задаволены, што меў адно падношаныя чаравiкi. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалi нiчога ўзамен. Французы, вiдаць, запасалiся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпiць.

Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп - сотнi мо тры - раней ужо прыгнаных з трыццатай дывiзii. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат iншых са свае роты. Афiцэры стаялi ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў нiяк не мог дапытацца, дзе згубiўся лейтанант Сьцервiн. Камандзер роты Багданаў цьвердзiў, што пазаўчора каля гадзiны адзiнаццатай Сьцервiн сабраўся ў абход пазыцыяў i ад гэтага часу яго не бачыў. Думалi, што пазьней выясьнiцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Нiхто зь iх так i не даведаўся, што сталася са Сьцервiным, а тыя, што ведалi, тым часам маўчалi.

Пасьля блiзу гадзiннага чаканьня ўсiх палонных накiравалi ў горад пад канвоем мясцовае палiцыi. Прайшоўшы колькi вулiцаў, спынiлi iх перад будынкам каманданта. Афiцэраў паклiкалi на допыты. У гэтым часе францускiя жаўнеры, што праходзiлi й праязджалi, шнырылi ў людзей па кiшэнях. Ужо зусiм сьцямнелася, калi загналi палонных у падвал нейкага вялiзнага будынку. Там прасядзелi мо пару гадзiн, атрымаўшы першую страву па гэтым баку - па лыжцы нясмачнай полiўкi.

Заладаваўшы людзей на шматлiкiя транспартныя машыны, завезлi iх за паўдзесятка кiлямэтраў у нейкае мястэчка, дзе разьмясьцiлi на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сiнагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазiлi людзям па кiшэнях, i ў шматлiкiх беларусаў вытварылася iдэя, што французы - дасканалыя кiшанёвыя майстры.

Сымон апынуўся наверсе, у вялiкiм бочным пакоi. Людзей напакавалi туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны сьвiстаў вецер. Было цёмна. Людзi клалiся адпачываць на сьцюдзёнай падлозе. Ногi й галовы так паблыталiся, што цяжка было-б i разгледзець, што да каго належыць.

У адным кутку чуваць было нямецкую мову.

- Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! - жалiўся адзiн голас.

- Павярнiся-ж ты хаця крышку, каб i я прылёг.

- Вось дык i жывём, - уздыхнуў трэцi.

- Камэрад, камэрад! Дас iст фаў драй! - дражнiў немцаў Рэшатаў.

Колькi чалавек гучна засьмяялася.

II

Ранiцою Сымон разгледзеўся. Бажнiца была паўнюсенька набiта народам. Балькон, нiжняя заля, бочныя каморкi - усё было перапоўнена.

- Слухай! - гукнуў Сымона Пiсаронак. - Караткевiч тут ёсьць.

- Так? Дзе ён?

Знайшлi Вiктара на бальконе. Сядзеў i, пазяхаючы, разглядаўся. Усмiхнулiся, паздароўкалiся, моцна пацiснулi рукi.

- А калi-ж ты трапiў? - пытаў Сымон.

- Учора апаўднi.

- Дык дзе-ж ты так доўга быў заваляўся?

- Братка, каб ты толькi ведаў, - пазяхаў iзноў той. - Хацеў я ўжо быў заставацца ў селянiна. Дамовiўся, усё абцяпаў, як належыцьца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе-ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну пару ў тых вакопах - вады па каленi... Не, думаю, не такi я дурань, каб калець на сьцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка нi цябе, нi ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла мяне, братка, злосьць. Не, думаю, скула-ж табе ў бок. Калi так, думаю, дык i фiгу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцьца. Спаў да васьмi. Ранiцаю ўстаў, папiў культурна кавы, пасьнедаў у гаспадара дый толькi ўжо збiраўся ў цывiльнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пунi не было як перабегчы: мiны кругом клалiся, кулi навокал сьвiсталi...

- А я-ткi думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? - жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае. - Ажно гэта яны цябе старалiся зь бясьпечнага сховiшча вывудзiць. От яно як!

- Ты сьмейся ня сьмейся, - крыху зьбянтэжыўся Вiктар, - а надта смачна й ня было. Гаспадар дамовiўся мне цывiльную вопратку ў пуню прынесьцi. Дык дзе там! Ня было як. Цi то ня мог прайсьцi, цi то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскi, дзе найбольш абстрэльвалi. Што-ж тады мне заставалася рабiць? Залез я, ведаеш, у хлеў i схаваўся пад бычкоў за карыта...

- Куды? Куды?

- Схаваўся за карыта ў быкоў.

- У быкоў? Га-га-га! - рагатаў Сымон, а Пiсаронак яму памагаў. - Але-ж зь цябе й ваяка. I даволi арыгiнальнае сховiшча. А даiць iх ня пробаваў? Га-га-Та, хэ-хэ...

Вiктар зьбянтэжыўся.

- Ну, апавядай далей, - спанукаў сябра.

- Што-ж там многа апавядаць? Прыйшлi й выцягнулi.

- Хто прыйшоў i як выцягнулi?

- Гаспадар сказаў iм, мусiць, бо доўга чакаць - не чакаў. Прыйшло, брат, двое - чорны зь белым. Як хвацiлi мяне за рукi й ногi ды як павалаклi з-за таго карыта, дык чаго ўсiх канцавiнаў не павыкручвалi. Як убачылi, заразы, гадзiньнiк, дык чаго з рукой не адарвалi. Забралi ўсё ўсенькае: i хлябак, i шапку, застаўся во як стаю.

- Эх, брат, ну й ваяка-ж зь цябе, - сьмяяўся Сымон. Рана пачалi ладаваць палонных на машыны. Мiж афiцэраў вiдаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласьць была штучная. Тое-ж наглядалася й мiж iншых афiцэраў. Яны апранулi штучныя маскi бесклапотнасьцi, з-пад якiх вiдаць было няпэўнасьць цi навет i некаторую трывогу. Магчыма, што ў галовах гнязьдзiлiся ранейшыя, часта паўтараныя немцамi пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукi Сталiна.

Даўгi транспарт з палоннымi, што стаялi ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кiрунку Бэльфорта. Праяжджалi празь вёскi, густа ўпрыгожаныя францускiмi сьцягамi, мiма сьвяточна апранутых жыхароў i калёнаў францускага войска, што пасоўвалася на фронт. З боку як адных, так i другiх у адрас палонных чулiся дзiкае выцьцё, пагрозы й насьмешкi. Той цi iншы з французаў падбягаў i стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, цi сустрэчныя адносiлiся-б iнакш, калi-б ведалi, што палонныя ня былi немцамi.

Транспарт праяжджаў празь вялiкую вёску, дзе разбурэньнi й розны хлам на вулiцы сьведчылi аб нядаўнiх баёх. Усюды было поўна цывiльных i вайсковых. На павароце аўтамашыны спынiлiся. Сымон зь сябрамi стаяў у кузаве другой машыны. Колькi цывiльных, у тым лiку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразi, пачалi абкiдваць ёю палонных. Яны дзiка смяялiся й крычалi, калi гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялi па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелi на тыя зьдзекi, бесьперапынна жуючы амэрыканскую гуму.

Малы смаркаты падлетак, каб зблiзку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабiны. Гразь, няўмела кiнутая малой рукой, адбiлася аб борт кузава й часткова трапiла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосьцi, ён схапiў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб бiць безабаронных людзей. У гэты час адзiн старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубiну, пачаў абкладаць ударамi палонных на кузаве трэцяй машыны. Былi там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпiхалi слабейшых на краi, а самi цiснулiся, прысеўшы на кукарэчкi, у бяспечную сярэдзiнку. Пабоi й дзiкiя крыкi натоўпу прадаўжалiся, аж пакуль транспарт ня рушыў зь месца.

На змярканьнi транспарт прыехаў у малое мястэчка блiзу Монтбэльярда. Вялiзарная пустая хвабрычная заля памясьцiла звыш тысячы чалавек. У лiку iх было каля чвэрцi немцаў. Вечарам былi выдадзены першыя харчы: дванаццаць бiсквiтаў (сухароў) на кожнага, вялiзная пушка - каля трох кiлаграмаў валовай кансэрвы на восем чалавек i па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многiя цьвердзiлi, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў армii пры немцах. Мелi слушнасьць. Такi-ж самы паёк атрымалi й на наступны вечар, дык i на голад не давялося жалiцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другi дзень немцаў пачалi накiроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час прывозiлi палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевiча й Пiсаронка далучылiся тут Жылякоўскi, Дудкевiч, Сакоўскi, Лобiк, Замочак i iншыя. Пасьля абмену весткамi выявiлася, што на фронце зь лiку былых кадэтаў зь Менскай афiцэрскай школы загiнула двое сяброў. Качаноўскi, празываны спартсмэнам, загiнуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзiў дзесьцi з Наваградчыны ды разам з Дудкевiчам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату