Дрыжэў селянiнаў твар i ў вадзiн момант, калi, здавалася, цярплiвасьць ягоная скончылася, адкiнуў палу сярмягi ззаду й зьдзеклiвым голасам сказаў: - Калi нi было савету, ня вiдзiў азадак сьвету, а як прыйшоў савет, дык увiдзiў азадак сьвет.
З-пад адхiленай палы сярмягi запраўды пазiраў на сьвятло дзённае празь вялiкiя дзiркi ў портках голы азадак.
Гэты зручны трык выклiкаў гром сьмеху. Бальшавiцкi афiцр пачырванеў, пачаў злосна лаяць селянiна й зараз паклiкаў 'рэбят' у шапках з малiнавымi аколышкамi, каторыя пацягнулi вынаходлiвага дзядзьку ў НКВД. Выпадак стаўся публiчнай антысавецкай дэманстрацыяй. Казалi ў Лiтоўцах, што падзея адбылася на рынку ў Докшыцах, некаторыя называлi навет сьмелага дзядзьку. Адылi пра падобны выпадак апавядалi i ў iншых мясцовасьцях акупаванае краiны.
Быў i яшчэ адзiн факт першакляснага значэньня, што паглыбляў пропасьць мiж 'вызвольнiкамi' й мясцовымi: як i раней, на замку стаяла калiшняя польска-савецкая мяжа, адно на зьмену зьненавiджанаму КОП'у прыйшла бальшавiцкая ахова з сабакамi.
- Чаму нi адчынiлi гранiцу? - пыталiся людзi. - Хвалiце дабро сваё, рай там нейкi, а паказаць мусiць баiцеся?
Акупанты тлумачылi, што ў Заходняй Беларусi, каторая пад акупацыяй 'панскай Польшы' была, аж кiшэла ад шпiёнаў, дывэрсанатаў i непажаданага элемэнту, што мог-бы, калi-б адчынiць мяжу, перабрацца на той бок i цiмала шкоды нарабiць 'гасударству' нарабiць. Але здаровы сялянскi розум браў афiцыйнае тлумачэньне на войстры зуб. Калi-ж вы, такiя нашы любыя браты, хочаце нас да сваiх родных, у тым лiку й бацькоўскiх Сталiнавых грудзей прытулiць, дык цi-ж вам якая дробная агэнтурная мошка замiнае? Чаму-ж такая сiла, як ваша, ды мае такой дробязi баяцца?
Асаблiва ўстрывожылiся тыя, каторыя радню ў Расеi мелi. Чакалi, што пасьля даўгой, штучнай разлукi вернуцца нарэшце дамоў родныя. Адылi незагойная рана на жывым народным целе, каторую некалi ў Рызе бальшавiцкiя й польскiя акупанты зрабiлi, крывавiлася далей. I сыпалася на яе маскоўская соль.
16
У гэну ранiцу прыгрэла крыху млявае ўжо сонца, аж дзед Якуб на прызбу вылез. Сядзеў, ссаў люльку, у пясок паплёўваў. Дзесьцi пад балотам гула малатарня, ля школы чуваць быў гоман дзяцей, лянiва зьвягаў у Пiлiпавым дварэ сабака. Пуставала Якубава хата. Нявестка дзесь упрочкi выбралася, а Васiль некаму падлогу клаў, цi хату апраўляў. Сачыў Якуб апошнiя ўздрыгi залатой восенi й мяркаваў што добрага цi што дрэннага прынясе зiма. З Рыгоравай варыўнi далятаў глухi гул жорнаў. Зь Пiлiпавага двору паказаўся Антось Дзяркач. Прычынiў весьнiчкi, стрымаўся, зiрнуў у вадзiн бок i другi бок вулiцы ды, спасьцярогшы дзеда, весела засьвiстаў i зусiм бяз посьпеху накiраваўся да Якубавай хаты.
- Здароў, дзед Якуб, - гукнуў на прывiтаньне.
- Здароў, Антось, - адказаў дзед. - Адкуль гэта й куды цябе гонiць?
- Нiкуды ня гонiць, да Пiлiпа забегся во.
Дзяцюк прысеў на прызьбе, плюнуў у пясок i неадлучнай бярозавай палкай пачаў 'сарокам кашку мяшаць'.
- Боты надумаўся пашыць, цi што?
- Эт, якiя там боты, - махнуў рукой Антось, - цяперака во Пiтуху, Шпунту цi Сабакевiчу боты шыiць, а нi нам, бiдалагам.
- Нешта-ж во да цябе гэты шпуньцiк, каб яго макарэц, учашчаць пачаў, кажуць, - гаварыў Якуб. - Праўда гэта цi не?
- Чаму-ж... заглядаiць...
- А што-ж яму трэба? Цi гэта ён думаiць, што ты там каля школы напэцкаў?
- Алi ты, дзед, цiкавы, - хiтра ўсьмiхнуўся Дзяркач. - Скора састарэiшся, хы-хэ-хэ...
Антось так раптоўна й голасна зрагатаў, што зь цiкавасьцi аж выпрасталi шыi й паднялi высака галовы ля тыну куры.
- Ты Антось, зь мяне ня кпi, - з дакорам адказаў дзед.
- Прычапiўся як смала, цьфу на цябе! - пачаў сур'ёзна Антось. - У твайго бацькi, кажа, i ў цябе краска ёсьцiка, вы вокны майструеце, дык вы й напэцкалi. А калi ня вы, дык той, хто ад вас краску браў. Надта-ж упякло яму. Я гэтак сьцярпеў раз i другi раз, ажно яму ўходу нiма. Дык я тады яму гэтак кажу: iдзi, кажу, лепi пастарайся загнаць каторай дзеўцы сваю загагулiну, бо дзiцюкоў Палякi прыбралi, дык дзеўкам чэшацца. А ён як азьвярэў, начальнiк вялiкi, дык Божа ты мой мiлы! Паўгадзiны кiпеў, сукiн сын. Я вам пакажу, кажа, якi начальнiк я цяперака! Я вас у ын-ка-вэ-дэ, от як! Чуў ты яго? I хто-ж гэта, ён думаiць, ён ёсьць? Панскi атопак, пры Польшчы паном служыў, а цяперака во гэтай брыдзе... Дык чорт цябе бяры, жывi як хочаш, рабi што хочаш, думаю сабе, алi чэсных людзей нi чапай. Дык дзе там! Прылiп i нi адчэпiцца, сукiн сын!
Антось злосна плюнуў у пясок i канцом кiя добра працаваў, каб сарокi галодныя ня былi.
- Дык гэта ён да цябе толька таму, што вы майструiце й краску маiце?
- Ну а чаму-ж?
- Падумаўшы, дык чорт яго бацьку знаiць... краска мала ў каго ёсьць. Алi калi такiмi сьлядамi йсьцi, дык макарэц яго...
- Я табе, дзед, скажу, што з гэтым бязьменам жарцiкаў нiма. Ён плёскаiць-ляпаiць, а глядзi й мiлiцыю навядзець. А тады што?
- Чаму-ж не, яму-ж воля... Ну алi-ж ты, Антось, мусiць i ад мяне ўкрываiш, - хiтра зазьзялi дзедавы вочкi. - Людзi-ж гавораць. Нiма дыму бiз агня...
- Алi-ж ты, дзед, цiкавы. Кажу, што скора састарэiшся, як замнога знаць будзiш. Га-га-га!
Антось голасна зарагатаў. Хiтрун зьмянiў тон i мову й хiба надта дасьведчаны, добра ведаючы яго чалавек мог спанатрыць калi Антось праўду гаварыў.
- Скажу табе, дзед, пад сакрэтам, - нахiлiўся Антось да дзедава вуха, толька глядзi, каб нiкому анi гу-гу. Згода?
- Ты-ж знаiш мяне. Нашто пытаiшся? - з дакорам адказаў Якуб.
- Ну дык от, скажу сакрэт: я гэну самую паскуду Лявону падлажыў. Га-га-га! - голасна зарагатаў дзяцюк.
Дзед уважна зiрнуў на яго.
- Цi ня кпiш ты зь мяне, сынок?
- Дадушы, яй-Богу! - стукнуў Антось кулаком у грудзi.
- А чаму ты так зрабiў? - сур'ёзна спытаўся Якуб.
- Ну от табе й на! Сказаў адзiн сакрэт дык ты, дзед, яшчо болi знаць хочыш.
- Гэта ў вас цi нi за дзяўчыну некалi пашло? - прадаўжаў дзед.
Гэтта Антось зiрнуў на дзеда войстра, з дакорам у вачох, быццам яго раптоўна нешта пеканула. Дзед зразумеў.
- Ну ладна. Я яго, каб яго макарэц, гэтага ханжу сам нi магу цярпець. Дык тое, што тут гаварылася, мiж намi...
- Ат, - махнуў Антось рукой, - такая важнасьць. Сьветак нi было. Нiхай думаiць што хочыць.
Дзяцюк загледзеўся на Тахвiлiна гумно. Уверсе плаўна кружыў коршун. Ён камянем упаў унiз i з таго месца пырхнула грамада галубоў. Пiльнае Антосева вока асачыла дзяруна, калi гарызантальна, iз шпаркiмi ўзмахамi крыльляў праляцеў над плотам уздоўж Тахвiлiнага саду й скрыўся за вiшнёвай гушчай. З таго боку крычэлi патрывожаныя куры.
- Хапiў, баньдзюга!
- Ты пра каго гэта? - спытаў дзед.
- Каршун ля Тахвiлiнага гумна галуба схапiў.
З-за балота прыкацiўся гул цягнiка. Недзе ля пераезду загудзеў паравоз. Сiпавата-басiсты, з дамешкай хрыпаты гук. Быццам нехта ў дзьве вялiзныя пляшкi дзьмухаў. Чыгунку акупанты пашырылi адразу. Цяпер даўгiя эшалёны танкаў, гарматаў i iншага ваеннага багацьця цягнулася на захад.
- Ну як i загудзiць-жа такi паравоз, дык ажно лыткi дрыжаць, сэрца недзiка ў пяткi ўцiкаiць, - дзiвiўся доктараў Стась, - нагледзеўшыся паравозаўi ўволю наслухаўшыся таго гудзеньня ў Гацях. Дзецi налётам тарчэлi пры чыгунцы 'маскоўскiя паязды' аглядаць. - Надта-ж, надта вялiкi той паравоз маскоўскi, - казаў Стась, - а на самым перадзе дык у яго чырвоная зорка. Ён можа польскiя малыя тры могбы папхнуць, ня здужалi-б аднаго. Як чмыхне, дык чмыхне, от-жа й сiла!
- Што ў Пiлiпа чуваць? - спытаў дзед Антося.