- Тзiнг-пе! - прагугнеў першы мiнiстр i зноў пачаў бегаць уверх i ўнiз па лесвiцах, па калiдорах i залах.
З iм бегалi ўсе саноўнiкi i прыдворныя - нiкому не хацелася адведаць палак.
Раз-пораз яны сутыкалiся насамi i пыталiся адзiн у аднаго:
- Што такое са-ла-вей?
- Дзе знайсцi са-лаў-я?
Але нiхто ў iмператарскiм двары нават не чуў пра салаўя, пра якога ведаў ужо ўвесь свет.
Нарэшце прыдворныя прыбеглi на кухню. Там сядзела маленькая дзяўчынка i выцiрала талеркi.
Першы мiнiстр спытаў у дзяўчынкi, цi не ведае яна, дзе жыве салавей.
- Салавей? - здзiвiлася дзяўчынка. - Ды як жа мне не ведаць! Ён жыве ў нашым лесе. А ўжо як спявае! Я кожны дзень нашу маёй хворай маме рэшткi абеду з iмператарскай кухнi. Жывём мы ля самага мора. Поруч у лясной глухаманi ёсць старое дрэва з вялiкiм дуплом i густымi-густымi галiнамi. I кожны раз, калi я сядаю адпачыць пад гэтым дрэвам, я чую песню салаўя. Ён спявае так пяшчотна, што слёзы самi па сабе цякуць у мяне з вачэй, а на душы становiцца так радасна, нiбы мяне цалуе матуля.
- Дзяўчынка, - узмалiўся першы мiнiстр, - я назначу цябе першай пасудамыйкай i нават дазволю паглядзець, як абедае сам iмператар, калi ты пакажаш нам, дзе жыве салавей. Ён запрошаны сёння вечарам у iмператарскiя палаты.
I вось усе накiравалiся ў лес.
Паперад усiх iшла дзяўчынка, а за ёй мiнiстры i саноўнiкi.
Iшлi яны, iшлi, i раптам недзе непадалёк зарыкала карова.
- Во! - дружна выгукнулi прыдворныя. - Гэта, напэўна, i ёсць салавей. Якi, аднак, у яго моцны голас!
- Гэта карова рыкае, - растлумачыла дзяўчынка. - Яшчэ далёка да таго дрэва, на якiм жыве салавей.
I ўсе пайшлi далей.
Раптам у балоце заквакалi жабы.
- Цудоўна! - узрадаваўся прыдворны бонза. - Нарэшце я чую салаўя. Цюцелька ў цюцельку як сярэбраныя званочкi ў нашай бажнiцы!..
- Не, гэта ўсяго толькi жабы, - прамовiла дзяўчынка. - Але цяпер, я думаю, мы хутка пачуем i самога салаўя.
I на самай справе, з гушчэчы галiн данёсся цудоўны спеў.
- Вось гэта i ёсць салавей! - сказала дзяўчынка. - Слухайце, слухайце! А вось ён i сам! - I яна паказала пальцам на маленькую шэранькую птушачку, што сядзела на галiнцы.
- Пф! - здзiвiўся першы мiнiстр. - Нiяк не думаў, што гэты знакамiты салавей такi нягеглы з выгляду. Напэўна, ён стаў шэрым ад страху, убачыўшы адразу столькi вяльможных асоб.
- Салавейка! - гучна закрычала дзяўчынка. - Наш лiтасцiвы iмператар хоча паслухаць цябе.
- Вельмi рад! - адказаў салавей i заспяваў яшчэ званчэй.
- Пф, пф! - надзьмуўся першы мiнiстр. - Яго голас звiнiць гэтак жа звонка, як шкляныя бразготкi на парадным балдахiне iмператара. Зiрнiце толькi, як працуе гэты маленькi гарлапан! Дзiўна, што мы нiколi дагэтуль не чулi такога выдатнага спевака. Ён несумненна будзе мець вялiкi поспех пры двары.
- Цi не жадае iмператар, каб я паспяваў яшчэ? - спытаў салавей. Ён думаў, што з iм размаўляе сам iмператар.
- Непераўзыдзены пан салавей! - сказаў першы мiнiстр. - Яго вялiкасцi iмператара тут няма, але ён усклаў на мяне прыемнае даручэнне запрасiць вас на маючае адбыцца сёння ўвечары прыдворнае свята. Не сумняваюся, што вы зачаруеце яго вялiкасць сваiм дзiўным спевам.
- Песнi мае куды лепш гучаць у зялёным лесе, - адказаў салавей. - Але я ахвотна палячу з вамi, калi гэта будзе прыемна iмператару.
А ў палацы, мiж iншым, рыхтавалiся да свята. Усе бегалi, шчыравалi, мiтусiлiся. У фарфоравых сценах i ў шкляной падлозе адлюстроўвалiся сотнi тысяч залатых лiхтарыкаў; у калiдорах радамi былi расстаўлены надзвычай прыгожыя кветкi, а прывязаныя да кветак званочкi ад усёй беганiны, сумятнi i скразняку звiнелi так гучна, што нiхто не чуў свайго ўласнага голасу.
I вось наступiў вечар. Пасярод агромнiстай залы сядзеў iмператар. Насупраць iмператарскага трона паставiлi залаты шост, а на самым вяршку яго сядзеў салавей. Усе прыдворныя былi ў поўным зборы. Нават беднай дзяўчынцы з кухнi дазволiлi стаяць у парозе, - яна ж была цяпер не звычайная дзяўчынка, а прыдворная пасудамыйка. Усе былi па-святочнаму расфуфыраны i не адводзiлi вачэй ад маленькай шэранькай птушачкi.
Але вось iмператар запрашальна кiўнуў галавой. I салавей заспяваў. Ён спяваў так далiкатна, так цудоўна, што нават у самога iмператара выступiлi на вачах слёзы i пакацiлiся па шчоках.
Тады салавей залiўся яшчэ грамчэй, яшчэ больш пяшчотна. Спеў яго так i палонiў сэрца.
Калi ён скончыў, iмператар абвясцiў, што даруе яму сваю залатую пантофлю на шыю. Але салавей падзякаваў i адмовiўся.
- Я ўжо i так узнагароджаны, - сказаў ён. - Я бачыў слёзы ў вачах iмператара. Якой жа яшчэ жадаць мне ўзнагароды?
I зноўку загучаў яго крыштальны голас.
- Ах, як гэта чароўна! - усклiкнулi наперабой прыдворныя дамы.
I з той пары, калi яны размаўлялi з кiм-небудзь, хто iм падабаўся, яны набiралi ў рот вады, каб яна булькатала ў iх у горле. Прыдворныя дамы ўявiлi, што гэтае булькатанне падобна на салаўiны пошчак.
Салаўя пакiнулi пры двары i адвялi яму асобны пакой. Два разы днём i адзiн раз уначы яго выпускалi на волю.
Але да яго прыставiлi дванаццаць слуг, i кожны з iх трымаў у руках прывязаную да ножкi салаўя шаўковую стужачку.
Нiчога не скажаш, вялiкае задавальненне магла прынесцi такая прагулка!
Увесь горад пачаў гаварыць пра дзiвосную птушку, i калi на вулiцы сустракалiся трое знаёмых, адзiн з iх вымаўляў: 'Са', другi падхоплiваў: 'ла', а трэцi заканчваў: 'вей', пасля чаго ўсе трое ўздыхалi i скiроўвалi позiрк у неба.
Адзiнаццаць лавачнiкаў далi сваiм сынам новае iмя: 'Салавей' - у гонар iмператарскага салаўя, хоць галасы ў гэтых дзiцянят нагадвалi скрып нязмазаных колаў.
Словам, маленькая лясная птушачка праславiлася на ўвесь Кiтай.
Але аднойчы iмператару прыслалi з Японii скрыначку, загорнутую ў шаўковую матэрыю. На скрыначцы было напiсана: 'Салавей'.
- Гэта, напэўна, новая кнiга пра нашу знакамiтую птушку, - сказаў iмператар.
Скрынку адчынiлi, але ў ёй была не кнiга, а размаляваны куфэрчык. А ў куфэрчыку ляжаў штучны салавей. Ён быў вельмi падобны на жывога, але ўвесь зiхацеў брыльянтамi, рубiнамi i сапфiрамi. Цацку заводзiлi - i яна пачынала спяваць адну з тых песняў, якую спяваў сапраўдны салавей, i варушыць пазалочаным хвосцiкам. На шыйцы ў птушкi была стужачка з надпiсам: 'Салавей iмператара японскага нiшто ў параўнаннi з салаўём iмператара кiтайскага'.
- Якая прыгажосць! - прамовiлi ўсе.
А тога, хто прывёз каштоўную птушку, тут жа прызначылi пры двары пастаўшчыком салаўёў.
- Цяпер няхай гэты новы салавей i наш стары спявак зацягнуць разам, вырашыў iмператар.
Ды справа на лад не пайшла: сапраўдны салавей кожны раз спяваў сваю песню па-новаму, а штучны паўтараў адну i тую ж песеньку, як заведзеная шарманка.
Тады штучнага салаўя прымусiлi спяваць аднаго. Ён меў такi ж поспех, як i сапраўдны салавей, але знешне пры гэтым быў куды прыгажэйшы - увесь так i пералiваўся, так i зiхацеў каштоўнымi каменнямi. Трыццаць тры разы праспяваў ён адно i тое ж i нiколькi не стамiўся.
Прыдворныя ахвотна паслухалi б яго песеньку яшчэ трыццаць тры разы, але iмператар сказаў, што цяпер трэба выслухаць для параўнання i сапраўднага салаўя. Тут усе азiрнулiся i паглядзелi на залаты шост. Але салаўя там не было. Куды ж ён падзеўся? Нiхто i не заўважыў, як салавей выпырхнуў у адчыненае акно i паляцеў дадому, у свой зялёны лес.
- Як гэта, аднак, разумець? - раззлаваўся iмператар.