- Казаў, што скора зямлю дзялiць будуць i галасаваць будзiм.
- Гэта ўжо старое.
- Казаў Пiлiп, што гэта Аксеня ягоная цяперака саўсiм сьвежую навiну прынесла. Адно толька нiвядома калi тое 'скора' будзiць.
- Даберуцца во. Куды iм сьпяшыць, можа людзей яшчо нi паабiралi. А што пра паноў i асаднiкаў?
- Гэтым, кажуць, на Сiбiры колькi хочаш месца. Вывозiць будуць.
- Вывозiць, кажаш? Як гэта вывозiць? Сем'ямi, цi як?
- Хто iх ведаiць... гэтага нi кажуць. Алi гэттака сакрэту нiма, што паедуць дык паедуць. Усе бальшавiкi так кажуць, як у вадну дудку ўсiроўна, мяшаў Антось далей сарокам кашу.
- Цi-ж гэта iм пяршына, - уздыхнуў дзед. - Гэта-ж як за маей памяцi... калi нi аднаго дык другога, а ўсё ў тую праклятую Сiбiр, каб яна скрозь зямлю правалiлася. Самому мне прышлося...
Дзед выстукаў зь люлькi табаку, напакаваў сьвежай i прыкурыў.
- А ў каго гэта сягоньнiка малоцяць?
- Ды ў Бурака-ж, у каго яшчо... Казалi, што на днi тры цi нi зьбярэцца.
- Цябе ня клiкаў?
- Не. Алi трэба будзiць зайсьцiся паглядзець.
- От гэтым цяперака раздольле. Сын - начальнiкам, а ў бацькi ад дабра аж пiралiваiцца.
- Стары жмiнда надта-ж прагавiты. Цяперака яшчо можа Косьцiкавай рукой будзiць пробаваць разжыцца. А во, як на лёгкi памiн, абодвы цацы, - ажывiўся Дзяркач, перастаў 'сарокам кашу мяшаць' i паказаў кiем у бок клецi малодшага Пятуха. На самакатах наблiжалiся дзьве ведамыя фiгуры.
- Гэта-ж хто, цi ня гэтыя? - спытаў дзед. - Я нi давiджу так далёка.
- Яны-ж, Косьцiк i Лявон. Па 'гасударсьцьвiнных дзiлах' мусiць, скрывiўся дзяцюк. - Пiльныя дзялiшкi. Бацька з наймiтамi малоцiць, а сын бiбiкi зьбiваiць. Начальнiк! Скончылася экспла... як гэта яны, чэрцi, называюць яе? - эксплатацыя чалавека чалавекам. Га-га-га!
Самакаты спынiлiся ля прызбы.
- Здрасьця, таварышчы, - гукнуў Сабакевiч. - Як жывяце?
Касавурычыся на Антося, Лявон нешта буркнуў сабе пад носам.
- Гэта ты, сынок, мяне ўжо таварышам вялiчаiш, га? - спытаў дзед Косьцiка.
- Пiрад савецкай родзiнай i правiцiльствам ды камунiсьцiчаскай парцiяй усе мы таварышы, - адцяў Косьцiк i фанабэрыста пазiраў на дзеда й маўклiвага Антося.
- Нiколi i ў галаву мне нi прышло, хто мне таварышам будзiць, скрывiўся дзед.
Косьцiк быў апрануты ў даматканы сiвы паўсуконны пiнжак, зялёную вайсковую кашулю, сiнiя галiфэ порткi й скураныя вайсковыя боты. З-пад пiнжака выглядала кабура з пiсталетам. Лявон мусiць ня прыдбаў яшчэ нiчога з савецкай вопраткi, бо апрануў падношаныя цёмныя порткi, чаравiкi, а белая расшпiленая кашуля выглядала з-пад сьвяточнага пiнжака.
- Што добрага чуваць, таварышы? - прадаўжаў Косьцiк.
- Ды нiчога, - адказаў Якуб. - Ад вас во трэба пачуць што было-б. Вам-жа цяперака вiдней.
- Пачуiш, дзед, пачуiш так многа, што на вяку сваiм можа ня чуў. Дзяржыся толька, многа новага будзiць.
Задзiрлiвасьць, самалюбства й пагроза гучэлi ў Косьцiкавых словах. Гэтак мог гаварыць чалавек, што нарэшце на нейкую вяршыню ўсьпялiўся, гаспадаром-валадаром стаў. Антось i Лявон маўчалi. Незадаваленьне такой сустрэчай вiдаць было ў iхных позiрках.
- Ну нам некада, - буркнуў Косьцiк. - Другiм разам, пака...
- Куды-ж iх пагнала? - спытаў дзед.
- Чорт iх знаiць. Ужо, вiдаць, пацягнулi недзе, басякi...
17
На палiцы ў куце хлiпала млявае полымя каганца. Роўна й мерна гулi жорны. Потам залiвала Пракопавы вочы й спружынiлiся мускулы правай рукi. Левай даланёй Пракоп выцiраў пот i намагаўся трымаць тэмпа. Роўна цiснуў на ручку жорнаў. Гэтак найлягчэй. Адно запаволь напор i тады куды цяжэй надрабляць. Часам зьмяняў Пракоп руку, але левая хутка слабела. Менш да цяжкой працы прывучаная, дый бок пачынаў ныць у тым месцы, што некалi ад Адасевых рук на 'панствовым пастарунку' пацярпела.
Ноздры спацеўшага носу ўцягвалi жыцьцядайны пах падпражанага меленага аўса, апэтытнае ўяўленьне ўжо лашчыла прынадную аўсянку, што заўтра жоўтай гушчай запрашальна на Пракопавым стале стане. Да таго дойдзе мо сьвежы журавiнны кiсель i вось забясьпечыцца цэлая посная пятнiца.
Левая рука брала за сявенькi цёплы яшчэ, падсушаны ў печы авёс i насыпала ў жорны. На сьцяне варыўнi матляўся аграмадны пачварны цень. Быццам гiгант, засланяў ён амаль усю сьцяну, што над катухам з бульбай, борзда сьпяшыў у кут, дзе пераломваўся i ўжо над кадушкай, што стаяла блiзу дзьвярэй i насычала паветра пахам сьвежа-квашанай капусты, цень зьнiкаў у цемры. Але вось ён зноў вынырнуў адтуль-пераломваўся ў куце й на часiну ўжо выразным гiгантам затрымлiваўся над катухом з бульбай, каб пачаць папярэднюю вандроўку.
Вялiчынёй як добраму кату пралезьцi, ваконца асьвятляла крыху варыўню адно ранiцай. Малым яго наўмысна зрабiлi. Было-б большае, пiльнуй тады зладзеяў. Лучыну ў варыўнi палiць небясьпечна. Глядзiш, пырсьне iскрой ўбок, займецца полымем павуцiна й шукай тады ратунку. А каганцова полымя. якое параўнаў-бы Пракоп да кацiнага вочка, зьядала апошнiя кроплi цэннае нафты. Пры такой думцы млосна рабiлася. Учора Мiкола калеў у Гацях тры гадзiны ў чарзе за нафтай i вярнуўся дахаты з пустой лiтроўкай. Поўбяды было-б, калi-б жорны не спатрэбiлiся. Выглядала, што ня толькi аўсянку, але й зярно на хлеб саматугам трэба малоць будзе. Учора Сявенька вярныўся з млыну ў Докшыцах i прывез надта няцiкавыя навiны. Сяляне чакалi ў чарзе па два-тры днi.
- Засыпаюць казённае, ну а ты чакай. Алi што-ж маюць рабiць, людцы добрыя? - апавядаў Сявенька крыўдна-дрыжачым голасам. - От i чакаюць, на вазох сьпяць, каб наперад хто нi пiралез. Я табе, Пракопка, кажу, каб я з гэтага месца нi зышоў, такога яшчо ня вiдзiў. Жыда ўжо мусiць пагналi, а на яго месца нейкага савецкага басяка паставiлi, паруску гаворыць. Чорт яго басячыну бацьку знаiць адкуль ён. Гарэлкай залiўшыся, iдзець дык ад яго на сажнi тры як ад броварнай сьмярдзючай бочкi нясець. От ты да яго й падступiся. Гэта каб знаў, як каторыя другiя пранюхалi, дык самагонкi лiтроўку купiў i з сабой узяў-бы. Каторыя так робяць, дык iм першая рука. А рэшта - стаi ў непагадзi, зябнi да касьцей, галодна... што яму, басяку... Некаторыя, што гарэлкi нi прывязьлi, спрабавалi нейкага права даходзiць, ведаеш. Дык як ашчэрыўся, п'янюга! Я вам iцi вашу маць, кажа, кулакi, буржуi й падкулачнiкi, сiчас зламлю вашы буржуйскiя рогi! Вон атсюдава! Госпадзi мой, ня вiдзiць лепей такога! Бокам мне гэтыя мяхi зь зярном вылiзьлi, каб яму прагавiтае на гарэлку горла, нячысьцiку, залажыла. Думаю сабе: сядзеў-бы я лепi дома, круцiў-бы памалу жорны й окэй, здаравейшы быў-бы. Млiва мне гэта бокам вылiзiць. Жарцiкi, так празяб i прагаладаўся. Хоць ты сядзь ды плач, дажылiся, называецца... Сваё, казаў той, цяжкiм потам запрацаванае, спажыць ня маеш як. I даходзь ты дзе якога права...
У змрочнай варыўнi спацелы да паясьнiцы Пракоп, няспынна налягаючы на жорны, зноў i зноў сустракаў назойлiвы вобраз пакрыўджанага Сявенькi. У старога Амэрыканца сьлёзы на вочы пры апавяданьнi набеглi. Жах Пракопа браў. Гэтта да папярэдняй няшчымнiцы, што вечна ў хаце падчас польскае акупацыi панавала, далучылася зусiм нешта новае, чаго яшчэ зусiм дакладна вызначыць ня мог. Да ўлады дабралася свая, дый, згодна апошнiх вестак, савецкая басота. 'I даходзь ты якога права... свайго, цяжкiм потам запрацаванага, спажыць няма як', - гучэлi пагрозьлiва Сявенькавы словы. Што гэта такое творыцца? Зьверху адны абяцанкi, рай, маўляў той Маршалкаў, на зямлi настане. Каб вам гэтыя абяцанкi бокам...
Пры жорнах днямi й тыднямi трэба будзе папацецьць. Нiкога не падпражэш. Дзецi вунь думалi, што лёганька гэта. Узяўся Янук. Якi-ж зь работнiк, адкуль у яго сiла тая. Ды яшчэ па Тапсiку прыйсьцi да раўнавагi ня можа. Круцiў, круцiў, задыхаўся, зьнямогся. Мiколава здароўе слабое. Яму хатняй гаспадаркi хапае. Дык вось напiрай сам. Калi-б на тым пастарунку за Паўлюковага басяка сярэдзiны нi адбiлi, што яму такiя жорны змагчы... круцiў-бы, пасьвiстываючы.
Гэтак заварожаны горкiмi думкамi пра мiзэрны быт, роўна трымаў Пракоп тэмпа. Жорнава камень гудзеў раўнамерна й грыз ня толькi падсушаны ў печы авёс, але й горкiмi прадчуваньнямi цёмнага й няведамага цёр, быццам тое зярно, макулiнкi нейкiх Пракопавых спадзяваньняў на лепшае.
Зьнекуль шырака хлынула сьвежае паветра й зусiм прылягло й плоскiм зрабiлася, ледзь-ледзь не пагасла на маленькiм кнаце каганца млявае полымя. Пракоп левай рукой згроб назад спацелыя раськiданыя