валосы, падняў вочы й спасьцярог у шырака рашчыненых дзьвярох тых двух, пра каторых цэлы час дрэннае згадваў. Спынiлася й моцна сьцiснула ручку жорнаў Пракопава рука. Ад нечаканасьцi такой непажаданай сустрэчы паленам зацьвярдзеў у роце язык.

Тыя доўга стаялi моўчкi. Нейкая нявыразная ўсьмешка блудзiла на Косьцiкавым твары.

- Iш ты яго, як расхадзiўся! - кiнуў Сабакевiч пераз плячо да Лявона.

Ззаду за камунiстамi спасьцярог Пракоп яснавалосую Янукову чупрыну. I згадаў, што добрыя людзi, чалавека пры працы сустрэўшы, 'Божа памажы' казалi. Гэты-ж Ромкаў гаспадар кiнуў тыя iранiчныя словы зь яхiднай усьмешкай на вуснах. I ўсьмешачка тая, таму што ледзь заўважная, скрытая, больш колкай здавалася.

- Так, расхадзiўся! Мельнiцу сваю на ўсю йванаўскую разагнаў! - голасна падхапiў ззаду Шпунт.

- Здрасьця, таварыш Бахмач! - наўмысна голасна гукнуў Косьцiк. - Мелiш?

Пракоп падыйшоў да дзьвярэй i спынiўся пару крокаў ад парогу.

- Здароў Косьцiк, Лявон. Як маецеся?

- Чуеш? - сказаў Косьцiк Лявону, - пытаецца як маемся...

- Ага, хочыць знаць як маемся, - малпаваў Косьцiка Лявон.

- Сiчас я табе ня Косьцiк, а Канстанцiн Паўлавiч Бурак! Панiмаеш?! адказаў зь няпрыхаванай пагрозай у голасе Сабакевiч.

Пракоп зьбянтэжыўся. Нядобрае прадчуваў. Цi не наважылiся, паўзуны, зь яго пазьдзекавацца?

- Што вам трэба? - спытаў суха.

- Чуiш, таварыш Шпунт? Таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба, яхiдная ўхмылка скрывiла Косьцiкаў твар.

- Чую, таварыш упылнамочаны, - згадзiўся Лявон, - таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба. Iзьвесна...

Пракоп спасьцярог, што дзяцюкi былi добра выпiўшы. Можа якраз гарэлка штурханула iх на такую кусьлiвую гутарку. Прыказка-ж кажа: што ў цьвярозага на розуме, тое ў п'янага на языку. Гэтта-ж важнай была ня так тэма гутаркi, гэтак як адносiны гэтых двух паўзуноў да яго. Разглядалi Пракопа, як нейкую жывёлiну ў заапарку.

- Мелiш, спрашываю? - падняў Сабакевiч голас.

- Ну што-ж... сам вiдзiш, нi хаваюся...

- А хто табе разрашыў малоць? - дзёрзка спытаў Косьцiк.

- Як гэта? - зь няўцямнасьцю спытаў Пракоп. - Гэта яшчо каго пытацца трэба?

- Ну а чаму-ж не? Ну а каб прышоў, прымерна, мяне спрасiў. Язык табе адсох-бы, цi што?

У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам 'народнае ўлады'. Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.

- Гэта што, закон такi? - здабыўся на адвагу Пракоп.

- Як я скажу, так i закон! Панiмаiш?

- Га? Во гэтага я ня ведаў...

- Ты чуiш, таварыш Шпунт? Гэтага ён ня ведаў, - сказаў Косьцiк.

- Чую, таварышч упылнамочаны, гэтага таварышч Бахмач ня ведаў, паўтарыў калiшнi драгомiшч.

- От нiблагадарны чалавек! - выбухнуў Косьцiк, зiрнуўшы перш на Пракопа, пасьля на Лявона й барэшце на Янука. - Прышла народная ўласьць, стала быць... рабоча-крысьцiянская, наша собсьцьвiнная. Чалавек першы раз у жыцьцi свабоду палучыў. Ты панiмаiш, таварыш Шпунт? Першы раз у жызьнi палучыў чалавек свабоду, паўтараю: сва-бо-ду! Так заместа паблагадарыць тым людзям, каторыя за гэту свабоду, што ён робiць? Спрашываю цябе: што ён робiць? Знаiць-жа чалавек, што сiчас пры ўласьцi свае людзi, значыцца тыя, каторыя для ягонага блага работаюць. Яму-ж цяпер ужо ня трэба баяцца паноў, асаднiкаў, другiх белапольскiх эксплуататараў. Свае-ж людзi пры ўласьцi. Панiмаеш? - выставiў Косьцiк указальны палец на Лявона. - I знаiць-жа чалавек, што цяпер ужо ня трэба аб жызьнi забоцiцца. Усяго хватаiць. А як чаго нету, дык да каго нужна абрацiцца? Га? - спрашываю цябе, - да каго? Ну ясна, да сваей уласьцi!

- Верна, - згадзiўся Лявон.

- Слышыш, таварыш Бахмач? Да каго абрацiцца нужна?

Пракоп нявыразна нешта буркнуў пад носам.

- Дык ты чаму-ж да нас нi прышоў, чаму нам нi сказаў, што таварышчы, мол так i так, у тым i ў тым у мяне нужда ёсьць, памажыце... Э-гээ, як то так можна? - запаволiў Косьцiк тэмпа.

Янук пазiраў на тое тучнае, чырвонае Косьцiкава мурло, то на дрыжачага, моцна церпячага ад гэтай зьдзеклiва-насьмешлiвай гутаркi бацьку. Каб быў дужы, каб мог схапiць i змагчы гэтых двух басякоў...

- Дык уместа таго, штоб ён да нас прышоў, пасаветаваўся й помашчы папрасiў, дык не, мы гэта далжны аб iм забоцiцца. Сядзiм, значыць i думаем: як гэта наш таварыш Пракоп там пажываiць, ня нужна лi яму чаго-нiбудзь... Iш ты, якi нiблагадарны! - махаў Сабакевiч Пракопу ля спацелага твару пальцам i прамаўляў тонам, якiм дакараюць дзяцей.

- Нiблагадарны, гэ-гэ! - згадзiўся Лявон.

- Ну эта, прымерна, было-б прасьцiцельна, есьлi-б гэта ня мой друг так зрабiў. Ато хто-ж гэта так зрабiў? Ды нiхто другой, як мой лучшы друг Пракоп Бахмач, людзi добрыя! Да, он сам! Гэ-гэ! - зьдзекваўся Косьцiк.

- Ну да, лепшы друг, - згадзiўся Лявон.

- Да разьве ты ня помнiш, таварыш Бахмач, як ты мяне ў сваiм гумне прыхiнуў, на кладнi начлег даў? Як патом цябе белапольская палiцыя цягала, га?

Хвiлiна маўчаньня трывала доўга. Недзе над Гараваткай усхадзiлiся вароны, у Лiпавiчах гудзеў трактар. Па чарзе, быццам моцна пакрыўджаны, Косьцiк пазiраў на людзей. Янук глядзеў унiз. Накачвалiся сьлёзы. Ужо колькi раз пазiраў на вiлы, што ў застаронку стаяi. У выпадку чаго, дык... Страшна падумаць было.

- Ты-ж за мяне,таварыш Бахмач, страдаў. Панiмаiш?

- Верна, савяршэнна верна, таварыш упылнамо... - вярзiў Лявон.

- Ну так от. Есьлi ты так пастрадаў за нас, каторыя за савецкую ўласьць баролiся, так зачэм сiчас ты такi няблагадарны тым людзям, так сказаць, што пры ўласьцi, каторыя табе памагчы хочуць? Э-гэ, што-ж гэта такое, спрашываю я вас таварышчы?

Зноў Косьцiк у вельмi пакрыўджанага ператварыўся.

- Апяць хачу спрасiць цябе, таварыш Бахмач, чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Га? Пачаму?

Пракоп маўчаў.

- Спрашываю, ну атвiчай-жа! Языка нi маеш, цi што?

- А можа й нi маiць? - усьмiхнуўся Лявон.

Косьцiк стрэлiў ў Лявона дакорлiвым позiркам.

- Ну, таварыш Бахмач, скажы чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Да разьве, есьлi-б ты запiсаўся, мукi мала было-б табе? Зачэм-жа тады малоць?

- Я чужога нi хачу, - цьвёрда сказаў Пракоп.

Дзяцюкi цяпер пазiралi адзiн на аднаго ды на Пракопа з такой няўцямнасьцю, быццам-бы пачулi, што Лiтоўцы маюць зараз пад зямлю правалiцца.

- Э-гэ! - сьвiснуў Сабакевiч. - Ты слышыш, таварыш Шпунт? Слышыш, што сказаў?

- Чую, чаму-ж не...

- Ён сказаў, што чужога ня хочыць, пераказваў, быццам вялiкую тайну, прыцiскаючы й зьдзекваючыся з кажнага слова Сабакевiч.

- Так верна, - згадзiўся Лявон. - Таварышч Бахмач кажыць, што чужога ня хочыць.

- Якое гэта чужое, ты iдзiёт? - раўнуў Косьцiк.

Пракоп, цяпер ўжо не на жарты перапалоханы, адступiў крок назад. Косьцiк наблiзiўся, дыхаў алькагольным гарам у твар. Ён пачаў цiхiм, сiпатым зьмяiным голасам, так што ледзь чуваць было. Голас набiраў моцы.

- Сам таварыш Ленiн када-то сказаў: граб награбленае! Да! Таварыш Ленiн так i сказаў. А ты, дзiравенскi iдзiёт, думаiш, што ты мудрэй Ленiна, га? Спрашываю цябе! Ты ня хочаш чужога? Якога гэта

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату