слабодзкi сьвятар. Казалi, што гадоў яму пад восемдзесят. Зрок трымаў унiзе, дзесь на веку дамавiны; ледзь вярушылiся ў малiтве яго вусны. I было ў гэным вобразе над магiлай штосьцi камiчнае ў сваей недарэчнасьцi й грандыёзна-велiчнае ў прастаце, быццам Бог супаставiў побач, усiм на вока, дзьве вялiкiя й зусiм супрацьлеглыя сiлы. Надзьмуўшы тоўстыя шчокi, шырака расставiўшы патрапаныя й гразёй запэцканыя хромавыя боцiкi, выпяцiўшы грудзi, 'новая ўласьць' расьпiналася перад хаўтурнiкамi пра нячутыя дагэтуль у вёсцы нейкiя даброты, ласкi, што вось прынесьлi лiтоўскiм сялянам апошнiя падзеi. Гэта была 'ўласьць' у асобе пагарджанага сваймi людзьмi дзяцюка, калючага атожалка ад свайго дрэва. Хто гэта калi яго напокуцi калi пасадзiў? А пасланьнiк сiлы адвечнай, найвышэйшай i адзiна справядлiвай вунь сьцiпла за плячмi гэтага атожалка малiтвы шэпча.

Цi мала хто Косьцiка слухаў, цi многа, гэты кантраст яшчэ да пазаўчарашняга зусiм нясумяшчальных побач сябе людзей быў так вымоўным, што думкi самi напрашвалiся.

- Iш ты яго, ханжа во распаўзлася. Цяперака зажывём, калi во такi над табой руку будзiць дзiржаць!

Сказана было даволi голасна. Людзi азiрнулiся. Як звычайна, ня вытрымаў Антось Дзяркач. Косьцiк, заварожаны сваей прамовай, мусiць ня чуў. Ён далей прымiтыўна маляваў 'блага' новае ўлады, пра нябожчыцу забыўшыся. Мiж прысутных ня было нi Сявенькi, нi Зянькевiчаў, нi Бахмача са сваякамi, нi Бурака з Бурачыхай, нi Шпунтоў. Людзi спасьцераглi адсутнасьць найбольш кемлiвых лiтоўскiх гаспадароў. Побач Косьцiка тарчаў Павалiцкi Хвёдар. Ён скроб патылiцу, азiраўся навокал з такiм выражэньнем, быццам казаў: людцы добрыя, я-ж тутака з боку-прыпёку, а галава ў нас во...

Янук цiкаваў за Дуняй. Змарнелая, босая, у пакамечанай шэрай крамнай сукенцы, вынашанай рудой накiдцы, яна стаяла побач Кмiтавай Аўдолi. Трымалася спакойна. Хлапцу iншыя хаўтуры прыгадалiся. Салёныя сьлёзы залiвалi збалелыя вочы, у грудзёх захрас цьвёрды камяк. I тады, ён неспадзявана зь дзяўчынай у сенях сустрэўся. Цяпер яшчэ сорам за тое скроб. А яна вось якая спакойная, зусiм не плача навет. Але гэта-ж ня матка ейная.

- Ты вiдзiш, Янук, колька вунь апенак? - таўхнуў пад бок Зянькевiчаў Стась.

Янук зiрнуў у той бок, куды паказаў вялiкiм, карэлым ногцем Стасеў палец. Недалёка ад iх, пышнымi цёмнарудымi грнкамi апенькi распаўзьлiся па аграмадным гнiлаватым пнi. Колькi кошыкаў можна было напоўнiць. Дрэва, вiдаць, звалiлi даўно, не пры Януковай памяцi.

Нарэшце спынiлася доўгае Сабакевiчава бубненьне. Людзi цiха загаманiлi. Паглядзеўшы, што не марасiць зьверху, мужчыны зьнялi з дамавiны века. Быццам на сыгнал, пачалiся ўсхлiпы жанчын. Сьвятар падыйшоў да дамавiны й пачаў малiцца. Пры лёгкiм шуме ветру ў каронах прыгажунь-соснаў, надзвычайна ўрачыста гучэў лагодны, цiхi й выразны голас. Хаўтурнiкi хрысьцiлiся, малiлiся пры ўсхлiпваньнi жанчын i пасьля ўсе разам засьпявалi 'вечную памяць'. Ужо калi дамавiна дакранулася вадзянога люстра на дне ямы, ямчэй усхадзiлася галашэньнем старая Макатунiха. У гэны час Хвёдар з Косьцiкам, адбыўшы павiннасьць, нацiскалi на ступнi самакатаў, бяручы кiрунак на Шпунтоў хутар.

Зусiм нечакана ажыў гацкi гасьцiнец. Мiж прысадаў дарогi выплывала з Гаравацкай пушчы вялiкая, шэрая калёна людзей. Iржалi конi, лякаталi колы, рыпела вупраж i чуваць была цiхая, памяркоўная гамана. Янук i Стась пераглянулiся ды борзда рванулi зь месца. Колькi хвiлiн пасьля, задыхаўшыся ад хуткага бегу, спынiлiся ля ўчора ўежджанага гасьцiнцу.

Войска йшло трымя радамi, а наперамен валаклiся малыя, нагружаныя хурманкi. Адразу кiдалася ў вочы суцэльная беднасьць гэтай нехлямяжнай армii. Жаўнераў у стар'ё апранулi. Шматлiкiя стрэльбы трымалiся на плячох на абшмуляных вяровачках. У старой, палатанай вупражы напружвалiся зацяганыя конi, - рэбры скурай абцягнутыя.

У параўнаньнi з учарашняй магутнай танкавай калёнай, войска гэта нагадвала зарганiзаваны натоўп жабракоў, дохлую грамаду, што мусiць адкармлiвацца на гэтую зямлю прыпаўзла. Хлопцы разявiлi раты, пазiралi на старэйшых, што абступiлi дарогу.

Лiтоўскiя гарэзы спачатку маўчалi, вачом не давяраючы, пасьля-ж кпiнамi распрамянiлiся твары.

- Дык гэта-ж дрэнь, а ня войска! - зарагатаў Стась.

- Цiха ты! - перасьцярог яго Янук.

Маўклiва прыглядалiся бядзе на гасьцiнцы.

- Слухай, Стась, - загаманiў зноў Бахмач, - давай у Гацi зьбегаiм, паглядзiм што там робiцца.

- Давай!

- Калi?

- Ды хоць i цяперака. Але перш можа сходзiм пад'есьцi.

- Ты вечны ненаеда. Давай во адразу бяжым.

Хлопцы неўзабаве выперадзiлi дохлае войска. Iх босыя ногi пакiдалi выразныя сьляды па ўчора так прыгожа выраўнаным танкамi, сяньня-ж ранiцы добра змочаным гацкiм гасьцiнцы.

10

Пракоп i Алесь сядзелi ў куце ля стала, Янук, Надзя й Мiкола - на лавах каля сьцен, а Кацярына - ля печы. Гутарка йшла так, як мокрае гарэла. Усе скупiлiся на словы, больш думалi.

Кагадзе забегся да Пракопа калiшнi 'драгомiшч', цяперашнi 'акцiвiст' Лявон Шпунт.

- Дзядзька Пракоп, прыхадзiце ў нядзелю пад вечар у школу, - сказаў, прывiтаўшыся.

- А што тамака ў школе?

- Сход будзiць, от што. Прыказ прышоў.

- От як, - разявiў рот Пракоп. - А што за сход такi?

- Камiсар прыедзiць. Тамака ўвiдзiця й пачуiця.

Не разьвiтаўшыся, 'акцiвiст' пайшоў, каб iншым наказаць. Забягаўся й да Алеся.

- Нi казаў-жа табе Лявон, пра што той камiсар гаварыць будзiць? пытаўся Алеся Пракоп.

- Ды не. Ён сьпяшыў, бо казаў, што цэлую вёску трэба аб'езьдзiць. А пра што, ты думаiш, камiсар можыць гаварыць?

- Пра новыя парадкi, а што яшчо...

- Ну дык во...

- Можа варта схадзiць?

- Варта? Казаў мне Лявон, што абiзацiльна, от што...

- Каб ён i нi казаў, дык i так усе папрыходзяць. Людзям карцiць даведацца што новага.

- Чаму-ж не, цiкава...

- А гэтага дзiравага шляхцiца нi адпусьцiлi яшчо? - спытала Кацярына.

- Казаў мне ўчора шавец Пiлiп, што Лазоўскага парабок Яўхiм яму тавар на боты прынасiў. Добры хром, сам вiдзiў учорака. Гэта-ж мусiць у пана свайго ўзяў. Дык казаў, значыцца, Яўхiм, што i Лазоўскага дзержуць i гэтага нашага дзiравага дый многа каго.

- Скончылася кату масьлiнiца, - адазваўся Алесь, - пiраберуць во памаленьку ўсiх павукоў гэтых.

- Пiраберуць, чаму-ж не, - згадзiўся Пракоп.

- Вы ня цешцеся з чужой бяды, - папярэдзiла Кацярына. - Глядзiця, каб вам нi дасталося. Знаiця якое начальства будзiць цяперака.

У хаце запанавала цiшыня. Вялiкая чорная муха, зьнядужэлая доўгiмi намаганьнямi, каб выбрацца на двор, вяла трымцела на карэлай шыбе вакна.

- Ты, Янук, от што, - адумаўся Пракоп, - замiж гэтта тарчэць, дык бяжы й паслухай дзе й што людзi гаворуць. А як даведаешся дык прыдзiш i нам раскажаш.

- Добра, тата, схаджу. Толька да каго пайсьцi?

- Найперш тамака ля Пiтуховай клецi некага знайдзiш. Сам глядзi, не малы-ж ты ўжо.

На вулiцы Янука спынiў Стась.

- А ты, Янук, ня вiдзiў што Макатунiшкi ад лiпавiцкага пана паперлi, а я вiдзiў, - хвалiўся сябра, выцiраючы бурбалку пад носам.

- Як гэта паперлi? Хто? - разявiў рот Янук.

- Алена з маткай. Два мяшкi на плячох, ды такiя цяжкiя, што чуць iшлi.

- А табе хто казаў, што зь Лiпавiчаў?

- Чуў як Кмiтава Аўдоля бабам гаварыла.

Янук рушыў пад Пятухову клець.

- Ты куды гэта? - насядаў Стась.

Янук нiчога не адказаў, адно пагладзiў Тапсiка. Задуманы пра Макатунiшак i мяшкi, што 'паперлi', ён цi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату