- Чорт пабяры, але-ж, брат, i цьвёрда. Нiколi-ж не даводзiлася яшчэ на каменi спаць, - жалiўся Вiктар, паспрабаваўшы прылегчы i не зьвярнуўшы ўвагi на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.
- Але ты ведаеш, - цягнуў сваё Спарыш, - нашы дарогi, мая з тваёй, значыцца, мусiць, нiколi не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткiрхам разлучылi ды паслалi ў iншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завiруха й згубiмся. Ажно не. Мусiць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.
- Або як мы некалi ўмовiлiся ўцякаць у горы, - прыпамiнаў Вiктар, - i ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Iзноў дарогi чуць не разлучылiся.
- Даволi дзiўна злажылася. Вiдаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што-б нi было.
- Трымалiся ад пятае клясы, дык чаму-б цяпер ня трымацца. Але-ж, брат, i мулiць гэты камень, чорт-бы яго пабраў!
- Гэй, сусед! Сусед! - клiкнуў Сымон у курiнку агню папяроскi, што мiгаў упоцемку. - Хто гэта? Ты, Дудкевiч? Дай i мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.
- Нiчога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжынi тут ад аднаго збоку, - тлумачыў Дудаевiчаў голас, - адно слiнькi засталiся.
Дзесьцi з кутка, спачатку цiха, а пасьля галасьней, дрыгаючы, заiкаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненьнi людзкiх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьцi песьня аб Касi й Ясю.
- Вось табе й весялей цяпер будзе, - таўхануў Спарыш Вiктара. - Мо калiсь i сам сьпяваў ды забыўся, дык прыпомнi.
- Глядзi во, некаму-ж i весела тут. Маўчалi-б ужо лепш. Гул у падвале паволi сьцiхаў. Нядоўга трывала й выцьцё сьпевакоў. 'Няма лепшага лякарства на забыцьцё нядолi, чымся сон', - думаў Сымон, стараючыся заснуць. Адылi сон нялёгка прыходзiў. Акрамя мулкага млыновага каменя пад бакамi й галавой, сама галава была перапоўнена роем думак.
Поўная зьмена абставiн, а самае галоўнае - тое, што воляй-няволяй давялося трапiць у 'палякi', вярэдзiлi пачуцьцi й сумленьне беларускага патрыёты. Ясна, што ня было iншага выйсьця, што чалавек бачыў сябе, як нейкую дробненькую бездапаможную пылiнку на хвалях бурлiвага ваеннага мора. Але пачуцьцё не заўсёды накiруеш сьцюдзёнага й прадуманага выснаву, асаблiва калi iм кiруе гарачая й бязьмежная любоў да паняволенай Бацькаўшчыны.
V
Разбудзiлi рана. Пры дзьвярах падвалу, зь якiх паволi вылазiлi на двор палонныя, стаялi па тры перапiшчыкi. Сымон зь Вiктарам i iхныя сябры заўважылi пры сваiх дзьвярах Кнора - камандзера iхняга зьвяза ў Менскай Школе БКА. Зь iм быў iншы афiцэр з батальёну Мураўёва й трэцi, якiх хлопцы ня ведалi па прозвiшчах.
- Як прозьвiшча? - спытаў Кнор па-польску Сымона.
- Сымон Спарыш.
- Пан зьяўляецца палякам, пане Спарыш?
Пры гэтым Кнор зусiм выразна, але незаўважна для двух iншых афiцэраў маргнуў Сымону правым вокам.
- Так, я ёсьць паляк.
Пры гэткiм пытаньнi й адказе карцiла юнаку зарагатаць перад Кнорам на ўвесь голас, але асьцярожнасьць падказала iншае. Кнор адзначыў знаёмага ўжо яму амаль шэсьць месяцаў 'паляка' па сьпiску й апытваў далейшых. На шырокiм двары электрычны рухавiк пампаваў ваду. Адна помпа забясьпечвала нейкiя тры тысячы палонных у мурах Форт Брэвiль. Як давялося даведацца нашым гэроям, бальшыня тутэйшых сталых палонных былi немцамi. Атрымоўвалi яны на дзень па 250 грамаў чорнага хлеба й па макулiнцы маргарыну. Два разы на дзень атрымоўвалi ваду, за якой ужо цяпер станавiлiся групамi ў чаргу каля помпы.
З аднаго будынку двое палонных вынесьлi на насiлках цень чалавека й заладавалi на аўтамашыну, што накiравалася вонкi цераз галоўную браму. Яшчэ адна ахвяра вайны й няволi...
Атрымаўшы сьцiплую порцыю чорнага хлеба й маргарыны, палонныя рушылi каля паўдня на Бэзансонскую станцыю. Сымон дачуўся ўжо пазьней, што маёр Мураўёў з Рэшатавым i шматлiкiмi iншымi былымi савецкiмi афiцэрамi, а таксама й група радавых, трапiлi з Бэзансонскай цьвярдынi за калючы дрот вабозу, адкуль старалiся iх выслаць да 'бацькi' Сталiна. Хадзiлi чуткi, што некаторым зь iх удалося дастацца ў францускi чужаземны легiён, а некаторых везлi ў савецкую Расею, ды што не адзiн зь iх кiнуўся з борта мараплаву ў Мiжземнае мора. Усё гэта былi толькi чуткi, якiя немагчыма было вайной праверыць.
Эшалён з палоннымi быў пад наглядам былых афiцэраў. Канвойных ня было, акрамя колькiх чалавек польскае ваеннае мiсii. Фактычна людзi ўжо ня былi палоннымi й вальней уздыхнулi. Сымона здзiвiла тое, што бальшыня людзей ўжо пераключылася на польскую мову. Калечылi яны яе, зьдзекавалiся над ёй на розныя лады - аж слухаць было брыдка. Усё-ж Сымонавы й Вiктаравы сябры, былыя кадэты зь Менску, гутарылi па-беларуску й нi перад кiм ня крылiся.
Цягнiк з таварнымi вагонамi, перапоўненымi 'палякамi', пакiнуўшы Бэзансон, накiраваўся праз Доль, Дыжон i Валенцыю ў Авiньён, што ляжыць у дэльце Роны, блiзка на поўнач ад Марсэлю. Iншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вiнаградных палёў ронскай далiны, жахнуцца, убачыўшы зьнiшчэньнi Дыжона й iншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасьцi. Голад, нядоля й няволя прытупiлi рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцьця зьяўляецца адзiнай меркай перыяду iснаваньня, калi нармальна ня жывецца й не адчуваецца.
VI
Польскi транзiтны вабоз у Авiньёне меў адно заданьне: працай вайсковае мiсii, што трымала кантакты з камандамi хаўрусьнiцкiх сiлаў у паўдзённай палавiне Францыi, зьбiраць усiх грамадзян былой Рэчы Паспалiтай, так цi йнакш трапiўшых пад нямецкiя вайсковыя штандары, i накiроўваць iх у Iталiю ў Другi корпус, што ўваходзiў у Восьмую брытанскую армiю. Акрамя людзей з нямецкiх фармацыяў, вайсковая мiсiя старалася вербаваць i iншых палякаў на тэрыторыi Францыi. Вабоз быў адно зборным i перасыльным пунктам. Ня было тут анi дакладнага медыцынскага агляду, анi выдаваньня вайсковай вопраткi, анi вайсковых заняткаў. Людзей зьбiралi, кармiлi, у выпадку патрэбы давалi медыцынскую дапамогу i адсылалi мараплавамi з Марсэлю ў Нэапаль.
У абозе былi выгодныя баракi, кухнi, лазьнi, прасторны пляц, што пад восеньскiмi дажджамi замянiўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды - цi не самае найважнейшае - вялiкiя канцылярыi, што гулi сотнямi галасоў, вечна пульсавалi жыцьцём бесканечнае ракi народу. Харчы былi добрыя. Праежджыя адпачывалi тут, нiчога не рабiлi, адно памалу загойвалi фiзычныя раны.
Якiх там толькi людзей i тыпаў не давялося бачыць! Перадусiм - вопратка. Шмат было апранутых па- цывiльнаму. Iншыя дзесьцi й аднекуль, мо яшчэ зь перад вайны, захавалi ведамыя чатырохрожныя шапкi, званыя рагатоўкамi. Надта сьмешнымi выглядалi яны для непрывычных вачэй. Вялiзная колькасьць, мо больш паловы, насiла нямецкую вайсковую вопратку. Былi некаторыя ў амэрыканскiх i брытанскiх 'батледрэсах'. Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай i ўкраiнскай. Не ўсе хавалiся са сваёй мовай i нацыянальнасьцю. Хiба-ж i вайсковая мiсiя й каманда Другога корпусу ў Iталii ня ведалi, што амаль палова насельнiцтва перадваеннай Польшчы была беларусамi i ўкраiнцамi? Дык i цяпер мусiлi талерантна адносiцца да моваў i нацыянальнасьцяў.
У Авiньёне нашы гэроi прабылi цэлы тыдзень. За гэты час адпачылi й фiзычна пахарашэлi. Чысьцiлi, мылi, латалi, вылежвалiся ў сухiх i цёплых чыстых пасьцелях або хадзiлi па абозе й зьбiралi навiны.
На трэцi дзень пасьля прыезду сустрэлi пры санiтарным пункце Вiктара Сянькевiча й Касiновiча - двух сяброў з групы Грамыкi. Узрадавалiся iм, як братам, тым больш яшчэ, што ад iх здабылi весткi аб частцы колiшняй афiцэрскай школы, што перайшла да макiсаў. Была надзея, што зноў усе зьбяруцца ў кучу, хоць ужо на iтальянскiм беразе.
Пасьля шасьцiдзённага адпачынку ў Авiньёне група ў лiку 418 чалавек накiравалася ў Марсэль, дзе затрымалася ў транспартным абозе блiзка порту Пару дзён пазьней прыехала з Авiньёна яшчэ 200 чалавек. Выходзiць у горад было забаронена. Забiвалi час гульнёю ў карты. На зьведаньне гораду мала было ахвотнiкаў. Ня ведалi мовы, ня мелi грошай. Нiхто не жадаў валачыцца бяз мэты. Чакалi на выезд.
ЧАСТКА ДРУГАЯ
БЭРЛIН-ЦЬВIЗЭЛЬ-НЭАПАЛЬ-БАЛЁНIЯ
КЛЯЙМО НЯЧЫСЬЦIКА
I
Вялiкiя прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўзьдзейнiчаюць на чалавека. Якi прастор! Якая вольнасьць! Якая магутнасьць! Зрок ваш блудзiць па шэра-блакiтных цi зеленкаватых бурлiвых хвалях i, не знаходзячы пункту апоры, мiмаволi паведамляе розуму пра велiч i бязьмежнасьць бачанага. Мо першы раз у жыцьцi вы бачыце мора цi акiян i ня можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно - вольнасьць, яно - уздым, яно - магутнасьць! Вы адрываецеся ад рэчаiснасьцi, забываецеся, што, будучы на