па баках, гледзячы на гэты вялiзны свет. Бедная пастушка раней нават не ўяўляла сабе, што ён такi; яна палажыла галоўку на плячо камiнару ды так заплакала, што пазалота пасыпалася з яе карсажу.
- Не, гэта ўжо занадта! Я не ў сiлах жыць тут! Свет празмерна вялiкi! усклiкнула яна. - Ах, калi б зноў апынуцца на нашым падлюстэрнiку! Не супакоюся, пакуль не вярнуся назад. Я ж пайшла з табою на ўскрай свету, а цяпер i ты мог бы праводзiць мяне дадому, калi хоць трошачкi кахаеш!
Тады камiнар пачаў яе ўгаворваць i нагадаў пра старога кiтайца i пра казланогага обер-унтэр-генерал- капiтан-сяржанта. Але пастушка плакала так горка, яна так цалавала свайго любага камiнара, што яму заставалася толькi саступiць ёй, хаця гэта i было неразумна.
З вялiкай цяжкасцю спусцiўшыся па комiне, яны зноў узялiся паўсцi па дымаходзе ўнiз i нарэшце дабралiся да топкi, дзе было вельмi цёмна; падышоўшы да зачыненых пячных дзверцаў, яны прыслухалiся да таго, што робiцца ў пакоi. Там было зусiм цiха. Яны выглянулi з печкi i... о жах! - на самай сярэдзiне пакоя, на падлозе, стаяў стары кiтаец. Аказваецца ён, калi пагнаўся за ўцекачамi, упаў з падлюстэрнiка i разбiўся на тры часткi, - спiна ў яго адкалолася цалкам, а галава адкацiлася ў кут. Але казланогi обер-унтэр- генерал-капiтан-сяржант стаяў на ранейшым месцы ды раздумваў над тым, што здарылася.
- О, якi жах! - усклiкнула маленькая пастушка. - Мой старэнькi дзядуля разбiўся, i ўсё праз нас. Гэтага я не змагу перажыць! - i яна ў адчаi заламiла свае маленечкiя ручкi.
- Яго яшчэ можна адрамантаваць, i адрамантаваць выдатна! - заўважыў камiнар. - А ты не бядуй гэтак. Варта толькi намазаць яму спiну клеем, а ў горла ўставiць вялiкую планку, i ён будзе зусiм як новы; чаго добрага, нагаворыць яшчэ процьму непрыемных слоў.
- Ты так думаеш? - спыталася пастушка, i абое яны ўзлезлi на падлюстэрнiк, дзе стаялi раней.
- Вось бачыш, якое вялiкае падарожжа мы зрабiлi, - сказаў камiнар. - А маглi ж бы i зусiм не кратацца з месца!
- Толькi б удалося адрамантаваць дзядулю! - уздыхнула пастушка. - Дорага гэта будзе каштаваць?
I старога кiтайца адрамантавалi - у гэтым прымала ўдзел уся сям'я. Спiну яму склеiлi, у горла ўставiлi планку, i ён стаў зусiм як новы, толькi хiтаць галавой ужо не мог.
- Пэўна, вы замнога ўявiлi аб сабе ды заганарылiся з таго часу як разбiлiся, - сказаў кiтайцу казланогi обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржант. - А я ўсё-ткi не бачу, чым тут ганарыцца. Ну дык што ж? Цi выдасце вы яе за мяне?
Тады камiнар i маленькая пастушка ўмольна паглядзелi на старога кiтайца, баючыся, як бы ён не матлянуў галавой. Але кiваць ён ужо не мог, а расказваць пры пабочных пра тое, што яму ўставiлi планку ў горла, было непрыемна.
З таго часу абедзве фарфоравыя фiгуркi так i стаялi побач, дабраслаўляючы планку ў дзедавым горле i працягваючы кахаць адно другое, пакуль не разбiлiся.
ПРЫНЦЭСА НА ГАРОШЫНЕ
Жыў- быў прынц. I марыў ён ажанiцца на сапраўднай прынцэсе.
Аб'ехаў увесь свет. А такой нявесты, якой жадаў, не сустрэў. Так i вярнуўся дамоў нi з чым. I вельмi бедаваў, бо дужа яму хацелася сустрэць сапраўдную прынцэсу.
Аднойчы вечарам разгулялася непагадзь. Маланкi блiскалi раз-пораз. Гром грымеў. Дождж лiў як з вядра. Жах што рабiлася!
Раптам у гарадскую браму нехта пастукаў. Сам кароль пайшоў адкрываць.
Каля брамы стаяла прынцэса. Вада збягала з яе валасоў i адзежы прама ў чаравiкi. Адтуль выцякала на зямлю. Божа, на што была падобна тая дзяўчына! А яна запэўнiвала, што з'яўляецца сапраўднай прынцэсай.
'Ну, пра гэта мы хутка даведаемся', - падумала старая каралева. Але нiчога нiкому не сказала. Пайшла ў спальню. Зняла з ложка ўсе матрацы i падушкi. На дошкi паклала гарошыну. А зверху гарошыны паслала дваццаць матрацаў i дваццаць пярын.
У гэту пасцель i паклалi прынцэсу на ноч.
Ранiцай у яе спыталi, як яна адпачывала.
- Ах, вельмi кепска! - сказала прынцэса. - Я нават вачэй не звяла. Бог ведае што ў мяне была за пасцель. Я ляжала на нечым такiм цвёрдым, што ўсё маё цела цяпер у сiняках. Жудасна!
Тут усе i зразумелi, што яна была сапраўднай прынцэсай. Адчула гарошыну праз сорак матрацаў i пярын! Такой далiкатнай асобай магла быць толькi сапраўдная прынцэса.
I прынц ажанiўся на ёй. Цяпер ён быў перакананы, што бярэ сапраўдную прынцэсу.
А гарошыну здалi ў музей. Яна мо i цяпер там ляжыць, калi хто не ўкраў яе.
Ведай, гэта гiсторыя - чыстая праўда!
ГОЛЫ КАРОЛЬ
Даўным-даўно жыў-быў на свеце кароль. Ён так любiў прыбiрацца, што трацiў на новую адзежу ўсе свае грошы. Парады, тэатры, загарадныя прагулкi яго цiкавiлi толькi тым, што можна было лiшнi раз паказацца ў новым уборы. На кожную гадзiну дня быў у яго асобны ўбор.
У сталiцы таго караля жылося вельмi весела. Амаль штодня туды наведвалiся замежныя госцi.
I вось аднаго разу прыехалi два ашуканцы. Яны выдалi сябе за ткачоў i сказалi, што могуць вырабiць такую цудоўную тканiну, якой не ведаў яшчэ свет. Нiбыта яна, апроч незвычайных малюнкаў i расфарбовак, робiцца нябачнай для кожнага, хто не на сваiм месцы альбо безнадзейна дурны.
Каралю спадабалася прапанова ашуканцаў. Ён прыняў iх, даў багата грошай, загадаў тут жа ўзяцца за справу. Падумаў кароль: 'Вось гэта будзе ўбор! Адразу даведаюся, хто з маiх саноўнiкаў не на сваiм месцы, хто з iх разумны, а хто дурань'.
Самазванцы-майстры паставiлi два ткацкiя станкi i пачалi рабiць выгляд, што руплiва працуюць. А на станках, каб вы ведалi, нiякай пражы не было. Хаця яны i патрабавалi для працы найтанчэйшага шоўку i найчысцейшага золата. Усё гэта хавалi ў кiшэнi, а самi праседжвалi за пустымi станкамi зранку да ночы.
Каралю вельмi хацелася паглядзець, якая ж тканiна атрымлiваецца ў майстроў. Але ён прыгадаў пра яе чароўныя якасцi i вырашыў праверыць свайго старога мiнiстра. Падумаў пры гэтым: 'Мiнiстр разумны, з годнасцю займае сваё месца. Ён добра разгледзiць тую тканiну'.
I вось стары мiнiстр увайшоў у залу, у якой за пустымi станкамi сядзелi ашуканцы.
'Божа, памiлуй! - падумаў мiнiстр. - Я нiчога не бачу'. Але ўслых не адважыўся сказаць такое.
Ашуканцы паважлiва папрасiлi яго падысцi блiжэй да станка i сказаць, як яму падабаюцца ўзор i фарбы тканiны. Бедны мiнiстр, як нi ўзiраўся, нiчога не бачыў. Ды i бачыць не мог.
I зноў падумаў: 'Божа, няўжо я такi дурны? Ратуй божа, каб нiхто пра гэта не даведаўся. Не, нельга прызнавацца, што я не бачу тканiны!'
- Што ж вы нiчога не гаворыце нам? - спытаў адзiн з ткачоў.
- О, гэта вельмi мiла! - адказаў мiнiстр. - Якi ўзор, якiя фарбы! Так, так, я паведамлю каралю, што мне надзвычай спадабалася ваша праца!
- Рады старацца! - сказалi ашуканцы.
I яны сапраўды старалiся. Пачалi патрабаваць яшчэ больш грошай, шоўку, золата. Забiралi сабе ўсё, а каля пустых станкоў сядзелi толькi для выгляду.
Паслаў кароль да ткачоў свайго новага саноўнiка. Даручыў яму паглядзець, цi хутка будзе закончана праца. З iм, прыстойным служкам караля, адбылося тое, што i з старым мiнiстрам. Ашуканцы абвялi i яго вакол пальца. I ён давёў каралю, што вельмi чароўную тканiну вырабляюць ткачы.
Хутка ўвесь горад загаварыў пра таямнiчую тканiну, з якой будзе зроблены новы каралеўскi ўбор.
Тут ужо i самому каралю закарцела зiрнуць на дзiва. З цэлай свiтай прыдворных ён заявiўся ў майстэрню да хiтрых ашуканцаў.
- Цуд! Цi не праўда? - наперабой закрычалi пабываўшыя ўжо тут чыноўнiкi. Якi малюнак?.. А фарбы?..
I яны паказвалi пальцамi на пустыя станкi, як бы самi бачылi там нешта.
'Што за глупства! - падумаў кароль. - Я нiчога не бачу! Неверагодна, няўжо i я такi бязглузды, як мае мiнiстры?.. Тады не быць мне каралём. А гэта горш за ўсё...'
- О, вельмi, вельмi мiла! - сказаў урэшце кароль. - Я ўхваляю!..
I ён задаволена пахiтваў галавой, разглядваючы пустыя станкi. Не хацеў прызнацца, што не бачыць таго, што бачаць яго мiнiстры.
Тут ужо i свiта караля ў адзiн голас пачала паўтараць:
- Вельмi, вельмi мiла!.. Зрабiце, ваша вялiкасць, з гэтай тканiны касцюм для блiжэйшай урачыстай