гэтага падставы!

- Ваша краса - самая лепшая падстава! - сказаў каўнерык.

- Ах, прашу, не чапляйцеся! - павысiла голас падвязка. - Вы падобныя на мужчыну!

- Канечне, я ж элегантны кавалер! - з гонарам прамовiў каўнерык. - У мяне ёсць падстаўка для ботаў i грабянец!

Вось i зманiў! Каўнерык проста хвалiўся: тыя рэчы былi не ягоныя, а яго гаспадара.

- Адчапiцеся, калi ласка, - не падпускала яго блiзка да сябе падвязка. - Я не прывыкла, каб так са мной паводзiлiся.

- Незачэпа! - буркнуў каўнерык.

Тут яго ўзялi, памылi, накрухмалiлi, павесiлi на спiнку крэсла, высушылi на сонцы, затым паклалi на прасавальную дошку.

Заявiлася гарачая прасавальная плiтка.

- Панi! - прамовiў каўнерык ёй. - Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьцi робiцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку i сэрца!

- Ах ты рызман! - ганарыста сказала прасавальная плiтка i цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны.

Каўнерык крыху абшморгнуўся; i з'явiлiся нажнiцы, каб падраўняць яму краi.

- О! - усклiкнуў каўнерык. - Вы, мусiць, знакамiтая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамi! Нiколi не бачыў нiчога такога! Нiхто з жанчын не можа параўнацца з вамi!

- Ведаем! - сказалi нажнiцы.

- Вы вартыя быць графiняй, - прадаўжаў каўнерык. - Але, на жаль, я маю толькi гаспадара-франта, падстаўку для ботаў i грабянец... Ах, каб было ў мяне графства...

- Ды ён, здаецца, сватаецца?! - ускрыкнулi нажнiцы i ў злосцi гэтак спаласавалi каўнерык, што прыйшлося яго выкiнуць.

'Пасватацца хiба толькi да расчоскi?' - падумаў каўнерык i звярнуўся да яе:

- Проста дзiва, як захавалiся вашыя зубкi, фрэкен!.. Скажыце, вы калi-небудзь думалi пра замужжа?

- Чаму не думала! - адказала расчоска. - Я паненка зэдлiчка, на якiм твой гаспадар абувае боты.

- Паненка?! - усклiкнуў каўнерык.

Цяпер яму не было да каго сватацца, i ён пачаў з пагардай думаць пра жанiцьбу.

Час iшоў, i каўнерык разам з iншым рыззём трапiў на папяровую фабрыку.

Там сабраўся вялiкi рыззёвы гурт.

Тоненькiя анучкi, як i трэба, трымалiся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсiх, ён быў хвалько з хвалькоў.

- У мяне была процьма нарачоных! - лапатаў ён. - Проста бегалi за мной! Ды i як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былi ўласная падстаўка для ботаў i грабянец, хоць я iмi нiколi не карыстаўся... Паглядзелi б вы на мяне, калi я, бывала, ляжаў на баку!.. Нiколi не змагу забыць першую нарачоную - завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кiнулася! Была яшчэ адна, удоўка, - загарэлася да мяне такiм каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакiнуў, i яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, - гэта яна ранiла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку цi, лепш сказаць - завязку, бо яна з-за мяне кiнулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу!

Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык вось у гэты самы аркушык, на якiм надрукавана яго гiсторыя. Так ён быў пакараны за сваю лiшнюю ману.

I нам варта паводзiцца асцярожней: хто ведае, можа, i таму-сяму з нас прыйдзецца некалi трапiць у ахапак лахманоў i пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гiсторыю, i тады пойдзеш разносiць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!

САЛАВЕЙ

Ты, напэўна, ведаеш, што ў Кiтаi ўсе жыхары кiтайцы i сам iмператар кiтаец.

Даўным-даўно гэта было, але таму i трэба расказаць гэту гiсторыю, пакуль яна яшчэ не забылася зусiм.

У цэлым свеце не знайшлося б палаца лепшага, чым палац кiтайскага iмператара. Ён увесь быў з каштоўнага фарфору, такога тонкага i крохкага, што страшна было да аго дакрануцца.

Палац стаяў у прыгожым садзе, у якiм раслi дзiвосныя кветкi. Да самых прыгожых кветак былi прывязаны сярэбраныя званочкi. I калi дуў ветрык, кветкi пагойдвалiся i званочкi звiнелi. Гэта было зроблена для таго, каб нiхто не прайшоў паблiзу кветак, не паглядзеўшы на iх. Вось так разумна было прыдумана!

Сад цягнуўся далёка-далёка, так далёка, што нават галоўны садоўнiк i той не ведаў, дзе ён канчаецца. А адразу за садам пачынаўся дрымучы лес. Гэты лес даходзiў да самага сiняга мора, i караблi праплывалi пад шатамi магутных дрэў.

Тут у лесе, ля самага берага мора, жыў салавей. Ён спяваў так цудоўна, што нават бедны рыбак, слухаючы яго песнi, забываў пра свой невад.

- Ах, як хораша, - гаварыў ён, уздыхаючы, але пасля зноў браўся за сваю справу i не думаў пра ляснога спевака да наступнай ночы.

А калi наступала чарговая ноч, ён зноў як зачараваны слухаў салаўя i зноў паўтараў тое ж самае:

- Ах, як хораша, як хораша!

З усiх канцоў свету прыязджалi ў сталiцу iмператара падарожнiкi. Усе яны любавалiся цудоўным палацам i прыгожым садам, але, паслухаўшы песню салаўя, зазначалi:

- Вось гэта лепш за ўсё!

Вярнуўшыся дадому, падарожнiкi расказвалi пра ўсё, што бачылi. Вучоныя апiсвалi сталiцу Кiтая, палац i сад iмператара i нiколi не забывалi ўспомнiць пра салаўя. А паэты складалi ў гонар крылатага спевака, якi жыў у кiтайскiм лесе на беразе сiняга мора, цудоўнейшыя вершы.

Кнiгi расходзiлiся па ўсiм свеце, i вось адна тоўстая кнiга дайшла да самога кiтайскага iмператара. Ён сядзеў на сваiм залатым троне, чытаў i кiваў галавой. Яму вельмi падабалася чытаць пра тое, якая прыгожая яго сталiца, якiя цудоўныя яго палац i сад. Але на апошняй старонцы кнiгi iмператар прачытаў: 'У Кiтаi многа ўсяго цудоўнага, але лепш за ўсё маленькая птушачка, што завецца салаўём, якая жыве ў лесе паблiзу iмператарскага саду. Дзеля таго, каб паслухаць яе спеў, раiм кожнаму з'ездзiць у Кiтай'.

- Што такое? - здзiвiўся iмператар. - Як?! У маёй дзяржаве i нават поруч з маiм асабiстым палацам жыве такая цудоўнейшая птушка, а я нi разу не чуў, як яна спявае! I я даведваюся пра яе з iншаземных кнiг!

Ён рэзка закрыў кнiгу i загадаў пазваць свайго першага мiнiстра. Гэты мiнiстр быў настолькi фанабэрысты, што, калi хто-небудзь з людзей нiжэй яго чынам асмельваўся загаварыць з iм цi спытаць у яго пра што-небудзь, ён адказваў толькi: 'Пф', а гэта, зразумела, зусiм нiчога не азначала.

- Я прачытаў у адной вучонай кнiзе, што ў нас ёсць цудоўнейшая птушка, якую завуць салавей, - сказаў iмператар мiнiстру. - Яе лiчаць першай славутасцю маёй дзяржавы. Чаму ж мне нi разу не дакладвалi пра гэту птушку?

- Ваша вялiкасць! - адказваў з паклонам iмператару першы мiнiстр. - Я нават i не чуў пра яе. Яна нiколi не была прадстаўлена нашаму двару.

- Увесь свет ведае, што ў мяне ёсць такая рэдкая птушка, i толькi я адзiн не ведаю пра гэта, - сказаў iмператар. - Я хачу, каб сёння ж вечарам яна была тут i спявала мне!

- Я адшукаю яе, ваша вялiкасць, - адказаў першы мiнiстр.

Адказаць-то было няцяжка. Але дзе яе знойдзеш?

I вось першы мiнiстр забегаў уверх i ўнiз па лесвiцах, па залах i калiдорах, але нiхто з прыдворных не мог яму сказаць, што за птушка салавей i дзе гэты самы салавей жыве.

Першы мiнiстр вярнуўся да iмператара i далажыў, што салаўя ў Кiтаi няма i нiколi не было.

- Ваша вялiкасць дарма дазваляе верыць усяму, што напiсана ў кнiгах, прамовiў ён. - Усё гэта адны пустыя выдумкi.

- Не гавары лухты! - абурыўся iмператар. - Я хачу чуць салаўя. Ён павiнен быць у палацы сёння ж вечарам! А калi яго не будзе тут у вызначаны час, я загадаю пасля вячэры адлупiць цябе i ўсiх мiнiстраў палкамi па пятках.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату