- Хуткасць... яна дае мне шчасце i асалоду, - сказаў Джонатан. Ён i засаромеўся i ў той жа час ганарыўся тым, што Старэйшына прыкмецiў яго.
- Ты дакранешся да неба, Джонатан, у той момант, калi дасягнеш дасканалай хуткасцi. Гэта не азначае ляцець з хуткасцю тысяча мiляў у гадзiну, або мiльён мiляў, або ляцець з хуткасцю святла. Бо любая лiчба - гэта мяжа, а ў дасканаласцi няма межаў. Лятаць з дасканалай хуткасцю - гэта апынуцца вунь там.
I тут жа Чыанг знiк i з'явiўся каля самай вады на адлегласцi пяцiдзесяцi футаў, адбылося гэта за долю iмгнення. Пасля ён зноў знiк i з'явiўся побач з Джонатанам усё за тую самую тысячную долю секунды.
- Гэта толькi жарт, - сказаў ён.
Джонатан стаяў агаломшаны. Пра неба ён i пытацца забыўся.
- Як гэта ў цябе выходзiць? I што ты адчуваеш? Як далёка можна вось гэтак трапiць?
- Куды хочаш i ў якi хочаш час, - адказаў Старэйшына. - Я пабываў ва ўсiх пунктах прасторы i часу, якiя толькi задумваў. - Ён паглядзеў на мора. - I вось што дзiўна: чайкi, якiя пагарджаюць дасканаласцю дзеля далёкiх палётаў, нiкуды не ляцяць i лятаюць павольна. А тыя, хто дзеля дасканаласцi забывае пра далёкiя падарожжы, могуць як згледзець вокам апынуцца дзе хочуць. Запомнi, Джонатан, неба - гэта не нейкае пэўнае месца або час, бо нi месца, нi час не маюць значэння. Неба - гэта...
- Ты можаш навучыць мяне гэтак лятаць? - Ад прадчування, што ён авалодае яшчэ чымсьцi нязведаным, Джонатан ажно дрыжаў.
- Вядома, калi ты хочаш навучыцца.
- Хачу. Калi мы пачнём?
- Можам адразу ж цяпер, калi ў цябе ёсць жаданне.
- Я хачу навучыцца гэтак лятаць, - сказаў Джонатан, i ў вачах яго з'явiўся дзiўны бляск. - Скажы, што я павiнен рабiць.
Чыанг загаварыў павольна, пiльна ўглядаючыся ў свайго малодшага сябра:
- Каб ляцець з хуткасцю думкi ў любое месца, трэба перш за ўсё ўсвядомiць, што ты ўжо туды прыляцеў...
Паводле слоў Чыанга выходзiла, што ўсё заключалася ў наступным: Джонатан павiнен перастаць бачыць сябе замкнутым у пэўным целе, якое мае размах крылаў сорак два дзюймы i абмежавана хуткаснымi магчымасцямi, якiя можна накрэслiць на схеме. Сутнасць у тым, каб усвядомiць: яго сапраўднае 'я', дасканалае, як бясконцы лiк, жыве адначасова ў любым пункце прасторы i ў любы момант часу, жыве ўсюды i заўсёды.
Джонатан трэнiраваўся нястомна i неўтаймоўна, дзень пры днi, ад усходу сонца да поўначы. Але, нягледзячы на ўсе намаганнi, яму i на валасок не ўдавалася зрушыцца з месца.
- Забудзь пра тое, у што верыш! - раз-пораз паўтараў Чыанг. - Табе не патрэбна была вера, каб лятаць, трэба было зразумець, як лятаць. Так i тут. Давай паспрабуем яшчэ раз...
I вось аднойчы, калi Джонатан, у глыбокiм задуменнi заплюшчыўшы вочы, стаяў на беразе, яго нiбы працялi гэтыя словы Чыанга.
'Ну вядома ж, так яно i ёсць! Я сапраўды дасканалая Чайка, i ў мяне няма нiякiх межаў!' Ён адчуваў, як яго перапаўняе радасць.
- Добра, - сказаў Чыанг, i голас яго гучаў урачыста.
Джонатан расплюшчыў вочы. Разам са Старэйшынам ён стаяў на нейкiм зусiм незнаёмым беразе: да самай вады падступалi дрэвы, над галавой свяцiлi два жоўтыя сонцы.
- Нарэшце ты зразумеў галоўнае, - сказаў Чыанг, - але трэба яшчэ папрацаваць над кiраваннем...
Джонатан не мог апамятацца ад здзiўлення.
- Дзе мы?
Старэйшыну нiколькi не турбавала тое, што яны апынулiся ў незнаёмых мясцiнах, i ён спакойна адказаў:
- Вiдаць, на нейкай планеце, дзе неба зялёнае, а замест сонца падвойная зорка.
Джонатан радасна закрычаў - гэта быў першы гук з таго часу, як ён пакiнуў Зямлю.
- ВЫЙШЛА!
- Вядома, выйшла, Джон, - сказаў Чыанг. - Заўсёды выходзiць, калi ты ведаеш, што робiш. А цяпер пагаворым пра кiраванне...
Ужо сцямнела, калi яны вярнулiся. У залацiстых вачах астатнiх чаек свяцiлася павага да Джонатана: яны бачылi, як ён раптоўна знiк з таго месца, дзе столькi часу стаяў нiбы ўкопаны.
Вiншаваннi ён прымаў не больш хвiлiны.
- Я тут навiчок! Я толькi пачынаю! Гэта мне трэба ў вас вучыцца!
- Гэта як сказаць, - прамовiў Салiван. Ён стаяў побач з Джонатанам. - У цябе менш страху перад нязведаным, чым у любой чайкi, што я сустракаў за дзесяць тысяч гадоў.
Чарада маўчала, а Джонатану зрабiлася няёмка.
- Калi хочаш, мы пачнём працаваць над часам, - загаварыў Чыанг, - каб ты мог лятаць у мiнулае i ў будучае. I тады ты будзеш падрыхтаваны да сама цяжкага, сама адважнага i сама радаснага. Ты будзеш гатовы ўзняцца i спазнаць, што такое дабрыня i любоў.
Мiнуў прыблiзна месяц, Джонатан вучыўся з незвычайным поспехам. Ён i раней заўсёды хутка засвойваў усё на звычайных занятках, а цяпер, калi яго вучыў сам Старэйшына, ён убiраў у сябе веды, як дакладна запраграмаваны крылаты кампутар.
Але надышоў дзень, калi Чыанг знiк. Перад гэтым ён спакойна гутарыў з iмi з усiмi, пераконваў нiколi не спыняцца ў пазнаннi, трэнiроўках, iмкненнi глыбей зразумець дасканалы нябачны закон жыцця. I ў той час, як ён гаварыў, пер'е яго рабiлася ўсё ярчэйшае i ярчэйшае, пакуль не зазiхацела так, што чайкi не змаглi на яго глядзець i зажмурылiся.
- Джонатан, - сказаў ён, i гэта былi яго апошнiя словы, - не пераставай спасцiгаць, што такое любоў.
Калi ўсе зноў змаглi глядзець, Чыанга з iмi больш не было.
Мiналi дзень за днём, i Джонатан усё часцей пачаў лавiць сябе на тым, што думае пра Зямлю, якую ён пакiнуў. Калi б там ён ведаў хоць бы дзесятую, хоць бы сотую долю таго, што даведаўся тут, наколькi паўнейшае было б яго жыццё! Ён стаяў на пяску i пытаўся сам у сябе: 'А што, калi там жыве чайка, якая змагаецца, каб вырвацца з абмежаванняў, iмкнецца ўбачыць сэнс палёту не толькi ў пагонi за скарынкай хлеба з рыбацкага судна? Магчыма, там ёсць i Выгнаннiк, якi асмелiўся выказаць словы праўды перад Чарадой'. I чым больш займаўся Джонатан урокамi дабрынi, чым больш ён стараўся зразумець прыроду любовi, тым мацней хацелася яму вярнуцца на Зямлю. Бо хоць i жыў ён калiсьцi на адзiноце, але ад прыроды быў настаўнiкам, а выказаць сваю любоў ён мог толькi дзелячыся здабытай i зразуметай iм праўдай з любой чайкай, якой быў патрэбны толькi шчаслiвы выпадак, каб убачыць гэтую праўду.
Салiван, якi ўжо ўмеў лятаць з хуткасцю думкi i дапамагаў авалодаць гэтым уменнем iншым чайкам, сумняваўся.
- Ты ж быў калiсьцi Выгнаннiкам, - гаварыў ён Джонатану. - Чаму ты думаеш, што якая-небудзь чайка з твайго мiнулага будзе цяпер цябе слухаць? Ты ведаеш справядлiвую прыказку: чым вышэй лятае чайка, тым далей яна бачыць. Чайкi, з якiх ты выйшаў, стаяць на зямлi, лямантуюць i б'юцца памiж сабою. Ад неба яны знаходзяцца за тысячу мiляў, а ты хочаш паказаць iм неба з iхняга месца, адтуль, з зямлi! Джон, яны ж не бачаць нават кончыкаў сваiх крылаў! Заставайся тут. Дапамагай навiчкам, яны стаяць даволi высока, каб убачыць тое, пра што ты хочаш iм расказаць.
Ён памаўчаў з хвiлiну i дадаў:
- Што было б, калi б Чыанг вярнуўся ў свой стары свет? Дзе б ты сам знаходзiўся цяпер?
Апошнi довад быў сама пераканаўчы. Салiван праўду казаў. Чым вышэй ляцiць чайка, тым далей яна бачыць.
Джонатан застаўся вучыць навiчкоў. Кожная новая птушка вызначалася вельмi добрымi здольнасцямi i хутка засвойвала ўрокi. Але ранейшы неспакой вярнуўся да яго, i ён не мог збавiцца ад думкi, што дзесьцi на Зямлi абавязкова ёсць адна-дзве чайкi, якiя таксама здольныя вучыцца. Наколькi больш ведаў бы ён цяпер, калi б Чыанг з'явiўся да яго ў той дзень, як ён стаў Выгнаннiкам!
- Салi, я павiнен вярнуцца, - сказаў ён урэшце. - У цябе цудоўныя вучнi. Яны паспяхова займаюцца i дапамогуць табе давесцi навiчкоў да патрэбнага ўзроўню.
Салiван уздыхнуў, але больш не пярэчыў.
- Мусiць, я вельмi буду сумаваць па табе, Джонатан.