будзеце на сто працэнтаў выконваць усе загады, каб дасягнуць нашу мэту. Ну што, даяце?
- Даём! - крыкнула часьць сабраных.
- Ну, паглядзiм, - закончыў пагрозлiва маёр. - Крычаць вы таксама ўмееце, я гэта ведаю.
У голасе Мураўёва ня чулася хвальшывае ноты. Здавалася, што гаварыў шчыра й сам верыў у тое, што казаў. Адно ў тым жаўнерскiм адказе 'даём' чулася нотка няпэўнасьцi, хiстаньня. Што-ж мелi рабiць? Iзноў вунь пазганялi, спрабуюць нанава ляпiць новае цi ўжо надта-ж старое, майстраваць нешта ў iмя няведама чаго. Трэба-ж неяк усё гэта перажыць. А там? Далей мо праясьнiцца, будзе вiдаць.
II
Было прыгожае верасеньскае надвячор'е. Стаяла залатая пагода. Вяла ападалi на зямлю першыя пажаўцелыя лiсткi дрэваў, ледзь-ледзь варушыў чубамi дрэваў i кустоў навакольнага лесу вецер.
Каля пятай гадзiны васемнаццаць чалавек, у тым лiку й Сымон Спарыш, рыхтавалiся трымаць варту. Раптам прыйшоў загад сабрацца цэламу батальёну. Iзноў месцам зборкi была суседняя паляна, дзе пару дзён таму назад прамаўляў маёр Мураўёў. Прыехаў вайсковы духавы аркестр. Батальён стаў у дзьве раўналеглыя калёны. Чакалi коратка.
У прысутнасьцi двух ад'ютантаў-капiтанаў i маёра Мураўёва зьявiўся палкоўнiк Зiглiнг. Быў гэта чалавек сярэдняга веку й росту, з гладка прычэсанымi цёмнымi валасамi, ледзь паднятым уверх носам, мала заўважнымi яшчэ маршчынамi на лбе. На гладка дапасаваным зялёным мундзiры вiдаць быў цэлы шэраг медалёў. Сярод iх увыдатняўся Жалезны крыж, пад iм нейкi меншы белы крыж, колькi адзнакаў за раны. На правай пярэдняй кiшэнi зiхцела вялiкая зорка, пакрытая меншай свастыкай. Абуты быў у кавалерыйскiя боты з доўгiмi выглянцаванымi халявамi.
Прыняўшы рапарт ад камандзера першае роты, госьць затрымаўся каля правага флангу адзьдзела. Чаргова вiтаўся, салютуючы й падаючы руку камандзерам ротаў. Мiж афiцэраў завязалася жывая гутарка, густа пераплятаная сьмехамi й жартамi. Вiдаць, што палкоўнiк быў прыхiльнiкам блiзкiх кантактаў са сваймi падуладнымi, добра ацэньваючы iх вартасьць для пабудовы цясьнейшага сужыцьця й зразуменьня, якое так часта патрэбна ў баёх. Ён хутка, бязь лiшняй помпы, зрабiў вакол сябе хатнюю сяброўскую атмасфэру. Аркестр, што стаяў побач, зайграў марш, пасьля колькi iншых песьняў, разам з падношанай i надта-ж ужо ўцёртай бальшавiцкай 'Кацюшай'. Жаўнерам было загадана сесьцi з дазволам курыць i размаўляць. Усе прынялi загад з задаваленьнем. Паселi там, дзе стаялi.
Камандзер дывiзii быў цэнтрам агульнай увагi. Сеў ён на прынесенай лаўцы, па правай руцэ пасадзiўшы Мураўёва. Навокал паселi iншыя афiцэры. У рухах i гутарцы Зiглiнга вiдаць была ўпэўненасьць i сьвядомасьць таго, што ён тут поўны гаспадар. Пару разоў пачаставаў блiжэйшых афiцэраў цыгарэтамi, гутарыў i жартаваў з iмi. Над жаўнерамi падымалiся густыя клубкi смярдзючага табачнага дыму. У большай меры быў гэта дым з недасушанай, накрадзенай вечарамi зялёнай табакi, што расла тут-жа па суседзтву.
Прайшло больш гадзiны часу. Усе ўсталi, выраўнялiся пад гучную каманду афiцэра. Штаб дывiзii адышоўся ўбок, i батальён пад гукi аркестру пачаў вымаршыроўваць у кiрунку вабозу. Палкоўнiк прыглядаўся.
Раптам нiзенька з грымотным гукам шмыгнуў над самымi чупрынамi лесу няпрыяцельскi самалёт. Ледзь здолеў нехта крыкнуць 'флiгэрдэкунг' (налёт (ням.)), як усе, быццам вялiкi статак мышэй перад катом, куляючыся й падбiваючы адзiн аднаго, кiнулiся ў кусты. Самалёт маланкай праляцеў, i не пасьпелi яшчэ ўсе рассыпацца, як голасны рогат пачуўся з афiцэрскае групы. Там, дзе стаяў аркестр, ляжала на траве цэлая куча iнструмантаў, адно адзiн вялiкi барабан, вiдаць, кiнуты барабаншчыкам на хаду, ёмка кацiўся па цвёрдым мурагу воддаль ад месца зборкi. Некалькi разоў перакулiўся барабан па пожнi i, насьмяшыўшы ўсiх уволю, затрымаўся на карлаватым кусьцiку.
III
На поўнач ад вабозу, на ўскраi лесу, быў ладны кавалак выгану, дзе штодзённа праводзiлiся заняткi. Той факт, што гэны кавалак зямлi марнаваўся без карысьцi для сялян, тлумачыўся хiба тым, што тут тырчэлi добра падгнiлыя, але моцныя яшчэ карчы высечанага некалi лесу. Рэйна адгэтуль ня вiдаць было ён хаваўся дзесь далей на ўсход, за зеленьню кустоў.
Заняткi ў найбольшай меры былi баёвыя: вучылiся страляць i ўсякiх iншых хiтрасьцяў пяхотнага баёвага майстэрства. Вiдаць, на звычайную страявую муштру ня было часу. Мала яго вызначалася й на вывучэньне савецкае зброi, бо прадбачылася, што перад адыходам на фронт усяроўна выдадуць нямецкую.
Зьмянiўся адзьдзел, i зьмянiлася атмасфэра й песьнi. У модзе былi песьнi калi не савецкiя, дык, прынамсi, расейскiя. Колiшнiм сябрам зь менскае афiцэрскае школы БКА прыкра было слухаць выхваляньне Чапаева й iншае маскоўскае макароншчыны. Вiктар Караткевiч i так нiколi не сьпяваў, бо ня меў голасу. Сымон-жа надта любiў сьпяваць, адно цяпер устрымоўваўся, бо чужыя песьнi быццам тупой iржавай пiлой рэзалi дзесьцi па нэрвах, хоць часта i ў чужой мове сьпявалi аб Беларусi.
Вось чуецца, як жыдзенькi тэнар наперадзе зацягвае напеў:
'Ой там у лесу белорусском
Солдат молодой умирал...'
Яму ўтораць паўтары сотнi жаўнерскiх глотак. I далей iзноў напеў:
'Там дрались проклятые бандиты
Из первым белорусским полком...'
Песьняй, што ўсiм прыйшлася да спадобы й сьпявалася па ўсiх ротах, была наступная:
'Товарищ, товарищ, ты ходишь туда,
Скажи, с кем ухажерка гуляет моя...
По правде сказавши, товарищ ты мой,
Твоя ухажерка гуляет со мной.
Не жаль мне кареты, не жаль мне коня,
Но жалко девчонки - она молода.
Карету я справлю, коня я куплю
Такой ухажерки нигде не найду...'
Зь iншых, часьцей ужываных, трэба прыгадаць 'Скакал казак через долину', што Бог ведае ад якiх казакоў узяла пачатак. Пару разоў прабавалi нашы юнакi з былой школы БКА зацягнуць 'Першы зьвяз' i 'Iдуць жаўнеры беларусы', але нiчога не атрымалася. Былыя палiцаi й чырвонаармейцы не маглi ведаць патрыятычных беларускiх песьняў, ды яны пераважна й сьпявалiся без напеваў, не так, як расейскiя.
Зараз пры ўваходзе ў вабоз ад галоўнай шашы з правага боку быў бункер. Пабудаваны ён быў з доўгiх круглякоў, ды зьверху й з бакоў абложаны зямлёю. У iм - двое дзьвярэй ды колькi шчылiнаў навокал. Далей, па правым баку, стаяў даволi вялiкi трысьцен. Там мясьцiлiся два кухонныя катлы, у адным варылi каву, у iншым - зупу. Варыцца, бывае, тая зупа на абед, а смурод ад канiны разносiцца ветрам па ўсёй ваколiцы.
- Што сягоньня будзе на абед? - спытае адзiн другога.
- Што-ж у цябе, братка, нос не ў парадку? Конская галёнка, брат, будзе.
- Наядзёмся канiны i - ух! Iржаць будзем, як жарэбчыкi. А як пабяжым на фронт, дык, пэўна, промаху не дамо. Трымайцеся, ворагi!
Жарты жартамi, а цi каму ўдалося-б наесьцiся канiны, каб i хацеў. У зупе той, як казалi яшчэ дома, бывала, крупiна за крупiнай ганялася з дубiнай, а наверсе пару ледзь заўважных сьвечачак конскага тлушчу можна прыкмецiць было. Даводзiлася людзям паясы яшчэ больш сьцiскаць. Недарма часта здаралася, што ў бараках адзiн ад другога апошнюю мiзэрненькую пайку хлеба краў.
IV
Напрыканцы верасьня батальён Мураўёва пачаў праводзiць тактычныя заняткi. Адбывалiся яны на падчышчаным ужо кукурузным полi, на поўнач ад бараку, на скраi лесу. Каля самага лесу быў высакаваты, на мэтры чатыры, насып. Ён быў, вiдаць, зроблены даўно для затамаваньня разводзьдзяў з Рэйна й цягнуўся ўздоўж лесу на колькi кiлямэтраў.
У адзiн прыгожы пагодны дзень праграмаю заняткаў батальёна быў наступ i атака. Меў прыехаць Зiглiнг, але не зьявiўся. Спадзяючыся ягонага прыезду, дружыновыя яшчэ загадзя падбадзёрвалi сваiх хлапцоў, каб выявiлi максiмум стараньняў i паказалi сябе найлепш вышкаленымi. Пад час практыкаваньняў мела быць ужываная вострая амунiцыя. На кожную стрэльбу было выдадзена па дваццаць ладункаў. Страляць мелi ў расстаўленыя на полi й каля насыпу мiшэнi. Выхадным пунктам наступу былi рэдкiя кусты каля зарослага густой травой ручайка на заходняй ускраiне кукурузнага поля. Увесь рух меў адбывацца ў кiрунку Рэйну, што хаваўся дзесь за лесам.
Першы наступ быў праведзены напуста. У ходэе яго шмат пакрычаць давялося камандзеру першага зьвяза, у якiм былi Сымон i Вiктар, старшаму лейтананту Рэшатаву, што ладна надарваў свой голас. Пад час другога наступу, ужо каля гадзiны дзесятай, ужывалiся вострыя патроны. Для назiраньня практыкаваньняў прыехаў маёр Мураўёў. Затрымаўся на краi поля, ззаду на левым фланзе першага зьвяза.
Жаўнеры старалiся перабягаць наперад iндывiдуальна, як i вымагалася, бо пад вялiкую траскатню