самую аперацыю. Тут ужо пайшло барзджэй дый вурчэньня, гарканьня таго менш было. Хутка накiраваўся да дзьвярэй, i крокi яго паглынула рэха бункернага калiдору.
II
Мiнула каля паўгадзiны. З калiдора пачалi далятаць гукi розных галасоў. Пры ўваходзе адбываўся самы грунтоўны кантроль. Рукi мацалi партфелi, правяралi дакуманты, зыркiя вочы доўга й уважна аглядалi вiзiтантаў. Нельга-ж было, каб iзноў паўтарыўся лiпеньскi дзень у Прусii.* Дый фюрэр апошнiмi часамi дзiваком нейкiм ставаўся, бачыў усюды й знаходзiў тое, чаго ня было, выдумляў непраўдападобнае, шукаў вiнаватых. Але-ж ня iм, дробным чарвям, дадзена было разгадаць тайнiцы фюрэравага мозгу. Поўзалi-ж перад iм, дык i цяпер лётаць не пачнуць. Трэба цягнуць да канца...
* Маецца на ўвазе няўдалы замах на Гiтлера, падрыхтаваны групаю нямецкiх афiцэраў.
Пасьля доўгай i дэталёвай iспытацыi язык гаркаў кароткае адрывiстае слова. Крокi мералi недаўгую ўжо адлегласьць да мапнага пакою, i ў дзьвярах вырасталi адчаканеныя постацi: маршалы, генэралы, адмiралы. То й былi тыя нiткi, што лучылiся з галоўным клубком. Гэта тыя мацаўкi-лапы спрута, што цiснуў, душыў усiх i ўсё, высмоктваў зь iх апошнiя сокi й кроў у iмя будучага панаваньня 'супэрнароду', 'супэрмэнаў', 'вярхоўнай' арыйскай расы. Гэта тыя служакi колiшняга капрала кайзераўскiх войск, што бурыў усё старое, будаваў 'новую Эўропу'.
А мо яны - гэтыя маршалы, генэралы, адмiралы - ужо перасталi быць будаўнiкамi, мо сталi ўжо магiльшчыкамi? Хто-ж мог напэўна сказаць. Але-ж не! Яшчэ раз не! Ён-жа ўсё ведае, за ўсiх думае, усяго дапiльнуе. Яшчэ выведзе й прывядзе. А iм тым часам што? Хiба-ж толькi па сваiх дзялянках ды адрэзках... А там ужо ўва ўсiм галоўны - ён...
У мапным пакоi час ад часу стукаюць запяткi, сьцiскаюцца выцягнутыя рукi пры вiтаньнях, падаюць прыцiшаныя словы. Мундзiры абступаюць стол, сьцены. Вочы ўпiваюцца ў тыя пункты-сьцяжкi. Вочы звужаюцца, касурацца. Твары моршчацца. Панурыя гэта твары - яны даўно забылiся, як сьмяяцца. Заўсёды напружаныя, неспакойныя. Мяркуюць, у якiм 'ён' настроi, што зробiць, загадае, як аднясецца. Цi зноў не палезе на тую найвышэйшую ноту. А мо што й пацяшальнае скажа. Недарма-ж паўзьлi з усiх канцоў, сьпяшалiся, дэнэрвавалiся. Можа... можа...
У пакоi iх ужо пару дзесяткаў. Раптам уся актыўнасьць i рух спыняюцца. Чакаюць, прыслухоўваюцца. Усе вочы ўпiваюцца ў дзьверы. Прыблiжаецца, iдзе. У дзьвярах паказваюцца чорныя варухлiвыя вусiкi, звiслая на лоб пасма валасоў, рудыя вочы. Спыняецца пара чорных выглянцаваных ботаў. Мо гэта тыя самыя боты, што калiсь падрыгвалi з захапленьня ў Камп'енскiм лесе ў дзень капiтуляцыi Францыi? Побач - два рослыя ценi. Ногi на момант затрымлiваюцца, вочы хутка паўзуць па ўсiх прысутных, i пасьля ўжо ногi прыблiжаюцца да цэнтру стала.
Фюрэр, мусiць, ня ў гумaры. На твары ў яго цень. Галава то апускаецца над настольнай мапай, то падымаецца, павяртаючыся ў той бок, да каго гаворыць. Палец блудзiць па крывулiнах. Чуваць рапарты, пытаньнi, перапытваньнi. Часам у тым пакоi так глуха, што, калi-б вочы не бачылi, падумаў-бы, што тут нiкога няма. Але ў гэты момант якраз найбольш напружана працуюць мазгi прысутных. Стараюцца ўгадаць, што 'ён' думае, што зробiць, скажа цi спытае наступнае. Усе вочы ўпiваюцца ў ягоны твар, стараюцца злавiць найменш заўважны цень думак. С;мяротная цiшыня. Толькi час ад часу шаргануць па цэменце падковы ботаў або пачуецца нясьмелы кашаль цi прытоенае дыханьне.
Ня так шмат часу патрэбна ўжо фюрэру: мо пару месяцаў, паўгода, у найгоршым выпадку год. Ужо Лёндан стогне пад агнём 'V-2', супраць якое англiчане не ведаюць абароны. Але ж гэта адно пачатак. Што ж ракеты 'V-2' у параўнаньнi з той зброяй, што мае на думцы фюрэр i над якой дзень i ноч працуюць найбольш вартасныя нямецкiя мазгi! Абы час дазволiў, абы ўсё не развалiлася, ня скрышылася. Цяпер усё асноўнае й зводзiцца да здабыцьця часу. Дык за любую цану трэба ўтрымацца, загарадзiць, ня пусьцiць.
На мапе, бывае, акрамя фюрэравага пальца зьявiцца побач i iншы, што ўслужлiва стараецца дапамагчы першаму. I вось фюрэраў палец даязджае ў сваю чаргу й на эльзаскi адрэзак, тыцкае на тую далiну мiж Вагезамi й Альпамi.
- А як сытуацыя тут? - чуецца хрыплаваты голас.
- Калi-б можна... - пачынае iншы.
- Тут вельмi важны адрэзак, - перабiвае яго той першы, - тут працiўнiк будзе старацца прарвацца любой цаною, бо гэта асноўны падыход да Рэйну з паўдня.
- Не дапусьцiць яго! Галоўная абаронная лiнiя на Рэйне мусiць яшчэ лепш умацавацца. Якое цяпер становiшча?
- Наступ ворага затрыманы. Фронт статычны. Акцыi зводзяцца да разьведак. Працiўнiк падцягвае вялiкiя сiлы, запасы, рыхтуецца да наступу. Адзьдзелы нашы аслабленыя, змучаныя ад доўгага адступленьня з паўдзённай Францыi й патрабуюць перагрупоўкi.
- Якi стан рэзэрваў? - гаркае фюрэр. Другi голас называе колькi адзьдзелаў.
- Ёсьць там i трыццатая пяхотная расейская дывiзiя, - заканчвае ён.
- У якiм стане?
- Канчае вышкаленьне.
- Даць яе супраць французаў. Матэрыял гэта другарадны, але, умела пакамандаваўшы, можна яго добра выкарыстаць. Французам яны павiнны даць рады. Неадкладна дайце дыспазыцыi ў гэтым кiрунку.
Фюрэраў палец пасоўваецца на поўдзень, да Iталii.
За пару гадзiнаў з Воўчага Логава зашыфраваныя загады паляцелi ва ўсе канцы, у меншыя воўчыя логавы. Ляцiць той голас па дроцiку i ў штаб трыццатай. I там ужо выпрастоўваецца шыя й плечы дзяжурнага афiцэра, пачынаецца рух у штабе. Стукаюць падковы, гаркаюцца ў тэлефонныя трубкi загады, бразгаюць дзьверы. Галоўны загад дзелiцца на кавалачкi, на дзесяткi, сотнi меншых. I далей ужо, у самых меншых адзьдзелах, ён яшчэ больш драбiцца, ажно пакуль, як той кiй у муравейнiку, не спрычынiцца да агульнага, гарачкавага руху. А там ужо, гэтым разам з самых нiзоў, ад самых найменшых выканальнiкаў, чуюцца сакавiтыя камэнтарыi, заўвагi. Дый якiя-ж цiкавыя яны бываюць...
III
У пакойчыку, пры цьмяным сьвятле маленькай лямпы, Вiктар Караткевiч даўно выводзiў свае храпунскiя рулады. Ня было тут нiякiх пасьцеляў - усё жыцьцё адбывалася на падлозе. Побач Вiктара, прылёгшы на сеньнiку, аблакацiўшыся на правую руку, Сымон прыглядаўся да тройкi сяброў, што гулялi ў вачко, а то зноў вяртаўся да свайго занятку - набiваньня табакаю папяросных гiльзаў. Ужо амаль даехаў да сотнi. Табакi ўдалося прыдбаць ад баўэра. Стараўся хлопец зрабiць запас на будучыню. Трое ўкраiнцаў - Лавiнскi, Антаненка й Панамарэнка - так загулялiся ў карты, што забылiся аб часе й iснаваньнi.
Раптоўна й хутка адчынiлiся дзьверы, й дзяжурны падафiцэр крыкнуў:
- Алярм! Хуценька пакаваць усё да самага найменшага. Прыгатовiць конi й хурманкi. Не марудзiць! Няма часу!
Шах-барах-бам. Пачаўся грукат, рух, суматоха. Чулiся сакавiтыя слоўцы з прычыны страты тае цi iншае рэчы. Беганiна на двары, запраганьне коней, ладаваньне ўсякай усячыны. Нарэшце ўсё гатова, й пачынаецца чаканьне аж да ранiцы. Жаўнеры ў поўнай гатоўнасьцi апошнi раз кладуцца, дзе хто пападзе, стараюцца схапiць крышку сну.
А гадзiне чацьвёртай над ранiцай войска пакiнула Iльгойзэрн i накiравалася на тую самую дарогу, якой калiсьцi прыйшло з Францыi. Iзноў прыйшлi днi й ночы ў маршы, з адпачынкам - дзе й як давядзецца.
20 лiстапада ў лiку iншых адзьдзелаў дывiзii батальён Мураўёва наблiзiўся да вёскi Гальфiнгэн, непадалёк Альткiрха. Цэлую ноч выразна чулася рэха гарматаў з захаду. Агонь гарматных залпаў частымi проблiскамi асьвятляў заходнi гарызонт. Цярушыў дробненькi густы ыазойлiвы дожджык.
А другой гадзiне ночы прыбылыя ў вёску Гальфiнгэн жаўнеры разьмясьцiлiся па гаспадарскiх пунях. Схапiўшы колькi мага сну, ужо каля гадзiны дзясятай ранiцою войска было на нагах. Атрымалi прадукты, новенькiя нямецкiя стрэльбы, амунiцыю. Кожная рота, акрамя бальшавiцкiх кулямётаў i мiнамётаў, прывезеных зь Беларусi, атрымала па чатыры супрацьтанкавыя панцырфаўсты. Тут-жа, напагатове, коратка было й выясьнена, як iх ужываць. Справа зусiм просьценькая, здаецца. Трымаеш панцырфаўст пад пахай, уважаючы, каб канец трубкi тырчаў на пядзi тры ззаду, каб у часе стрэлу ня ўдарыла ў цябе полымя, - а там ужо толькi прыцэлiўся ды прыцiснуў курок.
Зараэ пасьля паўдня на нямецкiх аўтамашынах войска выехала на фронт. Пад вечар пакiнуў вёску й вабоз разам з кухнямi. Жаўнеры надзеялiся, што мо нарэшце перастануць ужо кармiць iх канiнай, тым больш што бачылi, як ад фронту нямецкiя жаўнеры гналi табуны чырвоных эльзаскiх кароў.
Вабоз з кухнямi затрымаўся на паляне сярод лесу, на ўсход ад вёскi Асбах, што цераз рэчку межавала з Альткiрхам. Але нядоўга давялося яму там быць. На наступны дзень, пад цяжкiм мiнамётным агнём