стол, былi лепшыя адна за другую!
- Выходзiць, што ганарыцца трэба мне, - сказаў Ларсен. - Сёлета ў каралеўскага садоўнiка дынi не ўдалiся; i вось ён убачыў, якiя цудоўныя дынi растуць у садзе вашай мiласцi, пакаштаваў iх i некалькi штук заказаў для каралеўскага стала.
- Цi не лiчыце вы, Ларсен, што на каралеўскi стол падавалi дынi з нашага саду?
- Нi кроплi ў гэтым не сумняваюся, - адказаў Ларсен.
Ён пайшоў да каралеўскага садоўнiка i атрымаў у яго пасведчанне, дзе гаварылася, што дынi, якiя падавалiся на абедзе ў каралеўскiм замку, былi прывезены з саду, якi належыць панам-гаспадарам Ларсена.
Гаспадары былi здзiўлены. Яны расказвалi пра гэты выпадак усiм i кожны раз паказвалi сведчанне каралеўскага садоўнiка. А насенне дыняў, як яшчэ раней чаранкi яблынь i груш, яны пачалi рассылаць у розныя краiны.
Тым часам з розных мясцiн прыходзiлi звесткi, што дасланыя чаранкi прыжылiся, яблынi i грушы даюць цудоўныя плады, якiя названы iмем радавой панскай сядзiбы. Назву сядзiбы пiсалi зараз на ангельскай, нямецкай i французскай мовах.
Хiба можна было марыць пра гэта раней?
- Каб толькi садоўнiк не зазнаўся, - занепакоiлiся гаспадары.
Але Ларсен думаў зусiм пра iншае: ён iмкнуўся захаваць за сабой славу аднаго з лепшых садоўнiкаў краiны i кожны год ствараць якi-небудзь новы выдатны гатунак садавiны альбо гароднiны. I ён ствараў iх, але ў падзяку за працу яму часта даводзiлася чуць, што першыя ўславiўшыя яго фрукты - яблыкi i грушы - былi ўсё ж самыя лепшыя, а ўсе iншыя ўжо не маглi з iмi зраўняцца. Дынi, праўда, вельмi смачныя, ды ўсё ж далёка не такiя, як яблыкi i грушы. Трускалкi таксама выдатныя, але не лепшыя за тыя, якiя ёсць у iншых. А калi аднойчы ў садоўнiка не ўрадзiла радыска, гаспадары толькi i гаварылi пра няўдалую радыску, нiбыта забылiся пра ўсе iншыя гатункi садавiны i гароднiны.
Можна было падумаць, што гаспадары атрымлiваюць задавальненне, калi гавораць: 'Сёлета ў вас усё ўрадзiлася дрэнна, шаноўны Ларсен!' Яны былi проста шчаслiвыя, калi сцвярджалi: 'Дрэнна сёлета ў вас урадзiлася!'
Некалькi разоў на тыдзень садоўнiк прыносiў у пакоi свежыя букеты, падабраныя з дзiўна тонкiм густам; у гэтых букетах кожная кветачка ўдала спалучалася з iншымi кветкамi i станавiлася яшчэ прыгажэйшай.
- У вас выдатны густ, Ларсен, - казалi гаспадары. - Але не забудзьцеся, што гэтым талентам вы абавязаны не самому сабе, а Богу.
Аднойчы садоўнiк прынёс гаспадарам вялiзную крыштальную вазу, у якой плаваў лiст белага гарлачыка, а на iм, апусцiўшы ў ваду доўгае сцябло, красавалася ярка-блакiтная кветка велiчынёй са сланечнiк.
- Iндыйскi лотас! - усклiкнулi гаспадары.
Яны нiколi ў жыццi не бачылi падобнай кветкi. Яны загадалi днём выстаўляць яе на сонца, а вечарам асвятляць штучным святлом. I кожны, хто бачыў гэтую кветку, быў у захапленнi, называў яе цудам.
Гэтак назвала яе нават знакамiтая панi каралеўства - маладая прынцэса. Яна была разумная i добрая дзяўчына.
Гаспадары палiчылi за гонар паднесцi прынцэсе блакiтную кветку, i яна забрала яе ў палац. Тады спусцiлiся яны ў сад, каб паглядзець, цi няма там падобнай кветкi, але не знайшлi яе. Паклiкалi садоўнiка i спыталi дзе ён узяў блакiтны лотас.
- Мы шукалi, але не знайшлi такiх кветак нi ў аранжарэi, нi на клумбах у садзе, - сказалi яны.
- Там iх i не было, - усмiхнуўся садоўнiк. - Гэтая сцiплая кветка расце на градках у агародзе. Але, праўда яна незвычайна прыгожая! Яна падобная на блакiтны кактус, а на самай справе гэта толькi кветка артышока.
- Чаму ж вы не сказалi нам пра гэта раней? - абурылiся гаспадары. - Мы думалi, што гэта рэдкая заморская кветка! Вы зганьбiлi нас перад прынцэсай! Яна была ў захапленнi, як толькi зiрнула на кветку, i сказала, што нiколi раней не бачыла гэткай раслiны, - а яна ж выдатна разбiраецца ў батанiцы. Але цяпер зразумела, чаму яна не пазнала яе: навуцы няма чаго рабiць у агародзе. I як вам магло прыйсцi ў галаву, шаноўны Ларсен, прынясцi ў пакоi падобную кветку? Пасля гэтага над намi будуць пакеплiваць!
I цудоўная блакiтная кветка, сарваная на градзе, была выкiнута з панскiх пакояў, дзе ёй не знайшлося месца. А гаспадары пайшлi да прынцэсы прабачацца i растлумачыць, што кветка была звычайнай агароднай раслiнай, якую садоўнiк захацеў паставiць у вазу, за што i атрымаў суровую вымову.
- Гэта грэшна i несправядлiва! - з дакорам прамовiла прынцэса. - Ён адкрыў для нас кветку, пра якую мы нiчога не ведалi, паказаў нам прыгажосць там, дзе мы i не думалi яе шукаць! Пакуль артышокi цвiтуць, я скажу прыдворнаму садоўнiку кожны дзень ставiць iх у вазу ў маiм пакоi.
Так яна i зрабiла.
Тады гаспадары аб'явiлi садоўнiку, што ён зноў можа паставiць у вазу свежую кветку артышока.
- Па-сутнасцi кветка i на самай справе прыгожая, - сказалi яны. - Так, прыгожая, як гэта нi дзiўна! - I яны нават пахвалiлi садоўнiка.
- Ён любiць, калi яго хваляць, - казалi гаспадары. - Ён у нас распешчанае дзiця!
Неяк восенню пачалася бура. Да ночы яна так разбушавалася, што з карэннямi вырвала некалькi дрэў на ўскраiне лесу. На вялiкае няшчасце гаспадароў (яны так i казалi, што гэта няшчасце!), але i на вялiкую радасць садоўнiка яна павалiла абодва высокiя дрэвы з птушынымi гнёздамi. Пазней слугi расказвалi, што да скавытання буры дамешвалiся крыкi гракоў i варон, якiя бiлiся крыламi ў ваконнае шкло.
- Ну, зараз вы, вiдаць, задаволены, Ларсен, - сказалi гаспадары. - Бура зламала дрэвы, i птушкi паляцелi ў лес. Нiчога тут не нагадвае больш пра даўнiну; ад яе не засталося i следу. Нас гэта вельмi засмучае!
Садоўнiк нiчога не адказаў гаспадарам. Ён моўчкi песцiў мару пра тое, як апрацуе зараз цудоўны сонечны ўчастак зямлi, да якога раней не мелi права нават дакранацца, i ператворыць яго ва ўпрыгожанне ўсяго сада на радасць сваiм гаспадарам.
Вырваныя бурай дрэвы, падаючы, паламалi старыя буксавыя кусты, i садоўнiк пасадзiў на гэтым месцы звычайныя палявыя i лясныя раслiны роднай зямлi.
Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак - на сонцы або ў ценi, - як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.
Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь - ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем 'венерыны валасы'. Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка - палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi - цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!
А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор'е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады - гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.
На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг - дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.
- Наш Ларсен становiцца сентыментальным пад старасць, - пацiскалi плячыма гаспадары, - але ён служыць нам аддана i сумленна.
У навагоднiм нумары аднаго сталiчнага iлюстраванага часопiса з'явiлася гравюра з адлюстраваннем старога маёнтка. На ёй быў вiдаць i Данеброг, i кармушка з калядным пачастункам для птушак, а подпiс абвяшчаў: 'Якая гэта выдатная мэта - адрадзiць даўнi звычай, уласцiвы падобнай старадаўняй сядзiбе!'
- Што нi прыдумаў бы наш Ларсен, пра гэта адразу ж раззвоняць па ўсiм свеце! - здзiўлялiся гаспадары. - Проста шчаслiўчык нейкi! Глядзiш, нам, чаго добрага, давядзецца ганарыцца тым, што ён служыць у нас.