новаму савецкаму закону за гэткi крымiнал! А як-жа! Па новаму савецкаму закону, я вам чэснае слова даю!

Лявон спынiўся, аглядаў людзей. Зрок ягоны затрымаўся на нафуфырыным Пятуху й рыжы, кудлаты гультай зь вялiкай заядласьцю пачаў смактаць ужо каторую з чаргi 'казiную ножку', ды азiраўся на людзей быццам кажучы: 'браточкi, што ён гэта, цi нi на мяне?' Пагроза 'новым савецкiм законам' зрабiла сваё. Людзi прыцiхлi. Мо прыгадалi каторыя, што гэны мэдаль 'свабоды', каторым гiпнатызаваў iх камiсар, мае другi бок, што 'новым савецкiм законам' завецца.

- Я прашу вас, будзьця добрыя, - палагаднеў Лявон, - хто з вас вiдзiў, цi можа чуў хто гэта спэцкаў лозунг, дык прыдзiця й скажыце мне. Калi хто паможыць, дык гэта яму запiшыцца. Хачу каб вы зналi, што гэта наша обшчая задача, значыцца знайсьцi гэтага ворагу народу. Дык прашу вас, памажыця. От я i скончыў.

Лявон раптам сеў. Людзi пераглядалiся. Пачалiся цiхiя гутаркi. Аксеня i Аўдоля паклiкалi да сябе колькi жанчын, у iх лiку i Косьцiкаву мачыху, пачалi шаптацца. Нiтка нечага важнага, вiдаць, пачала снавацца ад Аксенi.

- Как же вы, отец, довольны приходом советской власти? - зьвярнуўся Маршалкаў да дзеда Якуба.

Дзед павярнуўся, зiрнуў на залю, мусiць каб упэўнiцца, што да яго, а не да каго iншага камiсар гаварыў.

- Гэта вы от мне гаворыце?

- Да, отец.

- Чаму-ж, каб сказаць...

- Сколько вам лет, отец? Верно больше ста?

- Ага, ды ўжо-ж, болi як сто...

- Еслi так, вы верно крепостное время помните? - пытаўся Маршалкаў.

Выглядала гэта на публiчны допыт, але дзед Якуб не зьбянтэжыўся, адказваў спакойна.

- Чаму-ж не, сынок, помню, каб яго макарэц спапялiў...

- Вот это интересно.

- Яшчэ пiсягi на плячох нашу, каб ня помнiў...

- Это что такое?

- Лупцавалi некалi, от рубцы на целе асталiся.

- Разве так? Поэтому благодарите товарища Сталина, что за длинную жизнь он вам действительную свободу принес.

- Ну Бог яго ведаiць... Як вы кажаце, дык можа й доля праўды ёсьць. Старому нiдаверку пасобiць можна.

На камiсаравым твары зьявiлася няўцямнасьць. Ён нахiлiўся, нешта Косьцiку сказаў. Сабакевiч устаў.

- Наш сягоньнiшнi мiцiнг скончыўся. Сiчас пастаўце па бакох скамейкi. Есьць у нас баян i балалайка, дык пагуляiм.

13

У гэны вечар не сьвяцiлiся вокны лiтоўскiх хатаў, ня зьбiвалi дзецi пятаў у пiкара, цi мячык. Амаль усё, што жывое, сплылося гэтта ля школы. Адно дзiвiцца трэба было, колькi памясьцiцца магло ў будынку людзей. Сяляне прыходзiлi яшчэ падчас камiсаравай гутаркi, цiснулiся ля адчыненых вокнаў i дзьвярэй. Цяпер-жа ўсе выйшлi на двор, каб зачарпнуць сьвежага паветра, падзялiцца думкамi пра пачутае й новае, што прыехала ў вёску на гэных двух вялiкiх грузавiкох, ля якiх сабралiся дзецi й падлёткi.

Аксенiна група жанчын чакала ля дзьвярэй i пiльна сачыла за Маршалкавым. Ён наблiжаўся ў суправодзе Косьцiка й Лявона. Бальшавiцкiя жаўнеры гутарылi зь дзяўчатамi, абступiлi Хвядосаву Маньку. Дзяўчына гаварыла бойка й звонка сьмяялася, аж падскаквалi круглыя, тугiя грудзi.

- Iдзець-жа, iдзець, ягодка, - таўханула Аксеню Кмiтава Аўдоля. Дык-жа гавары, ягодка, за ўсiх нас.

Гэтта-ж перад выхадам спынiла камiсара Вульляна.

- Таварышч, я-ж гэта... хацела сыноў, каб запiсалi...

- Ага, гэта тых, што белапалякi змабiлiзавалi?

- Так, пано... таварышч, сыноў-галубкоў маiх.

- Хорошо, мать, - кiўнуў бальшавiк галавой i зьвярнуўся да Косьцiка. Вы, Канстанцiн Паўлавiч, абавязкова зрабiце сьпiс усiх мабiлiзаваных, не забудзьцеся.

I ён iшоў далей. Аксеня выйшла камiсару напярэймы, але няведама дзе падзелася ейная сьмеласьць, ня ведала як пачаць выкананьне даручэньня. Тымчасам Маршалкаў разглядаўся як абмiнуць групу жанчын, што замiнала ў праходзе.

- Пазвольце, - сказаў ветлiва, - можна прайсьцi?

- Ну дык ты-ж кажы, ягодка, - падбадзёрвала Аўдоля.

- Таварыш камiсар, - пачала Аксеня й спынiлася.

- Да, гражданка, вам что угодно?

Вочы ягоныя, здалося Аксенi, праколвалi, глядзелi наскрозь.

- Дык я-ж гэта... хацела сказаць... Ага. Вы нам расказалi якi добры й вялiкi таварышч Сталiн, як ён асвабадзiў нас i другiя, як таварышч Молатаў, тожа добрыя. Дык мы тут, бабы, разгаварылiся, што за iх дабро для нас, за тое, што нас асвабадзiлi, каб iм якi падарак паслаць...

Аксеня выказала гэта адным дыхам. Спынiлася, ня ведала што далей зрабiць.

- Вы, жанчыны, думалi падарак паслаць таварышчу Сталiну? Так вас разумею, цi не?

- Ага, да, таварышч, так...

- Гэта цудоўна вы выдумалi! - захапiўся камiсар. - Так, гэта цудоўна! Ну а якi падарак вы будзеце пасылаць?

Пачуўшы такую пахвалу ад Маршалкава, Аксеня аж змалела. Цяпер ейная першапачатковая думка здалася то дрэннай, то зусiм недарэчнай. Як-жа ты з такiм падаркам ды да самога Сталiна ткнешся? Аксенi было яшчэ нiякавата й таму, што цяпер сталася цэнтрам агульнае ўвагi. Жанчына зiрнула на сябровак. Непаслухмяным зрабiўся язык. У вачох жанчын пабачыла падбадзёрваньне й таму сьмела загаварыла да Маршалкава.

- Мы гэта-ж, таварышч камiсар, гаварылi цi варта толькi асьмелiцца, бо нiчога, ведаеце, дарагога ня можам...

Яна спынiлася, а маскаль чакаў далейшага слова.

- Ну так, прадаўжайце.

- Дык вось-жа, мы нiчога дарагога паслаць ня можам, самi ведаеце, пад польскiм iгам жылi... Можа таварыш Сталiн i каторыя другiя начальнiкi, як ён, нашага падарка ня прымуць?

Аксеня, вiдаць, не асьмелiлася падаркам пахвалiцца. Маршалкаў усьмiхнуўся, зiрнуў на Косьцiка.

- Дык ты-ж, цётка, скажы, што вы надумалi паслаць i я ўверан, што таварышч камiсар пасаветуiць цi варта пасылаць цi не, - растлумачыў Сабакевiч.

- Мы гэтага-ж, свайго дамашняга палатна надумалiся паслаць, ось што, нарэшце прызналася Аксеня. Яна зiрнула на камiсара, сарамяжлiва, быццам дзеўка перад першым прызнаньнем у каханьнi, апусьцiла вейкi. Камiсар зычлiва ўсьмiхнуўся.

- Добра, цудоўна! - усклiкнуў Маршалкаў. - Я думаю, што вы надзвычайна прыдумалi. Бяз сумнiву, таварыш Сталiн вам лiчна падзякуе. Аб вас даведаецца ўвесь народ i вы станеце прыкладам для жанчын усей рэспублiкi.

Цяпер Аксеня ўявiла сябе гэраiняй, гэт далёка за Лiтоўцамi слаўнай. Ды што там Лiтоўцы, унь аж у Маскве пра яе пачуюць. Гэта-ж ня хто iншы, як сам таварыш Сталiн асабiста ей падзяку прышле. Вось будзе што людзям паказаць. Вялiкая слава, ўжо казытала Аксенiна сэрца. Бойкая, наравiстая, агрэсыўная, гэта яна, а ня Пiлiп у хаце гаспадар. Што той Пiлiп: сядзеў вунь над калодай. малатком цюкаў, шылам калоў, фратвай прышываў. Рухавiк - яна, Аксеня. Ласкава зiрнула на сына, што стаяў побач задаволены, што матку хвалiў такi вялiкi маскоўскi начальнiк.

- А як-жа гэта, - гаварыла збоку да маскаля Аўдоля, - як-жа гэта, таварыш камiсар, паслаць падаркi? Пошты-ж цяперака нiма.

- Ды пусьцяк гэта, - махнуў Маршалкаў рукой. - Зьбярыцеся, зрабiце пасылку, напiшыця хто й каму... Вы апроч таварышча Сталiна i другiм членам палiтбюро партыi хочаце падаркi паслаць?

- Ну ўсiм-жа, усiм, - пацьвердзiла Аксеня.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату