вачэй i не паказваў календара ў iх; ты б не спрабаваў расказваць мне, як павырасталi мае ўнукi, - яны ўвесь час пытаюцца, не забылiся пра мяне. Hе, я не хачу iх бачыць; я ведаю, што яны любяць мяне, i ведаю, што ў мяне была адна магчымасць вырвацца з рук забойцаў: дазволiць абвясцiць сябе вар'яткай; але калi б са мною зрабiлi гэтак, як з Грэцавай мацi - тады што? Мне пашанцавала, сапраўды пашанцавала на гэтым свеце, дзе за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём, у якiм абвяшчэнне цябе вар'ятам можа загубiць альбо ўратаваць цябе; не хачу аддаваць назад тых гадоў, што я праглынула, не хачу бачыць дваццацiгадовага Ёзэфа з плямамi ад муравальнага раствору: на калашынах штаноў, у пiнжаку, перапэцканым гiпсам - маладога чалавека, якi радасна махае лiнейкаю альбо крочыць са скруткам планаў пад пахаю; я не хачу бачыць дванаццацiгадовай Рут з кнiжкай 'Падступнасць i каханне' ў руках; замруж павекi, стары Давiд, загарнi каляндар; вось твая кава.

Павер мне, я напраўду баюся; я не маню; дазволь плысцi маёй лодачцы, не знiшчай яе, нiбы хлопчык- неслух; свет злы, i ў iм так мала чыстых сэрцаў; i Роберт таксама бярэ ўдзел у маёй гульнi, паслухмяна ходзiць на станцыi, на якiя я яго пасылаю: з тысяча дзевяцьсот семнаццатага па тысяча дзевяцьсот сорак другi - нi на адзiн крок далей; ён заўсёды выпрастаны, не гнецца, трымаецца як сапраўдны немец; я ведаю, што ён сумаваў па радзiме, што нi гульня ў бiльярд, нi завучванне формул на чужыне не рабiлi яго шчаслiвым, што не толькi Эдыт была прычынаю таго, што ён вярнуўся: ён - немец, чытае Гёльдэрлiна, нiколi не каштаваў бычынага прычасця; Роберт належыць да блакiтнай крывi, ён не авечка, а пастыр. Я толькi б хацела даведацца, што ён рабiў на вайне, але ён нiколi пра тое не апавядае; ён архiтэктар, якi дагэтуль не пабудаваў нiводнага дома, нiколi не меў слядоў раствору на калашынах; не, ён бездакорны, ветлiвы кабiнетны архiтэктар, яго не вабяць святы з нагоды пабудовы новага дома. Але дзе наш другi сын, Ота? Загiнуў пад Кiевам; ён - наш, крывёю i целам; адкуль прыйшоў ён i куды пайшоў? Цi ён напраўду быў падобны да твайго бацькi? Цi бачыў ты хоць раз Оту з дзяўчынаю? Я вельмi б хацела што-небудзь даведацца пра яго; бо ведаю толькi, што ён з ахвотаю пiў пiва, што не любiў гуркоў, i ведаю рухi яго рук, калi ён прычэсваўся i калi апранаў палiто; ён выдаў нас палiцыi, пайшоў у войска не скончыўшы нават вучобы ў школе; ён дасылаў нам паштоўкi з тэкстамi, поўнымi забойчай iронii: 'У мяне ўсё як мае быць, спадзяюся, што i ў вас таксама, мне трэба З'. Ота... ён нават нiводнага адпачынку не правёў дома; дзе ён праводзiў iх? Якi дэтэктыў здолеў бы нам расказаць пра гэта? Я ведаю нумары яго палкоў, нумары палявых поштаў, яго вайсковыя званнi обер-лейтэнант, маёр, падпалкоўнiк Фэмель... i апошнi ўдар быў нам зноўку нанесены лiчбамi: '...загiнуў 12.01.42 г.'. Я на свае вочы бачыла, як ён збiваў прахожых, што не вiталi яго штандараў; падымаў руку i бiў; ён бы ўдарыў i мяне, каб я хуценька не перабегла на другi бок вулiцы, дзе былi крамкi, што гандлявалi драбязой; як ён патрапiў у наш дом? У мяне нават нiякага аблуднага суцяшэння, накшталт таго, што яго маглi падмянiць пры нараджэннi; ён нарадзiўся ў нашым доме, у спальнi наверсе, праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi, змрочным кастрычнiцкiм днём 1917 года; i быў падобны да твайго бацькi.

Цiха, стары; нiчога не кажы, не расплюшчвай сваiх вачэй i не паказвай сваiх васьмiдзесяцi год. 'Memento quia pulvis es et in pulverem reverteris'*. Яны гэта кажуць нам досыць выразна; усё прах - тое, што застаецца ад раствору, закладныя акты, дамы, сядзiбы, помнiк у цiхiм прадмесцi, дзе дзецi, гуляючы на вулiцы, будуць пытацца, хто гэта быў?

* Памятай: ты - прах i ў прах ператворышся зноў (лац.).

Яшчэ маладою мацi, я, квiтнеючы i радуючыся, хадзiла па Блесэнфэльдскiм парку i разумела ўжо тады, што адны буркатлiвыя пенсiянеры, якiя лаялiся на галаслiвых дзяцей, лаюцца толькi на тых, хто калi-небудзь зробiцца таксама буркатлiвым пенсiянерам i будзе сядзець на тым самым месцы ды лаяцца на галаслiвых дзяцей, якiя, у сваю чаргу, таксама калi-небудзь ператворацца ў буркатлiвых пенсiянераў; я вадзiла за рукi двух хлопчыкаў: аднаму было чатыры, другому шэсць год; пасля першаму было шэсць, другому - восем, першаму - восем, другому - дзесяць год, а ў садзе вiселi старанна намаляваныя шыльдачкi: '25', '50', '75', '100' - чорныя лiчбы на пафарбаванай белым лакам блясе; яны заўсёды нагадвалi мне лiчбы на трамвайных прыпынках; увечары твая галава ў мяне на каленях, фiлiжанка кавы ў цябе пад рукою; мы дарэмна чакалi шчасця; не знаходзiлi яго нi ў купэ чыгуначных вагонаў, нi ў гатэлях; чужы чалавек хадзiў па нашым доме, насiў нашае прозвiшча, пiў нашае малако, еў наш хлеб, купляў за нашыя грошы ў дзiцячым садзе какаву, а потым - школьныя сшыткi. Занясi мяне назад на бераг ракi, дзе мае босыя ногi будуць кранацца следу паводкi на пяску, дзе гудуць параходы i пахне дымам; завядзi мяне ў кавярню, дзе на стол падае жанчына з цудоўнымi рукамi; цiха, стары, не трэба плакаць; я жыла ва ўнутранай эмiграцыi, а ў цябе ўвесь час былi сын, двое ўнукаў; мажлiва, неўзабаве яны падораць табе праўнукаў; не ў маёй уладзе маё вяртанне да цябе, штодзённае скручванне лодачкi з календарнага лiстка i поўнае радасцi веславанне на ёй да паўночы; 6 верасня 1958 года; гэта будучыня, будучыня Нямеччыны; я сама чытала пра гэта ў мясцовай газетцы:

'Абразок з нямецкай будучынi: дваццацiаднагадовы унтэр-афiцэр Моргнэр зрабiўся трыццацiшасцiгадовым селянiнам Моргнэрам; вось ён стаiць на беразе Волгi; вечар, праца скончаная; ён палiць цыгару, якую добра заслужыў; на руцэ трымае адно з сваiх бялявых дзяцей. Задумлiва ён паглядае на жонку, якая канчае даiць апошнюю карову; нямецкае малако на волжскiм беразе...'

Ты не хочаш слухаць далей? Добра, але дай мне задаволiцца будучыняй; я не хачу ведаць,якая яна робiцца, ператвараючыся ў сучаснасць; хiба яны не стаяць на беразе Волгi? Hе плач, стары; заплацi за мяне выкуп, i я вярнуся з заклятага замку: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн.

Калi будзеш вылазiць адсюль па драбiнах, рабi гэта памалу; выцягнi цыгару з рота: табе ўжо не трыццаць год, i можа закружыцца ў галаве; сёння ўвечары сямейная ўрачыстасць у Кронэравай кавярнi? Мажлiва, я прыйду; зычу табе шчасця ў дзень нараджэння; даруй, што я смяюся; Ёганне было б ужо сорак восем, Генрыху - сорак сем; яны забралi сваю будучыню з сабою; не плач, стары; ты сам захацеў пачаць гэтую гульню. Падымаючыся па драбiнах, рабi гэта памалу.

6

Жоўта-чорны аўтобус спынiўся перад ваколiцай вёскi, a пасля павярнуў з прасёлка ў напрамку Додрынгена; у воблаку пылу, што пакiнуў за сабою аўтобус, Роберт убачыў бацьку; стары выйшаў на залiтую сонцам прастору, нiбы з густой iмглы; ён быў усё яшчэ жвавы i гнуткi, нават паўдзённы сквар амаль нiяк не адбiўся на iм; ён павярнуў на галоўную вулiцу, прайшоў паўз карчму 'Лебедзь'; знуджаныя хлопцы-вяскоўцы паглядалi на яго са сходаў карчмы пятнаццацi-, шаснаццацiгадовыя юнакi; напэўна, тыя самыя, што падпiльноўвалi Гугу, калi той вяртаўся са школы; у глухiх завулках, у цёмных стайнях яны бiлi яго, называючы божай авечкай. Стары Фэмель прамiнуў управу бургамiстра i помнiк палеглым, дзе змораны самшыт, што вырас на кiслай глебе, узняў свае галiны ў гонар тых, што загiнулi на трох войнах; стары спынiўся каля мура, якiм былi агароджаныя могiлкi; ён выцягнуў з кiшэнi насоўку, абцёр пот з iлба, зноў згарнуў i схаваў насоўку, абцягнуў на сабе пiнжак i рушыў далей; Роберт бачыў, як пры кожным кроку правая калашына бацькавых штаноў апiсвала гарэзную дугу; толькi на iмгненне рабiлася вiдочнай цёмна-блакiтная падшыўка штаноў, i нага старога апускалася на зямлю, каб тут жа зрабiць новую гарэзную дугу; Роберт зiрнуў на станцыйны гадзiннiк: без дваццацi чацвёртая; цягнiк прыбудзе толькi а чацвёртай гадзiне i дзесяць хвiлiн; паўгадзiны, значыць, - нiколi яшчэ, колькi ён сябе памятаў, яму не даводзiлася гэтак доўга бываць сам-насам з бацькам; ён спадзяваўся, што бацька прабудзе ў лякарнi даўжэй i яму не трэба будзе весцi гэтую размову, размову сына з бацькам. Пачакальня на станцыi Дэнклiнген была не найлепшым месцам для гэтага спаткання, якога бацька чакаў, можа, дваццаць альбо трыццаць гадоў; размова з сынам, якi ўжо цяпер сталы мужчына, якога не возьмеш ужо за руку, не павязеш да мора, не запросiш у кавярню з'есцi кавалак пiрага цi марожанае; пацалунак на дабранач, пацалунак на дабрыдзень, пытанне наконт хатнiх заданняў ды колькi жыццёвых сентэнцый накшталт 'сумленне - сiла чалавека' альбо 'Бог не ашукае'; штотыднёвыя кiшэнныя грошы сыну; усмешка, поўная гордасцi за чарговы сынаў спартыўны дыплом i школьныя поспехi; нясмелыя размовы пра архiтэктуру, паездкi ў абацтва; нi слова, калi ён знiк, i нi слова, калi ён паявiўся зноў; прыгнечанасць пад час снеданняў, абедаў i вячэраў, калi за сталом сядзеў Ота: нават размовы пра надвор'е былi немагчымыя; мяса, парэзанае срэбранымi нажамi; падлiўка, што налiвалася срэбранымi лыжкамi; мацi, здранцвелая, нiбы трус перад кобраю; бацька пазiраў у акно, крышыў хлеб, машынальна падносiў лыжку да рота, рукi ў Эдыт дрыжалi, а тым часам Ота з пагардаю клаў сабе ў талерку самыя вялiкiя кавалкi мяса; ён адзiн за сталом мог як належыць ацанiць смак кожнае стравы; бацькаў улюбёнец, заўсёды гатовы да вандровак i падарожжаў, да незвычайнага; жыццярадасны хлопчык з радаснай будучыняй; хлопчык, створаны дзеля таго, каб пад час кiрмашоў абуджаць у бацьку пачуццё ўдалага i шчаслiвага жыцця; час ад часу Ота казаў весела: 'Вы ж можаце выперцi мяне з дому'; нiхто яму не адказваў. Папалуднаваўшы, Роберт iшоў у бацькаў кабiнет, сядзеў толькi там, рысаваў, манiпуляваў формуламi, пакуль Фэмель-старэйшы зморана нацягваў рабочы халат, корпаўся ў скрутках эскiзаў, раз-пораз спыняўся перад планам абацтва Святога Антонiя, пасля

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату