стрэльбаў i кулямётаў ня чуваць было загадаў камандзераў. Часта рабiлi 'флiгэрдэкунг', бо брытанскiя самалёты таксама цикавiлiся практыкаваньнямi. Не дапаўзаючы якiх трыццаць мэтраў да насыпу, усе мелi ўстаць i на маскоўска-бальшавiцкi лад, з 'громким ура', у поўны рост кiнуцца ў атаку.

Сымон пiльнаваўся, каб надта ня высоўвацца наперад, але й не заставацца ў хвасьце. Каля яго падбягаў i падаў вобземлю, сапучы, як мядзьведзь, Вiктар. Прыблiжаючыся да насыпу, Сымон заўважыў, што меў яшчэ два патроны. Адзiн выстралiў, калi ўсе ўсталi й з тым 'громким' кiнулiся наперад,

- Прекратить стрельбу! - пачуўся ззаду загад з колькiх афiцэрскiх глотак.

Сымон памяркаваў, што, мусiць, аднаго патрона няварта пакiдаць, а лепш пусьцiць уверх, i, хоць усе былi ўжо на насыпе й стралянiна спынiлася, ён, наставiўшы ўверх руль стрэльбы, пацiснуў курок. Не прайшло й хвiлiны, як заўважыў капiтана, што бег у ягоным кiрунку ад маёра Мураўёва.

- Ты куды страляў? - пытае Сымона афiцэр.

- Уверх.

- Ты чаму страляў уверх?

- У мяне застаўся адзiн патрон, а загадана было...

- Дурыла ты! Знаеш, што табе за гэта будзе? Валяй хутка да маёра!

Сымон пусьцiў у рух ногi. Камандзер батальёна прыблiжаўся ў ягоным кiрунку.

- Спадар маёр, па вашаму загаду...

- Ты куды страляў? - насупiўся Мураўёў.

- Уверх.

- А куды было загадана страляць? Ты... - тут маёр вылаяўся зацяжным маскоўскiм трохпавярховым матам, - сукiн сын!

Пры гэтых словах, як трымаў у правай руцэ скураныя рукавiцы, з усёй сiлы сьцебануў iмi хлапца па твары. Толькi пярэдняя стрэшка Сымонавага шлема крышку затрымала ёмкi ўдар.

- Ты знаеш, што на тым баку шмат народу пры вакопах працуе? - дзёрся Мураўёў. - А што, калi ты каго зь iх забiў? Ты разумееш гэта цi не, дурак? Каму гэта даваўся загад спынiць стральбу?

У Сымона ад страху аж павукi забегалi па сьпiне й зьнядужалi ногi.

- Зараз абяззброiць яго й адвесьцi ў бункер! - крычаў камандзер. Адправiм у працоўны лягер, а калi прыйдуць весткi з таго боку Рэйну, што ёсьць забiтыя, застрэлiм, як сабаку, перад фронтам цэлага батальёну. Забраць яго, адвесьцi!

Да Сымона падбег капрал зь ягонае-ж роты, што выконваў цяпер ролю лучнiковага. Узяў юнакову стрэльбу, пас з патранташамi й шлем ды загадаў: 'Ну, пайшлi!'

Зайшоўшы ў свой барак, Сымон расказаў аб выпадку старшынi роты. Старшынёй быў добры чалавек - украiнец Налепа. Ён надта-ж па-людзку абыходзiўся з жаўнерамi роты. Дазваляў iм вечарамi хадзiць у яблыкi, табаку, бульбу. Вядома, што чалавекам з начальства, якi можа зрабiць найбольш прыкрым або прыемным аднастайнае жыцьцё жаўнера, бывае старшына роты. Налепу жаўнеры паважалi й слухалi, добра ацэньваючы лiберальнае дачыненьне да iх. Выслухаўшы Сымона, Налепа сказаў, што ня было нiчога так страшнага, як хлапец уявiў, што яго, пэўна, патрымаюць да вечара й пусьцяць. Сымон зь лягчэйшым сэрцам, падбадзёраны, павандраваў з капралам у бункер. У адной каморцы бункера сядзела чатыры чалавекi. Сымона пасадзiлi самога ў другой. Пры бункеры стаялi два вартавыя.

Сымон захапiў у бараку кнiжку i, крышку памяркаваўшы, прыйшоў да выснаву, што надта ня выпадае бедаваць, бо, пэўна, усё добра скончыцца. Узяўся за чытаньне. Але й чытаючы, колькi разоў хаця-нехаця вяртаўся да трывожнага пытаньня: 'А што, калi возьмiць i застрэлiць? Чорт яму верыць, маскалюгу гэтаму!'

Яшчэ нiколi раней ня сустрэўся Сымон лоб у лоб з пытаньнем аб магчымай сьмерцi. Навет калiсь пад вагонамi пад час тога пекла ў Вiльнi, калi жыўцом гарэлi параненыя сябры, нiяк ня прыходзiла ў галаву, што яго могуць забiць. Калiсьцi й дзесьцi - а дзе дакладна, дык не патрапiў-бы й сказаць - ён пастанавiў, што не павiнен дарма прапасьцi ў гэтай вайне, а мусiць перажыць яе за ўсякую цану. Трэба-ж было яшчэ так шмат зрабiць для сваiх родных i Бацькаўшчыны. Цi-ж ён, малады, здаровы, поўны сiл, сьведамы сваёй беларускасьцi юнак, мог дараваць усе крыўды, цгго ворагi зрабiлi ягонаму народу? О, не! Сто разоў не! Як i што ён будзе рабiць - Сымон ня ведаў, ды цi й быў цяпер час над тым думаць. Галоўнае вось, каб жыцьцё захаваць, а там дзесь ужо неяк праясьнiцца й будзе вiдаць, што рабiць трэба. Дык усё й зводзiлася да захаваньня жыцьця.

I цяпер Сымон аж жахнуўся пры думцы, што так лёгка й зусiм за дурнiцу мог налажыць галавой. Але гэта былi толькi хвiлiнныя, як джала, пякучыя думкi, што хутка адыходзiлi й не пакiдалi па сабе сьледу. Ня верыў-жа юнак, што сапраўды за нейкi дурны патрон могуць яго застрэлiць.

'Вось, пэўна, настрашыць яму ўздумалася. I Налепа-ж казаў, што, пэўна, вечарам выпусьцяць, - супакойваў сябе юнак. - Але-ж чаму я такi легкадумны? Няхай-бы ён ужо згарэў, той патрон. Як быў загад спынiць стралянiну, дык чаму-ж я не паслухаў? Калi ўжо неяк тут з гэтага клопату выкарабкаюся, дык трэба будзе пiльней прыслухоўвацца да загадаў i падпарадкоўвацца. Такая-ж во бязглуздзiца й да чаго можа чалавека давесьцi'.

Вiктар прынёс Сымону кацялок зупы й 'фарфлюктар'. Пад'еўшы, хлапец ужо больш супакоiўся й амаль цэлае паабедзьдзе чытаў. Каля шостай гадзiны прыбег да бункера дзяжурны афiцэр.

- Гэта ты сядзiш за дваццаты патрон? - спытаў Сымона.

- Я.

- Бяжы да маёра.

Перад баракам стаяла група афiцэраў. Яны пакурвалi, жартавалi. Вечар быў сонечны й цёплы. Сымон адразу спасьцярог, што ўсе афiцэры, у тым лiку й Мураўёў, былi ў добрым настроi. Гэта яму дадало шмат адвагi.

- Ты за што сядзеў? - пачаў Мураўёў.

- За сяньняшнi выстрал, - бойка адказаў хлапец, хоць дрыжыкi ўсё яшчэ бегалi па лытках.

- А ты куды страляў?

- Уверх.

- А куды было загадана страляць?

- У насып.

- Цi-ж у насып? А ня ў мiшэнi?

Усе прысутныя афiцэры змоўклi й прыслухоўвалiся. Усьмешкi бегалi па некаторых тварах.

- У мiшэнi, - згадзiўся Сымон.

- Дык вось бачыш, якая рэч... На тым баку Рэйна працуе шмат людзей пры вакопах, i толькi цяпер званiлi мне, што ёсьць адзiн паранены.

Калi-б Сымон тады меў час думаць над тым, што сказаў камандзер батальёна, дык пазнаў-бы хлусьню. Бо й як-жа, каб з такой колькасьцi людзей, ды яшчэ й дзесь далёка за тым Рэйнам, якраз ягоны, Сымонаў, нефартунны стрэл некага паранiў? Эх, ужо-ж i ня ўмеў Мураўёў выдумляць.

- Праўда, - прадаўжаў маёр, - уверх стралялi й iншыя... Але што я цяпер павiнен з табою зрабiць? Як ты думаеш? Цi, па-твойму, вiнаваты ты, цi не?

- Вiнаваты.

- Дык што я павiнен з табою зрабiць? Як пакараць? Ты прыдумай сам - якую-б ты даў сабе кару? Сымон маўчаў. Мураўёў паўтарыў пытаньне.

- Маё ўяўленьне, спадар маёр, занадта абмежаванае, каб прыдумаць сабе кару, - адпалiў Сымон.

- Эх ты, хiтрун! Ну ладна. На гэты раз дарую. Глядзi, каб у будучым слухаў загадаў. Уматвайся ў роту!

Сымон як скаблянуў адтуль у свой барак, дык аж костачкi бразджэлi.

Такая была гiсторыя з дваццатым патронам.

V

Каб блiжэй пазнаёмiцца зь людзьмi, што складалi батальён Мураўёва, варта нам, паважаны чытач, прыслухацца да адной даволi цiкавай гутаркi, якая аднойчы адбылася ў бараку другой роты, да якой належалi Сымон i Вiктар.

Каля даўгога стала сядзеў старшына роты сяржант Налепа й каля дзесятка хлапцоў, што чысьцiлi зброю, рыхтуючыся йсьцi на варту. У лiку iх з колiшняй афiцэрскай школы БКА былi Пiсаронак, Войнiк, Вiктар Караткевiч, Жылякоўскi й Сымон Спарыш. Усе iншыя служылi ў Беларусi ў палiцыi. Да iх належаў Курленя, што, паводле ягоных-жа словаў, быў калiсьцi капралам у польскiм войску, Земет - зусiм неадукаваны селянiн-паляшук, Шэмет, якому таксама варта было-б скончыць, прынамсi, пачатковую школу й якi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату