жыцьця шукалi. I от, значыцца, пайшлi, i як у ваду канулi, нi слуху нi духу, памiнай як звалi... А чаму-ж гэта так? Ты думаiш, яны пра сваiх забылiся, цi што? Ну нiхай-бы адзiн такi, што мог-бы нi адгукнуцца, дык-жа не. Людзi кажуць, што iз другiх вёсак тоя самая - нiякай чуткi. От разьбярыся сам. Людзi пiшуць з Амэрыкi, з Аргiньцiны, адусюль, толькi нi з Расеi. А гэта саўсiм пад бокам. Не, сынок, нешта тут ня тоя. Каб гэта добра было, дык адгукнулiся-б, быць ня можыць. Каб было добра там, як па тым радзiвя брэшуць, дык i пасылкi прыслалi-б, як каторыя з Амэрыкi. Мусiць, тамака дабрата такая... Нашым людзям, сынок, - кажу табе, - нiхто нi паможыць. Гэтыя во паны й асаднiкi ў жабракоў торбы адбiраюць, а тыя, мусiць, таксама анi на ногаць ня лепшыя. Цi гэта мы так перад Богам за што саграшылi, цi хто ведаiць...

XIII

Асноваю жыцьця й быту лiтоўскiх i навакольных сялянаў была зямля. Яна кармiла й апранала, урадлiвымi гадамi была ласкавай i шчодрай маткай, неўрадлiвымi - скупой i нямiласэрнай мачыхай. Прывязанасьць да зямлi не матывалася адно тым, што акупант перагарадзiў усе шляхi ў места цi далейшы пазавясковы сьвет. Зь няпамятных часоў людзi ня ведалi жыцьця iншага, апроч таго, што неразлучна было зьвязана зь зямлёй. У народным фальклёры зямлi адводзiлася самае пачэснае мейсца.

Калi акупанты наважылi падрэзаць беларускiя народныя карэньнi, дык хапiла iм адно зьменшыць плошчу зямельнае сялянскае ўласнасьцi. Гэтак рабiлi Палякi, панасылаўшы сюды сваiх асаднiкаў, якiя - згодна словаў дзеда Якуба, - адбiралi ў жабракоў торбы. Сьцiснутыя на малых i малаўрадлiвых дзялках, сяляне, быццам сьпелыя грушы, падалi ў панскiя капялюшы, рабiлiся бяспраўнымi парабкамi. Акупант адным стрэлам забiваў двох зайцоў: быццам чарвяк - спачатку аслабiўшы яго - тачыў здаровы народны сялянскi арганiзм, а кантролю над гэтым зьнядужэлым гаспадарча целам перадаваў у рукi паноў, асаднiкаў i пануючых бюракратаў.

Беларускiя сяляне - хоць гэткай думкi некаторыя гладка й выказаць не маглi-б - добра разумелi, што зямля была асноўным апiрышчам процi чужацкае асымiляцыйнае навалы. Калi нават вясковы чалавек iз свае волi йшоў у места цi далейшы сьвет, так i глядзi, што прапасьцi мог. У кожным выпадку надвое трэба было варажыць. Як ссохнуць цi зьнядужыць магло кволае дзiцё, адлучанае ад матчыных грудзей, гэтак сялянскi сын мог прапасьцi безь зямлi-маткi.

Дзiва няма, што слова 'зямля' было найбольш зацяганым на языкох лiтоўскiх дый наагул усiх беларускiх сялянаў. Аб зямлi заўсёды гаманiлi, пра яе марылi, за яе змагалiся, сварылiся, судзiлiся. На вузкапалосiцах адзiн другому пераворваў, перакошваў i iншае. Зямля мела вялiкую вагу ў сялянскiх жанiцьбах. Так i глядзiш, як каторая дзеўка пайшла замуж не за чалавека, а за зямлю; iншы дзяцюк за зямлю падаўся ў прымы, а яшчэ iншы браў дзеўку толькi таму, што зямля ў пасагу была.

Прыслухайцеся да звычайнае вясковае гаворкi: усюды, як бiнзiна на паверхню вады, выплывае тэма зямлi цi безьзямельля. А нават калi й ня выплыве, дык адчуваць будзеце, што яна тут недалёка дзесь, зусiм побач, у думках i ў мяркаваньнях неадступна прысутная. Вясеньняя сяўба цi касавiца, жнiво цi малацьба, ворыва цi мяцьцё лёну - праз усе цыклi прац, зьвязаных iз гадавымi порамi, чырвонай нiткай праходзiла тэма зямлi й безьзямельля. I не ўяўлялi людзi безь зямлi жыцьця, дарма, што сьцiснутыя, чужнiкамi ў лапцi абутыя, гаспадарча зьнядужэлыя, самi, як карчы, у зямлi гэтай трухлелi, ды побач новыя парасткi, чужнiком таптаныя, пускалi ад старога карэньня.

Пасьля зямлi ды сямейных справаў другой найбольш аблюбаванай тэмай у гамонках лiтоўскiх сялян была палiтыка. Палiтыканствам займалiся пераважна старэйшыя. Цiкаўнасьць да палiтычных падзеяў у сьвеце далёка за межамi родных Лiтоўцаў i польскае дзяржавы сягала сваiмi карэньнямi ў далёкую мiнуўшчыну. Ведалi людзi, што калi дзе вецер разьдзьмухае якую большую буру, дык ня мiнуць ёй iхнае краiны й Лiтоўцаў. Гэтак было раней, так магло быць i ў будучынi. Гэта-ж i да гэтага часу яшчэ Напалеонавых 'Пранцузаў' памiналi, дый усяго васямнаццаць гадоў назад прайшла апошняя й найжахлiвейшая вайна. Ня гэтак важна, што разважаньнi мяйсцовых палiтыканаў часта былi недарэчныя й наiўныя (пераважна таму, што да сяньняшнiх часоў i гаспадарстваў падтасоўвалiся ўчорашнiя меркi); важны сам факт, што палiтычныя падзеi ў сьвеце паланiлi ўвагу працавiтых лiтоўскiх людзей.

Пагроза новае вайны вось ужо якi год вiсела над Эўропай. Дрэнныя весткi даходзiлi й да лiтоўскiх палiтыканаў. Мала хто спадзяваўся, што зьмена аднаго чужога ладу iншым, калi такая будзе, прынясе яму лепшую будучыню. Адылi не пасьпеў 1939 год як сьлед у пух абрасьцi, вымяркавалi людзi, што быў ён больш трывожным i пагрозьлiвым, чымся ўсе ранейшыя.

На лаўцы пад Пятуховай клецяй, на вясковых прызбах i пад саламянымi стрэхамi з вуснаў у вусны перадавалася цяжарнае жахам слова: вайна. Спачатку рэдка, яно зь бегам часу ўсё сьмялей i часьцей выплывала ў гутарках i наапошку пачало выцiскаць на апошнi плян тэму й турботы пра зямлю. Людзi цяпер або зусiм у гаворцы запiналiся, або гаварылi з паднечаньнем, у якiм адчувалася няпэўнасьць i боязь. Хмарылiся барознамi веку аздобленыя сялянскiя твары. Старэйшым ня трэба было фантазii: добра запамяталi жахi мiнулае вайны. Дзецi-ж распытвалi старэйшых, у Гараватцы й на ўзьлесьсi ля гасьцiнцу знаходзiлi старую йржавую амунiцыю. Для малечы была яна прадметам забаваў. Выцягвалi з набояў кулi, сушылi порах, нанава 'закаркоўвалi', дый стралялi, цi то паклаўшы ў вогнiшча, цi наладзiўшы якое прымiтыўнае прыладзьдзе наводля стрэльбы. Будзе вайна - думаў каторы нямыцька - дык будзе больш набояў, можна будзе пазабаўляцца. Запраўднага характару вайны дзецi не маглi ведаць.

Весткi з шырокага сьвету, што прыляталi ў лiтоўскiя начоўкi, часта былi ўжо iншымi сфальшаваныя, надзьмутыя або паменшаныя. Дзяржаўны прапагандовы апарат прапускаў iх праз сваё бюракратычнае сiта. Людзi шмат чаго даведвалiся ад Жыдоў, якiя, вядома-ж, заўсёды й усё ведалi, многа чаго гаварылi сваiм найбольшым дабрадзеям, дый то пад вялiкiм сакрэтам. У тых вестках найбольш фiгураваў 'немiц'. Гэта лiтоўскiм людзям таксама здавалася нармалёвым. Чаму-ж не? I раней, калi дзе што важнае пачыналася, дык 'немiц' там быў першы.

Многа было гамонкi пра нейкi 'калiдор', а з другога пра 'плашч iз гузiкамi'. Палякi гарачылiся й крычэлi, што моцна й непарушна стаяць будуць у гэным калiдоры, ды нiякаму Немцу не аддадуць анiводнага гузiка з таго 'плашча'. Лiтоўскiм сялянам да таго 'калiдору' й 'плашча' столькi справы было, колькi курцу да соскi. Аднаго баялiся, што Немцы схопяць Палякаў загрудкi, дык гэтыя астатнiя iх, Богу духа вiнаватых, могуць на помач паклiкаць. А навошта iм свае парэпаныя цi падэшвай ад працы аброслыя пальцы ў гэнай катавасii мачаць?

Прыйшла й мiнула вясна, надбегла лета. Адно другую паганялi гаспадарскiя працы. Рана ўставалi на ногi сяляне, сачылi ўзыходзячае з-за балота чырвонае сонца, штодзённа вiталiся з Архiпам на Гараватцы, позiркам дбайлiвых сем'янiнаў кiдалi на Захарукову бусьлянку, што на лiпе, варажылi цi бусьлiха яйкi ўжо пачала грэць ды калi бусьляняты, зь яйкаў вылупiўшыся, шыi й ногi свае выпрастаюць. Пазiралi на каралевы-сосны на могiлках, пацелi на палёх i на сенажацях, горбiлiся й натужвалi сiлы ў суседнiх паноў i асаднiкоў. Зямля аддавала цяпер людзям шчодрыя й скупыя плёны. Трэба было iх сабраць, i не ставала часу на тое, каб думаць, дзе й у каго хто якi калiдор думае адбiраць. Вечаровая дзiцячая гамана пяшчотна казытала вушы бацькоў i матак, што спрацаванымi варочалiся дахаты пасьля даўгога летняга дня. Усё, здавалася, было пастараму. Але як доўга? Што нясе заўтрашнi, пасьлязаўтрашнi дзень?

Калi ў пачатку верасьня пад саламяныя стрэхi прыляцела вестка, што Немцы пачалi ўжо панскую Польшчу дзяўбцi, усьлед-жа за ёй зьявiлася й новае, рэдка чутае й мала каму зразумелае слова: мабiлiзацыя. Зухавата-фанабэрысты солтыс Паўлоўскi мусiў у вадзiн дзень большую частку вёскi з мабiлiзацыйнымi наказамi абегаць. Нiколi шчэ раней так не муляла яму пад пахай гэная абшмуляная скураная торба. Солтыс усiм проста й ясна пра мабiлiзацыю растлумачыў. Людзi зразумелi й жахнулiся: заўтра асноўны цьвет лiтоўскае моладзi мусiў адпраўляцца Бог ведае ў якi далёкi сьвет, каб баранiць той 'калiдор i плашч iз гузiкамi'.

У той вечар позна па лiтоўскiх хатах не сьцiхала гамонка. Хныкала цi адна дзяўчына, тулячыся да свайго кавалера, якому аддала сэрца. Хто ведае, куды вядзе заўтрашняя дарога й як скора любы вернецца пад родную страху. Прагавiта пазiрала матка на сына, жонка на мужа, каб у запас наглядзецца, а сэрца грызла чорная трывога. Жаночыя рукi рэзалi боханы разовага жытняга хлеба, сушылi на дарогу сухары, пакавалi ў торбы сьцiплую скаромiну, а падол спаднiцы цi ручнiк выцiраў матчыны сьлёзы, якiм не было, здавалася, супынку. Тыя, у чыiх хатах не было мабiлiзаваных, заходзiлi да паклiканых у войска, каб, як казалi, душу адвесьцi. Нават малыя дзеткi, хоць дакладна не ўяўлялi поўнай сур'ёзнасьцi таго, што здарылася, спанатрылi вялiкую й раптоўную перамену. Балянс нармалёвага жыцьцёвага ладу быў зрушаны. Цi адзiн раз рука брала й ледзь стрымоўвалася, каб злосна не скамшыць позву, вочы ўглядалiся ўжо каторы раз у зусiм няхiтрыя й ляканiчныя словы. Усяму вiнаватыя былi гэтыя чартоўскiя паперкi.

Калi ў мiрны час зь вёскi мелi адпраўляць каторага навабранца на службу, дык напярэдаднi моладзь

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×