- Дакрануўся да яго крылом! Ажывiў! Сын Вялiкай Чайкi!

- Не, ён кажа, што не сын! Ён - д'ябал! Д'ЯБАЛ! З'явiўся, каб загубiць Чараду!

У натоўпе было чатыры тысячы чаек, усе былi перапуджаны тым, што яны ўбачылi, i крык 'Д'ЯБАЛ!' пранёсся сярод iх, як ураган. З агнiстымi вачыма, з востра нацэленымi дзюбамi, ахопленыя прагай крывi, яны плячо ў плячо падступалi ўсё блiжэй i блiжэй, каб знiшчыць усё на сваёй дарозе.

- Як па-твойму, Флетчар, цi не лепей нам пакiнуць iх? - спытаў Джонатан.

- Магу сказаць упэўнена, што я не адмовiўся б...

У той жа момант яны апынулiся за паўмiлi ад таго месца, дзе толькi што былi, i нацэленыя ў iх дзюбы раз'юшаных птушак уткнулiся ў пустату.

- I чаму гэта так бывае, - разважаў Джонатан, - што цяжэй за ўсё прымусiць птушку паверыць у тое, што яна вольная? Кожная ж з iх можа пераканацца ў гэтым сама, калi патрацiць крыху часу на трэнiроўкi. Чаму гэта павiнна быць так складана i цяжка?

Флетчар усё яшчэ здзiўлена мiргаў ад нечаканай змены месца i абставiн.

- Што гэта ты толькi што зрабiў? Як мы тут апынулiся?

- Ты ж сам сказаў, што не адмовiўся б быць далей ад натоўпу? Хiба не так?

- Так, але як табе...

- Гэтак жа, як i ўсё астатняе, Флетчар. Трэнiроўка.

Да ранiцы Чарада забыла пра сваё шаленства, Чарада, але не Флетчар.

- Ты памятаеш, Джонатан, што ты калiсьцi гаварыў пра любоў да Чарады, такую любоў, што, не зважаючы нi на што, вяртаешся да яе, каб вучыць сародзiчаў.

- Само сабой зразумела.

- Не разумею, як ты можаш любiць гэтую ашалелую банду, якая толькi што хацела забiць цябе.

- Ах, Флетч, мы любiм не гэта. Вядома ж, мы любiм не нянавiсць i злосць. Трэба трэнiравацца, каб убачыць сапраўдную чайку, убачыць у кожнай з iх добры пачатак i дапамагчы iм самiм убачыць яго ў сабе. Вось што я разумею пад любоўю. Калi яна стане прывычкай, прыйдзе i радасць. Цiкава, калi ты, урэшце, гэта зразумееш?.. Мне, напрыклад, памятаецца адна гарачая галава, маладая птушка, яе звалi Флетчар Лiнд. Ён толькi што стаў Выгнаннiкам, гатовы быў да смерцi бiцца з Чарадой i пачынаў будаваць сваё ўласнае пекла на Далёкiх Скалах. А цяпер ён тут, будуе замест гэтага свой рай i вядзе да гэтага ж усю Чараду.

Флетчар павярнуўся да свайго настаўнiка, у вачах у яго прамiльгнуў страх.

- Я вяду? Ты хочаш сказаць, я вяду? Тут ты настаўнiк. I ты не можаш нас пакiнуць.

- Праўда, не магу? А ты не падумаў, што ёсць i другiя чароды, другiя Флетчары, якiя iдуць па шляху да святла i маюць яшчэ большую патрэбу ў настаўнiку?

- Але я? Джон, я сама звычайная чайка, а ты...

- ...адзiны Сын Вялiкай Чайкi, га? - Джонатан уздыхнуў i паглядзеў на мора. - Я табе больш не патрэбны. Табе трэба i далей шукаць сябе, пакрысе, кожны дзень знаходзiць сапраўднага, бязмежнага i ўсемагутнага Флетчара-Чайку. Ён твой настаўнiк. Трэба зразумець яго i трэнiравацца, рабiць тое, што ён табе загадвае.

Абрысы цела Джонатана закалывалiся, само яно зрабiлася прамянiстае, зiхатлiвае, празрыстае.

- I не дазваляй iм распускаць пра мяне бязглуздыя плёткi або рабiць з мяне бога. Дамовiлiся, Флетч? Я - чайка. I я люблю лятаць, магчыма...

- ДЖОНАТАН!

- Небарака Флетч! Не вер сваiм вачам. Усё, што яны бачаць, мае межы. Глядзi розумам, разбярыся ў тым, што ўжо ведаеш, i ты зразумееш, як трэба лятаць.

Зiхаценне знiкла. Джонатан-Чайка растаў у паветры.

Мiнуў нейкi час, перш чым Флетчар прымусiў сябе ўзняцца ў неба, дзе ён сустрэў групу зялёных навiчкоў, якiя згаралi ад нецярплiвасцi, каб хутчэй атрымаць свой першы ўрок.

- Найперш, - змрачнавата пачаў ён, - вы павiнны зразумець, што чайка гэта ўвасабленне iдэi бязмежнай волi, увасабленне вобраза Вялiкай Чайкi, а ўсё ваша цела, ад кончыка аднаго крыла да кончыка другога, ёсць не што iншае, як ваша думка.

Маладыя чайкi пазiралi на яго, як на дзiвака, з лёгкай насмешкай: 'Аднак, дружа, твае тлумачэннi не вельмi падобны на правiлы, як рабiць мёртвую пятлю'.

Флетчар уздыхнуў i пачаў зноў.

- Гм, так... ну добра, - сказаў ён i прыдзiрлiва паглядзеў на iх. - Пачнём з Гарызантальнага Палёту.

I тут раптам ён зразумеў, што яго сябар i сапраўды анi не больш незвычайны, чым ён сам, Флетчар.

'Мяжы няма, Джонатан? - падумаў ён. - Ну што ж, значыцца, недалёка той час, калi я з'яўлюся з паветра на тваiм беразе i пакажу сёе-тое ў сэнсе палётаў!'

I хоць Флетчар стараўся здавацца сваiм вучням суровым, на хвiлiнку ён убачыў iх такiх, якiя яны былi на самай справе; i яны не тое што спадабалiся яму - ён палюбiў iх. 'Мяжы няма, Джонатан?' - падумаў ён i ўсмiхнуўся. Яго шлях да пазнання пачаўся ўжо.

Пераклаў Алесь Мiхальчук

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×