- Дык от, вельмi добра, цудоўна. Падаркi перадайце мне. Я паклапачуся, каб iх адразу адправiлi ў Маскву.
Пачуўшы такую пахвалу ды абяцаньне помачы ад бальшавiцкага камiсара, паднечаныя жанчыны загаварылi ўсе разам. Энтузiязм разьлiўся ў цэлы шэраг прапановаў, каторых адразу нельга было вырашыць. Насамперш трэба была ўстанавiць хто й каму падрыхтуе падарак. Сталiна адразу прысвоiла Аксеня. Думка пра падаркi ў ейнай галiне нарадзiлiся, дый была яна цi нi найлепшай ткальляй кужалю ў вёсцы. Жанчыны згадзiлiся сабрацца на наступны дзень i падзялiць прозьвiшчы бальшавiцкiх палiтбюроўцаў.
У школьнай залi напiнаўся мяхамi й рыгаў баян. У вялiкiм коле пасярод два жаўнеры скакалi 'рускага'. Калi тым духу не хапiла, зьмянiлi iх iншыя скакуны. Гэткiм чынам 'рускi' трываў ладны кавалак часу. Адзiн маскаль прынадзiў да скокаў Хвядосаву Маньку. Пад гул i рогат з бакоў, дзяўчына нядрэнна патрапляла чырвонаармейцу. Ногi да танцаў мела спрытныя, але недахоп практыкi ў такой акрабатыцы хуткаў выгнаў пот на лоб, дзяўчына задыхалася ды неўзабаве, пры агульным рогаце, азадкам села на падлогу.
Ромкаў гаспадар нешта сказаў баянiсту. Той кiўнуў галавой, скончыў 'рускага' й пераключыўся на 'Кацюшу', Спачатку нясьмела, пасьля байчэй пацягнулi за баянам галасы. Лявон i Косьцiк дзёрлi глоткi, быццам каб пахвалiцца сваiм майстэрствам перад лiтоўскiмi сялянамi. Праз шырока адчыненыя вокны й дзьверы песьня вылятала на двор, рэхам адклiкалася мiж вольхаў i вербаў у блiзкiх аселiсах i далейшым балоце. Навокал школьнага будынку групамi гаманiлi сяляне, нiхто дамоў ня сьпяшаў. Адно Васiль уссадзiў крэкчучага бацьку на каляску ды рушыў з двара. Дзесь улiпавiцкiм маёнтку конаўкай сьвятла разганяючы цемру, грувасткi касалапы гусянучны чалябiнец валок на загадзя раскапаную пазыцыю цяжкую зэнiтку.
Наўздагон 'Кацюшы' паплыла 'Есьлi заўтра вайна'. Гэта была куды баявейшая. Перад кажнай звароткай словы казаў чарнявы гарбаносы чырвонаармеец. - Дружно, все разом! - спанукаў ён прысутных. Адылi апроч бальшавiцкiх жаўнераў мала хто сьпяваў.
Нястомны баянiст пераключыўся на польку-трасуху. Як восеньню лiсьце пад сiльным ветрам, закружылi на залi пары. У гурце старэйшых i падлёткаў ля парогу стаяў i прыглядаўся танцам Янук. Да грамады меншых дзяўчат падыйшоў рыжавалосы бальшавiк. Дзяўчаты сьцiснулiся, пачуўся вiск i сьмех. Маскаль учапiўся за Дунiну руку й выцягнуў дзяўчыну з грамады. Спачатку ногi яе хадзiлi нязграбна, нясуладна з танцорам. Сарамяжлiва азiралiся на бакi. Неўзабаве ўжо добра патрапляла чужнiку. Учэпiстая касматая рука прыгарнула гiбкую дзявочую сярэдзiну. Раз цi два вочы-васiлькi спынiлiся на Януку. Нешта балюча заскрабло яго ў грудзёх.
Алесява дачка Надзя сядзела побач Брунiськавай Мальвiны. Калi спасьцерагла Шпунтовага Лявона, што як таран, не аглядаючыся на бакi, iшоў проста ў ейным кiрунку, падумала, што дзяцюк на Мальвiну зрок меў. Дзеўка аж гарэла. На твары яе паднечанае чаканьне: вось дзяцюк iдзе, паласавацца можна. Мальвiна даўно ў старых дзеўках марнела. Цяпер-жа, акупанты прарэдзiлi лiк дзяцюкоў сваей вайною, Мальвiне пры адных марах даводзiлася астацца. Спагадлiвая да суседкi, Надзя спасьцерагла Лявонаў намер адно тады, як выцягнулася ягоная рука.
- Ну што-ж, золатца разумнае, маж й сiчас нi пойдзiш?
Ужо пасьля сходу мусiць усьпеў сербануць недзе, бо самагонкай ад яго нясло.
Надзя зачырванелася. Як у кажнай вёсцы, гэтак i ў Лiтоўцах, дзеўкам вызначалi шансы замужжа перадавыя клясыфiкатаркi-пахатухi. Паводле характару й выгляду Надзю паставiлi блiзка сьпераду, паводле пасагу - у хвасьце. Надзiн дзяцюк Мiхась ваяваў цi бiбiкi ў палоне зьбiваў недзе. Каму-ж цяпер за яе заступiцца? Дзўчына ведала цану Лявонавага заляцаньня, пазьбягала дзяцюка як магла. Яна зiрнула на бацькоў, што ля дзьвярэй стаялi.
- Патанцуй, Лёнька, са мной, галубок! Ха-ха-ха! Хадзi! - запрашала, устаючы з лавы Мальвiна. Дзеўка аж пабрыдзела ад недарэчнага сьмеху, што трос вялiкiмi, абвiслымi грудзьмi.
Лявон быццам ня чуў яе. Юрлiвы, паднечаны самагонкай зрок распранаў сьцiплую, нясьмелую, чырвоную аж да кончыкаў вушэй Алесяву дачку.
- Што-ж ты, Лёнька, дзевак табе мала? Ты-ж знаiш, што я Мiхасёва. Мальвiну во вазьмi, - адказала Надзя.
- Якая ты такая Мiхасёва? Дзяцюк твой знаiш дзе? От я тут хадзяiн i сiчас мая будзiш! - гаварыў таран i дзьве рукi паднялi дзяўчыну з лавы. Баянiст рыпеў нейкую дагэтуль у Лiтоўцах няведамую мэлёдыю факстроту. Зьбiтая з тропу хамскай нахабнасьцю, Надзя не агледзiлася як апынулася мiж танцуючых i намагалася патрапляць няроўным крокам дзяцюка. Ашчаперыў яе як мядзьведзь, адну лапу ззаду нiжэй паясьнiцы трымаў. Дзяўчыне дух займала. Яна схапiла Лявонаву руку.
- Што ты робiш, нястыднiк? Людзi глядзяць!
- Га? Ну што людзi? Iм сваё, а нам сваё...
Ён насядаў яшчэ мацней, басiў дзяўчыне на самае вуха. З роту нясло самагонным гарам.
- Нястыднiк, каб ты згарэў! - сыкнула Надзя, - Ня цiсьнi гэтак, дыхаць нiма чым!
- Я-ж цябе люблю, - дыхнуў юрлiвасьцю дзяцюк.
Надзя жахнулася. Ведала цану Лявонавай нахабнасьцi. Зiрнула на зьбянтэжаную матку ля парогу.
- Любiш як мядзьведзь. Ня можаш танцаваць як людзi? Калi табе ласкаў захацелася, дык iдзi да Мальвiны, дзеўка аж гарыць...
Надзя баялася раззлаваць Лявон й трымала лягодны тон.
- Я во да цябе, красоткi, прышоў, дык нi пасылай мяне да Брунiськавай. Калi душна, дык пойдзем на двор.
Насядаў i цiсныў яшчэ больш. Надзя спасьцерагла, што калi нейкiм чынам ня вузвалiцца з абдымкаў падпiтага мядзьведзя, дык у гарачцы язык можа шкоды сабе й бацьком нарабiць. Яна раптоўна й зручна крутанулася й пакуль актывiст спасьцярогся, ужо стаяла ля парогу ля маткi.
- Мама, iдзём скарэй дамоў, бо ад гэтага мядзьведзя нiма ратуначку нiякага!
- Добра, дачушка, хадзi.
Лявонавы нахабныя заляцаньнi даўно сачыла ягодка-Аўдоля. Гаворачы з Аксеняй пра палатно, часта ўкiдвала свае заўвагi. Калi Надзя зручна вышмыгнула ад Лявона, дзяцюк стаяў мiж танцуючых, цяжка дыхаў, мiргаў юрлiвымi вачмi.
- Уцiкла, от маладзец! Глядзi, глядзi на яго, Аксеня! I дзяцюк, здаецца, з галавой, ягодка, алi мусiць напiўся ўжо, - сказала Кмiцiха сваей неадлучнай суседцы.
14
У гэны вечар надта ўсхадзiўся сьцюдзёны вецер. Калацiў доктаравы клёны, лiсьцем замятаў лiтоўскую вулiцу й двары. У васелiцах тужлiва шумелi вольхi й вербалозы. Зьгiналi на могiльнiку пышныя чубы сёстры сосны, скрыпела пакалечанымi дрэвамi й злавесна гудзела Гаравацкая пушча, удужкi зь ветрам браўся на Гараватцы гiгант Архiп.
У Пракопавай хаце вясёлым буйным полымем трашчэў у печцы-бакавушцы сухi сасновы хвораст. На плiце варылася вада на зацiрку. Прымасьцiўшыся на зэдлiку, Мiкола абломваў хрусткiя сасновыя галiны, зьбiраў з падлогi iглiцу й кiдаў пад плiту. Полымя брала раптоўна, ярка асьвятляла змрочны пакой i людзей у куце пры стале. Медзьдзю аблiвалiся задуманыя змрочныя твары. Здавалася, што пазлазiлi яны з малюнку каторага рэнэсансавага мастака й застылi пад абразамi ў Пракопавай хаце. Полымя ўспыхвала зыркiм агнём i раптоўна малела.
Цень запанаваў ня толькi ў Пракопавай хаце. Цi адзiн селянiн пазiраў на сухi хвост кнута ў лямпе. Нафты на дне асталося столькi, што й камару ўтапiцца ў ей цяжка было-б. Хмарнелi твары пры згадках пра кiлямэтравай даўжынi чэргi пры гацкай краме-сельпо. I мала каго цешыла гэна бальшавiцкае выясьненьне: - Нафты няма? Ды не сьпяшыце, усяго хопiць. Пачакайце, справiмся!
Акупантавым самахвальствам хаты не асьветлiш. Надыходзiлi доўгiя вечары й жанчыны трывожылiся, што ўпацёмку нiчога не напрадзеш. Як кашаль хваробе, памагала iм тое бальшавiцкае 'пачакайце'.
Доўга зьзяла яркiмi вокнамi лiтоўская школа. Прывалаклi сюды электрычны рухавiк, паказвалi такiя фiльмы, як 'Ленiн в Октябре', 'Чапаев', 'Броненосец Потемкiн' i iншыя. Каб падкаваць людзей у 'палiтграмаце', ды навучыць чытаць i пiсаць 'паруску нiграматных', разы два на тыдзень лекцыi давалi. Прыяжджаў зь Лiпавiчаў палiтрук, часам i сам Маршалкаў заглядаў.
Пра гэта вось, аблакацiўшыся на стол напокуцi, гаварылi ў Пракопавай хаце Алесь, Пракоп i Янук. Пад трэск хворасту й шум ветру за вакном млява йшла гутарка.
- Ну гэтыя-ж пахатухi туды чаго? Што iм? - пытаўся Пракоп. - Яны-ж нi бэ, нi мэ...
- Ты гэта пра Аўдолю й Аксеню?