалi цяпер павольнага, зломанага Пракопа, глядзелi на яго iз спачуваньнем, а за вочы кiвалi галовамi. Дый што-ж тут чалавеку паможаш? Кажны свае бяды меў. А цi была такая йстота, каб усе гэныя беды зьведала-перамерыла, дый каб тым найцяжэй пакрыўджаным помач паклiкала?

Пракоп працаваў, як мог, пры гаспадарцы. Адылi стаўся чалавекам фiзычна нямоглым, цэлы час лiзаў свае раны, стагнаў-наракаў на болi то ў баку, то ў сьпiне, то ў грудзёх, то ў якiм iншым мейсцы. На пастарунку ў Гацях пакiнуў колькi зубоў. Адась Вадзiмскi адабраў ад гэтага борздага й цягавiтага чалавека ладную долю ягонага здароўя, зрабiў вялiкi ўрон на будучыню.

Ад пастуховай пугi ў Лазоўскага пятнаццацiгадовы Янук быў цяпер як-бы катапультай перакiнуты на галоўнага цяглавiка Бахмачовай гаспадаркi. Галоўнасьць гэта была ў тым, што на iм - ня гледзячы на ягоны век - ляжаў цяперака асноўны цяжар фiзычнае працы. Бацька й Мiкола былi паўiнвалiдамi. Дзiва няма, што Янук стараўся выручаць iх пры цяжэйшых работах. На юнацкiх рукох увачавiдкi павырасталi й цьвёрдай падэшвай узбуйнелi мазалi. Ныла начамi ад цяжкай працы цела. Пракопу ажно давялося стрымлiваць хлопца. У такiя моманты дрыжэў вялiкiм палiтаваньнем бацькаў голас i накачвалiся ў вачох сьлёзы.

Сам Янук ня толькi больш нiколi не прыгадваў гацкае школы, але, калi бацька раз неяк памкнуўся штосьцi сказаць пра яе, хлапец зiрнуў яму ў вочы ды ўздыхнуў. I словамi нельга было больш выказаць. Запраўды: навошта цяпер навука? Практычная карысьць зь яе раўнялася-б нулю. Не адчынiць-жа яна дзьвяроў у сьвет, ня вызвалiць iз зачараванага кола, не прасалодзiць горкае посьнiцы-нiшчымнiцы. Закрытыя былi ўсе хады, пазапiханыя ўсе шчылiны-прадушыны.

XI

Неяк позьняй восеньню, у вялiкую золь, калi ўжо сьцямнелася, вярнулася Дуня са школы. Яна была наскрозь прамоклая. Твар быў бледны, вусны дрыжэлi, трасло ўсё цела. Мацi зiрнула на дачку й забегала ля яе, вохкаючы ды ахкаючы.

Гэтак пачалася Дунiна хвароба, што трывала добрых тры тыднi. Часамi аж да непрытомнасьцi ў гарачцы, дзяўчына душылася, ловячы перасохлым горлам паветра. Высахла як лучына. Чаго мацi нi прабавала: i зельля рознага, i нацiраньня, i банькi ставiла, i лекара Зянкевiча клiкала, дачка ўсё не магла выхадзiць хваробы. Сухi кашаль пярыў, як у дошку. Зянкевiч казаў, што дзяўчына мела запаленьне лёккiх.

Макатунiшыны жыцьцёвыя ўмовы - i перапоўненая хата, i брак добрых харчоў, i лекаў, i нармалёвае чысьцiнi - замiналi Дунiнаму ачуньваньню. Часта трызьнiла яна ў гарачцы, парэпаныя сухiя вусны вымаўлялi шмат чаго незразумелага. А матка, - бездапаможная ў гэтым новым горы - адно Богу не спыняла малiцца,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×