- Ат, - махнуў рукою Вiктар, - неяк будзе. Вось давай лепш пасьпiм, а тады буду бачыць, што рабiць. Можа, Рэшатаў навет i ня ведае, што я тут...

- Як то ня ведае?

- Мо ўжо думае, што я да французаў папаўся. Не аднаго-ж мяне не стае.

- Ну, глядзi. Не кажы, што я цябе не папярэдзiў.

Але змучаны Вiктар, выпрастаўшыся на сене, ужо драмаў. Сымон перастаў яго турбаваць. Знадворку чуваць было конскае хрупаньне й частае фырканьне, а з захаду лёгкi восеньскi вецер часьценька прыносiў глухi гул гарматаў. Сымон лёг каля сябры i, перадумаўшы ўсё расказанае Вiктарам, заснуў.

V

Прыйшла ў вабоз у Гальфiнгэн вестка, што два францускiя танкi заехалi назад у вёску Гаймсбрун i, заняўшы пазыцыi на могiльнiку пры шашы, перасеклi адну з галоўных артэрыяў сувязi фронту з тылам. Вёска Гаймсбрун ляжала ў адлегласьцi трох кiлямэтраў проста на поўнач ад Гальфiнгэна i кiлямэтраў восем на захад ад Мюльгаўзэна. Лiнiя фронту, што бегла па рэчцы Iл ад швайцарскай мяжы ды лукам абгiнала з захаду Мюльгаўзэн, зусiм блiзка падыходзiла да Гаймсбруна. Танкi выканалi зручны манэўр, адрэзаўшы адзiн шлях сувязi й даставаў. Ня было нiякай мовы аб праезьдзе немцамi дарогай цераз Гаймсбрун на фронт.

Шаша лёгкай дугой абгiнала могiльнiк. Адзiн танк, заняўшы пазыцыю на адным краi, сачыў за дарогай на поўдзень, другi-ж, стаўшы на другiм баку, - за дарогай на поўнач. Тут-жа, насупраць могiльнiку, на другiм баку вулiцы, стаяў касьцёл. На званiцу паслалi французы пару кулямётчыкаў, што назiралi за дарогамi, а пры дапамозе пераноснага радыё паведамлялi танкiстам унiзе аб усякiм руху, што адбываўся на шашы. У той дзень, 24 лiстапада, калi немцы наважылi зьлiквiдаваць няпрыяцельскiя танкi, у вабоз канюхоў у вёску Гальфiнгэн зьявiўся Вiтвiцкi. Ён прыйшоў мабiлiзаваць канюхоў для выкананьня баявога заданьня. Сабраў восем чалавек, у iх лiку й нашых двух гэрояў, уручыў iм два панцырфаўсты, кулямёт, i такi баявы адзьдзел накiраваўся ў Гаймсбрун.

Хто-ж быў Вiтвiцкi? У нашай аповесьцi ён i выступае ўсяго адзiн раз, але варта зь iм блiжэй пазнаёмiцца хаця-б таму, што гэты вырадак пакiнуў крывавыя сьляды й папялiшчы па ўсёй Глыбоччыне. Доўга не забудуцца пра яго сяляне Глыбоцкае акругi як пра аднаго зь перадавых гiтлераўскiх катаў-нелюдзяў.

Пасьля сьмерцi будаўнiка Вэрсальскае Польшчы маршала Пiлсудзкага ў 1935 годзе польскiя акупанты Заходняе Беларусi наважылiся замацаваць памяць 'дарагога маршалка' на Вiленшчыне пабудовай на казённы кошт сотнi пачатковых школаў, параськiданых па ўсiм Вiленскiм ваяводзтве. Адна такая сямiкласная школа iмя Пiлсудзкага - двухпавярховы шэры цагляны будынак - вырасла й на станцыi Каралеўшчына. Пад школу быў адведзены вялiкi пляц, навокал абгароджаны плотам. З заходняга боку, крокаў на пяцьдзесят воддаль ад школы, вырасла абабiтая шалёўкамi малая трохпакаёвая хатка, крытая гонтам. Гэта было памяшканьне для школьнага вартаўнiка.

Вiктар Караткевiч i Сымон Спарыш пачалi наведваць новую школу ад пятае клясы. Апрача шматлiкiх дзяцей мясцовых польскiх ураднiкаў, чыгуначнiкаў, асаднiкаў i панкоў, што вучылiся тут, амаль палова дзяцей былi беларусы з навакольных вёсак. I ў гэтай школе Сымону й Вiктару першы раз давялося сустрэцца з Вiтвiцкiм. Як школьнiкi сустракаюцца з вартаўнiком? Проста бачаць яго дый часамi ўцякаюць ад яго, калi ўлезуць, дзе забаронена, а той выганяе. Так i нашы два гэроi ведалi Вiтвiцкага адно з выгляду. Фiзiяномiяй сваёй ён належаў да людзей, пабачыўшы якiх, не забудзецеся нiколi. Перадусiм - нос. Што гэта за нос! Гарбаты й даўгi, як сланоў хобат, тырчаў ён далёка наперад на вузкiм твары й плоскай галаве. Блiзенька носу з двух бакоў сядзела пара зялёна-рудых вачэй. Доўгiя хвалiстыя валасы ападалi аж на шыю. Трэба прыгадаць i густа зморшчаны, ня зусiм нiзкi лоб ды асаблiва-ж вусны: рот быў вузкi, а вусны таўстыя. Калi Вiтвiцкi гаварыў, то здавалася вам, што голас дзесь выходзiць з даўгога гарбатага носу-хобата, а таўстыя кароткiя вусны вось так адно для гульнi неяк дзiўна скручваюцца ў трубку, каб не пахвалiцца, што за iм разьмясьцiлiся падобныя да конскiх iклы й калаваты, быццам маленькае палена, язык.

Асаблiва Сымон цiкавiўся тым носам-хобатам. Бывала, iдучы зь верхняга паверху на двор на перапынак, здалёк заўважыць Вiтвiцкага каля знадворных дзьвярэй i вялiкага вакна. Той звычайна пабрыньквае ў правай руцэ вялiкiм званком, прыглядаецца, як вучнi выходзяць на двор. Сымон, бывала, зойдзе збоку ды так угледзiцца ў нос-хобат, што нарэшце й сам вартаўнiк заўважыць ды, жартуючы, сыкне на хлапца, каб напалохаць. Гаварыў Вiтвiцкi хутка, адрывiста й неяк зусiм не так, як мясцовыя палякi. Здавалася, што польскiя словы вымаўляе зь вялiкай цяжкасьцю.

Вiтвiцкi ажанiўся зь беларускай дзяўчынай зь недалёкiх Мiхалёў, дзяцей ня меў i, пэўна-ж, сядзеў-бы й працаваў пры школе яшчэ доўгi час, калi-б ня прыход бальшавiкоў. Раптоўна Вiтвiцкi прапаў. Гаварылi людзi навокал, што быццам трапiў у вязьнiцу ў Бярэзьвечах, дзе ў былым кляштары над возерам бальшавiкi трымалi сотнi людзей. Гаварылi ўсяк, але напэўна нiхто ня ведаў. Дый хто там надта цiкавiўся былым школьным вартаўнiком. Пагутарылi й хутка змоўклi.

Адно з прыходам гiтлераўскiх акупантаў выявiлася, што Вiтвiцкi сапраўды сядзеў у Бярэзьвецкай вязьнiцы, што за польскiм часам працаваў на карысьць нямецкае разьведкi й што быў зьвернуты ў Нямеччыну бальшавiкамi пад час вымены людзей, якая адбылася ў 1940 годзе мiж Масквою й Бэрлiнам, калi Сталiн i Гiтлер былi добрымi хаўрусьнiкамi. Калi ў 1941 годзе былы шпiён Вiтвiцкi зьявiўся ў Глыбокiм, дык шмат хто пэўна не пазнаў-бы колiшняга школьнага вартаўнiка з Каралеўшчыны, калi-б не тая сталая прыкмета - нос-хобат. Гэтым разам i дэкарацыя была iншая. Цяпер Вiтвiцкi ўжо прыехаў сюды гаспадарыць. Гэты былы вартаўнiк заняў пачэснае месца нямецкага школьнага шэфа й iнспэктара на Глыбоцкую акругу. Якiм прыхiльнiкам беларусаў быў Вiтвiцкi, няхай сьведчыць хаця-б адзiн першакласнае вагi ў школьных справах факт, што на беларускага акруговага школьнага iнспектара ён трымаў ведамага няпрыяцеля беларусаў маскаля Субботiна, якi навет на школьных вучнёўскiх пасьведках падпiсваў сваё прозвiшча з падвойным 'б' i 'т'.

Было-б яшчэ паўбяды, каб былы шпiён Вiтвiцкi абмежаваўся адно школьнымi справамi ў акрузе. Адылi ўлада ягоная, як i ўсiх гiтлераўцаў-акупантаў, была неабмежаваная. Школьны шэф, на вялiкае няшчасьце загнаных у гэтто жыдоў i беларускага насельнiцтва Глыбоччыны, выкарыстоўваў тую ўладу поўнасьцю.

Кожны жыд з гэтто, калi iшоў вулiцаю ў калёне на працу ды здалёк заўважыў немца, мусiў здымаць шапку й кланяцца. Шматлiкiя немцы, асаблiва мясцовыя працаўнiкi цывiльнай улады, ня бралi таго на ўвагу. Iнакш было зь Вiтвiцкiм. Баранi Божа, пападзiся яму пад руку жыд, што iшоў па ходнiку, замест па бруку, або што ня ськiнуў перад iм шапкi - застрэлiць на месцы. I колькi-ж было такiх выпадкаў. Ведалi ў Глыбокiм яго ўсе жыды й баялiся як агню. Добра было, калi Вiтвiцкi iшоў па вулiцы ў ярка-зялёным мундзiры цывiльнага ўраднiка. Тады жыд мог убачыць яго здалёк i ў пару дрыжачай спрацаванай рукой ськiнуць шапку. Бяда, што ён часьценька хадзiў у цывiльнай вопратцы. Казалi некаторыя, якiя ведалi гэтага вырадка блiжэй, што рабiў ён гэта наўмысьля. Iдучы апранутым у цывiльнае, Вiтвiцкi заўсёды трымаў у кiшэнi напагатове 'люгэр'. Сустрэўшы калёну жыдоў на вулiцы ды заўважыўшы, што некаторыя ня ўсьпелi яму пакланiцца, ня мiне яе, каб не пакiнуць на бруку пару трупаў.

Зь мясцовых гарадзкiх польскiх басякоў усякае масьцi арганiзаваў Вiтвiцкi адзьдзел, што трымаў варту каля будынку нямецкага камiсарыяту ў Глыбокiм. Было iх звыш сарака. Усе выводзiлiся з гарадзкое польскае басоты, гатовай на ўсё за адпаведную заплату. Чаму-ж з польскiх басякоў? - спытаў-бы нехта. Хiба-ж ня было ў горадзе цi навокал ахвотных хлапцоў зь беларускае моладзi?

Усё гэта сталася не прыпадкова. Немцы, згодна зьверху накiнутага пляну цi iнструкцыяў, паслугоўвалiся адкiдкамi грамадзтва зь ненавiснай беларускаму насельнiцтву польскай басоты. Яны ведалi, што тая здольная была на ўсе брудныя справы. Дый патрэбная-ж была немцам нязгода й грызьня мiж мясцовым беларускiм i малымi рэшткамi польскага насельнiцтва. У агульны нямецкi плян, дзеля таго, уваходзiла польская басота, сюды- ж пэўна належаў i маскаль iнспэктар Субботiн; бабскiя брыгады прастытутак-полек, што, быццам тыя мухi гной, абселi акруговы камiсарыят, нямецкую жандармерыю, СД i паасобных, важных у адмiнiстрацыi немцаў; палякi ў чорнай палiцыi й iншыя.

Вiтвiцкi з бандай польскай басоты хутка даўся ў знакi беларусам навокал Глыбокага, асаблiва ўздоўж чыгункi Полацак - Маладэчна. Ён здабыў сабе пару пакiнутых бальшавiкамi транспартных аўтамабiляў, прыдбаў чэскую зброю й часьценька выязджаў на паляваньне. Ясна, не называў таго паляваньнем, а рэйдамi супраць чырвоных партызанаў. Бяда ў тым, што нi камандзер, нi адзьдзел басякоў нiчым ня выявiлiся як змагары супраць бальшавiцкiх групаў. Затое колькi-ж яны папалiлi й абрабавалi вёсак уздоўж успомненай чыгункi, дый цi толькi каля яе!

Выедуць, бывала, на тыдзень цi два. Дзесь знойдуць на чыгунцы мiну. Значыцца, трэба-ж знайсьцi й вiнаватых. Дзе яны там будуць ганяцца за сапраўднымi злачынцамi! Лягчэй спалiць суседнюю адну цi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату