Цэнтральнае Рады на Вайсэнзэе. Пад час паветранае атакi працаўнiкi БЦР зь сем'ямi хавалiся ў падвале будынку. Бомба трапiла якраз над самымi галовамi, шмат хто страцiў прытомнасьць, у iх лiку й сам прэзыдэнт Астроўскi. Iншая бомба лучыла ў будынак на Лiхтэнэрштрасэ, дзе месьцiлася рэшта беларускiх вайскоўцаў. Забiтыя былi адзiн афiцэр i ягоная жонка. Пасьля гэтага сябры БЦР i працаўнiкi яе пачалi неарганiзавана пакiдаць Бэрлiн, кiруючыся на захад i на поўдзень.

Астроўскi падмяркаваў свой выезд пад 25 сакавiка. Забраўшы ў самаход ад'ютантаў, выехаў у Гiршаў, каб адсьвяткаваць там Дзень незалежнасьцi Беларусi. Назад ужо не вярнуўся. Зь Гiршаў чыгункаю выехаў да свае раднi ў горад Гекстар. Ад гэтага часу па iм i сьлед прастыў. Зьявiўся на вочы беларусаў адно ўвосенi 1945 году, доўга пасьля сканчэньня вайны, пад прозьвiшчам Крывiцкi.

Напрыканцы сакавiка прыехаў у Гiршаў i падпалкоўнiк Кушаль. Варта нам блiжэй пазнаёмiцца з гэтым чалавекам, дзякуючы стараньням якога пазьней усе жаўнеры дывiзii 'Беларусь' удала ўратавалiся пад самы канец ваенных дзеяньняў.

Францiшак Кушаль нарадзiўся 16 лютага 1895-га году ў сяле Пяршаi былой Менскай губэрнi Менскага павету. Паводле пазьнейшага польскага адмiнiстрацыннага падзелу быў гэта Валожынскi павет Наваградзкага ваяводзтва. Атрымаў сярэднюю асьвету. У травенi 1915-га году змабiлiзаваным быў у расейскую армiю й прыдзелены ў 29-ты запасны полк у Варонежы. Скончыўшы рэкруцкае шкаленьне й падафiцэрскую школу (г. зв. вучэбную каманду), атрымаў ступень малодшага унтэр-афiцэра. Напрыканцы таго-ж году быў адкамандзераваны ў Вiленскае ваеннае вучылiшча, што ў гэты час было эвакуаванае зь Вiльнi ў Палтаву. Пасьля чатырох месяцаў, скончыўшы гэту школу, быў авансаваны ў першы афiцэрскi ранг - прапаршчыка ды прыдзелены ў 155-ты запасны полк у Астраханi дзеля набыцьця практыкi ў камандаваньнi зьвязам i ротай. У траўнi 1916 году Кушаль накiраваны быў на нямецкi фронт, у 276-ты купянскi полк. Там служыў увесь час да лiстапада 1917 году. Будучы заўсёды на перадавой лiнii, камандаваў ротай, браў удзел у шматлiкiх баях, атрымаў дзьве баявыя ўзнагароды й даслужыўся да штабс-капiтана. Пасьля развалу царскае армii вярнуўся да сваiх бацькоў, што жылi ў Забор'i каля Налiбокаў. На гэтым скончыўся першы этап Кушалевай ваеннай службы - у расейскай армii.

Улетку 1919-га году, калi польская армiя, адкiдаючы бальшавiкоў на ўсход, займала Беларусь, штабс- капiтан Кушаль жыў у Вiльнi. Група беларускiх дзеячаў прапанавала польскаму галоўнаму камандаваньню арганiзаваць беларускае войска дзеля змаганьня з бальшавiкамi. Палякi ў гэты час былi не аброслымi яшчэ ў пер'е, як кажуць, ды ня ведалi, цi ўходаюцца з бальшавiкамi сваймi сiламi. Згадзiлiся на прапанову й паклiкалi Беларускую Вайсковую Камiсiю, у якую сябрам увайшоў i Кушаль. Працаваў там кiраўнiком пэрсанальнага адзьдзелу, а пасьля эвакуацыi камiсii ў Лодзь, улетку 1920-га, выконваў абавязкi старшынi. Пасьля сканчэньня польска-бальшавiцкае вайны й лiквiдацыi Беларускае Вайсковае Камiсii ды беларускiх вайсковых адзiнак Кушаль увесну 1921 года выйшаў з войска й жыў у Вiльнi, бяручы там актыўны ўдзел у беларускай нацыянальна-грамадзкай працы.

Годам пазьней уступiў у польскую армiю ў якасьцi прафэсiйнага афiцэра й скончыў афiцэрскую школу ў Варшаве. Далей скончыў спэцыяльную школу па спэцыяльнасьцi 'цяжкiя кулямёты', быў прыдзелены ў 66- ты пяхотны полк, дзе й камандаваў падафiцэрскай школай. У 1932 годзе быў пераведзены ў корпус кадэтаў, дзе камандаваў ротай на працягу чатырох гадоў. Адгэтуль прыдзялiлi яго ў школу падхаронжых рэзэрву ў Пултуску. Такiм чынам праз усю службу ў польскай армii Кушаль займаў камандныя становiшчы ў вайсковым школьнiцтве.

У 1939 годзе браў удзел у баёх супраць немцаў, галоўным чынам як камандзер батальёну ў абароне Львова. 17 верасьня на загад камандзера Львоўскага корпусу абаронцы гораду капiтулявалi перад Чырвонай Армiяй. Гэткiм чынам, апынуўшыся ў бальшавiцкiм палоне, Кушаль скончыў другi этап вайсковае службы - у армii польскай.

Ад 1941 года пачаўся трэцi разьдзел Кушалевай вайсковай службы - гэтым разам для свайго беларускага народу. Аб гэтым чытач ведае з раней намi прыгадванага. Пасьля арганiзацыi дапаможнае палiцыi, Беларускае Краёвае Абароны, Кушаль, ужо ў рангу падпалкоўнiка, займае становiшча рэфэрэнта вайсковых спраў пры БЦР аж да прыходу генэрала Канстантына Езавiтава, пасьля чаго зноў вяртаецца на становiшча Камандуючага Беларускае Краёвае Абароны.

V

У канцы сакавiка 1945 году, прыехаўшы з Бэрлiну ў Гiршаў, Камандуючы БКА знайшоў дывiзiю 'Беларусь' у поўным развале. Зiглiнга, як вiдаць было, папярэдняя практыка ў Эльзасе здабываць давер у беларусаў не навучыла. Як магло, прыкладна, падабацца беларускаму радавому, што першы-лепшы нямецкi капiтан загадваў падпалкоўнiку Сокал-Кутылоўскаму, камандзеру батальёна, што той мае рабiць. Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер Слуцкае дывiзii ў змаганьнi супраць бальшавiкоў, быў нацыянальным, агульнашанаваным i ведамым гэроем. Тое, што кожны немец меў верх над беларускiм афiцэрам, было ў Зiглiнга агульнай практыкай - раней у Эльзасе й цяпер у Баварыi.

Зь мясцовасьцяў, куды надыходзiлi амэрыканцы, немцы вывозiлi моладзь, якую пачалi арганiзоўваць у новую дывiзiю СС 'Нiбелунгi'. Таму, што для яе ня было нi зброi, нi iншых вайсковых матэрыялаў, немцы панадзiлiся адбiраць патрэбнае ў жаўнераў i афiцэраў дывiзii 'Беларусь'. Пакiдалi беларусам адну стрэльбу цi адзiн кацялок на некалькi чалавек. Акцыя гэта выклiкала ў людзей падазрэньне, што немцы хочуць зрабiць зь iх рабочыя адзьдзелы дзеля капаньня акопаў.

Камандзерам 'Нiбелунгаў' назначаны быў Зiглiнг, а 'Беларусi' - маёр Гэнэфэльд. Быў гэта недалужны, паклiканы з рэзэрву стары. Даў ён падпалкоўнiку Кушалю вольную руку, i гэткiм чынам камандуючы БКА стаўся фактычным камандзерам беларускага адзьдзелу.

Кушаль неадкладна выкарыстаў новаствораную сытуацыю. У першую чаргу склiкаў сход афiцэраў. Пераканаў iх, што ў гэткiя цяжкiя й крытычныя часы мусяць любой цаной трымацца разам са сваiмi людзьмi. Адно арганiзаваным парадкам могуць супольна ўтрымацца пры жыцьцi, ды, апрача гэтага, захаваньне арганiзаванасьцi будзе мець для беларусаў вагу й з боку палiтычнага. На наступны дзень такiя самыя гутаркi ўсе афiцэры правялi ў сваiх адзiнках. Войска пачало рэгулярна выходзiць на заняткi, неўзабаве ў дывiзii 'Беларусь' наладзiлася нармальнае вайсковае жыцьцё.

Хутка пасьля гэтых падзеяў заглянуў у дывiзiю палкоўнiк Шувалаў. Насамперш забраў пакiнуты ў Гiршаў самаход Астроўскага. Надта надужваючы мову Пушкiна й Дастаеўскага, ён лаяў прэзыдэнта БЦР i ягоных ад'ютантаў за тое, што, выяжджаючы з Бэрлiну, забралi ўсе ягоныя харчовыя й iншыя запасы. Хаця-нехаця граф цяпер галадаў. Зьявiлiся ў дывiзii i ўсе старыя афiцэры, што былi раней на Лiхтэнэрштрасэ адкiнутыя Зiглiнгам як няздольныя да ваеннай службы.

У пачатку красавiка завiтаў да Кушаля галоўны шэф Саюза Беларускае Моладзi Мiхась Ганько й паведамiў, што маса беларускае моладзi знаходзiцца непадалёк у Судэтах i што ён ня ведае, што зь ёй рабiць. Кушаль раiў прывесьцi моладзь у дывiзiю, бо ў крытычны момант найлепш быць разам. Ганько абяцаў зрабiць гэта ў найхутчэйшым часе. Адылi анi самога шэфа СБМ, анi ягонае моладзi нiхто больш у дывiзii ня бачыў. Як скрозь зямлю правалiлiся.

НАД СЭНЬЁ

I

Раньняй вясной 1945 году хвалiстая лiнiя фронту ў Iталii прабягала, пачынаючы з захаду ад Генуйскае затокi, праз паўночны хрыбет Апенiнаў у кiрунку на ўсход, адразаючы над Адрыятычным морам малы паўдзённа-ўсходнi трохкутнiк ураджайнай далiны По. Гэтак званая Лiнiя Готаў - сэрыi нямецкiх абаронных умацаваньняў у паўночных Апенiнах, што сьцераглi падыход да стратэгiчна важнай далiны ракi По, - была ў шматлiкiх месцах праломаная. Дзьве зьнедужэлыя нямецкiя армii - дзесятая й чатырнаццатая - пад камандаю фельдмаршала фон Кэсэльрынга за ўсякую цану старалiся ўтрымаць пазыцыi. Таскана была ў руках амэрыканскае Пятае армii, а брытанская Восьмая, у склад якое ўваходзiў Другi корпус Андэрса, заняла частку правiнцыi Эмiлii з гарадамi Форлi. Фаэнцай i Равэннай. Старажытная Балёнiя ляжала ў адлегласьцi каля сарака кiлямэтраў ад перадавых пазыцыяў Восьмае армii.

У сваiх стратэгiчна нявыгадных пазыцыях немцы ня мелi шансаў на працяглае ўтрыманьне фронту. Маглi адно апазьнiць пераможны наступ хаўруснiцкiх армiяў на поўнач. Румынскiя нафтавыя палi ў Плаешты, што забясьпечвалi патрэбы нямецкае армii, ляжалi ў папялiшчах. Пры недахопе палiва Вэрмахт ня мог лiчыць на падтрымку анi панцырнай зброi, анi люфтвафэ. Цяжка было й з транспартам. Жалезныя клешчы хаўрусьнiцкiх i бальшавiцкiх армiяў падпаўзалi ўжо пад Бэрлiн, душылi за гарляк Гiтлераў 'тысячагадовы Райх', што дрыгаў у перадсьмяротных канвульсiях. Фон Кэсэльрынг ведаў, што абарона iтальянскага бота была безнадзейнай. Хаўрусьнiкi рыхтавалiся да апошняга рашучага наступу.

Асноўныя надзеi даводзiлася немцам пакладаць на галодную перамучаную пяхоту. Сьцiплыя харчы й амунiцыю з прычыны недахопу палiва падвозiлi iтальянскiмi валамi. Часта й густа жылi харчамi мясцовага насельнiцтва. Дарма, што лаяўся 'хаўрусьнiк' Мусалiнi - ня было iншай рады. Ды немцы на дыктатара Бэнiто

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату