Янукоў зрок спынiўся на чатырох партрэтах на франтавой сьцяне над грывай камiсара. Сьвятло ў лампе, мусiць ад густога дыму, лiпела дробным хлiпканьнем. Цяжка было добра разгледзiць на партрэтах бальшавiцкiх начальнiкаў, што загаспадарылi на зьмену польскаму крыжу, дзярлiваму 'панствоваму годлу' ды вусатаму Зюку з-пад Вiльнi.

Першы 'таварыш' зь левага боку ўвыдатняўся амаль квадратовым тварам, лысай лабацiнай, здаравеннай памялом-барадой, вусамi, ды двума пукамi валасоў, што зьвiсалi па бакох твару й з барадой зьлiвалiся. Нагадваў ён Iцку, што селядцамi ў глыбоцкай краме таргаваў.

Узяў некалi бацька з сабой Янука на кiрмаш. Вялiкi пост быў на носе, дык па дарозе дахаты забегся Пракоп у краму селядцоў купiць. Доўга з крамнiкам таргаваўся, а Янук сачыў як хадуром хадзiлi ў жыдоўскай барадзе пэйсы й дрыжэлi з-пад ярмолкi якраз во як у гэтага даўгiя пукi валосаў. Выйшаў бацька з крамы, як вялiзны скарб трымаў у руках загорнутыя ў 'Кур'ер Вiленскi' селядцы, ёмка плюнуў на бок i злосна прашыпеў: - Цьфу на цябе, жыдзiшча пракляты! На паўтузiне селядцоў усяго толькi адзiн грош спусьцiў. Каб табе бокам вылiзла!

Iцка на партрэце выглядаў больш зухаватым за таго глыбоцкага, ды было ў гэнай зухаватасьцi нешта з камiчнага. Вось, здавалася, чхне ён зараз палюдзку й разьвеюцца-разьлятуцца гэныя пэйсы й вусы.

'Таварыш' з другога партрэту паказелiўся на першага. Гэты меў бародзiшча з добры бярозавы венiк, каторым у лазьнi хвасталiся, здаравенныя вусiшчы й даўгiя, назад чэсаныя валосы. Твар ягоны нагадаў Януку ўраднiка, аднаго аздобнага панка, што бачыў у горадзе, хоць той без барады хадзiў.

Трэцi партрэт сьвяцiўся вялiкай, як кацёл, у каторым мацi бульбу сьвiньням варыла, круглай лысiнай. Косыя, прыжмураныя вочкi жулiкавата пазiралi на двух папярэднiх барадачоў.

'Таварыш' з апошняга партрэту паказелiў тупыя, ледзяныя, бяз iскрынкi жыцьця ў iх, вочы проста ў залю. Холадам ад iх нясло. Гэтага, як чуў Бахмач, звалi Сталiнам. Партрэт ягоны Палякi на браме прастрэлiлi, якраз у вока, шэльмы, трапiлi.

Зьнiзу пад партрэтамi вiсеў лёзунг. Бачыў Янук ужо цi мала такiх у Гацях. Вялiкiя лiтары з чырвонага палатна крычэлi: 'Да здравствуют освобождённые трудзящиеся массы Западной Белоруссии и Западной Украины!'

Косьцiк Сабакевiч, у шэрым касьцюме, пад гальштукам, важна ля камiсара расьсеўся, вiд баявы трымаў. Нагадваў на кучы гноя пеўня, што вялiкай курынай грамадой валадарыў.

То цурчэў бесьперапынна, то капаў буйнымi, для адпаведных нацiскаў, кроплямi камiсараў голас. Нiколi ня чуў Янук такой складнай, даўгой i бесьперапыннай гамонкi. Мужчына сярэдняга веку, сьветларусыя, пышныя валосы, круглы, добра адпасены твар, завойстраны падбародак. Сiнiя вочы ў сулад гутарцы й жэстам рук бегалi па грамадзе, але, здавалася, яе ня бачылi. Твар мяняўся адценьнямi. Афiцэр гаварыў малазразумелай мовай, але выглядам ад мясцовых ня розьнiўся. Можа сам з такiх мужыкоў выводзiўся.

Янук уважна разгледзiў гладкi пас, што бег праз камiсарава плячо й спалучаўся з шырокай дзягай, якая ахапляла тучны жывот. Прыгожым золатам зьзяла ў спражцы вялiкая пяцiкутная зорка.

Цяжка было канцэнтравацца на сэньсе камiсаравай гаворкi. Рэха назойлiва прыносiла палкае дзяўчынiна шаптаньне: 'пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi... калi люнбiш, то пацалуй'. Яшчэ не астылi ад гарачага цалунку вусны; здавалася, што зь вялiкага сораму пачырванелi кончыкi вушэй. Высака заголеная за каленi сукенка, белыя зубы жвуць-забаўляюцца мяккiмi валосамi, духмянасьць канюшыны й пажадальныя аганькi ў вачох дурманяць галаву.

Пэўне-ж, усе пра гэта ўжо ведаюць. Як-бы гэтта з сораму не згарэць. Вунь празь дзьверы пхнуцца назад сакатухi-рагатухi, а мiж iмi Дуня. Янук крадком зiрнуў на яе. Апанаваная, шэльма, як быццам нiчога й ня было. Адно сяброўкi з зухавата-насьмешлiвымi тварамi на яго пазiраюць. Сорамна, уцячы некуды трэба было-б. Але цiкавасьць да бальшавiковай гамонкi верх бярэ. Бахмач намагаецца слухаць, сэнс лавiць.

- I нi было ў нас, дый i нi магло быць нiякiх сумнiваў аб тым, як жылi й цярпелi закабаленыя масы працоўных Заходняй Беларусi, - гаварыў бальшавiк. - Гэта-ж будзьце ласкавы самi разабрацца: наша савецкая краiна пабудавана рукамi рабочых i сялян, наша доблесная рабоча-сялянская Чырвоная Армiя - як i сам назоў гаворыць - сфармiравана з рабочых i сялян. Мы лiквiдзiравалi эксплуатацыю чалавека чалавекам, заводы належаць рабочым, а ўся зямля - хлебаробам. Дый наша слаўная камунiсьцiчаская партыя складаецца з рабочых, сялян i працоўнай iнцiлiгенцыi. Ды вазьмiце нашага правадыра, мудрага айца ўсiх народаў, вялiчайшага i мудрэйшага з мудрых, таварышча Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна. Ён-жа...

Ускочыў з лавы, ляпаць далонямi пачаў Косьцiк Сабакевiч. Заядла плёскалi, паўставаўшы, бальшавiкi. На такое нешта нячутае-нябачанае ў вёсцы, ня ведалi як рэагаваць сяляне. Некалькi вялых усплёскаў пачулася ў грамадзе, адно Сымон Пятух так пярыў рукамi, што выпала з рудых зубоў i рассыпалася дымячымi карашкамi на падлозе ягоная 'казiная ножка'. Зусiм спакойна сядзеў, адно галаву вышэй падняў, прыглядаючыся чужынцам, лiтоўскi патрыярх дзед Якуб. Калi ацiхла, камiсар прадаўжаў:

- Таварышч Сталiн сам з батракоў. Гэта ня хто другi, а ён сам, самы верны саратнiк вялiкага Ленiна, ваплацiў лепшыя iдэi нашай слаўнай камунiсьцiчаскай парцii i правёў гэтыя iдэi ў жыцьцё. Гэта дзякуючы нi каму другому, а толькi яму, вялiкаму i мудраму таварышчу Сталiну, вы сёньня карыстаецеся сонцам вялiкай свабоды. Гэта дзякуючы яму зьдзейсьнiлiся вашы адвечныя мары. I цi-ж магу я навет словамi пераказаць цяжкiя цярпеньнi гэтага вялiкшага ў мiры правадыра, калi ён толька падумае аб тым, што мiлiярды працоўных на сьвеце яшчэ, на вялiкi жаль, не карыстаюцца сонцам свабоды, што iх эксплуацiруюць i што яны прагнуць вызваленьня ад капiталiстычнага iга? Гэты чалавек, гэты генiяльны бацька ўсiх народаў, ён ёсьць лепшы зь лепшых. Вялiкае мусiць мець ён сэрца, калi ў iм маюць месца цярпеньнi ўсiх заняволеных на сьвеце, ды многа й цяжка мусiць ён працаваць, каб мары iншых збылiся, так як вашы...

Здавалася, што нехта падняў гаць i хлынуў акiян мiлагучных, аздобленых прывабнымi адценямi пахвальных эпiтэтаў. Усё гэта пра таго з тупым, ледзяным зрокам, ад якога холадам нясло, што абыякава паказелiў на залю пазбаўленыя жыцьця вочы. Камiсар пыхцеў, мяняўся ў твары, пялiўся, як жаба на корч, каб перадаць усе вялiчынi характару, дабрату сэрца й цярпеньнi крамлёўскага гiганта. У гэных хваласьпевах ягоных, насычаных шчырасьцю й пераканальнасьцю, была такая моц эмацыянальнае сугэстыi, што магла-б зьбянтэжыць найбольш зацьвярдзелага скептыка. Грамада слухала, быццам заварожаная. На камiсаравым лбе выступiў пот. Сам ён так рашчулiўся тым, што апавядаў, што ў вачох ягоных сьлёзы паказалiся. Ад няспыннага мора слоў цi не перасох голас. Афiцэр колькi разоў спыняўся, горла прачысьцiць намагаўся. Ён нагнуўся й нешта Косьцiку сказаў. Той паклiкаў да сябе нехлямяжага Пятуха, якому перадаў, што камiсар вады хоча. Заля ажыла. Ягодка-Аўдоля спанатрыла важнасьць Пятуховага заданьня й адразу перадал гэта Аксенi, каторая шмыгнула зь Пятухом у сенцы. Ля парогу расступiлiся й за хвiлiну зь сяней паказалася Аксеня са шклянкай вады, а за ёй чыкiльгаў Сымон Пятух.

Камiсар выпiў ваду за тры глыткi, сядзеў i выцiраў насаткай пот з твару, дый зноў нешта паўголасам сказаў Сабакевiчу. Ромкаў гаспадар устаў.

- Таварышчы, мы сiчас праслухалi очынь iнцярэсную рэч таварышча Маршалкава i благадарым яму за гэта. Мы цяперака знаiм пра нашага вялiкага важдзя таварышча Сталiна i яго заботы аб нас. I мы далжны, па маяму мненiю, паслаць благадарсьцвiнная пiсьмо савецкаму правiцельству за наша асвабаждзеньня й паслаць тожа благадарсьцвiнная пiсьмо лiчна таварышчу Iёсiпу Вiсарыенавiчу Сталiну...

Гэтым разам воплескi пачалiся ад Пятуха. Скваплiва падтрыманыя бальшавiкамi, яны завялi й рассыпалiся мiж сялян. Пасьля камiсаравай гутаркi, хто мог пярэчыць Косьцiкавай прапанове? Сабакевiч прачытаў зьмест лiста чырвонаму дыктатару, якi зноў-жа рэдкiмi вялымi воплескамi быў 'энтузiястычна' прыняты.

Хоць гэным часам вялiкая задуха поўнiла залю, нiхто не манiўся на двор iсьцi. Цi нi чакалi самага найцiкавейшага. I чакаць доўга не давялося. Косьцiк папрасiў спынiць на залi гамонкi.

- Цяпер таварышч Маршалкаў будзiць гатоў атвецiць, есьлi ў каго ёсьць якiя вапросы.

Адразу паднялася Вульляна.

- Я-бы от хацела ведаць калi гэта мае сыны-галубкi з вайны вернуцца. Вайна-ж ужо мусiць скончылася й вы, паночак, можа скажаце...

Вульляна кутом хусьцiнкi выцiрала сьлёзы, што ў вочы наплылi. Слова 'паночак' выклiкала сьмех.

- Гэта-ж даруйце, таварыш камiсар, цi як вас зваць... Гэта язык мой так па прывычцы...

- Нiчога, гражданка, нiчога, - усьмiхнуўся афiцэр.

- Дык як гэта, цi маглi-б вы сказаць? - насядала Вульляна.

- Вашых сыноў белапалякi змабiлiзавалi?

- Ага. Дый ня толька маiх, алi ўсiх зь вёскi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату