мова.
Гутарачы па-беларуску, дзеткi чулiся неяк сьмялей, быццам дома, хоць i ня ведалi, што прычынаю ўсяму была родная мова. Дзяк-жа й сам добра ня ведаў расейскае мовы ды быў дзiўны й меў свае капрызы.
У малодшай клясе адбывалася лекцыя, тэмай якой было тварэньне сьвету. Аднавокi дзяк апытваў вучняў, як паўстаў сьвет.
- Ну, вот ты там, - тыцнуў пальцам у самага рослага ў клясе Хведзьку, сына Сьцяпана, што меў собскую малатарню ды абмалочваў усе навакольныя вёскi, скажы, как Бог сатварыл сьвет.
Хведзька быў найтупейшым вучнем у клясе. Шмат хулiганiў, рэдка слухаў, што гаварылi настаўнiкi, i мала калi што ўмеў. Так i цяпер ён не заўважыў-бы даўгога, ськiраванага ў яго дзяковага пальца, калi-б сусед не штурхануў у бок. Прыпадняўся паволi i ўталопiўся ў дзяка.
- Ну, гавары! - налягаў аднавокi.
- Што гаварыць?
- О так, значыць, ты i не слыхал! Чэм-жа занiмаешся? Хто паўторыць, што я пытаўся? - Дзякава вока хутка павандравала па тварах усяго кляса. Паднялося некалькi рук.
- Вот ты скажы, - тыцнуў дзяк пальцам у хлапчука з трэцяй лаўкi.
- Ты пытаўся, як Бог рабiў сьвет, - адказаў той.
- Як то ты на мяне кажаш 'ты'? - пачырванеў дзяк. - Як трэба абрашчацца да старшых?
- Вы...
- Ну садзiсь.
Дзякава адно вока зноў уталопiлася ў Хведзьку.
- Чаго-ж стаiш? Атвiчай, как Бог сатварыл сьвет!
Хведзька пераступiў з нагi на нагу, упiўся зрокам у павыразаныя ножыкам наверсе лаўкi розныя выкрунтасы, быццам там стараючыся знайсьцi адказ, кiнуў левым вокам на суседа й нясмела пачаў:
- Спачатку была ноч i цьма й нiчога...
- Как, как? - спынiў яго дзяк, бусьлiнымi крокамi мераючы ўшыр i ўдоўжкi клясу.
- Спачатку была ноч...
- Как ты гаворыш? Какое 'спачатку'? Как нужна сказаць?
Малацьбiтоў сын зьбянтэжыўся. Дарма моршчыў лоб. Ня ведаў, як сказаць 'спачатку' ня толькi, мусiць, ён, але й бальшыня ўсiх вучняў, бо ўсе прыцiхлi, быццам тыя мышы ў нары перад наблiжэньнем ката. Сачылi, што будзе далей.
- Ну атвiчай, атвiчай! Чаго выпяцiў глаза, как дурак! У мяне на лбе не напiсана.
- Спачанатку нiчога не было... - пачаў Хведзька.
- Какой яшчэ 'пачанатак'? Што з табой?
Кляса замёрла. Усе думалi, як яно мае быць: 'пачатак' цi 'пачанатак'.
- Спачанатку была ноч...
- Глупы ты 'пачанатак'! - узлаваўся аднавокi дзяк. - Гавару, што не так, а ты сваё. Как нужна сказаць, хто знает?
Зьбянтэжаныя вучнi разглядалiся навокал. Як-жа магло быць, калi не 'спачатку' й не 'спачанатку'? Толькi адна рука паднялася да адказу ва ўсiм клясе. Належала яна Лабаковай Жэнi, брат якой быў ведамым на цэлую ваколiцу камунiстам, шмат гадоў праседзеў па вязьнiцах i дома ды наогул усюды часьценька гаварыў па-расейску.
- Как нужна сказаць?
- Сначала.
- Харашо, садзiся.
Кляса з палягчэньнем уздыхнула. Ад гэтага часу малацьбiтовага Хведзьку празвалi 'пачанаткам', i мянушка прылiпла да яго ў школе на цэлы час. Сымон, што надта любiў вучыцца мовы, часьценька думаў пра тое 'сначала', якога нiдзе навокал - анi дома, анi на вулiцы нiколi ня чуў. Гэтак побач польскай мовы беларускiя дзеткi калечылiся й расейшчынай з дазволу й зь ведама тых-жа самых акупантаў.
Калi настаўнiца аднойчы аб'явiла, што ад гэтага часу ня толькi на лекцыях, але й на перапынку дзецi павiнны паслугоўвацца адно польскай мовай, хiба-ж ёй i ня сьнiлася, што нялёгка выкаранiць беларушчыну. Толькi пры гутарках з настаўнiцай карысталiся дзецi польскай мовай, а ў гутарках мiжсобку - цi то ў клясе, цi на перапынках - i ня думалi. Увядзеньне-ж польскае мовы на лекцыях праваслаўнае рэлiгii яшчэ больш зьбiла сялянскiх дзетак з панталыку, хаця й да гэтага часу былi яны зьбянтэжаныя расейшчынай.
IV
У вёсцы, хат дзесяць воддаль ад Сымонавага бацькi, жыла сям'я каталiкоў Грынiцкiх. Рыгор Грынiцкi быў малазямельным; жыў на чатырох гактарах малаўраджайнае зямлi. Гадоў яму было за шэсьцьдзесят, i даўно-даўненька быў удаўцом. Меў дзьве брыдкiя дачкi: адной - крышку менш, а другой ужо пераскочыла было за саракоўку. Нiводнай не пашанцавала з замужжам. Рыгор кешкаўся дзень i ноч, апрацоўваючы свае чатыры гактары, ды шкадаваў, што некалi Бог не даў яму сына. Абабiтая белай шалёўкаю хата ўжо ладна ўрасла ў зямлю, на дзiркатай страсе раслi сабачыя грыбы й там-сям па калiве травы, а гнаёўка з-пад хлявоў летам падбiралася аж пад сьцены хаты. Пасьля дажджу цяжкавата было дабрысьцi праз забалочаны панадворак да Рыгоравых дзвярэй. Бяда сьвяцiлася i ў пазапiханых анучамi вокнах, i ў перагнiлым ужо, пахiленым набок плоце, й на неўрадлiвым пясчаным полi.
Адылi дочкi лiчылi сябе нейкай шляхтай (мусiць, таму, што былi каталiкамi), значыцца, згодна лёгiкi акупанта, - i палякамi. Ды як яшчэ тым ганарылiся! Дарма што ўсюды сьвяцiлася бяда, гэта-ж яны як-нiяк ды належалi да лепшых людзей, калi ўжо не да паноў цi падпанкаў, дык ня былi-ж i мужыкамi, а шмат лепшымi за iх. А чым лепшымi й iншымi былi яны ад навакольных беларусаў пэўна-ж, i не патрапiлi-б вытлумачыць.
Шляхоцкасьць сваю абедзьве дэвоткi старалiся звычайна дэманстраваць ранiцою кожнае нядзелi, калi, апрануўшы, што мелi найлепшае, ды скомкаўшы чаравiкi пад пахамi, мясiлi босымi нагамi вулiчную гразь, каб не спазьнiцца ў аддалены на пяць кiлямэтраў касьцёл. Хiба што вялiкая непагода стрымлiвала iх у хаце. Iнакш ня было Божай нядзелькi, каб старэйшая Янiна й малодшая Вiкця сядзелi дома.
- Гляньце, гляньце, вось ужо й 'пшэкi' ў касьцёл пруць! - сьмяялася цi адна вясковая жанчына, спасьцярогшы старых дзевак на вулiцы. Хто й калi падгледзеў, як Янiна аднойчы ў касьцёле трымала дагары нагамi малiтоўнiк i шаптала нешта, малпуючы iншых, цяжка было дайсьцi. Адно бабскiя языкi, раз асмакаваўшыся тэмай, пачалi дадаваць ад сябе й размалёўваць. Смеху й гутаркi было на доўгi час.
Вiкцi-ж пашанцавала й замуж выйсьцi. хаця й надта позна. Неяк, панёсшы ў мястэчка на продаж яйкi, трапiла яна на вока Антку Вiткоўскаму. Якая-ж вялiкая была старой дзеўцы радасьць, калi 'каляяж', па колькiх месяцах знаёмства, пасватаўся. Дый ня ведалi ў вёсцы напэўна, цi пасватаўся ды калi тое сталася, адно зьдзiвiлiся, як Вiкця выйшла за Антка замуж. Дарма што разьведалi й разьнюхалi, што Антак кiнуў першую жонку, што пасьля доўгi час жыў напавер з жыдоўкай, што быў нячэсны чалавек i вялiкi крутадух, для Вiкцi быў гэта чалавек, мусiць, цi ня з самага неба пасланы. I гаварыў адно па-польску, а гэта ў Вiкцiных вачах было вярхамi ўсiх вярхоў. Нарэшце старая дзеўка стала сапраўднай шляхцянкай, хоць мо крышку i ў гнаi задрыпанай. Антак па нейкiм часе й 'калею' пакiнуў, дарма што Вiкцi надта тое не падабалася. Прыйшоў да цясьця ў хату й пабудаваў на ўзгорачку кузьню ды час-часам й на полi тое-сёе памог. Каваль зь яго быў нiякаваты, дый браў даражэй за iншых. На доказ свае заавансаванасьцi цi прагрэсу Антак паказваў сялянам, што ён не карыстаўся звычайным кавальскiм мяхом, як iншыя, а разьдзьмухоўваў вугальле ветрачком, наганяным вялiкiм колам з ручкаю. Вiкцiн Антак вызначаўся сярод мясцовых тым, што рэдка стыкаўся дома, найбольш валачыўся ў суседняе мястэчка, дзе, як маўлялi, круцiўся з рознымi бабамi.
Першага сынка свайго назвала Вiкця Чэсем i старалася выгадаваць зь яго добрага палячка й шляхцiца. У адным была бяда: сама ня ўмела ня толькi пiсаць й чытаць, але й добра 'пшэкаць'.
Чэсю мiнула ўжо гадкоў пяць. Заўсёды i ўсiм цiкавая старэйшая Агата праходзiла неяк вулiцай, i слаба чуткае вуха ейнае ўлавiла на Вiкцiным панадворку нейкiя гукi. Гэта 'шляхцянка' гутарыла з малым Чэсем. Яна калупалася зь кiёчкам у свiным вядры, а малы стаяў збоку й церабiў раскудлачаныя валасы.
- Чэсю, свэньдзi глуўка? - пытала матка.
Малы маўчаў.
- Чэсю, свэньдзi глуўка, свэньдзi, аж цярэбiць.
Як пачула Агата гэтае 'свэньдзi, аж цярэбiць', дык на той-жа самы дзень сама палавiну вёскi абегла. А там яно ўжо маланкай па цэлай вёсцы разышлося. Як 'шляхцянка' сына на палячка вучыла - гэта-ж сьмеху людзям было - хоць ты адбаўляй. Так i празвалi ад гэтага часу Вiкцю 'свэньдзi, аж цярэбiць', бо на тую