ўпрыгожвалi iмi шыю, плечы, грудзiну i галаву. I гэта быў проста цуд! Самыя старэйшыя з дзяцей асцярожна зрывалi раслiны, што адцвiлi i былi ўвянчаныя пёркавымi каронамi, падносiлi гэтыя паветраныя, нiбы шарсцяныя, галоўкi, што былi па-свойму прыродным цудам, да рота i намагалiся здьмуць за адзiн раз увесь пушок. Каму гэта ўдасца, той будзе мець новую апратку яшчэ да Новага года, - так сказала бабуля.

Адрынутая кветка была ў гэтым выпадку сапраўдным прарокам.

- Бачыш? - запытаў сонечны прамень. - Бачыш яго красу, ягонае вялiкае значэнне?

- Толькi для дзяцей! - адказала галiна.

Прыплялася на поле i старая бабуля i пачала выкопваць тупым зломкам нажа карэннi жоўтых кветак. Некаторае карэнне яна збiралася спажыць на каву, iншае - прадаць у аптэку на лякарства.

- Краса ўсё ж куды вышэй! - сказала галiна. - Толькi выбраныя трапяць у свет прыгожага! Ёсць жа рознiца i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi!

Сонечны прамень пачаў гаварыць пра бязмежную любоў да ўсяго жывога: усё, каму падорана жыццё, мае штосьцi сваё ва ўсiм - i ў сваiм часе, i ў вечнасцi.

- Ну, гэта толькi вы так лiчыце! - сказала галiна.

У пакой зайшлi людзi; памiж iмi была i маладая графiня, якая паставiла галiнку ў празрыстую прыгожую вазу, скрозь якую свяцiла сонца. Графiня нясла кветку, - што ж яшчэ? - а яна, кветка, была загорнутая буйным зялёным лiсцем, лежучы ў iм, быццам у футарале, абароненая нават ад самага невялiчкага подыху ветру. I нясла яе графiня так беражлiва, як не несла нават пяшчотную яблыневую галiнку. Асцярожна адагнула яна зялёнае лiсце, i з-за яго вызiрнула паветраная карона адрынутай жоўтай кветкi. Яе графiня так асцярожна сарвала i гэтак беражлiва нясла, каб вецер не здьмуў нiводную тоненькую пярынку з яе паветранай галоўкi. Яна данесла яе цэлай i непачапанай i не магла нацешыцца прыгажосцю, празрыстасцю, усёй своеасаблiвай пабудовай гэтай цудоўнай кветкi, уся вабнасць якой - да першага подыху ветру.

- Зiрнiце ж, што за цуд!.. - сказала графiня. - Я намалюю яго разам з яблыневай галiнкаю. Усе любуюцца ёю, але па волi божай i гэтая бедная кветачка надзеленая не меншай красою. Якiя не розныя яны, усё ж кветкi - дзецi аднаго свету прыгожага!

СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА

Гiсторыя першая,

у якой расказваецца пра люстэрка i яго асколкi

Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гiсторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыў-быў троль, вельмi злосны, сапраўдны д'ябал. Аднойчы быў ён у асаблiва добрым настроi: змайстраваў такое люстэрка, у якiм усё добрае i прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае i агiднае так i выпiрала, рабiлася яшчэ больш брыдкiм. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалi ў iм вараным шпiнатам, а лепшыя з людзей - пачварамi, цi, здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамi, а жыватоў у iх зусiм няма! Твары перакрыўлялiся так, што i не пазнаць, а калi ў каго была вяснушка, то ўжо яна распаўзалася i на нос i на вусны. А калi ў чалавека з'яўлялася добрая думка, яна адбiвалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзiўся ад смеху, радуючыся сваёй хiтрай выдумцы.

Тролевы вучнi - а ў яго была свая школа - расказвалi ўсiм, што адбыўся цуд: цяпер толькi, казалi яны, можна ўбачыць увесь свет i людзей сапраўднымi. Яны бегалi ўсюды з люстэркам, i неўзабаве не засталося нiводнай краiны, нiводнага чалавека, якiя не адлюстравалiся б у iм у перакрыўленым выглядзе.

Напаследак захацелася iм дабрацца i да неба. Чым вышэй яны падымалiся, тым больш крыўлялася люстэрка, што аж з цяжкасцю яны ўтрымлiвалi яго ў руках. Але вось яны ўзляцелi зусiм высока, i тут раптам люстэрка да таго пакарабацiлася ад грымас, што вырвалася ў iх з рук, паляцела на зямлю i разбiлася на мiльёны, бiльёны асколкаў, i таму здарылася яшчэ болей бед. Некаторыя асколкi, з пясчынку велiчынёй, разлятаючыся па белым свеце, траплялi людзям у вочы, ды так там i заставалiся. А чалавек з такiм асколкам у воку пачынаў бачыць усё наадварот цi заўважаць у кожнай рэчы толькi дрэннае - кожны ж асколак захоўваў уласцiвасцi ўсяго люстэрка. Некаторым людзям асколкi траплялi проста ў сэрца, i гэта было страшней за ўсё: сэрца рабiлася як кавалак лёду. Былi сярод асколкаў i вялiкiя - iх уставiлi ў аконныя рамы, i ўжо праз гэтыя вокны не варта было глядзець на сваiх добрых сяброў. Нарэшце, былi i такiя асколкi, якiя пайшлi на акуляры, i дрэнна было, калi такiя акуляры надзявалi для таго, каб лепш бачыць i правiльна меркаваць аб рэчах.

Злосны троль надрываўся ад смеху - так весялiла яго гэта задума. А па свеце лятала яшчэ шмат асколкаў. Паслухаем жа пра iх!

Гiсторыя другая

Хлопчык i дзяўчынка

У вялiкiм горадзе, дзе столькi дамоў i людзей, што не ўсiм хапае месца хоць бы на маленькi садок, а таму большасцi жыхароў даводзiцца задавольвацца пакаёвымi кветкамi ў вазонах, жыло двое бедных дзяцей, i садок у iх быў крыху большы за вазон. Яны не былi братам i сястрой, але любiлi адно аднаго, як брат i сястра.

Бацькi iх жылi ў каморках пад дахам у двух суседнiх дамах. Дахi дамоў сыходзiлiся, i мiж iмi цягнуўся вадасцёкавы жолаб. Тут якраз i глядзелi адно на адно паддашкавыя вокны ад кожнага дома. Варта было толькi пераступiць цераз жолаб, i можна было трапiць з аднаго акна ў другое.

У бацькоў было па вялiкай драўлянай скрынi, у iх расла зелянiна для прыпраў i невялiкiя ружавыя кусты - па адным у кожнай скрынi. Кусты пышна разраслiся. Бацькам прыйшло ў галаву паставiць гэтыя скрынi ўпоперак жолаба, таму ад аднаго акна да другога цягнулiся нiбы дзве кветкавыя градкi. Зялёнымi гiрляндамi спускаўся са скрынь гарох, ружавыя кусты заглядвалi ў вокны i спляталiся галiнамi. Бацькi дазвалялi хлопчыку i дзяўчынцы хадзiць адно да аднаго ў госцi па даху i сядзець на лавачцы пад ружамi. Як хораша было iм тут гуляць!

А зiмой гэта радасць заканчвалася. Вокны часта зусiм замярзалi, але дзецi награвалi на печы медныя манеты, прыкладвалi iх да замерзлых шыбiн, i адразу ж адтаваў прыгожы кружочак, i ў яго пазiрала вясёлае, ласкавае вочка - гэта глядзелi, кожны са свайго акна, хлопчык i дзяўчынка, Кай i Герда. Улетку яны адным скачком маглi апынуцца ў гасцях адно ў аднаго, а зiмой патрэбна было спачатку спусцiцца на многа прыступак унiз, а потым падняцца на гэтулькi ж уверх. На двары пырхаў сняжок.

- Гэта раяцца белыя пчолкi! - казала старая бабуля.

- А ў iх таксама ёсць каралева? - пытаўся хлопчык. Ён ведаў, што ў сапраўдных пчол ёсць такая.

- Ёсць! - адказвала бабуля. Сняжынкi абкружаюць яе густым роем, але яна большая за iх усiх i нiколi не прысаджваецца на зямлю, вечна лятае ў чорным воблаку. Часта па начах пралятае яна па гарадскiх вулiцах i заглядвае ў вокны, вось таму якраз яны i пакрываюцца марознымi ўзорамi, быццам кветкамi.

- Бачылi, бачылi! - казалi дзецi i верылi, што ўсё гэта так.

- А сюды Снежная каралева не можа ўвайсцi? - пыталася дзяўчынка.

- Хай толькi паспрабуе! - адказваў хлопчык. - Я пасаджу яе на цёплую печ, вось яна i растане.

Але бабуля пагладзiла яго па галаве i завяла размову пра iншае.

Вечарам, калi Кай быў дома i амаль ужо распрануўся, збiраючыся легчы спаць, ён ускарабкаўся на крэсла каля акна i паглядзеў ў адталы на шыбiне кружочак. За акном пырхалi сняжынкi. Адна з iх, большая, села на край кветкавай скрынi - i пачала расцi, пакуль нарэшце не ператварылася ў жанчыну, захутаную ў танюткi белы цюль, сатканы, здавалася, з мiльёнаў снежных зорачак. Яна была такая прыгожая i пяшчотная, але з лёду, з асляпляльна зiхоткага лёду, i ўсё ж жывая! Вочы яе ззялi, як дзве ясныя зоркi, але не было ў iх нi цеплынi, нi спакою. Яна кiўнула хлопчыку i паманiла яго рукой. Кай спалохаўся i саскочыў з крэсла. А мiма акна прамiльгнула штосьцi падобнае на вялiкую птушку.

На другi дзень было ясна i марозна, але потым пачалася адлiга, а затым i вясна надышла. Заззяла сонца, праглянула зелянiна, будавалi гнёзды ластаўкi. Вокны расчынiлi, i дзецi зноў маглi сядзець у сваiм садку ў вадасцёкавым жолабе над усiмi паверхамi.

Ружы тым летам цвiлi пышна, як нiколi. Дзецi спявалi, узяўшыся за рукi, цалавалi ружы i радавалiся сонцу. Ах, якое цудоўнае было лета, як добра было пад ружавымi кустамi, якiм, здавалася, квiтнець i квiтнець вечна!

Неяк аднаго разу Кай i Герда сядзелi i разглядвалi кнiжку з малюнкамi звярамi i птушкамi. На вялiкiм вежавым гадзiннiку прабiла пяць.

- Ай! - ускрыкнуў раптам Кай. - Мяне кальнула проста ў сэрца, i штосьцi трапiла ў вока!

Дзяўчынка абвiла ручкай яго шыю, ён часта-часта маргаў, але ў воку быццам бы нiчога не было.

- Мабыць, выскачыла, - сказаў ён.

Але гэта было не так. Гэта былi якраз асколкi таго д'ябальскага люстэрка, пра якое мы гаварылi напачатку.

Небарака Кай! Цяпер яго сэрца павiнна было стаць як кавалак лёду. Боль прайшоў, але асколкi засталiся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату