- Не! - адказала дрэва.

- Тады шчаслiва заставацца! - сказалi пацукi i пайшлi.

Мышаняты таксама разбеглiся, i елка ўздыхнула:

- А ўсё ж слаўна было, калi гэтыя гарэзлiвыя мышаняты сядзелi вакол мяне i слухалi мае расповяды. I гэтаму настаў канец... Але ўжо цяпер я не ўпушчу свайго, як след парадуюся, калi зноўку выйду на белы свет!

Ды не так ужо хутка гэта здарылася!

Аднойчы ранiцай з'явiлiся людзi прыбраць гарышча. Выцягнулi скрынкi, а за iмi i елку. Спачатку яе даволi груба кiнулi на падлогу, пасля слуга пацягнуў яе па лесвiцы ўнiз.

'Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!' - падумала елка.

Вось на яе павеяла свежым паветрам, блiснуў промень сонца - елка апынулася на дварэ. Усё гэта адбылося так хутка, наўкол было столькi новага i цiкавага для яе, што яна не паспела i паглядзець на самую сябе. Двор прылягаў да саду; у садзе ўсё зелянела i цвiло. Цераз агароджу перавешвалiся свежыя духмяныя ружы, лiпы былi пакрыты цветам, ластаўкi лёталi ўзад i ўперад i шчабяталi:

- Квiр-вiр-вiт! Мой муж вярнуўся!

Але гэта не цiкавiла елку.

- Цяпер я зажыву! - радавалася яна i выпроствала свае галiны. Ах, як яны пабляклi i пажоўклi!

Дрэва ляжала ў кутку двара, у крапiве i пустазеллi; на верхавiне яго ўсё яшчэ ззяла залатая зорка.

У двары весела гулялi тыя ж самыя дзецi, што скакалi i танцавалi вакол упрыгожанай елкi на Каляды. Самы малодшы пабачыў зорку i сарваў яе.

- Паглядзiце-тка, што засталося на гэтай брыдкай, старой елцы! - крыкнуў ён i наступiў на яе голле; галiны захрумсцелi.

Елка паглядзела на маладое, квiтнеючае жыццё наўкол, пасля паглядзела на самую сябе i пажадала вярнуцца ў свой цёмны куток на гарышчы. Успомнiлiся ёй i маладосць, i лес, i вясёлыя Каляды, i мышаняты, якiя радасна слухалi казку пра Клумпэ-Думпэ...

- Усё прайшло, прайшло! - сказала бедная елка. - I хаця б я радавалася пакуль быў час! А цяпер... усё мiнулася, мiнулася!

Прыйшоў слуга i пасек елку на кавалкi, - атрымалася цэлая вязанка распалак. Як горача запалымнелi яны пад вялiкiм катлом! Дрэва глыбока-глыбока ўздыхала, i гэтыя ўздыхi былi падобны на слабыя стрэлы. Прыбеглi дзецi, уселiся прад агнём i сустракалi кожны стрэл вясёлым 'пiф! паф!'. А елка, цяжка ўздыхаючы, успамiнала ясныя летнiя днi i зоркавыя ночы ў лесе, вясёлыя Каляды i казку пра Клумпэ-Думпэ, адзiную чутую ёю казку!.. Так яна ўся i згарэла.

Хлопчыкi зноў гулялi на дварэ; у малодшага на грудзях ззяла тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала елку ў самы шчаслiвы вечар яе жыцця. Цяпер ён прайшоў, кануў у вечнасць, елцы таксама прыйшоў канец, а з ёю i нашай гiсторыi. Канец, канец! Усё на свеце мае свой канчатак!

КУФАР-САМАЛЁТ

Жыў-быў купец. Ён быў такi багацей, што мог бы вымасцiць срэбнымi грашыма цэлую вулiцу. А ў прыдатак - яшчэ i завулак. Але гэтага купец не рабiў. Ён добра ведаў як трацiць грошы.

Раптоўна гэты багацей памёр. Нашчадкам яго скарбаў застаўся сын. От ён i пачаў жыць весела. Кожную ноч удзельнiчаў у розных гулях, маскарадах. З грошай вырабляў папяровых змеяў. А па вадзе, замест каменьчыкаў, шпурляў залатымi манетамi.

Зразумела, што сын купца вельмi хутка застаўся без грошай. У адным старым халаце. Ды ў пантофлях- шлёпанцах. Адвярнулiся ад яго ўсе сябры. Толькi адзiн з iх, добры чалавек, прыслаў яму стары куфар. Нiчоганькi не мог пакласцi бядак у той куфар. Узяў ды сам усеўся туды.

А куфар быў не просты. Варта нацiснуць на замок - i куфар узлятаў у паветра. Купецкi сын так i зрабiў.

Вокамгненна, з подсвiстам куфар вылецеў з iм у комiн. Узвiўся высока-высока, пад самыя воблакi. Купецкi сын вельмi страшыўся, што куфар вось-вось разаб'ецца на друзачкi. Але ўсё было добра, i неўзабаве ён прыляцеў у Турцыю.

Схаваў купецкi сын у лесе свой незвычайны куфар-самалёт. А сам пакiраваў у горад. Ён не саромеўся свайго ўбора, бо ў той краiне ўсе людзi хадзiлi ў халатах i туфлях.

Сустрэлася яму на вулiцы жанчына з дзiцём, ён i пытае:

- Скажыце, што гэта за вялiзны палац каля вашага горада? Чаму ў iм вокны так высока ад зямлi?

- О, тут жыве прынцэса! - сказала жанчына. - Ёй прадказана, што яна будзе няшчаснай ад свайго жанiха. Вось да яе нiхто i не можа зайсцi. Толькi з дазволу самiх караля i каралевы.

Падзякаваў купецкi сын, вярнуўся ў лес. Сеў у свой куфар i прыляцеў на дах палаца. Адтуль улез да прынцэсы праз акно.

Прынцэса якраз спала на канапе. Яна была такая прыгажуня, што купецкi сын не ўтрымаўся i пацалаваў яе. Прынцэса прачнулася, спалохана спытала:

- Вы хто?

- Турэцкi бог! - адказаў купецкi сын. - Я прыляцеў да вас з неба.

Прынцэсе гэта спадабалася. Яны селi побач. I госць пачаў расказваць ёй казкi: пра яе вочы, прыгажосць, урэшце, пра буслоў, якiя прыносяць людзям маленькiх дзяцей.

Так яны i пазнаёмiлiся, спадабалiся адзiн аднаму. Хлопец прапанаваў прынцэсе выйсцi за яго замуж. Яна пагадзiлася, але сказала пры гэтым:

- Прыйдзiце сюды ў суботу. У мяне будуць пiць гарбату кароль i каралева. Iм спадабаецца, што я выходжу замуж за турэцкага бога. А вы пастарайцеся расказаць iм цiкавую казку. Толькi ўлiчыце: мама любiць казкi павучальньныя i сур'ёзныя, а бацька - вясёлыя.

- Мае казкi i будуць вясельным падарункам, - паведамiў купецкi сын.

Прынцэса на развiтанне падарыла свайму жанiху шаблю, выкладзеную чырвонцамi. Такога багацця яму i не хапала. На тым яны развiталiся.

Паляцеў хлопец у горад, купiў сабе новы халат. Ды засеў у лесе складваць казку. Не думайце, што гэта так проста.

Але вось казка гатова. I якраз наступiла субота. Усё адбылося, як сказала прынцэса. Кароль, каралева i ўвесь двор сабралiся да прынцэсы на гарбату. Купецкага сына прынялi як найлепш.

- Ну, раскажы нам казку! - папрасiла каралева. - Толькi што-небудзь сур'ёзнае, павучальнае.

- Але каб i пасмяяцца можна было! - дадаў кароль.

- Добра! - адказаў купецкi сын.

Паслухаем i мы яго казку.

'Жыў-быў пачак запалак. Ляжалi запалкi на палiцы памiж крэсiвам i старым жалезным кацялком. Час ад часу яны расказвалi суседзям пра сваё дзяцiнства:

- Добра нам было ў маладосцi. Жылi мы ў лесе зялёнай сасной. Кожную ранiцу i штовечар пiлi брыльянтавую гарбату - расу. Цалюткi дзень свяцiла нам сонейка, а птушкi расказвалi казкi. Мы ганарылiся сваiм багатым родам. Лiставыя дрэвы былi апрануты толькi летам. А мы мелi зялёную вопратку круглы год, нават зiмой. Але аднойчы з'явiлiся ў лесе дрывасекi, i пачалiся вялiкiя перамены. Загiнула ўся наша сям'я. З нашага шаноўнага дрэва зрабiлi запалкi. Вось мы, важныя паны, ляжым цяпер на кухнi, служым чэрнi.

- Са мной усё было iнакш, - сказаў жалезны кацялок. - Як толькi з'явiўся на свет, мяне бясконца чысцяць, шкрабуць, ставяць на агонь. Калi сказаць праўду, то я займаю ў хаце першае месца. Адзiнае маё балаўство - ляжаць пасля абеду чысценькiм на палiцы ды гутарыць з сябрамi.

Кацялок пачаў расказваць розныя небылiцы пра вядро, кошык, гаршчок. Яго супынiла крэсiва:

- Вельмi, дружа, ты разбалбатаўся. Цi не лепш бы нам паслухаць iншых?

- Так, так, давайце пагаворым, хто з нас важнейшы, - прапанавалi запалкi.

- Не, я не люблю гаварыць пра сябе, - сказала глiняная мiска. - Я пачну i паведаю сёе-тое з жыцця, што будзе знаёма ўсiм i кожнаму. Дык вось, на беразе роднага мора, у цяньку ад дацкiх букаў...

- Цудоўны пачатак! - пахвалiлi талеркi.

- Там у адной мiрнай сям'i правяла я сваю маладосць. Уся мэбля была палiраваная. Падлога чыста вымытая. А фiранкi на вокнах мянялiся кожныя два тыднi.

- Як цiкава! - сказала мяцёлка. - У вашым аповедзе так i адчуваецца жанчына, якая любiць чысцiню.

- Так, так! - пацвердзiла вядро, ад задавальнення нават падскочыла i выплюхнула на падлогу крыху

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату