свет i новыя канькi.
Герда пацалавала Кая ў абедзве шчокi, i яны зноў запунсавелi, як ружы; пацалавала яго ў вочы, i яны заблiшчалi; пацалавала яго рукi i ногi, i ён зноў стаў бадзёрым i здаровым.
Снежная каралева магла вярнуцца невядома калi - яго адпускная ляжала тут, напiсаная блiскучымi ледзянымi лiтарамi.
Кай з Гердай поплеч выйшлi з ледзянога палаца. Яны iшлi i размаўлялi пра бабулю, пра ружы, якiя квiтнелi ў iх садку, i перад iмi сцiхалi парывiстыя вятры, праглядвала сонца. А калi дайшлi да куста з чырвонымi ягадамi, там ужо чакаў iх паўночны алень.
Кай i Герда накiравалiся спачатку да фiнкi, адагрэлiся ў яе i даведалiся пра дарогу дамоў, а потым - да лапландкi. Тая пашыла iм новае адзенне, адрамантавала свае санi i паехала iх праводзiць.
Алень таксама праводзiў юных падарожнiкаў аж да самай гранiцы Лапландыi, дзе ўжо прабiвалася першая трава. Тут Кай i Герда развiталiся з iм i лапландкай.
Вось перад iмi i лес. Заспявалi першыя птушкi, дрэвы пакрылiся зялёнымi пупышкамi. З лесу насустрач падарожнiкам выехала вярхом на прыгожым канi маладая дзяўчына ў ярка-чырвонай шапачцы, з пiсталетамi за поясам.
Герда адразу пазнала i каня - ён быў калiсьцi запрэжаны ў залатую карэту i дзяўчыну. Гэта была маленькая разбойнiца.
Яна таксама пазнала Герду. Колькi было радасцi!
- Бач ты, валацуга! - сказала яна Каю. - Хацела б я ведаць, цi варты ты таго, каб па цябе бегалi на край свету.
Але Герда пагладзiла яго па шчацэ i запытала пра прынца i прынцэсу.
- Яны паехалi ў чужую краiну, - адказала маладая разбойнiца.
- А крумкач? - пацiкавiлася Герда.
- Лясны крумкач памёр; ручная варона засталася ўдавой, ходзiць з чорнай шарсцiнкай на ножцы i скардзiцца на лёс. Ды ўсё гэта дробязi, а вось ты лепш раскажы, што з табой было i як ты адшукала яго.
Герда i Кай расказалi ёй пра ўсё.
- Ну, вось i казцы канец! - сказала маладая разбойнiца, пацiснула iм рукi i паабяцала наведаць iх, калi заедзе ў горад.
Затым яна накiравалася сваёй дарогай, а Кай i Герда - сваёй.
Яны iшлi, i на iх шляху расцвiталi вясновыя кветкi, зелянела трава. Нарэшце пачуўся перазвон, i яны пазналi званiцы свайго роднага горада. Яны паднялiся па знаёмай лесвiцы i ўвайшлi ў пакой, дзе ўсё было па-старому: гадзiннiк вызвоньваў 'цiк-так', стрэлкi рухалiся па цыферблаце. Але, праходзячы ў нiзенькiя дзверы, яны заўважылi, што сталi зусiм дарослымi. Квiтнеючыя ружавыя кусты пазiралi з даху ў адчыненае акенца; тут жа стаялi iх дзiцячыя крэслiцы. Кай з Гердай селi кожны на сваё, узялiся за рукi, i халоднае, пустэльнае хараство пакояў Снежнай каралевы забылася, як цяжкi сон.
Так сядзелi яны побач, абое ўжо дарослыя, але дзецi сэрцам i душою, а на дварэ было лета, цёплае цудоўнае лета.
ЕЛКА
У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра i святла ўдосталь; наўкол раслi сяброўкi больш старэйшыя - i елкi, i сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасцi; яна не думала нi пра цёплае сонейка, нi пра свежае паветра, не было ёй справы i да балбатлiвых сялянскiх дзяцей, што хадзiлi ў лес па сунiцы i малiну; i, назбiраўшы поўныя кубачкi, альбо нанiзаўшы ягады, быццам пацеркi, на тонкiя пруткi, прысаджвалiся пад елачку адпачыць i заўсёды казалi:
- Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!
Такiх размоў дрэўца i слухаць не хацела.
Мiнуў год - i ў елачкi прыбавiлася адно каленца, мiнуў яшчэ год прыбавiлася яшчэ адно: так па колькасцi каленцаў i можна было даведацца колькi гадоў елцы.
- Ах, калi б я была гэткай жа вялiкай, як iншыя дрэвы! - уздыхала елачка. - Тады б i я шырока развiнула сваё голле, высока падняла галаву, i мне вiдаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкi звiлi б у маiм голлi гнёзды, а калi дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна кiвала б галавою, як iншыя!
I нi сонейка, нi спевы птушак, нi ружовыя ранiшнiя i вечаровыя аблокi не давалi ёй анiякага задавальнення.
Стаяла зiма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц i часам нават пераскокваў цераз елачку - вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зiмы, i да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькi, што зайцу даводзiлася абмiнаць яго.
'Так, расцi, расцi i хутчэй зрабiцца вялiкiм, старым дрэвам - што можа быць лепш за гэта!' - думалася елачцы.
Кожную восень у лесе з'яўлялiся дрывасекi i секлi самыя вялiкiя дрэвы. Елачка ўсялякi раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромнiстых дрэў, што з шумам падалi на зямлю. Iх ачышчалi ад голля, i яны валялiся на зямлi такiмi голымi, доўгiмi i тонкiмi. Ледзь можна было пазнаць iх! Пасля iх клалi на калёсы i вывозiлi з лесу.
Куды? Навошта?
Вясною, калi прыляцелi ластаўкi i буслы, дрэўца запыталася ў iх:
- Цi не ведаеце вы, куды павезлi тыя дрэвы? Цi не сустракалi вы iх?
Ластаўкi нiчога не ведалi, але адзiн з буслоў падумаў, кiўнуў галавою i сказаў:
- Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егiпта, шмат новых караблёў з дзiвоснымi, высокiмi мачтамi. Ад iх пахла елкаю i сасною. Вось дзе яны!
- Ах, хутчэй бы i мне вырасцi ды пусцiцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?
- Ну, гэта доўга расказваць, - адказаў бусел i паляцеў.
- Радуйся свайму юнацтву! - казалi елачцы сонечныя промнi. - Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосцi i жыццёвым сiлам!
I вецер цалаваў дрэва, раса пралiвала над iм слёзы, але елка нiчога гэтага не цанiла.
Перад Калядамi ссеклi некалькi зусiм маладзенькiх елак; некаторыя з iх былi нават меншымi, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасцi. Усе ссечаныя дрэўцы былi на дзiва прыгожанькiмi; iх не ачышчалi ад голля, а проста паклалi на санкi i павезлi з лесу.
- Куды? - запыталася елка. - Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. I чаму на iх пакiнулi ўсё голле? Куды iх павезлi?
- Мы ведаем! Мы ведаем! - працырыкалi вераб'i. - Мы былi ў горадзе i заглядвалi ў вокны! Мы ведаем, куды iх павезлi! Яны трапяць у такую пашану, што i сказаць нельга! Мы заглядвалi ў вокны i бачылi! Iх паставiлi пасярод цёплага пакоя i ўпрыгожылi дзiвоснымi рэчамi - залочанымi яблыкамi, мядовымi пернiкамi i мноствам свечак!
- А пасля?.. - запыталася елка, калоцячыся ўсiм голлем. - А пасля?.. Што было з iмi пасля?
- А больш мы нiчога не бачылi! Але гэта было цудоўна!
- Магчыма, i я пайду гэткiм жа блiскучым шляхам! - радавалася елка. - Гэта лепей, чым плаваць па моры! Ах, я проста знемагаюся ад тугi i нецярплiвасцi! Хаця б хутчэй прыйшлi Каляды! Цяпер i я стала гэткаю ж высокаю i разгалiстаю, як тыя, што былi ссечаны ў мiнулым годзе! Ах, няхай бы я ўжо ляжала на санках! Ах, няхай бы я ўжо стаяла прыбраная ва ўсё тое хараство, у цёплым пакоi! А пасля што?.. Пасля, напэўна, будзе яшчэ лепш, iнакш бы навошта i ўпрыгожваць мяне!.. Толькi, што ж гэта такое будзе? Ах, як я нуджуся i iрвуся адсюль! Проста i сама не ведаю, што са мною!
- Радуйся нам! - сказалi ёй паветра i сонечнае святло. - Радуйся свайму юнацтву i лясному прыволлю!
Але яна i не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. I зiму i лета стаяла яна ў сваiм зялёным уборы, i ўсе, хто бачыў яе, казалi: 'Вось дзiвоснае дрэўца!' Падышлi нарэшце i Каляды, i елачку ссеклi першую. Пякучы боль i туга не далi ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужлiва было развiтвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, - яна ж ведала, што нiколi больш не пабачыць сваiх мiлых сябровак - елак i соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават i птушак! Як цяжка, як сумна!..
Дрэўца прыйшло ў сябе толькi тады, калi апынулася разам з iншымi дрэвамi на двары i пачула каля сябе чыйсьцi голас:
- Цудоўная елка! Вось такую нам i трэба!