З гэтымi словамi бабуля ўвайшла ў раку, зачапiла лодку кульбай, прыцягнула да берага i высадзiла Герду.
Герда была вельмi рада, што апынулася нарэшце на сушы, хоць i пабойвалася незнаёмай бабулi.
- Ну, хадзем, ды раскажы мне, хто ты i як сюды патрапiла, - сказала бабуля.
Герда пачала расказваць ёй пра ўсё, а бабуля кiвала галавой i паўтарала: 'Гм! Гм!' Калi дзяўчынка закончыла, то запыталася ў бабулi, цi не бачыла яна Кая. Тая адказала, што ён яшчэ не праходзiў тут, але, пэўна, пройдзе, таму бедаваць пакуль няма прычыны, няхай Герда лепш пакаштуе вiшань, ды палюбуецца кветкамi, што растуць у садзе: яны прыгажэйшыя, чым у любой кнiжцы з малюнкамi, i ўсе ўмеюць расказваць казкi. Тут бабуля ўзяла Герду за руку, павяла да сябе ў хатку i замкнула дзверы.
Вокны былi высока ад падлогi i ўсе з рознакаляровых - чырвоных, сiнiх i жоўтых - шкельцаў; таму i сам пакой быў асветлены нейкiм дзiвосным вясёлкавым святлом. На стале стаяў кошык з цудоўнымi вiшнямi, i Герда магла есцi iх колькi хацела. А пакуль яна ела, бабуля расчэсвала ёй валасы залатым грабянцом. Валасы вiлiся кучарамi i залатым ззяннем атачалi пекны, ветлiвы, круглы, быццам ружа, тварык дзяўчынкi.
- Даўно мне хацелася мець такую мiленькую дзяўчынку, - сказала бабуля. Вось пабачыш, як добра мы з табою зажывём!
I яна працягвала расчэсваць кучары дзяўчынкi, i чым далей часала, тым больш забывала Герда свайго пабрацiма Кая - бабуля ўмела чараваць.
Ды яна была не злою чараўнiцай i чаравала толькi зрэдку, для свайго здавальнення; цяпер жа ёй вельмi захацелася пакiнуць у сябе Герду. I вось яна пайшла ў сад, дакранулася кульбай да ўсiх ружавых кустоў, i тыя як стаялi ў пышнай квеценi, так усе i пайшлi глыбока-глыбока ў зямлю, i следу ад iх не засталося. Бабуля баялася, што Герда, убачыўшы гэтыя ружы, успомнiць пра свае, а там i пра Кая ды i ўцячэ ад яе.
Потым бабуля павяла Герду ў кветнiк. Ах, якi водар тут быў, якая прыгажосць: самыя розныя кветкi, i на кожную часiну года! На ўсiм свеце не знайшлося б кнiжкi з малюнкамi больш стракатымi i больш прыгожымi за гэты кветнiк. Герда скакала ад радасцi i гуляла сярод кветак, пакуль сонца не села за высокiмi вiшнёвымi дрэвамi. Тады яе паклалi ў дзiвосную пасцель з чырвонымi шаўковымi пярынкамi, набiтымi блакiтнымi фiялкамi. Дзяўчынка заснула, i ёй снiлiся сны, якiя бачыць хiба толькi каралева ў дзень свайго вяселля.
Назаўтра Гердзе зноў дазволiлi гуляць у дзiвосным кветнiку на сонцы. Так прайшло шмат дзён. Герда ведала цяпер кожную кветку ў садзе, але як нi многа iх было, ёй усё ж здавалася, што якогасьцi не хапае, толькi якога? I вось аднойчы яна сядзела i разглядвала бабульчын саламяны капялюш, размаляваны кветкамi, i самай прыгожай з iх была ружа - бабуля забылася яе сцерцi, калi схавала жывыя ружы пад зямлю. Вось што значыць няўважлiвасць!
- Як! Тут няма руж? - сказала Герда i адразу ж пабегла ў сад, шукала iх, шукала, ды так i не знайшла.
Тады дзяўчынка прысела на зямлю i заплакала. Цёплыя слёзы падалi якраз на тое месца, дзе стаяў раней адзiн з ружавых кустоў, i як толькi яны змачылi зямлю, куст iмгненна вырас з яе, такi ж квiтнеючы, як i быў.
Абвiла яго ручкамi Герда, пачала цалаваць кветкi i ўспомнiла тыя цудоўныя ружы, што квiтнелi ў яе дома, а разам з iмi i Кая.
- Як жа я затрымалася! - сказала дзяўчынка. - Мне ж трэба шукаць Кая!.. Вы не ведаеце, дзе ён? - запыталася яна ў руж. - Цi праўда, што ён памёр i не вернецца больш?
- Ён не памёр! - адказалi ружы. - Мы ж былi пад зямлёй, дзе ляжаць усе памёршыя, але Кая мiж iх не было.
- Дзякуй вам! - сказала Герда i пайшла да iншых кветак, заглядвала ў iх чашачкi i пыталася:
- Вы не бачылi, дзе Кай?
Але кожная кветка грэлася на сонейку i думала толькi пра сваю ўласную казку цi гiсторыю. Шмат iх наслухалася Герда, але нiводная не сказала нi слова пра Кая.
Тады Герда пайшла да дзьмухаўца, якi ззяў у зiхоткай зялёнай траве.
- Ты, маленькае яснае сонейка! - сказала яму Герда. - Скажы, цi не ведаеш, дзе мне шукаць майго пабрацiмку?
Дзьмухавец заззяў яшчэ ярчэй i паглядзеў на дзяўчынку. Якую ж песеньку праспяваў ён ёй? На жаль, ў гэтай песеньцы нi слова не гаварылася пра Кая!
- Быў першы вясновы дзень, сонца грэла i так прыветна свяцiла на маленькi дварок. Промнi яго слiзгацелi па белай сцяне суседняй хаты, i каля самай сцяны паказалася першая жоўценькая кветачка, яна ззяла на сонцы, нiбы залатая. На двор выйшла пасядзець старая бабуля. Вось вярнулася з гасцей яе ўнучка, бедная служанка, i пацалавала бабулю. Пацалунак дзяўчыны даражэйшы за золата - ён iдзе проста ад сэрца. Золата на яе вуснах, золата ў сэрцы, золата i на небе ў ранiшнi час! Вось i ўсё! - сказаў дзьмухавец.
- Няшчасная мая бабуля! - уздыхнула Герда. - Напэўна, яна сумуе па мне i бядуе, як бедавала па Каю. Але я хутка вярнуся i яго прывяду з сабой. Няма чаго больш i распытваць кветкi - толку ад iх не даб'ешся, яны толькi i расказваюць сваё! - I яна пабегла ў канец саду.
Дзверы былi зачынены, але Герда так доўга хiстала iржавую засаўку, што яна паддалася, дзверы адчынiлiся, i дзяўчынка так, басаножкай, пабегла па дарозе. Разы тры азiрнулася назад, але нiхто не гнаўся за ёю.
Нарэшце яна стамiлася, прысела на камень i агледзелася: лета прайшло, на дварэ была позняя восень. Толькi ў дзiвосным бабульчыным садзе, дзе вечна ззяла сонейка i цвiлi кветкi ўсiх часiн года, гэтага не заўважалася.
- Божа! Як жа я забавiлася! Бо ўжо восень на дварэ! Тут не да адпачынку! сказала Герда i зноў рушыла ў дарогу.
Ах, як нылi яе бедныя стомленыя ножкi! Як холадна, сыра было навокал! Доўгае лiсце на вербах зусiм пажаўцела, туман асядаў на яго буйнымi кроплямi i сцякаў на зямлю; лiсце так i сыпалася. Адзiн толькi цярноўнiк стаяў увесь пакрыты даўкiмi, аскомiстымi ягадамi. Якiм шэрым, панурым здаваўся ўвесь свет!
Гiсторыя чацвертая
Прынц i прынцэса
Давялося Гердзе зноў прысесцi адпачыць. На снезе проста перад ёю скакаў вялiкi крумкач. Доўга глядзеў ён на дзяўчынку, кiваючы ёй галавой, i нарэшце прамовiў:
- Кар-кар! Добры дзень!
Выгаворваць па-чалавечы чысцей ён не мог, але жадаў дзяўчынцы дабра i запытаўся ў яе, куды гэта яна брыдзе па белым свеце адзiнюткая. Што такое 'адзiнюткая', Герда ведала вельмi добра, сама на сабе зведала. Расказаўшы крумкачу пра ўсё сваё жыццё, дзяўчынка пацiкавiлася, цi не бачыў ён Кая.
Крумкач задумлiва пакруцiў галавой i сказаў:
- Магчыма! Магчыма!
- Як! Праўда? - усклiкнула дзяўчынка i ледзь не задушыла крумкача - так моцна яна яго пацалавала.
- Цiшэй, цiшэй! - сказаў крумкач. - Думаю, гэта быў твой Кай. Але цяпер ён, пэўна, забыўся пра цябе са сваёю прынцэсай!
- Хiба ён жыве ў прынцэсы? - спытала Герда.
- А вось паслухай, - сказаў крумкач. - Толькi мне вельмi цяжка гаварыць па-вашаму. Калi б ты разумела па-крумкачынаму, я б паведаў табе пра ўсё значна лепш.
- Не, гэтаму мяне не вучылi, - сказала Герда. - Як шкада!
- Але нiчога, - сказаў крумкач. - Раскажу, як здолею, хоць i дрэнна.
I ён расказаў усё, што ведаў.
- У каралеўстве, дзе мы з табой знаходзiмся, ёсць прынцэса, такая разумнiца, што i перадаць нельга! Прачытала ўсе газеты на свеце i забыла ўсё, што ў iх прачытала, - вось якая разумнiца! Аднаго разу неяк сядзiць яна на троне - а радасцi ў гэтым не надта шмат, як людзi кажуць, - i напявае песеньку: 'Чаму б мне не выйсцi замуж?' 'А то i на самай справе!' - падумала яна, i ёй захацелася замуж. Ды мужам яна хацела выбраць такога чалавека, якi б умеў адказваць, калi з iм размаўляюць, а не такога, якi ўмеў бы толькi важнiчаць, - гэта ж так сумна! I вось барабанным боем склiкаюць усiх прыдворных дам, аб'яўляюць iм волю прынцэсы. Як яны ўсе ўзрадавалiся! 'Вось гэта нам падабаецца! - кажуць. - Мы i самi нядаўна аб гэтым думалi!' Усё гэта шчырая праўда! - дадаў крумкач. - У мяне пры двары ёсць нявеста - ручная варона, ад яе якраз я i ведаю ўсё гэта.