не надта й зважалi. Цi-ж то не Скарцэнi ўкраў яго з горнай цьвярдынi з рук хаўрусьнiкаў пасьля адыходу на другi бок маршала Бадольё? Дык паколькi квадратнагаловы дыктатар заўдзячваў Гiтлеру сваё жыцьцё, навошта было яго на ўвагу браць? I так днi ягоныя былi палiчаныя.
Польскiя адзьдзелы, забраўшы каля Форлi Прэдап'ё, - маёмасьць i месца народжаньня Мусалiнi, абрабавалi паселiшча дашчэнту. Быццам на апраўданьне рабункаў прыгадвалi, што Бэнiто некалi перад вайной зь вялiкай пагардай гаварыў аб iхняй Бацькаўшчыне. Цяпер-жа галава iтальянскага фашызму са сваёй каханкай Кларай Петачы хаваўся недзе над возерам Комо.
У немцаў нiколi ня было лiшнiх iлюзiй наконт iтальянцаў i iхняй баяздольнасьцi. Паколькi, з аднаго боку, жыхары апенiнскага паўабтоку вечна славiлiся таленавiтымi творцамi й выканальнiкамi опэраў, дык з другога - iхняе ваеннае майстэрства амаль што ўвайшло ў насьмешлiвыя прыказкi. Якi-ж наiўны чалавек асьмелiўся-б спадзявацца, што яны, якiя не ваявалi навет на пачатку вайны i адмаўлялiся баранiць свае афрыканскiя калёнii, маглi раптам цяпер перарадзiцца? Фон Кэсэльрынг да такiх не належаў. Гэта-ж ня тое, што змагацца на пяскох з паўдзiкiмi ў той час i слаба ўзброенымi абiсiнцамi цi ўжо, як было напярэдаднi Другой сусьветнай вайны, схапiцца ўдужкi з грэкамi.
На поўднi, вызвалiўшы тры чвэрцi Iталii, стаяў добра дагледжаны, накормлены, апрануты, дасканала ўзброены й вышкалены жаўнер хаўрусьнiцкiх армiяў. Навет iтальянскiя фашысты ведалi, што абарона паўночнае часткi краiны была бяссэнсоўнай. Самi-ж былi занятыя праблемаю, якую нiяк нельга было адкладваць: як змыцца ў нейтральную Швайцарыю або прыхавацца-прытаiцца ў iншым зацiшным куточку.
Народ-жа бачыў, што ўся вайна была фактычна нямецкай. Дык няхай тады немцы й ваююць. Народу - абы захаваць у цэласьцi свой здабытак. Узяўшы-ж на ўвагу, што галодныя немцы жывiлiся рабункамi мясцовага насельнiцтва, гэта якраз i было найцяжэйшым заданьнем. Iснавала ў немцаў за плячыма, пераважна ў гарах, iтальянская партызанка. Былi партызаны нацыянальныя й чырвоныя, адны й другiя вельмi слаба актыўныя. Абмяжоўвалiся дробным сабатажам, а калi ўваходзiлi ў збройнае змаганьне зь немцамi, дык адно там, дзе былi ў абсалютнай лiчбавай перавазе.
II
2 сакавiка 1945 году iтальянскi мараплаў 'Аргенцiна' прыбыў з Брындызi ў Анкону i выладаваў новыя рэзэрвы для франтавых адзьдзелаў Другога корпусу. Анкона ў той пэрыяд была найбольш высунутым на поўнач, вызваленым ад немцаў портам на Адрыятычным моры. У лiку прыбыўшых былi Вiктар Караткевiч, Сымон Спарыш, Аляксандр Лабун, Кастусь Дзежка й iншыя сябры. Транспартныя машыны, заладаваўшы жаўнераў, накiравалiся шырокай прыгожай шашой па самым узьбярэжжы мора, у паўночным кiрунку. Надвечар пакiнуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мiнула Пэсаро, Рымiнi, Форлi й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзiлiся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзiн Караткевiч трапiў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў - у сямнаццаты. Дзежка, Самароб i Чарнецкi былi прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун i Ялонскi - у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзiн трапiў у зьвяз 'кар'ераў' роты.
Для паiнфармаваньня чытача мусiм зьвярнуць увагу на 'кар'ер'. Слова гэтае, жыўцом узятае з ангельскае мовы, азначае 'носьбiт'. У войску 'кар'ерам' называўся лёгкi панцырны, з адкрытым верхам, воз на гусенiцах. Апрача шафёра звычайна ў iм памяшчалася двое кулямётчыкаў i ставала месца на запас амунiцыi. Будучы хуткабежным i надта паваротлiвым, 'кар'ер' ужываўся для перавозу амунiцыi на перадавыя пазыцыi, надаваўся на ўдарныя патрулi й наогул быў успамагальнай адзiнкай для пяхоты. Маючы такiя ўласьцiвасьцi, як вялiкую сiлу агню, хуткасьць i паваротлiвасьць, 'кар'ер' часьценька выкарыстоўваўся ў пагонях за адступаючым працiўнiкам. У першыя днi побыту на фронце Сымону давялося пераканацца, што 'кар'ер' служыў i iншым патрэбам, зусiм не прадугледжаным анi яго канструктарамi, анi камандзерамi.
Адным з шафёраў чатырох 'кар'ераў' у зьвязе бых звыш саракагадовы, чарнявы, сярэдняга росту, шыракаплечы Пранук Бонк. Стары жаўнер, узяты бальшавiкамi ў палон у 1939 годзе, перажыўшы шмат у Сiбiры, пасьля, прайшоўшы Сярэднi Ўсход i ваенную кампанiю ў Афрыцы, Пранук чуўся ў войску быццам дома. Меў усе прыкметы старога жаўнера: няшмат думаў, быў вясёлым, нiчым надта не клапацiўся й на вайне чуўся быццам той селянiн з касою на сенажацi. Гаварыў шмат, пераважна аб драбнiцах, вельмi любiў выпiць i пагуляць з жанчынамi. Вiна ў Iталii даволi было ўсюды, а тым больш пры фронце, дзе ў пакiнутых гаспадарках стаялi вялiкiя, напоўненыя вiном бочкi.
Зьвяз 'кар'ераў' чацьвёртае роты заняў пакiнутую iтальянцамi фэрму ў адлегласьцi 300-400 мэтраў ад нямецкiх перадавых пазыцыяў. Была раньняя вясна, навокал усё прыгожа зелянiлася. Трымалася залатая сонечная пагода. Неяк надвечар Пранук Бонк i ягоны сябра, званы Кашыбанда, вясёлыя вярнулiся ў хату, што служыла перадавым абаронным пунктам (ПАП). Iншыя то трымалi варту, то поркалiся каля зброi або кар'ераў. Пранук з самага пачатку трапiўся быў Сымону на вока як тып самага перасечнага польскага жаўнера. Ён часьценька любiў тое-сёе зацягнуць сваiм прапiтым хрыплаватым басам. Гэтак i цяпер, ужо амаль на зьмярканьнi, ззаду хаты мiж садовых дрэў заскрыпеў Пранукоў бас:
...наварыла майму Тонi макаронi, ого!
макаронi, ого! Iтальяно.
О-о-о макаронi.
Нон капiрэ iтальяно, ого-о-о!
Гэта пародыя на нейкую iтальянскую песьню пашыраная была па цэлай армii. Пранук з Кашыбандам ня вельмi ўжо роўным крокам прыблiжалiся ззаду да хаты.
- Чаго ты гарлапанiш? - асьцярог падпiтага шафёра капрал, што сядзеў каля парогу.
- Ты ведаеш што, пане капрал, - кiнуўся перад iм Пранук, - ведаеш, што мы знайшлi ў суседняй пунi?
- Ну што?
- Ого-о што! Ну, адгадай! - памог Кашыбанда.
- Нямецкiя вошы? - жартаваў капрал.
- От фраер! Вошы? Якiя там вошы, пане капрал! Цi-ж мы-б, на вошы паглядзеўшы, упiлiся?
- Дык вы там пiлi?
- Ня пiлi, пане капрал, але вось крышку пацягнулi, каб смагу прагнаць, вось што...
- Вiдаць, што й казаць...
Некалькi жаўнераў выйшла з хаты, прыблiзiлiся i тыя, што поркалiся каля кар'ераў, каб пачуць навiну.
- Я вам кажу, пане капрал, - прадаўжаў Пранук, - вось такую, з гэтую хату, бочку вiна мы найшлi, дый не адну, вось што. Так, пане капрал, вось як...
- Не жартуеш? - заблiшчэлi ў капрала вочы. - То надта добра. Але ты, браце, перш iдзi, дакладзi сяржанту, а пасьля аб вiне...
- Ну, што там новага прынесьлi? - пытаўся Пранука й Кашыбанду сяржант Ядлецкi, седзячы пры стале й разглядаючы нейкiя паперы.
- Пане сяржанце, усё добрае, - пачаў Пранук.
- Ёсьць там хто ў той хаце?
- Нiкога няма, пане сяржанце, толькi...
- Толькi?
- Нядаўна нехта там быў.
- Як вы гэта ведаеце? - Сяржант устаў ад стала.
- Нехта прастрэлiў вялiзную кадушку з вiном; такая вялiкая яна, што, можа, пяць тысяч лiтраў мае i больш чым напалавiну поўная. Дзюркi мы так-сяк пазаторквалi, але вiно ўцякае. Трэба было б...
I тут Кашыбанда, дапамагаючы Бонку словамi, у якiх вычуваўся жаль п'янiцы, што ўцякае 'боскi нэктар', лямантаваў, што трацiцца так цэнная й зусiм неабходная для жаўнерскага жыцьця вадкасьць. На ягоную думку, варта было-б перашкодзiць поўнай катастрофе - пад'ехаць туды на 'кар'еры' i напоўнiць пару бочак вiном.
III
Хата, аб якой была мова, знаходзiлася на правым флянгу ад пункта зьвяза 'кар'ераў', нейкiх мэтраў за дзьвесьце ўзад. Яшчэ раней сяржант выслаў Бонка й Кашыбанду ў гэны бок на разьведку й вось цяпер атрымаў такi рапарт. Разьведчыкi даводзiлi, што немцаў нiдзе ня бачылi, што вiно было сярэдняй моцы й добрай якасьцi, хоць i 'б'янко' (белае), ды што яны ўжо зусiм нядрэнна, паспрабавалi.
У гэтым апошнiм сяржант Ядлецкi ня меў сумлеваў, добра ведаючы ўсiх людзей свайго зьвязу, зь якiмi зжыўся на працягу вайны, за выняткам хiба новага Сымона.
- Што-ж... Як хочаце, дык пад'едзьце. Толькi не цяпер, а як сьцямнее. Ды ўважайце, каб пацiхеньку, каб