Ды яны, вядома, i не думалi гэтым ганарыцца, бо нiколi не забывалiся, што яны гаспадары са знакамiтага роду, а значыць - у любы момант могуць звольнiць Ларсена, калi iм гэтага захочацца. Але яны яго не праганялi, - гэта былi добрыя людзi, а такiх добрых людзей на шчасце розных там Ларсенаў на свеце вельмi многа.
Вось i ўся гiсторыя пра садоўнiка i гаспадароў.
Падумай над ёю, паразважай.
МАЛЕНЬКI КЛАЎС I ВЯЛIКI КЛАЎС
У адной вёсцы жылi два мужыкi; абодвух звалi Клаўсамi, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькi адзiн; дык вось, каб адрознiваць iх, i пачалi называць таго, у каго было чацвера коней, Вялiкi Клаўс, а таго, у якога адзiн, - Маленькi Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з iмi адбылося; гэта ж цэлая гiсторыя.
Увесь тыдзень, як ёсць, павiнен быў Маленькi Клаўс араць на сваiм канi поле Вялiкага Клаўса. Затое той даваў яму ўсiх сваiх чатырох коней, але толькi адзiн раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькi Клаўс над усёй пяцёркай, - сёння ж усе конi былi як бы яго ўласныя. Сонца свяцiла, званы званiлi на абедню, людзi ўсе былi так прыгожа апранутыя i iшлi з малiтоўнiкамi ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылi, што Маленькi Клаўс арэ на пяцi конях, i ён быў вельмi задаволены, паляскваў пугай i выкрыкваў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Не гавары так! - заўважыў яму аднойчы Вялiкi Клаўс. - У цябе ўсяго адзiн конь!
Але вось зноў хто-небудзь праходзiў побач, i Маленькi Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, i зноў выкрыкваў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Сцiхнi зараз жа! - сказаў яму нарэшце Вялiкi Клаўс. - Калi ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!
- Не буду больш! - сказаў Маленькi Клаўс. - Праўда, не буду.
Але раптам зноў нехта прайшоў побач i павiтаўся з iм, а ён ад радасцi, што арэ на пяцi конях, зноў ляснуў пугай i закрычаў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Вось я табе нападганяю тваiх конiкаў! - сказаў Вялiкi Клаўс.
Узяў ён молат, якiм заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, i так стукнуў каню па галаве, што забiў яго.
- Эх, няма цяпер у мяне нiводнага каня! - прамовiў Маленькi Клаўс i заплакаў.
Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускiнуў мех на спiну i пайшоў у горад прадаваць скуру.
Iсцi давялося вельмi далёка, праз вялiкi цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, i Маленькi Клаўс заблудзiўся. Толькi выбраўся ён на дарогу, як зусiм сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды i дамоў назад няблiзка; да ночы нiяк не дайсцi яму нi туды, нi сюды.
Пры дарозе быў вялiкi сялянскi двор; аканiцы ў доме былi ўжо зачынены, але скрозь шчылiны свяцiўся агонь.
'Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч', - падумаў Маленькi Клаўс i пастукаўся.
Гаспадыня адчынiла дзверы, даведалася, што яму трэба, i загадала iсцi сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.
- Ну, тады я пераначую на двары! - сказаў Маленькi Клаўс, i гаспадыня зачынiла дзверы.
Каля дома стаяў вялiкi стог сена, а памiж стогам i домам - хляўчук з роўнай саламянай страхой.
- Вунь там я i лягу! - сказаў Маленькi Клаўс, убачыўшы гэтую страху. Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляцiць i не схопiць мяне за нагу!
Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваiм гняздзе стаяў жывы бусел.
Маленькi Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе i пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становiшча. Аканiцы закрывалi толькi нiжнюю частку вокнаў, i яму была вiдаць уся святлiца.
А ў святлiцы стаяў вялiкi стол, чаго-чаго толькi на iм не было: i вiно, i мяса, i смачнейшая рыба; за сталом сядзелi гаспадыня i дзяк, - больш нiкога.
Гаспадыня налiвала госцю вiна, а ён уплётваў рыбу, - ён быў вялiкi да яе ахвотнiк.
'Вось бы мне далучыцца!' - падумаў Маленькi Клаўс i, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, якi цудоўны пiрог ён убачыў! Вось дык банкет!
Але тут ён пачуў, што нехта пад'язджае да дома, - гэта вярнуўся дамоў муж гаспадынi. Ён быў вельмi добры чалавек, але яго непакоiла дзiўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка - як ён вар'яцеў. Таму дзяк i прыйшоў у госцi да яго жонкi ў той час, калi мужа не было дома, а добрая жанчына iмкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмi напалохалiся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, i гаспадыня папрасiла госця хутчэй залезцi ў вялiкi пусты куфар, якi стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, - бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, - а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункi ў печы; калi б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збiралася частаваць.
- Ах, - цяжка ўздыхнуў Маленькi Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу i вiно.
- Хто там? - спытаў селянiн i глянуў на Маленькага Клаўса. - Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святлiцу!
Маленькi Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзiўся i папрасiўся начаваць.
- Добра, - сказаў селянiн, - начуй. Толькi найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогi.
Жонка прыняла iх абодвух вельмi ласкава, падрыхтавала стол i дастала з печы вялiкi чыгун кашы.
Селянiн прагаладаўся i еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзiла рыба, смажанае мяса i пiрог, якiя былi прыхаваны ў печы.
Пад сталом, каля ног Маленькага Клаўса, ляжаў мяшок з конскай скурай, з той самай, якую ён нёс прадаваць. Каша не лезла яму ў горла, i вось ён прыцiснуў мяшок нагой, - сухая скура гучна затрашчала.
- Цсс! - сказаў Маленькi Клаўс, а сам зноў наступiў на мяшок, i скура затрашчала яшчэ мацней.
- Што там у цябе? - спытаў гаспадар.
- Ды гэта ўсё мой вядзьмак, - сказаў Маленькi Клаўс. - Гаворыць, што не трэба нам есцi кашу, - ён ужо начараваў для нас поўную печ усяго: там i мяса, i рыба, i пiрог!
- Вось дык штука! - закрычаў селянiн, хутка адкрыў печ i ўбачыў там выдатныя стравы. Мы ж ведаем, што iх схавала туды яго жонка, а ён падумаў, што гэта ўсё вядзьмак нарабiў!
Жонка не стала нiчога гаварыць i тут жа ўсё паставiла на стол, а муж з госцем пачалi ўплётваць i мяса, i рыбу, i пiрог. Але вось Маленькi Клаўс зноў наступiў на мяшок, скура затрашчала.
- А што ён толькi што сказаў? - спытаў селянiн.
- Ды вось, кажа, што начараваў нам яшчэ тры бутэлькi вiна, яны таксама ў печы, - адказаў Маленькi Клаўс.
Давялося гаспадынi выцягнуць i вiно. Селянiн выпiў шклянку, другую, i яму стала так весела! Так, такога ведзьмака, як у Маленькага Клаўса, ён не супраць быў займець!
- А можа ён вызваць чорта? - спытаў селянiн. - Вось на каго б я паглядзеў; мне ж цяпер весела!
- Магчыма, - сказаў Маленькi Клаўс, - мой вядзьмак можа зрабiць усё, што я захачу. Праўда? - спытаў ён у мяшка, а сам наступiў на яго, i зноў скура затрашчала.
- Чуеш? Ён адказвае 'так'. Толькi чорт вельмi пачварны, не варта i глядзець на яго!
- Ну, а я яго нiколечкi не баюся. А якi ён на выгляд?
- Ды вылiты дзяк!
- Цьфу! - плюнуў селянiн. - Вось брыдота! Трэба табе сказаць, што я бачыць не магу дзякаў! Але ўсё роўна, я ж ведаю, што гэта чорт, i мне будзе не так прыкра! Да таго ж я цяпер набраўся храбрасцi, гэта вельмi дарэчы! Толькi няхай ён не падыходзiць вельмi блiзка!
- А вось я зараз скажу ведзьмаку! - вымавiў Маленькi Клаўс, наступiў на мяшок i прыслухаўся.
- Ну што?
- Ён загадвае табе пайсцi i адкрыць вунь той куфар у куце: там прыцiх чорт. Толькi прытрымлiвай вечка, а то ён выскачыць.
- А ты памажы прытрымаць! - сказаў селянiн i падышоў да куфра, куды жонка схавала дзяка.
Дзяк быў нi жывы нi мёртвы са страху. Селянiн прыадчынiў вечка i заглянуў у куфар.