ладзiла яму вечар. Тады маладыя галовы туманiла родная сiвуха. Пад гукi гармонiка, гуртам i ў разрэз сьпявалi 'пасьледнi нонешнi дзянёчак'. Даўно ў нябыт адыйшла беларуская вайсковая традыцыя, пагасьлi ў гiстарычным лiхалецьцi родныя вайсковыя песьнi. I гэты 'нонешнi дзянёчак' быў некалi адным чужынцам у Лiтоўцы прынесены. Цяпер-жа iншы чужынец за Бог ведае што чужое й нялюбае пастаяць клiкаў. У гэны вечар ня поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi зацяжнымi маладымi галасамi, бо гэтым разам у вагонь i на сьмерць трэба было йсьцi. Колькi зь iх знойдзе дадому шлях здаровымi, колькi нiкому непатрэбнымi калекамi, а колькi ў чужой далёкай краiне застанецца на вечны супачын? Гора было занадта вялiкае й агульнае.
XIV
Нахмарыўся разьвiтальны дзень. Па самым дне начоўкаў ранiцою паўзьлi дымы зь лiтоўскiх комiнаў. Праймаючыя холадам хмары зьнiжалiся й iмклiва плылi над лiтоўскай лагчынай. Яны, здавалася, не маглi наважыцца, цi iм адно з пагрозай шыбануць над Лiтоўцамi, цi памарасiць вёску густым дожджыкам.
Рана зьявiўся да солтыса Паўлоўскага ўраднiк з гацкага мабiлiзацыйнага бюра. Пагаманiўшы iз шляхцюком, абодва накiравалiся пад Пятухову клець, дзе быў зборны пункт для паклiканых. Хутка зь блiзкiх i далейшых хутароў, iз гасподаў, што засталiся на старым паселiшчы, пачалi плысьцi сюды людзi. Хоць цi аднаму з мабiлiзаваных зазiрнула ў галаву думка, каб ня йсьцi, а дзесь схавацца й перачакаць, 'пакуль гэта бiда сплывець', адно Шпунтоў Лявон учора поцемкам выбраўся ў сваю, яму адному вядомую, дарогу. Мабiлiзаваныя прыходзiлi ў суправодзе раднi, што мела спадарожнiчаць iм аж у Гацi. Здавалася, што ля Пятуховай клецi сабралася ўся вёска. Ураднiк, паставiўшы ровар ля плоту, сядзеў на лаўцы й паўголасам гаманiў iз солтысам, касурыўся на надвор'е й паглядаў на гадзiньнiк. Солтыс раiў яшчэ пачакаць, бо бачыў, што ня ўсе сабралiся. Прыехалi й тры хурманкi, замоўленыя Паўлоўскiм учора, каб на iх адвезьцi падарожныя клункi. Людзi гаманiлi, гулi як пчолы ў вульлi пасьля працавiтага дня, але адчувалася, што гамонка тая была стрыманая, не чуваць было гулкога й безклапотнага сьмеху. Шматлiкiя вочы сачылi ўраднiка й солтыса, што яны скажуць i зробяць.
На звароце вулiцы з бальшака, што прабягаў упоперак вёскi ад балота, паказаўся нетарапкi ў кроку й рухах Сымон Пятух, старэйшы брат гэтага самага Пятуха, ля чыёй клецi сабраўся народ. Сымон быў старым дзяцюком, векам гадоў пад пяцьдзясят мусiць. Ягоны вузкi й даўна голены гарбаносы твар iз глыбокiмi западзiнамi там, адкуль выглядалi малыя рудзенькiя вочкi, зьверху аброс густымi мяцёлкамi броваў. Дзяцюк пакiнуў дома свае адзiныя, яшчэ не зусiм дабiтыя, з доўгiмi рудымi халявамi боты й босымi нагамi мясiў яшчэ сухi мяккi дарожны пясок. Зашмальцаваная камiзэлька, кужэльная кашуля-касаваротка, засалены пiнжак i паўсуконныя порткi з калошамi ў трубы, ды шэрая, папрацiраная па бакох кепка, што зьехала на правы бок i напаказ выставiла густы венiк рудых валасоў зь левага - вось гэта была нязьменная вопратка ў буднi й у сьвяткi. У старэйшага Пятуха, як заўсёды, часу было хоць ты адбаўляй. Быў ён найбольш ведамым карцёжнiкам, гультаём, i заядлым курцом у вёсцы. Любiў i выпiць, калi была нагода. У карты гуляў, як казаў, каб час забiць i звычайна напуста. Калi не было чаго палiць, стараўся ад старой маткi сьцiбнуць пару яйкаў ды прамяняць iх у Жыда на тытунь. Жыў у самым паўднёва-ўсходнiм кутку Лiтоўцаў на ўзгарку. У некаторых людзей лазьнi былi вялiчынёй зь ягоную хату, але для яго й маткi было даволi мейсца. I пра тыя два гактары зямлi Сымон нянадта рупiўся. Лебяда, пырнiк i быльлё заглушалi там пасеяную на заўсёды дрэнна апрацаванай зямлi збажыну. Для аднаго канякi й каровы ледзь мог Пятух сена за лета назапасiць. Вяскоўцы так апавядалi аб Пятуховай гаспадарлiвасьцi: Ляжаў ён аднойчы на печы й кармiў клапоў. Ногi, быццам тыя качэргi, ажно зьвiсалi над пяколкам. Цi-ж Пятух вiнаваты, што муляр кароткую печ пабудаваў? Мацi кешкалася ля печы, а Пятух цешыўся, што яму добра ў плечы грэе. Пайшоў дождж, i прагнiлая страха была таму вiной, што вада неўзабаве пацякла iз столi на адзiны ў хаце ложак.
- Сымон, - казала яму мацi, - дождж iдзець, страха цячэць, вада вуньдзiка на пасьцелi. Чаму страху нi залатаiш?
- Нi знаiш што рабiць? - пачуўся зь печы лянiвы голас. - Адсунь ложак, дык нi нацячэць.
Першы спасьцярог Сымона Антось, той самы, каторага празвалi Дзеркачом i якi быў у лiку паклiканых.
- От ужо й Сымон ёсьцека, цяпер можам iсьцi, - загаварыў голасна Антось, каб зьвярнуць агульную ўвагу. - Ну што, Сымон, пойдзiш з намi ў салдаты?
- Адчапiся ты! - буркнуў голасна Пятух. Ён ёмка выплюнуў з роту дагарэўшы акурак, выцягнуў зь левай адтадуранай кiшэнi капшук з тытунем, адраваў кавалак газэты й супакойна, маленькiмi вачыма бегаючы па грамадзе людзей, узяўся вярцець новую папяросу.
- Ну, Сымон, калi-ж будзiш жанiцца? - пакеплiваў далей Антось. - Параска Макатунiшка ўжо як лучына па табе ссохла.
- Тады, як бык будзiць цялiцца! - адказаў, не паварушыўшы мяцёлкамi, стары дзяцюк.
Тыя, што чулi гэтую гаворку, зарагаталi.
- Ён, мусiць, жджэць пакуль Параска пяцёра будзiць мець, каб адразу на гатовыя, - кпiў з натоўпу другi мужчынскi голас.
Дзякуючы Пятуху, заўсёднаму аб'екту жартаў, якi зусiм нiчым не прыгадваў працавiтага й дбайнага гаспадарлiвага малодшага брата, павесялелi некаторыя ў грамадзе.
З другога боку вёскi прычыкiльгаў да натоўпу дзед Якуб. Абступiўшы, людзi вiталiся зь iм, радыя нагодзе, каб перакiнуцца словам. Стары, вядома, як скажа, дык ёсьць што паслухаць. А дзед пыхкаў сваю крывую люльку ды скупiўся на словы.
- Ну што гэта дзед, вы ваiваць нi сабiраiцiся? - пыталi яго.
- Ды вы, дзеткi, ужо бiзь мяне неяк абойдзiцiся. Я адкаратаў сваё, пагладзiў дзед бародку, гледзячы на ўсiх i на нiкога ў васаблiвасьцi.
- Дзед тут будзiць за нашымi гаспадаркамi глядзець, дзевак замуж выдаваць, каб племя наша нi зьвялося. Пiтуха во ажанiць трэба...
Некаторыя засьмяялiся, але няшчыра, стрымана.
- Нiма за што, - казаў дзед, быццам не спасьцярогшы надзьмутай штучнай весялосьцi. - Нiма за што ваiваць. Нi наша гэта дзела за паноў грудзi выстаўляць. Калi на iх прыдзiць якое бiзгалоўя, дык так iм i трэба. Яны за нас, нябось, нi пастаяць.
Дзед плюнуў сабе пад ногi й пацягнуў з крывой люлькi. Абступiўшыя яго спасьцераглi, што лiтоўскi патрыярх ня меў намеру жартаваць i, пэўна-ж, яшчэ нешта важнае скажа. А дзед зiрнуў пад клець, дзе ўжо ўсталi з лаўкi й аглядалi людзей солтыс iз рослым ураднiкам.
- Вы-ж глядзiце, дзiцюкi, - казаў Якуб, - калi там якiя нiпiралiўкi, дык пад дом цiсьнiцiся, от што...
- Маўчы ты, дзед Якуб, ато якоя благоя вуха пачуiць! - перасьцерагла Кмiтава Аўдоля, што й гэтым разам парупiлася, каб у цэнтры падзеяў быць.
- Чаго гэта маўчы? - агрызнуўся дзед. - Ды што гэтыя паўшабэлкi мне старому калеку зробюць? Пляваў я на iх. А свайму во катораму трэба сказаць, каб на ражон дарма за чужоя ня лез...
У гэты час ураднiк падаў голас, каб усе паклiканыя падыйшлi да яго блiжэй, ды паводля лiсту пачаў перавяраць, цi ўсе сабралiся. Хутка выявiлася, што не было Косьцiка Сабакевiча й Шпунтовага Лявона. Першага, вядома, сам ураднiк не спадзяваўся, але-ж прыгадаць трэба было. Дапытваўся, дзе дзеўся Лявон, ды нiхто ня змог яму адказаць.
- Пойдзем, няма часу чакаць, - сказаў ён станоўка. - Пра яго ўжо парупяцца адпаведныя дзейнiкi...
Апошнiя словы гучэлi пагрозай.
На лiсьце было звыш за трыццаць прозьвiшчаў. Паклiканым ураднiк загадаў зыбрацца ў групу й iсьцi наперадзе, а ззаду мелi ехаць хурманкi з багажом ды маглi йсьцi тыя з раднi, хто хацеў праводзiць мабiлiзаваных аж у Гацi. Рушылi паволi. Солтыс iз ураднiкам вялi калёну на бальшак, а пасьля павярнулi на прасёлкавую дарогу, што побач могiльнiку вяла на гацкi гасьцiнец. Расьпiсаныя гумовымi ўзорамi каляiны ўраднiкавага ровару зараз-жа ззаду затоптвалiся босымi цi абутымi ў лапцi нагамi лiтоўскага народу. Калёна расьцягнулася; тыя з раднi, што йшлi ззаду, пачалi далучацца да праводжаных iмi родных, iзноў пачалася часта спыняная гаворка. Людзi, здаецца, усе тэмы вычарпалi. Што гаварыць у такi час? Мiнулае прыгадваць цi трывогу перад небясьпечнай будучыняй выказваць? Як доўга будзе гэтая разлука? Калi зноў над Лiтоўцамi й цэлай пагвалчанай краiнай засьвецiць сонца? На палёх чакала гаспадарлiвых рук нязжатая ярына. Заўтра, калi Бог пагоду дасьць, iзноў у хвастох нiваў стануць iзь сярпамi прарэджаныя сем'i. У працы гадаць будуць, што з сынамi, мужамi, цi любымi... Дзе яны, у каторы бок гонiць iх чужы вецер?
У самым хвасьце калёны маўклiва крочыў i Янук Бахмач iзь неразлучным Тапсiкам. Ён яшчэ не вымяркаваў, цi яму аж у Гацi йсьцi, цi дзесь на дарозе назад завярнуць. Паглядаў на дарожныя сьляды, якiя