У голасе жанчыны адчувалася трывога ня толькi за сваiх, але за ўсю вёску. Камiсар не сьпяшаўся. Ён паволi агледзiў прысутных. У шматлiкiх вачох прачытаў вялiкую цiкавасьць.
- Як вам ведама, сыноў вашых, братоў, мужоў i бацькоў забралi польскiя памешчыкi, асаднiкi й розная буржуазiя, каб яны пралiвалi за iх сваю кроў, каб ваявалi за iнтарэсы чужыя для сялян i рабочых, каб мець пушачнае мяса для вайны, якую яны самi-ж, значыцца белапольская буржуазiя, распачалi. Яны, канешне, груба памылiлiся й вайну прайгралi. Як пэўне вам таксама ведама, Савецкi Саюз мае дагавор дружбы зь Вялiкай Германiяй. З гэтага выходзiць, што Савецкi Саюз i лiчна Iосiф Вiсарыёнавiч Сталiн ня толькi пастараюцца вярнуць дамоў вашых змабiлiзаваных землякоў у найкарацейшы срок, але й тое, што наш саюзьнiк - Вялiкая Германiя - пойдзе нам на руку. Гэта адносiцца тых з вашых, каторыя папалiся ў плен да германцаў. Калi-ж iдзе пра тых, што злажылi аружжа нашай Чырвонай Армii, тут дзела выглядае яшчэ лепш. Iх распусьцяць дамоў неадкладна. I ў адным, i ў другiм выпадку - магу вас запэўнiць - сам таварышч Сталiн паклапоцiцца, каб землякi вашы скора дамоў вярнулiся.
- А як-бы гэта, таварыш камiсар, каб даведацца дзе яны цяпер? - зноў пыталася Вульляна. - Можа-б вы памаглi?
- Гэта можна, - згадзiўся бальшавiк. На твары ягоным зьявiлася наiўная дзiцячая ўсьмешка, што быццам гаварыла: 'Ну што-ж ты, баба, ня ведаеш, як гэта лёгка? Вунь узяў ды сьвiснуў i ўжо гатова, сыны-галубкi твае заўтра дома будуць.'
- Да, гэта можна, - паўтарыў Маршалкаў. - Зрабiце сьпiс усiх мабiлiзаваных i перадайце мне лiчна ў рукi, а я ўжо аб гэтым паклапачуся.
Ня толькi Вульляна, але шмат iншых лiтоўскiх з палёгкай уздыхнула пасьля такога важнага адказу ад гэткага высокага бальшавiцкага начальнiка. Цi ў ваднэй галаве пажадальныя мроi ўзялiся ўжо маляваць вобразы мiлых блiзкiх сустрэчаў.
Устаў Захарук, пакруцiў свой рыжы вус, зiрнуў на бакi й тады зьвярнуўся да новае ўлады.
- Як гэта, таварыш камiсар, скажыце нам, цяперака новыя парадкi будуць? Найболi нас цiкавiць зiмля. Хто маiць мала зямлi, дык цi яму дадуць яшчо болi, цi не? Адным словам, так сказаць, якая цяперака гаспадарка пачнецца?
- Вы гэта па зямельнаму пытаньню?
- Ага.
- Ну гэта пытаньне магу вам адказаць вельмi коратка: усе, каторыя маюць мала, атрымаюць столькi, колькi яны могуць апрацаваць. Зямля, каторую некалi забралi ў вас памешчыкi й асаднiкi, зноў станецца вашай. Панятна? Найперш, канешне будзе ў вас зроблены ўчот маёмасьц, а пасьля таго ўчоту прыдуць надзелы зямлi. Падробна гэта паясьнiць вам Канстанцiн Паўлавiч. Яго прыдзялiлi к вашаму меснаму сельсавету i яго абавязкам, як i абавязкам вашых дэпутатаў, каторых самi выбярэце, будзе абясьпечыць вас усiмi дабрамi савецкай улады. У вас, вiдаць, камiтэт беднаты ўжо зарганiзавалi?
- Да, таварыш, - устаў Сымон Пятух, - я прыдсiдацiль.
- От i добра, - сказаў Маршалкаў. - Такiм чынам гэты камiтэт мусiць адразу памагчы бедным. Гэта першае. Пасьля, - гэта я хачу асаблiва падчыркнуць, таму што гэта вельмi важнае, - у вас будуць выбары. Вы перш выбярэце дэпутатаў каторыя будуць мець сабраньне з цэлай Заходняй Беларусi i яны мусяць вырашыць пытаньне ўзьяднаньня яе з вашай радзiмай, ад каторай вас сiлай адарвалi белапалякi. Мы вас вызвалiлi ад панскага iга i эксплуатацыi i вам толькi астаецца падзякаваць за гэта ды цьвёрда й рашуча заявiць, што вы - сiлай адраванае дзiця - жадаеце цяпер вярнуцца на ўлоньне вашай радзiмы, Савецкага Саюза. Панiмаеце?
Пры апошнiх словах камiсар усьмiхнуўся, адылi ўсьмешка была няшчырай. Зь сярэбранай папяросьнiцы ён выняў даўгую папяросу. Косьцiк чакаў ужо зь сярнiком. Заля пажвавела, людзi раiлiся пра пачутае.
- Агульна хачу заўважыць, - прадаўжаў, зацягнуўшыся й выпусьцiўшы хмару дыму камiсар, - што я, улiчваючы агранiчаны час, не магу, а таму й ня буду iмкнуцца ўваходзiць у падробнасьцi ўсiх працэсаў i зьмен, каторыя для агульнага дабра прынясла вам савецкая ўлада. Магу адказаць вам толькi на галоўныя пытаньнi, каторыя падробна могуць паясьнiць вам нашы палiтрукi й актывiсты на сабраньнях, што адбудуцца ў вас. Я перакананы, што яны задаволяць вас сваiмi адказамi. Да вашай дзярэўнi будзе прымацаваны адзiн палiтрук, якi падрыхтуе вас да выбараў i iншых зьменаў.
Устаў Кмiтаў Тодар.
- Таварыш камiсар, вы от сказалi, што дадуць зямлю панскую тым, каторыя нi маюць зямлi саўсiм, цi мала яе маюць. Ну а як будзiць у нас з тымi, каторыя многа зямлi маюць? У нас-жа i такiя ёсьць.
- Я раней сказаў, што кожны палучыць зямлi столькi, колькi зможа апрацаваць. Значыцца тыя з вас, каторыя мелi многа зямлi й наймалi рабочую сiлу, ня змогуць самi апрацаваць яе. З гэтага выходзiць, што й месныя кулакi мусяць аддаць лiшкi зямлi. Савецкая ўлада забараняе эксплуатацыю чалавека чалавекам. Ясна вам?
На залi пачуўся гоман.
- А калхозы цi будуць у нас, таварыш камiсар? - голасна спытаўся Тодар.
Камiсар не сьпяшыў з адказам. Ён перш уважна агледзеў Тодара.
- Гэта ад вас самiх будзе залежыць, - сказаў.
- А цi праўда гэта, што ў калхозах жывуць людзi так добра, як байцы нам расказваюць? - прадаўжаў Кмiта.
- Гэта што байцы вам расказваюць, усё дакладна й правiльна. Ды вы-ж памяркуйце самi: усе сяляне нашага неаб'ятнага Савецкага Саюза цяпер у калгасах. Яны пераканалiся ў перавазе калгасаў над адзiналiчнымi гаспадаркамi й самi ў калгасы пайшлi. Iх нiхто ня прымушаў i прымушаць ня мог. Ды як-жа? Вам ужо вядома, што ў Савецкiм Саюзе няма эксплуататараў i эксплуацiраваных, ды i ўладарамi самой дзяржавы ёсьць ня хто другi, а рабочыя й сяляне. Выбраныя народам дэпутаты кiруюць дзяржавай. З гэтага паўстае пытаньне: цi-ж яны, як i наагул усе людзi, маючы ўладу ў сваiх руках, будуць самi сабе шкоду рабiць? Ясна, што не. Народ сам ёсьць гаспадаром. Народ сам аб усiм клапоцiцца для свайго й дзяржаўнага дабра. Значыцца, калi ў Савецкiм Саюзе ўсе сяляне ў калгасах, калi яны, маючы ўладу ў руках, маглi ў калгасы ня йсьцi але ўсе зь вялiкiм эмтузiязмам пайшлi, значыцца калгаснае жыцьцё гэта вышэйшая й лепшая ступень зямельнай гаспадаркi i я перакананы, што ў будучынi вы ў гэтым пераканаецеся й пастроiце ў вашай дзярэўнi калгас.
Гэткi, здавалася, грунтоўна-лёгiчны адказзадаволiў прысутных.
- Хачу сказаць вам, - зноў гаварыў камiсар, - што савецкiя ўлады зробяць усё магчымае, каб вы зразумелi новыя парадкi. У вас будзе многа пытаньняў i магчыма, што гэты пераход з польскага рабства ў жыцьцё, дзе вы самi будзеце гаспадарамi, будзе нялёгкi. З гэтай мэтай будуць у вас мiцiнгi, будуць прыяжджаць нашы палiтрукi, ды i я сам лiчна буду заглядаць да вас, каб памагчы вам. Таварышч Сталiн дбае аб вас, як i аб усiх другiх. Верце, што мы не пашкадуем для вас нi сродкаў, нi часу.
Маршалкаў сеў, пацягнуў папяросу й праз дым углядаўся ў дзеда Якуба. Пасьмялелi на залi галасы. Чакалi нечага новага. Лявон устаў з-за стала, падыйшоў да Косьцiка й нешта спытаўся. Косьцiк кiўнуў галавой. Лявон сеў на сваё месца, а Косьцiк узяў голас.
- Прашу слухаць! Цiха будзьце! - сказаў голасна.
Прысутныя сьцiхлi.
- Таварышч Шпунт хочыць сказаць нешта важнае.
Лявон паправiў гальштук, адкiнуў валосы назад, устаў.
- Маё гэта самае дзела, так сказаць, касаiцца ведаiця самi чаго...
Ён зацяўся, зiрнуў на Косьцiка, Маршалкава.
- Учорака я... значыцца мне сказалi павесiць лозунг на школьнай сьцяне. Мне во гэты... Пiлiпаў Арсень памагаў. Знаiця самi. I вы-ж, гэта самае, знаiця што сталася...
Лявонаў голас пачаў дрыжэць, дзяцюк зачырванеўся, цяжка дыхаў. Зноў зiрнуў на начальства й зачарпнуў сьвежай адвагi. Мясцамi ў залi пачуўся сьмех пры згадцы што сталася зь Лявонавым клiчам i ўчарашнi 'драгомiшч', спасьцярогшы гэта, злосна блiснуў вачмi.
- Гэта вам ня сьмешачкi! Хто спаскудзiў? Савецкая ўласьць i таварышч Сталiн вас асвабадзiлi, а вы што? Нехта такое зрабiў, а вам сьмешачкi! Врагi народу, контра!
Лявон крычэў. Камiсар, мусiць зьбянтэжаны такiм зваротам справы, нахiлiўся да Сабакевiча й той яму нешта тлумачыў.
- Я вам скажу от што: гэтага чалавека, цi сколька iх там было, мы знайдзiм i яны будуць атвiчаць па