боку за дзьвярмi ў паўцемры сьмехам расплылася грамада дзяўчат-падлёткаў. Здалося, што дзесь мiж пуцатых твараў мiльганулi вочы-васiлькi й дзьве ямачкi ля гарэзьлiвага роцiку. Янук наважна схапiў за руку Дунiну сяброўку Клаву, адцягнуў яе на бок i цяпер пазiраў у насьмешлiвы вясёлы тварык.

- Гэта ты што, куранё такое галапупае, шчыпацца будзiш? Я-ж цябе зараз!

Дзяўчаты пырскнулi звонкiм сьмехам, а Дуня, быццам мiж снапоў, шмыгнула мiж людзей у дзьвярох. Янук замарудзiў, пакуль пралез праз шчыльную сьцяну целаў.

Калi выглянуў на двор, дык зь левага боку ля вугла мiльганула кароткая спаднiца й босыя пяты. Хлапец узяў направа й павярнуў за вугал. Дуня спасьцерагла яго раней i нацянькi, празь Сявенкаву нiву мецiла на казлы з канюшынай. Дабегшы, дзяўчына-рагатуха раптоўна затрымалася. Твар прамянiўся гарэзьлiвай уцехай, ажно паглыбелi на шчоках ямачкi. Пад прыгожай ружовай сукенкай уздрыгвалi грудзi-пупушкi.

Ня мог затрымацца з раптоўнага разгону Янук. Аблапiў дзяўчыну й абое павалiлiся ў мяккую мядова- духмяную канюшыну. 'Куранё галапупае' заходзiлася сьмехам, як мага адпiхала хлапца, а Янук шчыпаў яе за бакi.

- Пi-ха-ха-ха... пiрас-ха-ха-ха... пiрас-стань, дурненькi! Пiрастань! Ха-ха-ха! - прасiлася й задыхалася сьмехам Дуня.

Яна спрабавала адкацiцца, каб пазбыцца Януковых рук, але хлапец яшчэ больш насядаў. Дунiн твар налiўся чырваньню й яшчэ больш пахарашэў. Мяккая шаўковая сукенка, каторую Янук бачыў першы раз, лашчыла дзявочую сярэдзiну й нiз яе загалiў каленi. Адкуль нi вазьмiся, Янука апанавала тая самая млявасьць, як тады ў Дунiнай хаце. Духмянасьць сьвежай канюшыны п'янiла галаву, а ў скронях зноў пачалi малаточкi малацiць. Шорсткiя рукi, што ведалi адно пастухова пугаўё, граблi цi поручнi плуга, спынiлiся й шоўк лашчылi.

- Ты, кураня гала...

Ён не даказаў. Дзяўчына раптоўна спынiла сьмех. Адно хвалявалiся грудзi, а ў вачох-васiлькох прытаiлiся гарэзьлiвыя, на паядынак выклiкаючыя агеньчыкi. Памякчэла пругкае дзявочае цела. На ледзь адчыненых вуснах затрымалася пасма пышных валасоў. Шырэй адчынiўся роцiк i валосамi забаўлялiся белыя зубкi. Вочы-васiлькi туманом зацягнула. Дзе гэта штосьцi падобнае бачыў Янук? Цi нi такiя вочы былi ў каровы, калi ей пабегаць прырупiла? Засмужаныя дзявочыя вачаняты сталi да нясьцерпнага болю прынаднымi, яны вабiлi й калолi, дурманiлi й нешта жывёльнае, да гэтага часу нязьведанае ўнутры будзiлi.

Дзесь воддаль усхадзiлiся, як мiж курэй перад налётам коршуна, дзявочыя пiсклявыя галасы й загудзеў матор. У канюшыне чырыкалi сьвяршчкi, а легкi вецярок забаўляўся буйным Януковым чубам. На могiльнiку дзярла глотку варона. Янук крадком зiрнуў на голыя Дунiны ногi, напоўнены нейкiм незразумелым жаданьнем чароўны тварык i ў ап'янелай галаве паўстаў суцэльны хаос, на лбе выступiў пот. Нешта таўхала ды намаўляла, каб даболю сьцiснуць у вабдымках гэта 'куранё галапупае', але адвагi не хапала.

- Янучок, любiш мяне?

Словы прыляцелi на крыльлях ласкава-пяшчотнага ветру. Ды не. Бачыў як паварушылiся прынадна- мiлыя вусны.

- Га?

Голас Янука быў глухi, быццам чужы.

- Пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi...

Цяпер-бы ўскочыць, колькi мага сiлаў ходу даць, дзесьцi ў нару глыбокую залезьцi. Такога ад яе не чакаў. Пачалося ад звычайнай дзiцячай гарэзьлiвасьцi. Пажадальныя аганькi ў вачанятах-васiлькох i той прывабны роцiк волю забралi. Твар набух сарамяжлiвай чырваньню.

- Калi любiш, дык пацалуй, - дрыготкiм, ледзь чутным голасам сказала Макатунiшка.

Учэпiстыя рукi схапiлi Янукову галаву й да ягоных вуснаў прылiп той прывабны роцiк. Аж дыханьне забрала, калi шчыльна прытулiлася да яго дрыготкае дзявочае цела. Дунiна пажадальнае дрыжэньне перадалося Януку, узбурыла ягонае нутро,. Ашаломлены, хлапец iрвануўся, устаў на поўны рост. У вачох дзяўчыны мiльганула зьбянтэжанае рашчараваньне. Быццам для абароны ад няўхiльнага ўдару, рукой закрыла твар.

Янук кiнуўся наўцёкi. Збоку мiльганулi й схавалiся за казламi з канюшынай квяцiстыя хусткi. Выбухнуў голасны сьмех. Януку здавалася, што з сораму памрэ. Падгледзiлi. Як-жа цяпер каму на вочы паказацца, калi возьмуць ды перакажуць? Вусны гарэлi першы раз зьведаным цалункам, раптоўнымi штуршкамi намагалася вырвацца з грудзей сэрца.

Блiзу школы запаволiў ход. Даўгiя ценi будынкаў i дрэваў даўно расплылiся ў шэрым зьмярканьнi. Янук спынiўся й на поўны рот зачарпнуў паветра. Школьныя вокны ўжо гарэлi сьвятлом. Здавалася, што ўзмоцнiлi свае чырыканьне сьвяршчкi. На бальшаку раптоўна блiснулi аўтамабiльныя сьвётлы. Машына запiшчэла тармазамi й спынiлася. Шафёр выскачыў з кабiны.

- Таварышч, мала! Яшчо, яшчо раз! - крычэлi дзецi.

- Давольна раз! А ну-ка давай, пацаны, сьлiзайця! Давай пабыстрэе!

- Таварыш, яшчо раз падвязi!

- Нет, давольна, сьлiзайця!

Дзецi караскалiся з кузава неахвотна, ад машыны не хацелi адыходзiць. Янук пастаяў, зiрнуў на сьвётлы ў вокнах будынку ды накiраваўся ў шырака адчыненыя дзьверы, адкуль то пырхаў матылём, то бубнеў шаршнём нейкi нячуты да сяньняшняга дня голас.

12

У дзьвярох стаўклася непаседлiвая, цяпер-жа надзiва прыцiхлая малеча. Янук працiскаўся асьцярожна, азiраўся на бакi, каб адкуль штурхаля не атрымаць.

Заля, як тыя старэйшыя казалi, бiтком набiта была. Нiколi ня бачыў Бахмач гэтта так многа народу. Занятыя былi ўсе лаўкi, людзi па кутох стаялi. У нос дала задуха й едкi смурод карашкоў. Жаўтаватая столь схавалася за суцэльным палатном шэрага густога дыму, што нагадваў валакно лёну, каторае мацi некалi дбайна часала на густых, набiтых у дошку цьвякох. Праз шырака адчыненыя вокны валакно паволi рухалася на двор.

Сьпераду ля стала, каторым звычайна ў школе карыстаўся настаўнiк, стаяў на ўвесь рост, махаў рукамi й бесьперапынна гаварыў, камiсар. З правага боку ад яго сядзеў Косьцiк Сабакевiч, зь левага - Лявон Шпунт, навокал iх i на пярэднiх лаўках - бальшавiцкiя жаўнеры. Крыху далей на правы бок на крэсьле спасьцярог Янук блiскучае, ледзь аколенае нiзка па бакох сiвым пухам, цемя галавы дзеда Якуба. Лiтоўскi патрыярх смактаў неадлучную люльку, лянiва варушыў вейкамi вачэй. Пры iм раскашэлiўся здаравенны сын Васiль.

Найбольш кiдалася ў вочы нафуфыраная, гарбаносая, рудавалосая постаць старшынi камбеду Сымона Пятуха, якi сядзеў цi не на самым пачэсным месцы наперадзе. Прыбраўся ён у сурдут, што мусiць у нейкага пана сьцягнуў. Людзi так зжылiся з пакамечанай кепкай, недагледжанымi касмылямi ды смуродным цыбуком гэтага дзяцюка, што цяперашнi гальштук, падстрыжаная рыжая бародка й валосы зьявiлiся надзвычайнай навiной. Замiж калiсьцi згорнутай з газэты й табакi цыгаркi, Сымон цяпер вялiкай 'казiнай ножкай' капцiў. Два здабыткi з ласкi акупантаў - сурдут ад папярэднiх, 'казiная ножка' ад цяперашнiх, дый надта-ж паважны выгляд гарбаносага твару - паказвалi дзяцюка-абiбока ў зусiм камiчным выглядзе. Збоку ля Пятуха сядзеў Захарук. Косьцiкаў бацька трымаўся блiжэй ззаду, сеў ля дзьвярэй.

З правага боку пасярэдзiне ўбачыў Янук свайго бацьку з Алесем i цёткай Кацярынай ды Амэрыканцам Сявенькам. Ля дзяўчат прысеў брат Мiкола. Як квактуха зь вялымi крыльлямi, побач зь неадлучнай Аксеньняй рассасулiлася на лаве зь левага боку ля вакна Кмiтава Аўдоля. Ейны зыркi зрок борзда вандраваў па грамадзе, а галава, пэўне-ж, у гэны час брала на памяць усялякую драбнiцу, што на вока трапляла.

Апроч лiтоўскiх, вiдаць былi й твары з суседнiх пасёлкаў. Дзiўным здавалася амаль суцэльнае маўчаньне гэтай вялiкай грамады. Прысутныя лавiлi, здавалася, кажнае камiсарава слова, баялiся зварухнуцца, кашлянуць, мужчыны цiха курылi, хоць дым ад курэньня ледзь змагаў праз вокны на двор уцякаць. Цi не таму курылi многа, што бальшавiкi каго трапiла шчодра карашкамi ўгашчалi. Дый з агнём цяпер ня было патрэбы высьцерагацца: 'сьпiчкi па дзьве капейкi', гэта-ж ня тое, што пры 'панскай Польшчы', калi за каробку сернiкаў трэба было восем грошаў упялiць.

Янук спынiўся ля Дзяркача Антося. Доктараў Стась схапiў яго за руку й пасадзiў ля сябе на краю школьнай лаўкi. Прыслухаўшыся, малы Бахмач уцямiў, што ня так проста было дайсьцi тропу ў тонкасьцях мовы бальшавiцкага афiцэра, бо з вуснаў яго цякла чужая рака. Мо таму людзi слухалi ўважна, каб хаця вяршкi злавiць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату