чарвяк з таго часу, як чужынцы падсеклi ягонае карэньне. Кажуць, што час ёсьць найлепшым лекарам. Праўда. Да вясны крыху зажыла душэўная Пракопава болька. Ды новыя падзеi зноў адбiралi роўнавагу, нярэдка бяссоньнiцай марылi. Намагаўся трымацца перад сынамi, ды болькi гэнай глыбака не схаваеш, Неасьцярожнае слова цi рух былi надта вымоўнымi.
Мiкола мяркаваў, што мужчыну ў бацькавых гадох жанчына патрэбна была ня толькi для гаспадаркi. Перад Бахмачом, як на добры лад, ляжаў яшчэ прастор жыцьця. Калi-б знайшоў сабе сабе добрую сяброўку, ды ня толькi бацьку раўнавагу вярнула-б, але й яму, Мiколу, вялiкi цяжар з плячэй звалiўся-б. А дзевак выбар цяпер быў вялiкi. i мо таму, што насьпелае сарвалася зь Мiколавага языка зусiм нечаканна, бязь нiякага папярэджаньня, аж уздыхнуў лягчэй. Стаяў i пазiраў на бацьку. Што-ж ён скажа?
- Ну знаiш што, Мiкола, нi час пра гэта цяперака, - сказаў Пракоп. - Нi палiце во дарма лучыну, спаць iдзiце. Можа калi пра гэта пагаворым.
'Ага. - падумаў сын, - значыцца нi сказаў наадрэз, што не. Дык можа яшчо што й будзiць з гэтага'.
Мiкола зiрнуў на Янука й той мiгам зразумеў ягоную думку.
- Спаць? Я яшчо во на сяло думаю. Ноч вялiкая, высплюся, - сказаў дзяцюк.
- Да каго-ж ты гэта?
- Недзiка некага знайду.
- Можа дзе самагонку знайдзiш?
- А чаму самагонку? Думаў, што можа дзяўчынай упiкнеш, ажно самагонкай, - усьмiхнуўся сын.
- Табе мусiць дзiўчаты ў галаве. Ат, iдзi, - махнуў Пракоп рукой.
Доўга качаўся ў пасьцелi й ня мог заснуць Янук. У галаве блыталася-крыжавалася павуцiньне думак. Неяк на днях, нечакана сустрэўшы Дуню, выплыла наверх новае й неспадзяванае: школа. Дзяўчына казала, што быццам у Гацях бальшавiкi школу маюць адкрываць i цi не жадаў-бы Янук пайсьцi й даведаццапра навуку.
Ад часу, калi нямоглы бацька здаў на ягоныя слабыя плечы гаспадарку, думкi пра навуку на заднi плян адыйшлi. Адно ў марах часам сябе на школьнай лаўцы бачыў. Былi калiсьцi мроi пра перамену. Цяпер-жа яна прыйшла. На лепшае цi на горшае? Прага да навукi не змалела. Кажуць Французы, што апэтыт падчас яды расьце, а Янукова прага да ведаў нiколi ня спыняла росту. Калi Дуня згадвала пра школьную лаўку, аж млосна зрабiлася. Варта было-б новы сьвет пазнаць.
Памкнуўся нешта Дунi сказаць, зьбянтэжыўся, зачырванеўся. Завязаўся мiж iмi нейкi, Януку ня зусiм зразумелы вузел. Дзяўчынiна блiзкасьць i непасрэднасьць зьвязвала яму язык, забiрала волю. Бянтэжылi хлапца дапытлiвыя й добразычлiвыя вочы-васiлькi.
- Нi... нi знаю. Сама ведаеш як у нас...
Абмiнаў дзяўчынiн зрок, баяўся, што ўсё на ягоным твары вычытае. З аднаго боку спанукала нешта, каб душу перад сяброўкай раскрыць. А што будзе, калi пачнеш скардзiцца ды сьлiнькай выглядаць будзеш? Трэба трымацца, мужным быць. Дуня спасьцерагла, як гарэў Янукоў твар.
- Што з табой, Янучок? Чаму ты як бурак чырвоны зрабiўся? Часта нi пазнаю цябе.
Васiлькi больш дапытлiва й глыбей у твар пазiралi.
- Нi пытайся.
Янук адвярнуўся й раптоўна адыйшоў. Спачатку ногi непаслухмяныя былi. Мо вярнуцца й расказаць? А пра што раскажа? Пра мазылi й цяжкую працу? Аж здрыгануўся пры думцы такой. Прыгадаў далёкi той час, калi дзяўчыну ў школу нi пушчаў. Яна-ж горшая была. - А чаму-ж горшая яна? - пагрозьлiва вырасла на лясной сьцежцы высокая постаць дзядзькi Захарука.
Нешта ў нутры пякло. Цяпер 'горшая' яму разам у школу iсьцi сулiла. Бачыш, як яно перавярнулася, зьмянiлася. Ды ў iх-жа цяпер у хаце дабра поўна, хоць i з камбеду нацяганага. А Пракоп Бахмач можа ў Сабакевiча на чорнай лiсьце запiсаны.
Ногi пайшлi раўней. Адно раз азiрнуўся. Дуня стаяла, сачыла за iм, мо спадзявалася, што вернецца.
На мяжы дрымоты, у той паласе, дзе смугой паволi зацягваецца сьведамасьць, прыгадалася тое нiкчэмнае зьбянтэжаньне. I зноў, здавалася, загарэўся чырваньню твар.
Вецер ацiхаў. Недзе на вулiцы пачулiся гулкiя, няроўныя галасы. Адзiн буянiў, iншы гарлапанiў нейкую няведамую 'частушку'. Вечарамi бальшавiкi да вясковых дзяўчат заглядалi й цяпер мусiць у Лiпавiчы вярталiся. Недзе прахапiўся й забрахаў Тапсiк.
Янук перавярнуўся на другi бок, глыбака ўдахнуў паветра й смачна пазяхнуў. Галасы за вокнамi ацiхлi ненадоўга. Мусiць iшлi iншыя, бо чуваць была гаворка. Тапсiк кiнуўся да весьнiчак i гулка забрахаў. Воддаль адклiкнуўся доктараў Мурзiк. Моцны дзёрзкi голас вылаяўся трохпавярховым матам. Гэта цi нi падбадзёрыла Янукова гадунца, бо аж заходзiўся ад браханьня. Гулкi стрэл скалануў паветра за вакном. Тапсiкаў голас раптоўна перамянiўся ў балючы енк, быццам душыўся сабака. Енк той, спачатку вельмi галасьлiвы, скора слабеў.
- Так тебе, подлец! - пачуўся за вакном грубы голас. I рогат.
Жахлiвая думка падарвала Янука з ложку. Кiнуўся да вакна й прылiп носам да сьцюдзёнай шыбiны. Празь нiзка абвiслыя галiны рабiнаў, што расьлi перад ганкам, спасьцярог дзьве вайсковыя постацi, што йшлi ў доктараў двор.
- Тата, мусiць бальшавiкi Тапсiка застрэлiлi! - крыкнуў трывожна Янук i кiнуўся ў дзьверы.
Поўнiк вызiраў з-за хмараў i, быццам хлапцу на помач, млявым рудым сьвятлом разрэдзiў гушчу цемры. Янук пабачыў двух бальшавiкоў ужо за лекаравай брамай. А пад плотам, дрыгаючы ўсiм целам, цяжка хроп залiтым крывёй горлам, душыўся ягоны найлепшы сябра. Хлапец прысеў перад iм, узяўся за вушы. У рудых поўзакрытых вачох гасьлi апошнiя iскрынкi жыцьця.
Недзе зь вялiкай глыбiнi, як шырокая разьлiўная рака, прыйшоў плач. Хлынуў раптоўна, набiраў моцы, трос усiм Януковым целам. Гарачыя сьлёзы залiлi вочы. Хлапец намагаўся зiрнуць сабаку ў рот. Едкi смурод пораху зьмяшаўся са сьвежай крывёй.
У Бахмачовым уяўленьнi ажыў маленькi, забаўны шчанючок, каторага некалi ад шляхцюка з Галавачоў прынёс. Шчанюк абрастаў доўгай рудой поўсьцю, вырас вялiкiм, разумным сабакам. Вось ён гэйсае з хлапцом па Гараватцы, забаўна падскаквае й шырокiм, чырвоным языком лiзнуць Янукоў твар намагаецца. Вось ён на балоце гадзюку абнюхаў. Тая ўстала пагрозьлiвай дугой, шыпiць, пружыцца, а сабака аж заходзiцца браханьнем, як звар'яцелы мох дзярэ. Вось ён гаўкае на ваверку на хвоi ў Гаравацкай пушчы, лапамi разграбае нарасьць над магiльным камянём паўстанцаў, гонiць кароў, або тулiцца да яго ў цяньку бярозы на хутары Лазоўскага. Такога разумнага сабакi мусiць на сьвеце ня было.
Нiколi ўжо не зазьзяюць неабдымнай радасьцю пры сустрэчы з гаспадаром гэтыя любыя вочы, нiколi ня будуць бегаць зь iм па родных гонях i лясох гэтыя касматыя лапы й не махне забаўна на прывiтаньне даўгi пушысты хвост. У нябыт адплыла часьць Януковага сьвету. Хлапец падняў галаву й зiрнуў на бронзавы месяц. Вецер мусiць добра падмёў неба й сам на заслужаны адпачынак пайшоў. Месяц пазiраў на лiтоўскую лагчыну з поўнай сваей маестатычнай велiчы. Празь сьлёзы начны прыгажун крывiўся й мiтусiўся.
У адной кашулёнцы й споднiках, Янук зусiм не адчуваў сьцюжы. Нястрыманы плач калацiў грудзьмi й хлапец не спасьцярог за плячмi людзей, адно галасы пачуў. Нечая рука лягла на плячо.
- Лепi йдзi ў хату, бо прастынiш, - ласкава сказаў бацька.
Янук азiрнуўся. Побач бацькi, ззаду стаяў доктараў Стась i Мiкола.
- Дык гэта-ж, каб яго халера, забiў мусiць-ткi, - гаварыў Стась. - А каб на яго гром, каб яго зiмля нi насiла! Хто гэта?
Янук устаў, зiрнуў на сябру.
- Хто-ж... Бальшавiк пракляты!
- Байцы?
- Яны.
- От-жа нячысьцiкi, каб iх зiмля нi насiла! Такога добрага сабаку забiлi, - сьцьвердзiў доктараў сын.
Гэткi Стасеў камэнтар выклiкаў у Янука новую хвалю плачу й стрымаўся адно тады, як бацька за плячо страсануў.
- Кажу, нi стаi голы на дварэ, бо прастынiш. Мала бяды? Трэба было на прывязi дзiржаць!
- А што з сабакам рабiць?
- Ды што-ж... iдзi во спаць, заўтра закапаеш.
Пра закопваньне Янук i ня думаў. Цяпер слова гэна станула перад iм у поўнай сваей брыдоце. Бачыў