- Чаму ты плачаш? - запытаўся ён у Герды. - Мне зусiм не балiць! Фу! Якая ты непрыгожая! - раптам крыкнуў ён. - Вунь тую ружу точыць чарвяк. А тая зусiм крывая. Якiя брыдкiя ружы! Не лепшыя за скрынi, у якiх тырчаць.
I ён штурхнуў скрыню нагой i сарваў абедзве ружы.
- Кай, што ты робiш! - закрычала Герда, а ён, убачыўшы яе спалох, сарваў яшчэ адну ружу i ўцёк ад мiлай маленькай Герды ў сваё акно.
Цяпер, калi Герда прыносiла яму кнiжку з малюнкамi, ён казаў, што гэтыя малюнкi - толькi для грудных дзяцей. А калi расказвала што-небудзь старая бабуля - чапляўся да яе слоў. А то даходзiла нават да таго, што пачынаў перадражнiваць яе паходку, надзяваць яе акуляры, гаварыць яе голасамi Атрымлiвалася вельмi падобна, i людзi смяялiся. Хутка Кай навучыўся перадражнiваць i ўсiх суседзяў. Ён выдатна ўмеў выстаўляць напаказ усе iх дзiвацтвы i недахопы, i людзi казалi:
- Надзвычай здольны хлапчук!
А прычынай усяму былi асколкi, што трапiлi яму ў вока i ў сэрца. Таму ён i перадражнiваў нават мiлую маленькую Герду, а яна ж любiла яго ўсiм сэрцам.
I забавы яго сталi цяпер зусiм iншымi, такiмi дзiўнымi. Аднаго разу зiмой, калi iшоў снег, ён з'явiўся з вялiкiм павелiчальным шклом i падставiў пад снег крысо сваёй сiняй курткi.
- Паглядзi праз шкло, Герда, - сказаў ён.
Кожная сняжынка здавалася пад шклом значна большай, чым была на самай справе, i была падобная на пышную кветку цi дзесяцiкутную зорку. Гэта было так прыгожа!
- Бачыш, як мудрагелiста зроблена! - сказаў Кай. - Значна цiкавей, чым сапраўдныя кветкi! I якая дакладнасць! Нiводнай няправiльнай лiнii! Ах, калi б толькi яны не раставалi!
Трохi пазней Кай з'явiўся ў вялiкiх рукавiцах, з санкамi за спiнаю, крыкнуў Гердзе ў самае вуха: 'Мне дазволiлi пакатацца на вялiкiм пляцы з iншымi хлопчыкамi!' - i пабег.
На пляцы каталася шмат дзяцей. Смялейшыя прывязвалi свае санкi да сялянскiх саней i кацiлi далёка- далёка. Гэта было вельмi забаўна. У самы разгар весялосцi на пляцы з'явiлiся вялiкiя санi, пафарбаваныя ў белы колер. У iх сядзеў хтосьцi захутаны ў белае футра i ў такой жа шапцы. Санi аб'ехалi пляц двойчы. Кай спрытна прывязаў да iх свае санкi i пакацiў. Вялiкiя санi памчалi хутчэй, потым павярнулi з пляца ў завулак. Чалавек, якi сядзеў у iх, павярнуўся i ветлiва кiўнуў Каю, нiбы знаёмаму. Кай некалькi разоў намагаўся адвязаць свае санкi, але чалавек у футры ўсё кiваў яму, i ён працягваў ехаць за iм.
Вось яны выехалi за гарадскiя вароты. Снег павалiў раптам камякамi, i стала цёмна, хоць вока выкалi. Хлопчык спешна адпусцiў вяроўку, якой зачапiўся за вялiкiя санi, але санкi яго, нiбы прыраслi да iх i працягвалi несцiся вiхрам. Кай гучна закрычаў - нiхто не пачуў яго. Снег валiў, санкi iмчалiся, ныраючы ў гурбы, пераскокваючы цераз агароджы i канавы. Кай увесь дрыжаў.
Снежныя камякi ўсё раслi i ператварылiся нарэшце ў вялiкiх белых курэй. Раптам яны разляцелiся ў бакi, вялiкiя санi спынiлiся, i чалавек, якi сядзеў у iх, падняўся. Гэта была высокая, стройная, бялюткая жанчына - Снежная каралева; i футра i шапка на ёй былi са снегу.
- Слаўна праехалiся! - сказала яна. - Але ты зусiм змерз - лезь да мяне ў футра!
Пасадзiла яна хлопчыка ў санi, захутала ў сваё мядзведжае футра. Кай быццам у снежную гурбу апусцiўся.
- Усё яшчэ мерзнеш? - запыталася яна i пацалавала яго ў лоб.
У! Пацалунак яе быў халаднейшы за лёд, ён працяў яго наскрозь i дайшоў да самага сэрца, а яно i без таго ўжо было напалову ледзяным. Каю падалося, што яшчэ трохi - i ён памрэ... Але толькi на хвiлiнку, а потым, наадварот, яму стала так добра, што ён нават зусiм перастаў зябнуць.
- Мае санкi! Не забудзь мае санкi! - спахапiўся ён.
Санкi прывязалi на спiну адной з белых курэй, i яна паляцела з iмi ўслед за вялiкiмi санямi. Снежная каралева пацалавала Кая яшчэ раз, i ён забыў i Герду, i бабулю, i ўсiх сваякоў.
- Больш не буду цалаваць цябе, - сказала яна. - А то зацалую да смерцi.
Кай зiрнуў на яе. Якая яна была цудоўная! Твару больш разумнага i прыгожага ён не мог сабе i ўявiць. Цяпер яна не здавалася яму ледзяною, як у той раз, калi сядзела за вакном i кiвала яму.
Ён зусiм не баяўся яе i расказваў, што ведае ўсе чатыры дзеяннi арыфметыкi, ды яшчэ з дробамi, ведае, колькi квадратных мiль кожная краiна i колькi там жыхароў, а яна толькi ўсмiхалася ў адказ. I тады ён падумаў, што на самай жа справе ведае яшчэ зусiм мала.
У той жа момант Снежная каралева ўзляцела з iм на чорнае воблака. Бура выла i стагнала, нiбы распявала старадаўнiя песнi; яны ляцелi над лясамi i азёрамi, над марамi i сушай; студзёныя вятры дзьмулi пад iмi, вылi ваўкi, зiхацеў снег, ляталi з крыкам чорныя крумкачы, а над iмi ззяў вялiкi лясны месяц. На яго глядзеў Кай усю доўгую-доўгую зiмовую ноч, а ўдзень заснуў каля ног Снежнай каралевы.
Гiсторыя трэцяя
Кветнiк жанчыны, якая ўмела чараваць
А што ж было з Гердай, калi Кай не вярнуўся? Куды ён падзеўся?
Нiхто гэтага не ведаў, нiхто не мог адказаць.
Хлопчыкi расказвалi толькi, што бачылi, як ён прывязаў свае санкi да вялiкiх раскошных саней, якiя потым павярнулi ў завулак i выехалi за гарадскiя вароты.
Шмат было пралiта па iм слёз, горка i доўга плакала Герда. Нарэшце вырашылi, што Кай памёр, утапiўся ў рэчцы, якая працякала за горадам. Доўга цягнулiся змрочныя зiмовыя днi.
Але вось надышла вясна, выглянула сонца.
- Кай памёр i больш не вернецца! - сказала Герда.
- Не веру! - адказала сонечнае святло.
- Ён памёр i больш не вернецца! - паўтарыла яна ластаўкам.
- Не верым! - адказвалi яны.
Хутка i сама Герда перастала гэтаму верыць.
- Абую ж я свае новыя чырвоныя чаравiчкi (Кай нi разу яшчэ не бачыў iх), сказала яна неяк ранiцай, - ды пайду запытаюся пра яго ў ракi.
Было яшчэ вельмi рана. Яна пацалавала спячую бабулю, абула чырвоныя чаравiчкi i пабегла адзiнюткая за горад, проста да ракi.
- Праўда, што ты ўзяла майго пабрацiма? - спытала Герда. - Я падару табе свае чырвоныя чаравiчкi, калi ты вернеш мне яго!
I дзяўчынцы падалося, што хвалi неяк дзiўна кiваюць ёй. Тады яна зняла свае чырвоныя чаравiчкi - самае каштоўнае, што ў яе было, - i кiнула ў раку. Але яны ўпалi каля самага берага, i хвалi тут жа вынеслi iх назад - рака як быццам бы не хацела браць у дзяўчынкi яе каштоўнасць, бо не магла вярнуць ёй Кая. Дзяўчынка ж падумала, што кiнула чаравiчкi недастаткова далёка, улезла ў лодку, якая гайдалася ў трыснягу, стала на краёк кармы i зноў кiнула чаравiкi ў ваду. Лодка не была прывязана, i ад штуршка адышда ад берага. Дзяўчынка хацела хутчэй выскачыць на бераг, але пакуль прабiралася з кармы на нос, лодка ўжо зусiм адплыла i шпарка рухалася па цячэннi.
Герда вельмi спалохалася, заплакала i пачала крычаць, але нiхто, акрамя вераб'ёў, не чуў яе. Вераб'i ж не маглi перанесцi яе на сушу i толькi ляцелi за ёю ўздоўж берага i шчабяталi, нiбы жадаючы яе суцешыць:
- Мы тут! Мы тут!
Лодку зносiла ўсё далей. Герда сядзела цiха, у адных панчохах: чырвоныя чаравiчкi яе плылi за лодкай, але не маглi дагнаць яе.
'Можа, рака нясе мяне да Кая?' - падумала Герда, павесялела, устала i доўга-доўга любавалася прыгожымi зялёнымi берагамi.
Ды вось яна прыплыла да вялiкага вiшнёвага саду, у якiм тулiлася хатка пад саламяным дахам, з чырвонымi i сiнiмi шыбамi ў вокнах. Каля дзвярэй стаялi два драўляныя салдаты i аддавалi чэсць усiм, хто праплываў мiма. Герда закрычала iм - яна палiчыла iх жывымi, - але яны, зразумела, не адказалi ёй. Яна падплыла да iх яшчэ блiжэй, лодка наблiзiлася ледзь не да самага берага, i дзяўчынка закрычала яшчэ гучней. З хаткi выйшла вельмi старая бабулька з кульбай, у вялiкiм саламяным капелюшы, размаляваным дзiвоснымi кветкамi.
- Ах ты беднае дзiцятка! - сказала бабуля. - I як гэта ты трапiла на такую вялiкую бурную раку ды заплыла так далёка?