Бах Ричард
Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)
Рычард Бах
ЧАЙКА ПА IМЕНI ДЖОНАТАН ЛIВIНГСТАН
Сапраўднаму Джонатану Чайцы,
якi жыве ў кожным з нас
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Была ранiца, сонца толькi што ўзышло i золатам пералiвалася на невялiкiх марскiх хвалях.
За мiлю ад берага з рыбацкага судна раскiдалi прынаду; вестка пра гэта адразу данеслася да Чарады, i тысяча чаек зляцелася сюды, каб у бойцы або хiтрыкамi раздабыць сабе хоць крыху харчу. Надышоў новы поўны клопатаў i турбот дзень.
I толькi чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан у самотнай адзiноце воддаль ад карабля i ад берага практыкавалася ў палётах. На вышынi ста футаў Джонатан апусцiў свае перапончатыя лапы, узняў угору дзюбу i, напружыўшы ўсю сiлу, перамагаючы боль, стараўся трымаць крылы выгнутымi дугой. Гэтакi выгiн даваў магчымасць зменшыць хуткасць, i цяпер ён ляцеў так павольна, што вецер у твар адчуваўся як лёгкi шэпт, а акiян, здавалася, замёр на месцы. Ад неймавернага намагання вочы ў Джонатана звузiлiся, у яго заняло дух, ён выгiнаў крылы яшчэ... яшчэ... яшчэ на адзiн дзюйм, i тады пер'е на iм стала дыбам, ён быццам спатыкнуўся i... упаў.
Чайкi, як вядома, нiколi не спыняюцца ў палёце. Для iх спынiцца ў паветры - няслава, сорам i ганьба.
Але Джонатан Лiвiнгстан, якi, анi не саромеючыся, зноў i зноў аж да напружанага трымцення выгiнаў крылы i запавольваў палёт да замiрання на месцы, быў незвычайны птах.
У большасцi чаек палёт служыць толькi для сама элементарнага: дабрацца ад зямлi да харчу i вярнуцца назад. Для большасцi чаек значэнне мае не палёт, а харч, ежа. А для гэтай чайкi менавiта палёт, а не ежа было сама важнае. Больш за ўсё на свеце Джонатан Лiвiнгстан любiў лятаць.
Ён зразумеў, што з такiм складам думак яму не заваяваць павагi i любовi астатнiх птушак. Нават яго бацькi непакоiлiся, што ён цэлымi днямi ставiць на сабе доследы, планiруючы на малой вышынi.
Ён, напрыклад, не ведаў, чаму так бывае, але калi ён ляцеў над вадою на вышынi меншай за палову размаху яго крылаў, дык мог з меншымi намаганнямi даўжэй лунаць у паветры. I такi палёт канчаўся ў яго не звычайным усплёскам ад удару лап аб ваду: яго моцна прыцiснутыя да цела лапы пасля дотыку да паверхнi мора яшчэ доўга пакiдалi роўны след на вадзе. Калi ж ён пачаў з падкурчанымi лапамi планiраваць на бераг, а пасля вымяраць крокамi даўжыню следу па пяску, бацькоў проста жах ахапiў.
- Чаму, Джон, чаму? - дапытвалася мацi. - Чаму ты не можаш быць такi, як усе, Джон? Чаму ты не пакiнеш гэтыя палёты над самай вадой пелiканам i альбатросам? I чаму ты нiчога не ясi? Сынок, ад цябе засталiся пер'е ды косцi!
- Ну i хай сабе пер'е ды косцi, мама. Проста я хачу ведаць, што я магу рабiць у паветры, а чаго - не, от i ўсё. Проста хачу ведаць.
- Паслухай, Джон, - спагадлiва вучыў бацька. - Хутка зiма. Караблёў будзе мала, а верхаводная рыба сыдзе на глыбiню. Калi табе так трэба вучыцца, вучыся здабываць ежу, вывучай яе. Палёты - гэта добра, але ты ж разумееш, што сыты iмi не будзеш. Не забывай: ты лятаеш, каб есцi.
Джонатан паслухмяна кiўнуў. Некалькi дзён потым ён стараўся рабiць тое, што ўсе чайкi, шчыра стараўся: разам з усёй чарадой крычаў i бiўся каля пiрсаў i рыбацкiх суднаў, нырцаваў па кавалкi рыбы i хлеба. Але прымусiць сябе цалкам аддацца гэтаму не мог.
'Якая дурнота, - падумаў ён i знарок адкiнуў з цяжкасцю здабыты анчоўс галоднай старой чайцы, што гналася за iм. - Увесь гэты час я мог бы вучыцца лятаць. Мне гэтак шмат чаму яшчэ трэба навучыцца'.
I неўзабаве Джонатан быў зноў адзiн далёка ў бязмежным моры, галодны, шчаслiвы, поўны прагi да ведаў.
Тэмай яго заняткаў была хуткасць, i неўзабаве ён ведаў пра яе куды больш, чым сама быстралётная чайка на свеце.
З вышынi тысячы футаў, шалёна махаючы крыламi, ён рынуўся ў пiке i сцямiў, чаму чайкi не пiкiруюць гэтак крута. Ужо праз шэсць секунд ён ляцеў з хуткасцю семдзесят мiляў у гадзiну, а пры такой хуткасцi крылы трацiлi ўстойлiвасць на ўзмаху.
Так было раз за разам. Як нi стараўся ён, як нi напружваўся i як нi захоўваў асцярожнасць, але, дасягнуўшы вялiкай хуткасцi, ён трацiў кiраванне.
Набор вышынi тысяча футаў. Спачатку на поўнай хуткасцi ўперад, потым, не перастаючы працаваць крыламi, пераварот i крутое пiкiраванне. I кожны раз яго левае крыло спынялася на ўзмаху, ён рэзка завальваўся ўлева, запавольваў рух правага крыла, каб выраўняцца, але шалёны паветраны паток цягнуў яго за сабой, прымушаў бязладна куляцца цераз правае крыло i пераходзiць у штопар.
Нiяк не ўдавалася захаваць асцярожнасць на ўзмаху. Дзесяць спробаў зрабiў ён, i ўсе дзесяць разоў, як толькi хуткасць дасягала сямiдзесяцi мiляў у гадзiну, ён ператвараўся ў некiроўны, ускудлачаны камяк пер'я i плюхаўся ў ваду.
'Уся справа ў тым, - нарэшце прыйшло яму ў галаву, калi ён прамок да апошняга перца, - каб утрымаць крылы нерухома на вялiкай хуткасцi: махаць iмi, пакуль не набяру пяцьдзесят мiляў у гадзiну, а потым трымаць нерухома'.
З вышынi дзве тысячы футаў Джонатан зрабiў новую спробу: ён перавярнуўся, нацэлiў унiз дзюбу i з таго моманту, як набраў пяцьдзесят мiляў у гадзiну, перастаў варушыць крыламi. Гэта вымагала неверагоднага напружання, але ён дамогся свайго, усё выйшла як след: праз дзесяць секунд ён iмчаўся з хуткасцю дзевяноста мiляў у гадзiну. Джонатан устанавiў сусветны рэкорд хуткасцi для чаек!
Але нядоўга ён цешыўся перамогай. Як толькi ён пачаў выходзiць з пiке, як толькi трошачкi змянiў паставу крылаў, яго падхапiў усё той жа дзiкi шалёны вiхор i на хуткасцi дзевяноста мiляў у гадзiну разрываў яго на шматкi, нiбы выбухам дынамiтнага зараду.
Джонатан-Чайка быццам узарваўся ў паветры i грымнуўся аб цвёрдую, як камень, паверхню мора.
Даўно ўжо сцямнела, калi памяць вярнулася да яго, i ён убачыў, што плыве пры святле месяца па акiяне. Ён адчуў свiнцовы цяжар пашматаных крылаў, але груз няўдачы быў яму яшчэ цяжэйшы. 'От каб гэты цяжар зацягнуў на дно i на тым усё скончылася', - падумалася яму.
Ён пачаў ужо апускацца ў ваду, ды тут раптам дзесьцi ў самiм сабе пачуў незнаёмы глухi голас: 'Выйсця няма. Я чайка. Я абмежаваны самою сваёю прыродаю i магу толькi тое, што магу. Калi б я быў прызначаны для таго, каб так многа ведаць пра палёты, у галаве ў мяне была б спецыяльная вылiчальная машына. Калi б я быў прызначаны для хуткасных палётаў, я меў бы кароткiя, як у сокала, крылы i харчаваўся б мышамi, а не рыбай. Праўду казаў бацька. Трэба забыцца на ўсё гэтае глупства. Трэба ляцець дадому, да сваёй Чарады i быць задаволеным, што я такi, якi ёсць, - слабая, абмежаваная ў сваiх магчымасцях чайка'.
Голас змоўк, i Джонатан пагадзiўся з iм. Уночы чайка павiнна знаходзiцца на беразе, а з гэтай хвiлiны, пакляўся Джонатан, ён стане сама звычайнай чайкай. Ад гэтага ўсiм будзе толькi лепей.
Ён стомлена адарваўся ад вады i паляцеў да берага, усцешаны ўжо тым, што навучыўся лятаць на малой вышынi, бо такiя палёты дазваляюць эканомiць сiлу.
'Ды не, - падумаў ён. - Скончана з усiм, што было раней, з усiм, пра што я даведаўся. Я такая самая чайка, як i ўсе, i лятаць буду, як усе'. Перасiльваючы боль, ён падняўся на сто футаў i, энергiчна махаючы крыламi, заспяшаўся да берага.
Ён адчуў палёгку, што прыняў рашэнне быць, як i ўсе ў Чарадзе. Не будзе больш той невядомай сiлы, што прымушала яго вучыцца, не будзе нi дзёрзкiх спроб, нi няўдач. Прыемна проста так ляцець на ўзбярэжныя агнi i нi пра што не думаць.
'Цемра!.. - той самы глухi голас унутры забiў трывогу. - Чайкi нiколi не лятаюць у цемры!'
Джонатан не зважаў на яго. 'Так хораша! - думаў ён. - Свецiць месяц, агеньчыкi мiгцяць на вадзе, быццам праменьчыкi маякоў, i цiшыня, спакой...'
'Знiжайся! Чайкi нiколi не лятаюць у цемры! Калi б ты быў прызначаны для начных палётаў, ты меў бы вочы, як у савы! У цябе была б у галаве вылiчальная машына! I ты меў бы кароткiя, як у сокала, крылы!'
Там, на вышынi, сярод начной цемры Джонатан Лiвiнгстан зажмурыўся. Знiк боль, не засталося i следу ад прынятага рашэння.
Кароткiя крылы. Кароткiя, як у сокала, крылы!
'Вось дзе разгадка! Якi ж я быў дурань! Усё, што мне трэба, - гэта маленечкiя крыльцы: усё, што мне