нi забыўся пра сябру.
- Ага, я знаю, знаю! Думаiш нi знаю? - усхадзiўся доктараў хлапец. Гэта ты да Дунi пойдзiш паглядзець, цi пекную ей сукенку прынясьлi. Я знаю, знаю! - галёкаў, падскакваючы.
Янук схапiў невялiкi камень i ёмка пусьцiў яго Стасю пад ногi. За камянём кiнуўся сабака. Доктараў сын зручна адскочыў на бок i камень стукнуў аб тын.
- А от i знаю, от i угадаў! - хвалiўся Стась.
Ля Пятуховай клецi стаяў Захарукоў Пятро й чагосьцi ўзiраўся ў перакладзiну гушкалкi.
- Гэй, Пятро, што ты тамака ўвiдзiў такога? - гукнуў Янук.
- Ого, яшчо што! Вiрабей на вiраб'iсе ехаў, от што, га-га! - зарагатаў дзяцюк. - А ты ня вiдзiў?
- Ды не, дзе мне там вiдзiць. А куды-ж ён паехаў, той вiрабей? усьмiхнуўся Янук.
- Ды на Рахволiну гэну лiпу. Гы-гы-гы! - рагатаў Пятро, выставiўшы карэлы палец.
Янук пазiраў на прастадушнага дзяцюка й самаго сьмех браў.
- Ну дзе хто ёсьць, Пятро?
- Пашлi арудзii глядзець, казалi.
- Якiя такiя арудзii?
- Кажуць, што бальшавiкi надта-ж вялiкiя ў Лiпавiчы прыцягнулi.
- А хто пашоў?
- Ды многа хто. Я нi знаю.
Янук зьбянтэжыўся. Што думаць пра дзяцюка, каторы ўсё яшчэ сачыў тое месца, дзе быццам 'вiрабей на вiраб'iся' ехаў? Паволi рушыў. Ужо быў на паўдарогi да Макатунiшак, калi спасьцярог куды йдзе. Самi ногi павялi. Даўно рупiла Дуню бачыць, ды ўсё замiнала нешта.
У Макатунiшыным дварэ было пуста. На дарожцы Аленiны дзеткi забаўлялiся з каляскай i на iх пазiрала з-за плоту карова. Янук спынiўся ля дзьвярэй хаты.
- Мама, як-бы гэта дзе люстэрка дастаць? Нiма ў чым паглядзецца... ў гэтым асколачку нi вiдаць нiчога. Мама, пекная я цi не?
Мiлы галасочак за дзьвярмi, поўны нейкай радасьцi, казытаў Янукова сэрца.
- Ты сядзi тутака й ня рыпайся! - намахаў хлапец пад нос Тапсiку пальцам i адчынiў дзьверы.
У хаце было цемнавата, але Януковым вачом да гэтага не прывыкаць. Хуткiм позiркам ахапiў цэлы новы сьвет, тое нешта зусiм адменнае й надзвычайнае, што зьмянiла раптам атмасфэру там, дзе вечна галеча панавала.
Макатунiха з Аленай стаялi перад кучай адзеньня ля стала й разглядалi сукенкi. На лаве ляжалi блюзкi, андаркi, навет пара пальтаў. Перад сьцяной ля стала, выпiнаючыся перад тым спэцканым мухамi зубам, што астаўся ў раме ад пабiтага люстэрка, круцiлася й гладзiла паясьнiцу рукамi ягоная сяброўка Дуня. Янук ступiў пару крокаў i спынiўся. Дуня рэзка пабярнула галаву й васiлькi-вочы зазьзялi цудоўнай усьмешкай.
- Янучок, як добра, што ты прышоў. Скажы цi любiш ты гэту сукенку? Га?
Доўгiя валосы, як гладка расчэсаны лянок, ападалi на плечы й закрывалi верх лёгка-блакiтнай шаўковай сукенкi. Быццам для яе пашытая, сукенка ўвыдатняла хараство дзяўчынiнай фiгуры. Колерам гарманiзавала яна з тымi васiльковымi вачмi, у каторых зьзялi цяпер iскрынкi захапленьня й радасьцi. Шорсткiя ад працы далонi рук бесьперапынна гладзiлi сярэдзiну сукенкi, быццам шоўкам гэту шорсткасьць згладзiць хацелi.
Янук разявiў рот i пра язык забыўся. Твар ягоны залiла сарамлiвая чырвань. Цi ня ў прылiве захапленьня новым набыткам, дзяўчына забылася зашпiлiць перад сукенкi зьверху. На Янука пазiралi дзьве тугiя, ружовыя пупушкi дзявочых грудзей. Нешта казытала пад грудзьмi, млявасьцю поўнiлася цела, ледзь трымалi ногi. Зь мiнулага выплыў вобраз тых самых тугiх дзявочых пупушак, мо крыху меншых. Дзе гэта было? Тады Дунiны васiлькi вялiкай злосьцю iскрылiся. Так, гэта цi нi на полi, пасьля таго як Шпунт на яе ў лесе напаў, танную й зношаную сукенку зьверху парваў. Яму-ж, тады нявiнаватаму, дзўчына хлёсткую аплявуху адвесiла. Цяпер-жа ў гэтых вочках-васiлёчках радасьць вялiкая, гарэзьлiвыя матылькi пырхаюць.
- Ну дык што-ж ты, Янучок, паказелiў вочы, як Сiдараў баран на новыя вароты? Язык у цябе авечкi зьелi, цi што? Скажы што! - насядала дзяўчына.
Дзьве старэйшыя жанчыны ля стала так занятыя былi разгляданьнем вопраткi, што Дунi й яго зусiм на ўвагу ня бралi. А перад iм задаволеная прыгажуня выкручвалася. Не ўяўляў дагэтуль якой прывабнай наймаладзейшая Макатунiшка была. Ейная блiзкасьць у гэтым новым, дарагiм адзеньнi, каторае пэўне на днях у нейкай панiчкi адабралi, зьбянтэжыла яго канчаткова. Тугiя дзявочыя грудзi, закончаныя пунсовымi пупушкамi, ня толькi саромiлi яго выглядам, але, здавалася, прынаджвалi пахам i цяплом. А Дуня, сукенкай заварожаная, зусiм мусiць пра iх забылася.
- Янучок, чаго маўчыш? Скажы, пекная сукенка цi не? - крутнулася дзяўчына.
- Як табе сказаць... надта-ж пекная, надта, надта...
Януку духу нiхапiла. Дунiн твар яшчэ больш ад такой пахвалы пасьвятлеў. Янук хацеў дадаць яшчэ, што ня толькi сукенка прыгожая, але куды прыгажэйшая яна сама, ягоная Дуня. Адвагi не хапiла. А трэба-ж было гэта абавязкова сказаць. Цi раз бачыў у мястэчку каторую, прыбраную ў дарагое паненку. Але цi-ж сукенкай качаргу аздобiш? А гэтта во перад iм расьцьвiў сьцiплы i ў гэтай сьцiпласьцi цудоўны васiлёк. Якая-ж то пахвала 'надта, надта'? Шэрыя, малазначныя словы. Дуня-ж зноў Януку наперад забегла.
- Цяперака, Янучок, разам на вiчарыну пойдзiм, танцаваць будзiм. Пойдзiш са мной? - станула дзяўчына ўпрытык да Янука й цяплом дыхнула ў ягоны засаромлены твар. Пажвавеў у скронях пульс. - Чаго-ж ты так чырванеiшся, га? Ня ўмеiш танцаваць? Дык навучымся, нi бядуй!
- Не, ня гэта, - буркнуў хлапец.
'Што гэта зь ёй? - ня мог уцямiць Бахмач. - Забылася пра сiськi свае, цi гэта наўмысна, каб мяне пазводзiць?'
Млявасьць расплывалася па целе, дрыготкiмi сталi каленi й кружылася галава. Нiколi раней ня зьведаў Янук такога адчуваньня. У скронях борзда бiлi малаточкi. Калi нечага неадвалочна ня зробiш, каб пазбыцца зьявы, што зусiм волю яго скавала, могуць ня вытрымаць дрыготкiя каленi ног.
- А што з табой? Чаго ты, як бурак, зачырванеўся? - насядала Дуня.
Янук раптоўна крутнуўся й кiнуўся ў дзьверы. Тыя самыя нядужыя ногi, каторыя ледзь трымалi яго ў хаце, цяпер, пераступiўшы парог, набралi няведама адкуль сiлы й маланкавым тэмпам панесьлi яго па нiве.
- Уцякаiш? Дурань, цi што? - ледзь дагналi яго дакорлiвыя Дунiны словы.
Бег як мага. Затрымаўся, каб злавiць паветра й агледзiцца цi не даганяе яго тая цудоўная зьява. Ля Макатунiшынай хаты было пуста. Сонца хiлiлася на захад. З боку Лiпавiчаў далятаў гул трактарных матораў. Янук згадаў тое, што казаў яму Пятро й наважыў заглянуць у маёнтак. Калi туды пайшлi людзi тыя 'вялiкя арудзii' паглядзець, дык там i навiны будуць. А навiнаў i прасiў бацька.
11
Першы вянец зрубу лiтоўскае пачатковае школы зьвязалi яшчэ ў грамадаўскiя часы. 'Грамаду' пасьля акупанты разагналi, таму й будынак пад загадамi 'моцарствовай' улады рос вельмi неахвотна. Адылi школе мусiць пад тузiн гадоў ужо было. I нiколi за кароткi век свой ня была яна такiм асаблiвым цэнтрам увагi, нiколi ня зьбiралася ў сьценах яе так шмат сялянскага народу, як у гэны вечар, калi меў прыехаць той камiсар. Наказалi сабрацца ня толькi лiтоўскiм, але й жыхарам з суседнiх пасёлкаў.
Цяжка было яшчэ сонца з грывы лiпавiцкага саду качаргой дастаць, калi дарогамi й сьцежкамi больш дападлiвыя пачалi зыходзiцца. Падрыхтаваць школу да сходу ўзяўся сам 'акцiвiст' Шпунт. I цяпер першым, што зблiжалiся да будынку, паказаўся дзiўны вобраз: на франтавой сьцяне школы вiсела даўгое чырвонае палотнiшча зь вялiкiм напiсам белымi лiтарамi, а перад iм топаў i рукамi размахваў, суправодзячы тое маханьне шорсткай лаянкай сам у собскай асобе выдатны вясковы франт.
Прычына нязвычайнага Лявонава паднечаньня ўсiм на воку была: Прывiтальны лёзунг апавяшчаў: 'Да Здравствует Доблестная Освободительная Р К К А!' Апошнiя чатыры лiтары мiж сабой вялiкiя прамежкi мелi. Нехта чырвонай хварбай замазаў першую лiтару, а мiж двух 'к' намаляваў белай хварбай вялiкае 'а'.
- Вы паглядзiце, людцы добрыя, што зрабiлi! - крычаў 'акцiвiст' Шпунт, паказваючы пальцам на вялiкi клiч. - Ну цi ня вырадкi гэта? Я-ж iм, такую-растакую, пакажу!
Першымi прыйшлi Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Парасейску жанчыны чытаць ня ўмелi, дый наагул малапiсьменнымi былi, адылi знайшлi сэнс у вапошнiх чатырох лiтарах, зь якiх выйшла зусiм зусiм неадпаведнае Лявонаваму смаку слова.