магло быць сумлеву. Дык i чорт яе там з бабай другая будзе. Падумаеш, баба! Крышку шкада было дзетак, дзяўчынкi й хлопчыка. Пэўна, бальшавiкi iх зьлiквiдуюць. Але як-жа йнакш льга было...'
Ад гэткага разважаньня ў думках Сьцервiн зноў перакiнуўся да цяперашняй сытуацыi, i няпэўнасьць пачала закрадацца ў яго сьведамасьць.
'А што, калi знойдзецца такi адзiн цi два, што на другiм баку данясуць, пастараюцца ўсе ягоныя мiнулыя грашкi прыпомнiць? Нямала ёсьць ворагаў. I тут у дывiзii, хаць i, здавалася, што не заўважыў нiкога, - хто-ж яго там ведае... Мала што можа здарыцца? I хiба-ж калi навет дзе хто й быў, што трымаў яго на воку, дык цi-ж ён вылезе цяпер наверх? Гэта там, ужо на другi бок дастаўшыся, трэба будзе ўважней прыглядацца. Ужо калi што дзе вылезе, пакажацца, пастараецца паклiкаць яго да адказнасьцi цi на нейкi суд перад нейкай уладай (а ўлада-ж там, як-бы яна нi выглядала цi называлася, усё-ж будзе), дык, пэўна-ж, - на другiм баку. Але, што-ж меў цяпер рабiць, каб гэтаму запабегчы? Нiчога. Зробленага - ня вернеш. Трэба падрыхтавацца на найгоршае, а там ужо няхай будзе, што будзе, што мае быць. Добра вось, што яшчэ жменьку гэтых залаценькiх неяк захаваў. Мо на помач прыйдуць. Дый калi-ж не яны, у выпадку няшчасьця, дык хто-ж тады мае памагчы? Трэба сьцерагчы й хаваць iх, быццам сваё вока. Можа, у iх будзе пачатак i канец ягоных непрадугледжаных цяжкасьцяў? Абавязкова, абавязкова трэба дапiльнаваць, каб не адабралi. Гэта-ж, можа, апошнi ратунак'.
Гэтак Сьцервiн, заглыбiўшыся ў свае думкi, валачыўся з правага боку на чале калёны. Ад некаторага часу крыху звольнiў кроку i, маршыруючы амаль на ўзроўнi сярэдзiны групы, адным вухам падслухоўваў, як нешта ўсё вурчаў свайму сябру той канюх, якога прыпадкова залiчылi ў лiк дэзэртыраў i паслалi зь iмi на фронт. Не падабаўся Сьцервiну хлопец. 'Хто яго ведае чаму? - думаў сабе. Можа, ён што пра мяне ведае? Чаго так уважна колькi разоў да мяне прыглядаўся? Навет i тады, калi яго арыштавалi за лiшнi выстралены патрон i калi Мураўёў ужо надвечар выклiкаў з бункера, калi ўсе афiцэры стаялi каля бараку, дык надта-ж неяк дзiўна быў уталопiўся ў мяне. Няўжо-ж мяне знае? Ня можа быць. Хлопец, здаецца, зусiм незнаёмы. Каб ведаў, каб быў пэўны, дык, можа-б, дзе тут пры фронце як-небудзь набок яго ўдалося? I чаму ён мне не падабаецца? Мо таму, што заголасна заўсёды выказваецца са сваiм патрыятызмам? Гэта-ж i ад Рэшатава пару разоў пра яго й пра ягонага, сябру чуў. А патрыёты - асаблiва цяперашнiя, беларускiя - гэта-ж вар'яты. Яны там за нешта ўзьнёслае, уяўленае, няiснуючае стаяць, дык i гатовы добраму, практычнаму, такому, як ён, чалавеку крыўды прынесьцi'.
Сьцервiн уважней наставiў вуха й стараўся слухаць, што гаварыў канюх. Той колькi разоў пазiраў на яго i, вiдаць, нешта хацеў сказаць.
- Спадар лейтанант, - нарэшце асьмелiўся, гаворачы чысьценька па-беларуску.
- Ну, что?
- Пусьцiце мяне назад у вабоз. Мяне-ж памылкова забралi.
- Как то? Да при чем здесь я? Разве я тебя забрал?
- Хоць, можа, i ня вы, а капiтан той, але-ж я канюхом быў i толькi прыпадкова папаўся яму пад руку. Дый конь мой застаўся сам, даглядаць за iм няма каму. Пусьцiце, спадар лейтанант.
- Если и была ошибка, то не моя, конечно. Пускать тебя назад я не имею права.
- То-ж вы цяпер камандзер. Як-жа не маеце права?
- А тебе какое дело? Разве я должен тебе докладывать о том, что делаю? Пры гэтым Сьцервiн накасавурыўся i ўжо даволi пагрозьлiва зiрнуў на канюха.
- Пакiнь ты! - таўхануў пад бок Сымона Вiктар. - Чаму ты яго просiш? Будзем во разам.
- Я-ж думаў, што мо чалавек зразумее, ажно...
Сымон ня сяньня заўважыў фарсiстага афiцэра. Ня змог-бы пэўна вытлумачыць, чаму той яму так не спадабаўся з выгляду. Ня йшла гаворка аб вопратцы цi аб тых блiскучках, але найбольш - аб самiм твары. Сымону здавалася, што гэта наскрозь хвальшывы чалавек. Хоць блiжэй яго й ня ведаў, назiраў адно здалёку, але-ж хто мог не спасьцерагчы ягонай празьмернай лiсьлiвасьцi да сяброў-афiцэраў, асаблiва да старэйшых камандзераў сваiх, i той абыякавасьцi, штучнай адлегласьцi, на якой трымаў сябе Сьцервiн у дачыненьнi да малодшых чынамi?
Цяпер-жа Сымон першы раз трапiў пад ягоную ўладу. Чуў раней, што быццам Сьцервiн быў беларусам. Дык i чаму-ж, калi iншыя афiцэры гаварылi па-беларуску й па-ўкраiнску, памiнаючы ўжо толькi чыста вайсковую расейскую каманду, чаму ён - гэты францiк з шэрагам залатых зубоў наперадзе, анiяк не хацеў зь iм, Сымонам, навет i цяпер гаварыць па-беларуску? Няўжо-ж ён быў аж настолькi маскаль?
'Эх, тут нешта ня тое. I цiкава, чаму гэты чалавек мне так не падабаецца? Цi ня варта было-б крышку больш аб iм пранюхаць?'
V
- Гальт! - пачулася зь цемры наперадзе, й два ручныя лiхтарыкi з абодвух бакоў дарогi вузенькiмi палоскамi сьвятла прарэзалi восеньскую цемру ды коўзалi па тварах затрыманых Сьцервiным людзей. Дарожная старожа нямецкае вайсковае палiцыi сачыла за рухам у абодвух кiрунках, лавiла й затрымоўвала падазроных й дэзэртыраў.
Сьцервiн падыйшоў наперад да немцаў, замянiўшыся зь iмi колькiмi сказамi, i малая калёна паволi рушыла наперад. Яшчэ зрабiлi адзiн кiлямэтр. Пад узгоркам шаша павярнула дугой налева ды пасьля стужкаю выпрасталася ў кiрунку Асбаха. З правага боку, ледзь заўважныя ў цемры, тырчалi густаватыя зарасьнiкi. Дарога была пад сталым абстрэлам артылерыi працiўнiка. Ледзь заўважны цёмны гарызонт асьветлiцца водблiскам гарматных стрэлаў, да вушэй прыбяжыць сьвiст снарадаў. Гул узрываў спыняе манатонна-нуднае выцьцё асеньняга ветру. Працiўнiк страляе вобмацкам, наўгад. Вось iзноў чуваць, як дзесьцi за ўзгоркам зарагаталi жалезныя глоткi, i сотнi кiляграмаў жалеза зь няпрыемным дэмаралiзуючым енкам лятуць у кiрунку малое групы дэзэртыраў. Сьцервiн ня турбуецца. Яшчэ з Бацькаўшчыны, а то й з апавяданьняў ведае, што ня трэба баяцца тых снарадаў, сьвiст якiх чуеш загадзя. Сьвiшчуць толькi пералётныя. Тых, што могуць у цябе трапiць або не далятуць, сьвiсту нiколi не пачуеш. Дык Сьцервiн i ня турбуецца. Ня тое, каб ён адважным быў. Зусiм не. Цi раз дома даводзiлася, не аглядаючыся, назад пяткi падмазваць, а то часамi й камбiнаваць, каб дзе пад лiвень агню ня трапiць. Праўда, была ў Сьцервiна адвага iншага роду: прыкладам, у селянiна самагонку адабраць цi над жыдамi пазьдзекавацца, абрабаваць дзе каго пад час 'выкананьня службовых абавязкаў'. Баёвой-жа адвагай не грашыў...
Колькi снарадаў загрымела шнурам побач дарогi. Вецер прынёс смурод пораху. Але што-ж такое? Дзе-ж гэта людзi? Азiрнуўшыся, Сьцервiн спасьцярог, што бальшыня ягоных людзей зь перапалоху пакацiлася ў прыдарожную канаву. Толькi жменька, звольнiўшы крок, ня ведае, што рабiць.
- Эй, там! - раве на ўсю глотку лейтанант. - Кто вам приказал прятаться? Встать сейчас же, такую вашу...! Ишь ты! Вон какие с вас, значится, вояки. Подыматься! Погодите, вы еше ничего не видели! Еще, может быть, забудете, куда и прятаться надо будет!
Не без задаволенай ухмылкi на твары параўнаў у гэны момант Сьцервiн сябе, спрактыкаванага i, паводле яго-ж самога, вельмi адважнага жаўнера, з гэтым, на яго думку, палахлiвым збродам дэзэртыраў. Аж выпрасталася з задаваленьня кароценькая шыя i раўней пайшлi ногi.
Перад будынкам, дзе мясьцiлася каманда батальёну, падзел людзей адбыўся хутка. Усе былi накiраваныя да сваiх ротаў.
- Глядзеце, хлопцы, ня курыце й цiха гаварыце, - перасьцерагаў зьвязны падафiцэр малую групку, у якой былi Сымон i Вiктар.
Групка мiнула колькi цёмных хатаў, увайшла ў зарасьнiкi ды, зь цяжкасьцю выцягваючы ногi зь мяккай размоклай глiны, павярнула на край лесу, дзе ледзь вiдаць былi абрысы нейкага будынку. Падыйшоўшы, заўважылi, што была гэта невялiкая сьвятыня. Увайшлi. Вокны касьцёлу пазавешаныя былi знутры жаўнерскiмi коцамi, а ў цьмякым сьвятле адзiнокае сьвечкi, што гарэла ў куточку, можна было разгледзець пару дзесяткаў замурзаных, аблепленых засохлаю глiнай людзей, што спалi на падлозе. За алтаром, у круглай адтулiне ў сьцяне, тырчаў кулямёт, а пры iм сядзеў чалавек. Побач, у кутку, галава статуi Маткi Боскай схавалася ў рудавата-глiнястым шлеме. У куце, зьмешаныя з розным жаўнерскiм хламам, тулiлiся касьцельныя рэчы.
- Хто тут ёсьць? Войнiк! Гэта ты? - пачаў клiкаць Сымон, прыпомнiўшы, што тут павiнна быць пару ягоных сяброў.
- Как, Спарыш? И ты здесь? Каким образом? - пачуў хлопец няпрыемны голас курносенькага Рэшатава, што ў паўдрэмцы сядзеў на прыступках аўтара.
- Я ня ведаю, гаспадзiн обер-лейтанант, - зьбянтэжыўся такiм спатканьнем Спарыш. Ён быў ужо крыху й падзабыўся аб iснаваньнi расейца, хоць прыгадваў, што ён тут. У сустрэчы ня было нечаканасьцi, адно зьбянтэжанасьць. Накiравалi мяне толькi аднаго з канюхоў. Цi гэта, можа, прыпадкова? Пашлiце мяне назад,