працiўнiка, вялiкая частка вабозу пакiнула паляну й вярнулася назад у Гальфiнгэн.

Ужо надвечар таго самага дня пачалi зьяўляцца першыя ўцекачы з фронту, што апавядалi пра баявое хрышчэньне.

IV

- Ты ведаеш, братка, ну i наваяваў-жа я, - апавядаў Вiктар Сымону.

- Гэта ўчорака нас як забралi адсюль на машынах, дык завезьлi аж на другi бок Альткiрха. Высадзiлi й давай фармаваць. Чуем там за нейкiм узгоркам стралянiну, але рэдкую. Кажуць нам туды йсьцi. Наш зьвязовы, гэты сабака Рэшатаў, сам ня йдзе на першы агонь сустракаць працiўнiка, а выпраўляе нас ды сам ззаду пляцецца. Мне загадалi несьцi амунiцыю да 'дзегцярова'. Ну што-ж, думаю, можа, з 'дзегцяровым' будзе зручней, чым са стрэльбаю. Але-ж, каб цябе халерачкi, цяжкавата трошкi. Трэба гэтую качаргу на плячы тарабанiць дый дзьве скрынi амунiцыi, дык i нялёгка, чорт вазьмi. Як-жа тут, думаю, даць сабе рады? Iдзём так дарогай шнуркамi па абодва бакi каля канаваў, каб у выпадку чаго зручней скрыцца было, а я ўсё думаю, як бы тут з гэтым цяжарам палагодзiць. Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогi пакiнуты дзiцячы возiк бокам ляжыць...

- Якi возiк?

- Дзiцячы, звычайны дзiцячы возiк на чатырох калёсцах i ў добрым стане навет.

- Што ты кажаш...

- Сапраўды, - запэўнiваў недаверлiвага сябру Вiктар. - Вось дык, думаю, шчасьце. Я цап за яго, палажыў скрынкi з амунiцыяй, стрэльбу й пхну яго сабе па дарозе, быццам нi ў чым не бывала. Iншыя толькi паглядаюць на мяне, пальцамi сябрам паказваюць ды рагочуць. А мне што? Я iду, як на тым парадзе, быццам баба з дзiцём па гарадзкой вулiцы, ды пасьвiстваю.

- Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон.

- Iдуць, знаеш, немцы ад фронту. Эсэсманы пераважна, старыя, аброслыя, паперакiдаўшы зброю цераз плечы, плятуцца. А я пытаюся ў iх - wie gehts?* А яны, братка, як ашчэрылiся на мяне, як зачалi злосна лаяць, зьелi-б, здаецца...

* Як маецеся? (ням.)

- Ну ў цябе-ж розуму хапiла. Гэта-ж уявiце толькi: тыя, пэўна, у азадак добра ад амэрыканцаў дасталi, а тут вось па дарозе нейкi блазан iдзе зь дзiцячым возiкам перад сабою й пытаецца - wie gehts. Гэта-ж, братка, зьнявага проста...

- Ну i заелiся-ж былi. Я думаў, што каторы аплявушыць кiнецца.

- Табе толькi заставалася яшчэ спаднiцу бабскую надзець ды хусьцiнку павязаць - можа-б, тады амэрыканцы ў госьцi прынялi...

- Якiя амэрыканцы?

- Як то якiя? А хто-ж там на другiм баку?

- Дзе там амэрыканцы! Французы на другiм баку, вось хто. Кажуць навет, што чужаземны легiён, брат. Я-ж, пэўна, не разабраўся яшчэ, нiкога не бачыў, але-ж iншыя кажуць.

- Чужаземны легiён, кажуць?

- Няўжо-ж...

- Дык там-жа крымiнальнiкi з усяго сьвету...

- А чорт iх ведае, братка, хто там. Зрэшты, можа, яшчэ даведаемся й пабачым. Але цяпер слухай-жа, што было далей.

- Ну, расказвай.

- Мiнулi мы першы ўзгорак з правага боку каля дарогi. Там бачыў я нямецкiя гаўбiцы - акапаныя стаялi. Ажно падыходзiм пад нейкую вёску (гэта была Балерсдорф на захад ад Альткiрха). Загадана нам легчы й сачыць, што наперадзе робiцца. Вiдаць з правага боку пры дарозе касьцельная вежа, там цi не назiральнiк артылерыйны сядзеў толькi. Заўважылi нашы нейкiх падазроных людзей, рух наперадзе. 'Давай, - кажа дружыновы, - папробуем'. Чуваць было таксама воддаль каля дарогi ў кустах, як танкi равуць. Нашы кулямётчыкi давай псяюрыць па кустах, а мiнамётчыкi - мiны пускаць у ход. Але-ж, братка, доўга й чакаць не давялося. Мусiць, з таго боку добра нас угледзелi, асаблiва з той касьцельнай вежы. Як сьцягнулi мы на сябе агонь, ратуначку няма. Французы як прыпсяюрылi па тым узгорку, што мы мiнулi з правага боку каля дарогi, дык гаўбiцы нямецкiя ажно ўверх падскокваюць. Найгорш, што й нiдзе схавацца няма, каб хаця дзе якую ямку выкапалi. Так нам прысмажылi, што я аж увесь са страху пачаў калацiцца. Братка ты мой, я й сам ня ведаю дакладна, як i што сталася пасьля. Ня помню, калi я пастанавiў уцякаць i цi наагул я пастанаўляў. Мусiць, ногi самi мяне адтуль панесьлi. Адно апамятаўся тады, як ужо пару кiлямэтраў назад зрабiў i перад Рэшатавым апынуўся.

- Як гэта - перад Рэшатавым? Дык ён так далёка застаўся ззаду?

- Так, братка. Ён зусiм з намi не хадзiў. З падафiцэрамi наперад пхнуў, а сам ззаду застаўся, маскалюга пракляты.

- Дык якi зь яго тады камандзер? Цi Вiньнiцкi яму дазволiў? Гэта-ж камандзеры зьвязаў на першыя пазыцыi разам з войскам мусяць iсьцi.

- Кажу табе, што з намi не пайшоў, а ззаду застаўся.

- Вось якi ваяка, значыцца.

- Ён ваяка толькi з канюхамi, а не на фронце.

- Ну добра, расказвай далей.

- Дык тут i пачалося самае цiкавейшае. Як пабачыў мяне й iншых Рэшатаў ды як запенiўся, як пачаў раўцi, то я думаў, што застрэлiць на месцы. 'Караткевiч! - раве на мяне. - Дэзэртыр ты! Дзе твая зброя, амунiцыя? Як ты сьмеў усё на полi пакiнуць?!' Але-ж i запенiўся. Я не на жарты перапалохаўся. I ведаеш што? Загадвае мне, каб я йшоў назад i ўсю мною пакiнутую амунiцыю й стрэльбу прынёс. Я тлумачыў, што там ужо нiкога з нашых няма, бо й сам-жа ён бачыў, што ўсе паўцякалi, дык нiчога не памагае. 'Iдзi! - раве. - Прынясi назад стрэльбу й амунiцыю, а то застрэлю зараз, як сабаку'. Штож было рабiць? Мне прыйшло ў галаву, што цi ад Рэшатава кулю дастаць, цi ад французаў, дык фактычна няма рознiцы. Ня мог я сказаць, што ня выканаю загаду. Дык i паплёўся я назад па тую амунiцыю, iзноў мне аж той дзiцячы возiк прыпомнiўся. У канцы канцоў, - думаю, - як ужо траплю да французаў у палон, дык таксама не прайграю. Тут надыходзiў ужо й вечар, дык, думаю, пакуль дайду, то й сьцямнеецца. Iду, й лыткi мае ад страху дрыжаць. Дзе пабачу якi куст цi якi цень - хоць тых ценяў i ня было, бо дробны дожджык iмжыў, - дык мне здаецца, што за кожным француз сядзiць. Iзноў-жа - як я туды зайшоў, як знайшоў тое месца, як прыцягнуў назад тую амунiцыю з возiкам, дык i сам ня цямлю. Адно што, здаецца, каб другi раз мне так нехта загадаў, дык i не пайшоў-бы. Вось, браце, як я ваяваў. Можаш сабе ўявiць.

- Як той ваяка Швэйк.

- Падобна.

Караткевiч змоўк. Гутарка адбывалася надвечар другога дня пасьля Вiктаравых прыгодаў, у Гальфiнгэне на сене ў пунi.

- А што там чуваць пра вынiкi баёў iншых? - спытаў пасьля кароткага маўчаньня Сымон.

- Якiя там наагул баi! Нашы людзi, братка, наагул баёў унiкаюць. Ужо дзе калi прыпруць i выхаду няма, дык адбiваюцца.

- Дык усе, значыцца, так, як ты, адразу драпака смарганулi?

- Ды ня ўсе. Былi сутычкi ў iншых. Але ўсе адступiлi. На заходнiм прадмесьцi Альткiрха, ужо пазьней ноччу, першая наша рота адзiн танк францускi зьнiшчыла, але такiх паважнейшых i большых баёў ня было, адно сутычкi. Нашы ўцякаюць, бо папраўдзе дык i ваяваць няма чым. Ну як ты затрымаеш танкi? Кулаком? На адну роту далi па чатыры панцырфаўсты. Дык добра-ж, калi яшчэ пападзеш, а то й напуста пусьцiш каторы. Дык i ўцякалi. Колькi ўжо ў палон да французаў папалася...

- I ў палон ужо?

- О, так. Ужо многiх не далiчылiся.

- Дык дзе-ж цяпер нашае войска?

- Ужо на гэтым баку Альткiрха, па гэтым беразе рэчкi ў вёсцы Асбах загадана вакопвацца. Увесь батальён тут.

- Слухай, а чаму-ж ты аж сюды прыбег? Цi над табою добрае сэрца Рэшатава зьмiлавалася ды адпусьцiў цябе на адпачынак?

- Смяешся? Уцёк я, вот i ўсё.

- А ты знаеш, што цябе чакае, як зловяць?

- Дык я-ж пры сваiм абозе. Што-ж яны зробяць? Адпачну й пайду назад.

- Але-ж зь цябе й ваяка. Ты-ж без загаду, самадумам нiчога не павiнен рабiць. Што ты - маленькi, цi што?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату